Пойдзем жыва да Касьцюшкі, Рубаць будзем маскалюшкі!

У гэты дзень у далёкім 1794 годзе на плошчы ў Кракаве Андрэй Тадэвуш Банавэнтура Касьцюшка абвесьціў паўстаньне і ўзначаліў яго. Ворагі былі вядомыя: тыя, хто ўжо двойчы разадраў краіну падчас так званых падзелаў Рэчы Паспалітай. Узгадаем той вясновы дзень. Чаму Касьцюшка атрымаў такі гонар і хто прызначыў яго на найвышэйшую пасаду?

Касьцюшка і Вадзіцкі бласлаўляюць шаблі перад пачаткам Паўстаньня

Касьцюшка і Вадзіцкі бласлаўляюць шаблі перад пачаткам Паўстаньня

Абмалюем у двох словах перадумовы выбуху

Пасьля Другога падзелу Рэчы Паспалітай пад дыктоўку расейскага амбасадара ліквідавалі дзеяньне Канстытуцыі 3 траўня. Расейскія войскі праводзілі шмат рабаўніцтваў, спалучаных з палітычнымі рэпрэсіямі. Адбыўся эканамічны і фінансавы крах дзяржавы. Расейцы пачуваліся гаспадарамі нават на тых тэрыторыях, якія яшчэ не былі захопленыя імі. 11 верасьня 1793 года Тадэвуш Касьцюшка сустрэўся з прадстаўнікамі нацыянальнай змовы, дзе абмеркаваў пляны паўстаньня.
11 лютага 1794 году Пастаянная Рада (найвышэйшы адміністратыўны орган Рэчы Паспалітай) разгледзела ноту расейскага амбасадара Ігельстрэма, які ставіў у залежнасьць ад скарачэньня нашай арміі выдачу гарантый пад замежную пазыку. 21 лютага 1794 году Пастаянная Рада па даручэньні расейскага амбасадара пастанавіла скараціць войска Рэчы Паспалітай удвая і прымусова набраць тых вайскоўцаў, хто патрапіў пад скарачэньне, у расейскую і прускую армію. Гэта была відавочная правакацыя.


Адкуль твая ўлада?

Генэральны пракуратар расейскай кіраўнічкі Кацярыны ІІ Самойлаў задаў Тадэвушу Касьцюшку пасьля трапленьня ў палон паміж іншымі і наступнае пытаньне: «Адкуль паходзіла ўлада, якой ты карыстаўся? Ці сам яе сабе прысвоіў ці надала яе Малая Рада?» (Малая Рада — орган пры манарху Рэчы Паспалітай).

Гэтае пытаньне зьяўляецца насамрэч істотным. Бо і сёньня, кажучы пра паўстаньне Тадэвуша Касьцюшкі, ці задумваемся, чаму гэта было ягонае паўстаньне, а не кагосьці іншага, ці нават і не вялікага князя і караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага?

Касьцюшка, як паведамляюць дакумэнты, на тое пытаньне адказаў наступным чынам: «Што тычыцца тытулу майго, быў ім апрануты ў Кракаве праз жыхароў і праз войска, але плян быў дадзены праз Патоцкага і Калантая».

Гэтыя словы зьяўляюцца шчырымі, але недастаткова зразумелымі для нас. 

Разьбяромся

Змова склалася ў сьнежні 1792 году ў эмыграцыі. Яе стварылі Ігнацы Патоцкі, Гуга Калантай і Тадэвуш Касьцюшка. Прызнавалася неабходнасьць усталяваньня ваеннай дыктатуры і даручэньня яе Касьцюшку. Гуга Калантай пісаў у сваім дзёньніку: «Каб абараніць сябе ад няшчасных выпадкаў Французскай рэвалюцыі, мы пагадзіліся, што паўстаньне павінна адбывацца пад дыктатурай аднаго чалавека, які заваяваў бы ўсеагульны давер. Увесь народ паказваў на Касьцюшку».

Дзень 24 сакавіка 1794 году быў адным з надзвычайных у нашай гісторыі. Неабходна зразумець, што менавіта ў гэты самы дзень быў зьдзейсьнены акт наданьня найвышэйшай улады без усялякіх пактаў ад элекцыйных канвэнтаў чалавеку, які гэтай улады і не шукаў, які стаяў перад народам у цывільным фраку.

У гісторыка ХІХ стагодзьдзя Корзуна быў у руках аўтэнтычны друкаваны аркуш «Акта Паўстаньня Жыхароў ваяводзтва Кракаўскага» з загадкавым подпісам: 1794 год, Сакавіка 23 дня ў Кракаве ў Замку. Ні дзень, ні месца не былі тымі, якімі ім належыла стаць у час, нам вядомы, калі тысячы подпісаў пад Актам былі прастаўленыя на ўзор амэрыканскай Дэклярацыі аб незалежнасьці. Той самы Акт 24 сакавіка быў высланы ўсім урадам эўрапейскіх краінаў, прачытаны з амбонаў у касьцёлах і перадрукаваны ў газэтах, а таксама дзяржаўных выдавецтвах.

Справа была ў тым, што калі параўноўваць два тэксты (першапачатковы і вядомы нам сёньня), можна зьвярнуць увагу не недакладнасьці ў фармулёўках і некарэктную стылізацыю. Тадэвуш Касьцюшка зьявіўся ў Кракаве 23 сакавіка прыблізна ў абед. Але першы тэкст ня быў падрыхтаваны для таго, каб яго публічна агалошваць, таму праўкі ў яго рабілі Гуга Калантай і ягоны паплечнік Ліноўскі. Сам Касьцюшка выдаў 23 сакавіка распараджэньне да памежных войскаў, каб не дражнілі аўстрыйцаў, што знаходзіліся пасьля двух падзелаў Рэчы Паспалітай блізу Кракава.

24 сакавіка раніцай пасьля інструкцый афіцэраў кракаўскага гарнізону Тадэвуш Касьцюшка і яго паплечнік Юзэф Вадзіцкі скіраваліся ў касьцёл капуцынаў на імшу, пасьля якой ля падножжа алтара паклалі шаблі, якія блаславіў ксёндз. Затым узялі ў рукі шаблі і пакляліся, што гатовы аддаць жыцьцё за абарону роднай зямлі.

Акт Паўстаньня

Акт Паўстаньня

Той жа раніцай прэзідэнт (сёньняшні мэр) Кракава Філіп Ліхоцкі быў надзвычай зьдзіўлены, калі яму даклалі сытуацыю: пры брамах гораду стаяла варта батальёну Чапскага і нікому не дазваляла выходзіць, але ўваходзіць у Кракаў усім было дазволена. У будучыні гэты чалавек атрымае ўзнагароды ад аўстрыйскіх уладаў і ва ўспамінах сваіх будзе не хаваць свайго адмоўнага стаўленьня да паўстаньня.

Калі кіраўнік гораду сустрэў Тадэвуша Касьцюшку, той вымавіў:

«Спадар прэзідэнт! Не гляжу на тое, якую павагу аддаваў пан Маскалю, але спадзяюся, што і для мяне будзеш ветлівым. Мы далі загад абвесьціць ураднікам і люду, каб сабраліся перад Ратушай».

Пасьля гэтага загадаў прэзідэнту гораду ісьці перад сабою на прызначанае месца.

На прыступках Ратушы і залі паседжаньняў магістрату назьбіраўся такі тлум людзей, у тым ліку было багата моладзі і нават кабетаў, што кіраўнік гораду не толькі свайго законнага фатэля не мог заняць, але і адказаць на брыдкія ў яго адрас словы.

У той самы час з брамы выйшаў Тадэвуш Касьцюшка, вакол якога не было ніводнага з так званых «вялікіх людзей» Рэчы Паспалітай. Тадэвуш прайшоў колькі крокаў па вуліцы Сьвятой Ганны і спыніўся на тым месцы, дзе зараз знаходзіцца памятны запіс на каменнай кафлі ў бруку.

Вакол былі людзі з транпарантамі, на якіх словы міжволі ўжо крычалі ад гневу на бязвольных кіраўнікоў дзяржавы. Можна было ўбачыць: «Свабода альбо сьмерць!», «За правы і вольнасьць!», «Віват, Касьцюшка!».

Прысяга Тадэвуша Касьцюшкі

Прысяга Тадэвуша Касьцюшкі

Войска выканала прысягу з наступнымі словамі:

«Я прысягаю, што буду верны Народу Рэчы Паспалітай і паслухмяны Тадэвушу Касьцюшку, Кіраўніку Найвышэйшаму, пакліканаму ад таго ж Народу да абароны свабоды, волі і незалежнасьці Айчыны. Так мне дапамажы, Божа і нявінная мука Сына Яго».

Касьцюшка са свайго боку склаў прысягу: «Перад абліччам Бога, перад абліччам усяго грамадзтва, а менавіта перад Вамі, Народзе, у якога Свабода зьяўляецца найвышэйшай каштоўнасьцю над усімі дабротамі сьвету, ужываючы непахіснае права адпору тыраніі і збройнаму гвалту, усе ў народным братэрскім духу лучымся і выракаемся ўсіх меркаваньняў, якія нас жыхароў адной зямлі і адной Айчыны дагэтуль падзялялі».

Сканчвалася прысяга заклікам абараніць сваю Радзіму ад замежных акупантаў.

У другой сваёй частцы Акт Паўстаньня заяўляў аб арганізацыі паўстанцкага ўраду і выбары Тадэвуша Касьцюшкі на ролю «Найвышэйшага і адзінага Начальніка ўсяго ўзброенага паўстаньня нашага» з Найвышэйшай Народнай Радай, якую ён абярэ і арганізуе. Тэрмін дзеяньня гэтага Акту быў неабмежаваны, даваўся час аж да моманту поўнага вызваленьня краіны ад акупантаў і аднаўленьня межаў.

Сканчваўся Акт заклікам, што

«Вялікая праўда ў тым, што выратаваньне людзей зьяўляецца найвышэйшым правам».

Пасьля гэтага Тадэвуш Касьцюшка з афіцэрамі скіраваўся ў Ратушу, дзе шляхта і прысутныя пачалі падпісваць прачытаны Акт Паўстаньня. Калі скончылася месца на надрукаваным аркушы, прынесьлі чысты і пачалі падпісвацца на ім. Гэта была сапраўдная агульная воля да вызваленьня Радзімы ад маскаля. Падпісаўся нават прэзідэнт Кракава Ліхоцкі. Да чаго давёў лёс чалавека.

Такім чынам 24 сакавіка была закладзеная дагэтуль няісная пасада Найвышэйшага Кіраўніка, і яна была нададзеная дробнаму шляхцічу Тадэвушу Касьцюшку. Як сцьвярджаюць дасьледчыкі, такой паўнаты ўлады не меў ні Стэфан Баторы падчас сваёй вызвольнай барацьбы з маскавітамі, ні нават і Ягайла з Вітаўтам.

Разам з тым, маючы сапраўдную дыктатарскую ўладу, Касьцюшка не стаў узурпатарам, але намагаўся вызваліць нашую дзяржаву.

На тым самым зборы народу былі ўхваленыя рэкрутаваньні ў паўстанцкае войска ўсіх здаровых мужчынаў ад 18 да 28 гадоў, падымныя падаткі. Сялянам надавалася вольнасьць пры ўмове ўваходу ў войска. Такім чынам зьявіліся знакамітыя касінеры — сяляне з косамі.

Агульную пачатковую колькасьць паўстанцаў можна акрэсьліць лічбай не большай за 4000 чалавек. Далей яна расла, але, на жаль, не так імкліва, як было неабходна. Гэта ўжо іншая гісторыя.

За нашу і вашу Свабоду!