Кобрынскія замалёўкі: па слядох Рамуальда Траўгута. Частка IX

Чарговую вандроўку зрабіў у Свіслацкі раён Горадзеншчыны, дзе ў знакамітай Свіслацкай гімназіі вучыліся Рамуальд Траўгут і Кастусь Каліноўскі, дзяцінства каторага прайшло ў Якушоўцы — маёнтку Каліноўскіх.

горад Свіслач

горад Свіслач

З гісторыі Свіслацкай гімназіі

Горадзенская губернская акадэмічная гімназія ў Свіслачы Ваўкавыскага павету была заснаваная ў 1804 годзе як базавая для Віленскага ўніверсітэту з ініцыятывы і на сродкі ўласніка мястэчка графа Вінцэнта Тышкевіча, які раней ператварыў места ў сучаснае еўрапейскае паселішча. У сямігадовую сярэднюю навучальную ўстанову прымаліся дзеці шляхты з Берасцейскага, Ваўкавыскага, Горадзенскага, Кобрынскага, Пружанскага і Слонімскага паветаў губерні.

Будынак правага флігелю былой Свіслацкай гімназіі (галоўны і бакавы фасады). Аўтар праекту будаўніцтва навучальнай установы віленскі архітэктар Ян Шантыр, 1820. Праект здзейснены ў 1821-1828. Цэнтральная частка комплексу была злёгку пашкоджана пад час II сусветнай вайны, у паваенны час разабрана на цэглу, а на пустэчы ўзведена Свіслацкая раённая лякарня, пры будаўніцтве якой быў знесены левы флігель былой гімназіі. Зараз у будынку месціцца дзіцячае аддзяленне раённай лякарні  
Спачатку навучанне адбывалася ў прыстасаваных будынках графскага фальварку, а з 1829 году — у адмысловым комплексе, узведзеным па праекту віленскага архітектара Яна Шантыра. Комплекс аднапавярховых цагляных будынкаў, атынкаваных вапнай, быў вырашаны ў стылі класіцызму, займаў пляц ля сажалак Свіслацкага парку і ўключаў галоўны корпус, два бакавых флігелі, мураваную стайню на 14 стойлаў і склады. Прычым фасад галоўнага корпусу і тарцы флігеляў, упрыгожаныя адпаведна чатырнаццаці- і шасцікалоннымі дарычнымі порцікамі, выходзілі на вуліцу мястэчка і займалі цэлы яе квартал.

План і чарцёж фасадаў будынкаў Свіслацкай гімназіі. Зроблены ў 1829 пасля ўзвядзення комплексу  

У галоўным корпусе месціліся 6 лекцыйных залаў, 2 кабінеты (фізічны і мінералагічны), капліца (адначасна выкарыстоўвалася як актавая зала), бібліятэка, 11 пакояў, 2 кухні і 2 каморы. У флігелях знаходзіліся кватэры настаўнікаў і пакоі для навучэнцаў. Вакол комплексу быў разбіты сад з сажалкай. Паколькі Віленскі ўніверсітэт забяспечваў гімназію праграмамі, выкладчыкамі і неабходнай літаратурай, узровень адукацыі выхаванцаў быў высокі. У асобныя гады колькасць гімназістаў сягала за 300 і складала больш за палову насельніцтва мястэчка.  

Мемарыяльныя дошкі на галоўным фасадзе будынку

На пачатку 1820-х гадоў выхаванцы гімназіі прымалі актыўны ўдзел у працы філіяў патаемных таварыстваў «філаматаў», «філарэтаў» і «Ваенных сяброў» («Заране»). Хоць хлапчукі добра ведалі: за гэты ўчын могуць пакараць не біццём бізунамі ці драўлянай лінейкай па далоні (так званае «даць лапу»), а адлічыць з гімназіі ці прызначыць больш суровую кару. Так, у 1824 годзе за антыўрадавыя настроі і ўдзел у патаемных таварыствах пяць навучэнцаў Свіслацкай гімназіі былі здадзеныя ў салдаты «для перавыхавання», а ў навучальнай установе была створана ўласная паліцыя.

Помнік Рамуальду Траўгуту (аўтары — выкладчык Свіслацкай настаўніцкай семінарыі Павел Бялка і варшаўскі архітэктар Бруна Збароўскі, 1928; разбураны ў верасні 1939, адноўлены ў 1988 па даваенных эскізах горадзенскім скульптарам Алесям Анціпіным)

Помнік Рамуальду Траўгуту (аўтары — выкладчык Свіслацкай настаўніцкай семінарыі Павел Бялка і варшаўскі архітэктар Бруна Збароўскі, 1928; разбураны ў верасні 1939, адноўлены ў 1988 па даваенных эскізах горадзенскім скульптарам Алесям Анціпіным)

У лістападзе 1835 года статус навучальнай установы быў паніжаны да ардынарнай павятовай класічнай гімназіі. Такія прадметы, як філасофія, права і палітычная эканомія былі заменены «страявым уставам пяхотнай службы, ротнага і батальённага вучэння», уведзена казарменная дысцыпліна. У 1851 годзе гімназія была пераведзена ў Шаўлі Ковенскай губерні (зараз Шаўляй у Літве). А сямігадовую навучальную ўстанову ў Свіслачы перарабілі ў пяцігадовую прагімназіяю, канчаткова закрытую ў 1864 годзе за ўдзел навучэнцаў у паўстанні. З 1875 года ў сценах былой гімназіі месцілася семінарыя, дзе рыхтавалі настаўнікаў пачатковых школаў — народных вучэльняў. У перыяд Першай сусветнай вайны, у акупаваным нямецкімі войскамі мястэчку з кастрычніку 1916 года семінарыя працавала як беларуская, а з 1923 года — у часы знаходжання заходнебеларускіх земляў у складзе II Рэчы Паспалітай — як польская, што ў 1935 годзе была ўганараваная імем Рамуальда Траўгута. Сёння традыцыі легендарнай навучальнай установы працягвае Свіслацкая гімназія №1 імя Кастуся Каліноўскага.

Бюст Кастуся Каліноўскага (скульптар — народны мастак СССР Заір Азгур, 1958)

Бюст Кастуся Каліноўскага (скульптар — народны мастак СССР Заір Азгур, 1958)

Што хвалявала гімназістаў?

Частка навучэнцаў жыла ў інтэрнаце, а некаторыя здымалі пакоі ў жыхароў Свіслачы. Выхаванцы павінны былі строга прытрымлівацца распарадку дня. Уставаць ў 6.00, класціся спаць у 22.00. З 6.30 да 13.00 рыхтаваць урокі, затым да 15.00 знаходзіцца на лекцыях і лабараторных занятках. З 15.00 да 17.00 навучэнцы мелі дзве гадзіны на адпачынак і шпацыр па горадзе. Адна гадзіна была прадугледжана на выкананне тых пісьмовых работ, якія не патрабавалі вялікага разумовага напружання. Затым дзве гадзіны адводзіліся на абед і шпацыр, а яшчэ дзве — на выкананне хатніх заданняў. Гімназістам забаранялася спрачацца, ужываць моцныя напоі і паліць. Навучэнцы павінны былі не маніць і крывадушнічаць, а імкнуцца да самаўдасканалення.

Двор былой навучальнай установы

Гэтаму шмат што спрыяла. Багатая гімназічная бібліятэка, абазнаныя сябры і таленавітыя настаўнікі. Штодзённыя шпацыры па ўтульным, дагледжаным мястэчку, якое вылучалася брукаванымі галоўнымі вуліцамі з прысадамі і мураванымі брамамі на ўездах у Свіслач. Бадзянне па старажытных равах і насыпных валах, што здаўна апярэзвалі мястэчка. Наведванні фальварку, двару і палацу Тышкевічаў у парку з ягонымі цікавосткамі — экзатычнымі раслінамі ў аранжарэі, альтанкамі, звярынцам, тэатрам з танцавальнымі заламі і акцёрамі з Горадні, Вільні і Варшавы.

Уваход у Свіслацкі парк імя графа Вінцэнта Тышкевіча

Уваход у Свіслацкі парк імя графа Вінцэнта Тышкевіча

Гойсанне навыперадкі да рэчкі і каналу з сажалкамі, дзе адводзілі душу купаннем і лоўляй рыбы. Цэнтральная плошча «Рынак» і яе незабыўнае атачэнне з фарным касцёлам, уніяцкай царквой і сінагогай, гадзіннікавай вежай, мураваным абеліскам з пазалочаным шпілем, «кафэнгаўзам» і вялізнымі мураванымі гандлёвымі радамі, дзе штогод на сыходзе лета адбываўся знакаміты Успенскі кірмаш. На яго з’язджаліся гандляры з далёкіх краёў, каб набыць не толькі мясцовыя прысмакі і сакавітую садавіну, гліняныя свісцёлкі, бітую дзічыну і лясны мёд, ільняныя вырабы, мсціслаўскія кнігі і малюнкі, але і кітайскую гарбату, бухарскія і пярсідскія хусткі, галандскае сукно, расійскія паркаль і сацін, чэшскі крышталь і нямецкія інструменты. Гімназістаў узрушваў гоман, водары і стракатасць кірмашу, ягоныя мураваныя меры для жыта ў выглядзе вазону, балаганы з дзівамі, прывабныя арэлі і каруселі. Але больш краналі спевы сляпога старца-лірніка, што апавяў прагу беларусаў да вызвалення ад путаў рабства…

Выгляд Свіслацкага парафіяльнага касцёлу найсвяцейшай Тройцы з малюнку Напалеона Орды, 1868. Драўляная святыня XVII стагоддзя згарэла пад час Другой сусветнай вайны. На месцы былога касцёлу ўзведзены адміністрацыйны будынак (скрыжаванне вуліц Леніна і Дзяржынскага каля плошчы Маркса). Пра былую святыню нагадвае толькі частка касцёльнай агароджы.

Выгляд Свіслацкага парафіяльнага касцёлу найсвяцейшай Тройцы з малюнку Напалеона Орды, 1868. Драўляная святыня XVII стагоддзя згарэла пад час Другой сусветнай вайны. На месцы былога касцёлу ўзведзены адміністрацыйны будынак (скрыжаванне вуліц Леніна і Дзяржынскага каля плошчы Маркса). Пра былую святыню нагадвае толькі частка касцёльнай агароджы.

Гэтыя спевы перапаўнялі душы гімназістаў горыччу ад усведамлення страты Бацькаўшчынай волі і незалежнасці, ад задушэння нацыянальна-вызвольных паўстанняў, ад бясконцых пакутаў суайчыннікаў. Бо пасля паразы паўстання 1830-1831 гадоў толькі з абшараў былога Вялікага Княства былі сасланыя ўглыб Расіі каля 90 000 сем’яў. Дробная шляхта страціла свае саслоўныя прывілеі. Была ліквідавана ўніяцкая царква, а яе вернікі змушаны да пераходу ў праваслаўе. Былі закрытыя Віленскі ўніверсітэт і Крамянецкі ліцэй на Валыні.

    Падмуркі і выява палацу Тышкевічаў      
Вось чаму прылюдныя смяротныя пакаранні ў Горадні (1833) Міхала Валовіча і ў Вільні (1839) Сымона Канарскага, якія марылі пра канстытуцыю, надзяленне сялян зямлёю, роўнасць палітычных правоў, вострым болем адгукнуліся ў сэрцах юнакоў, а покліч гісторыка і грамадскага дзеяча, ідэолага паўстання 1830-1831 гадоў Іаахіма Лялевеля «За нашу і вашу свабоду!» быў глыбока ўспрыняты гімназістамі. Вось чаму яны прагна чыталі творы Адама Міцкевіча, Яна Баршчэўскага, Яна Чачота і Уладзіслава Сыракомлі, жылі нацыянальна-рамантычнымі і ліберальнымі ідэямі свайго часу.

Паркавая алея

Паркавая алея

Вучоба ў гімназіі, вопыт самастойнага жыцця і сяброўства з аднадумцамі выхоўвалі ў юнакоў адданасць спрадвечным каштоўнасцям, працавітасць і вальнадумства. Таму сярод вядомых выпускнікоў гімназіі поруч стаяць батанік і этнограф, даследчык Украіны, Сібіры і Сахаліна Тамаш Аўгусціновіч, пісьменнік Юзаф Крашэўскі, адзін з заснавальнікаў манголазнаўства ў Расійскай імперыі Восіп Кавалеўскі, прафесар-батанік Станіслаў Батысь Горскі і шматлікія змагары за волю і незалежнасць Бацькаўшчыны, у тым ліку кобрынцы Уладзіслаў Малахоўскі, Ян Мітрашэўскі, Напалеон Орда і Рамуальд Траўгут, горадзенец Кастусь Каліноўскі.  

Магіла дырэктара Свіслацкай гімназіі Ігната Брадоўскага. Сканаў на працоўным месцы 16 траўня 1829 года ва ўзросце 48 гадоў ад бясконцых стрэсаў з-за “палітычнай неблаганадзейнасці” сваіх выхаванцаў, а таксама з-за цяжару клопатаў па ўзвядзенню будынкаў гімназіі і пераводу навучальнай установы ў новы комплекс

Магіла дырэктара Свіслацкай гімназіі Ігната Брадоўскага. Сканаў на працоўным месцы 16 траўня 1829 года ва ўзросце 48 гадоў ад бясконцых стрэсаў з-за “палітычнай неблаганадзейнасці” сваіх выхаванцаў, а таксама з-за цяжару клопатаў па ўзвядзенню будынкаў гімназіі і пераводу навучальнай установы ў новы комплекс


Паяднаныя пушчай, гімназіяй і Свабодай

Нашыя героі паяднаныя Белавежскай пушчай, бо маёнтак Шастакова ў Камянецкім раёне Берасцейшчыны, дзе нарададзіўся Рамуальд Траўгут і пражыў першыя дзевяць гадоў свайго жыцця, знаходзіцца на паўднёвым баку найстарэйшага лесу Еўропы, а маёнтак Якушоўка Свіславіцкага раёну Горадзеншчыны, дзе сем год пражыў Кастусь Каліноўскі, падступае да ўнікальнага запаведніку з поўначы.

Мемарыял Кастуся Каліноўскага ў Якушоўцы (аўтар крыжа Юрась Мацко)

Траўгута з Каліноўскім таксама яднае alma mater, хоць яны вучыліся ў Свіслацкай гімназіі ў розныя гады: Рамуальд — з 1835 па 1842, а Кастусь — з 1847 па 1852. Прычым Траўгут з срэбраным медалём завяршыў поўны гімназічны курс, а Каліноўскі закончыў толькі прагімназію і для паступлення ва ўніверсітэт вымушаны быў вярнуцца ў Якушоўку, больш за тры гады займацца самаадукацыяй і дапамагаць бацьку па гаспадарцы.

Герб роду Каліноўскіх “Калінава”

Герб роду Каліноўскіх “Калінава”

Галоўныя якасці, што яднаюць нашых герояў, — гэта павага да людзей працы, любоў да Бацькаўшчыны і прага Свабоды, якая забяспечвае кожнаму народу волю, незалежнасць і дабрабыт, а любому чалавеку — рэалізацыю здольнасцяў і памкненняў, дасягненне жыццёвых мэтаў і ідэалаў.

Сімвал паўстання 1863-1864 гадоў

Сімвал паўстання 1863-1864 гадоў

На жаль, абодва героя рана страцілі сваіх мацярок — у двухгадовага Рамуальда ў 1828 годзе пайшла ў лепшы свет Алаіза з Блоцкіх, у пяцігадовага Кастуся ў 1843 годзе сышла ў нябыт Вераніка з Рыбінскіх. Мабыць з-за гэтай трагедыі хлапчукі выраслі чуллівымі і спагадлівымі да іншых, у першую чаргу да слабых і гаротных.
Пасля Свіслацкай гімназіі кожны з нашых герояў пайшоў сваім шляхам, каб перасекчыся падчас паўстання 1863-1864 гадоў. Менавіта на гэты перыяд прыйшліся апасродкаваныя стасункі Рамуальда Траўгута і Кастуся Каліноўскага, зафіксаваныя даследчыкамі.

Падмуркі сядзібы Каліноўскіх у Якушоўцы (рэканструкцыя паводле раскопак пад кіраўніцтвам Міхася Ткачова ў 1987 і Рыгора Акінчыца да сярэдзіны 1990-х)

Падмуркі сядзібы Каліноўскіх у Якушоўцы (рэканструкцыя паводле раскопак пад кіраўніцтвам Міхася Ткачова ў 1987 і Рыгора Акінчыца да сярэдзіны 1990-х)

У лісце Горадзенскага паўстанцкага цывільнага ваяводы Апаліна Гофмейстара журналісту, дзеячу і гісторыку паўстання Агатону Гілеру паведамлялася наступнае: «Я выдаў Траўгуту намінацыю на арганізацыю атрада… і падаў пра гэта рапарт камісару (Горадзенскаму паўстанцкаму ваяводскаму камісару — М.Г.) Канстанціну Каліноўскаму». На жаль, невядомая дата гэтага лісту Гофмейстара, у падначаленні якога знаходзіліся сілы паўстанцаў Бельскага, Берасцейскага, Кобрынскага і Пружанскага паветаў.  
Дарэчы, у паказаннях ад 30 красавіка 1864 года Апаліна Гофмейстара Горадзенскай следчай камісіі зафіксаваны цікавы факт пра вандроўку Горадзенскага паўстанцкага ваяводскага камісара Кастуся Каліноўскага ў Берасце, Беласток, Кобрын, Пружаны «і, урэшце, Бог ведае куды». Так што наш герой наведаў Кобрын у красавіку 1863 года. Але з якой нагоды і з кім сустракаўся, пакуль невядома.

Якушоўка. Галоўны раскоп на месцы былой сядзібы Каліноўскіх, 1987. Пад час раскопак быў знойдзены друкаваны штамп фабрыкі ільняных вырабаў Сымона Каліноўскага

Якушоўка. Галоўны раскоп на месцы былой сядзібы Каліноўскіх, 1987. Пад час раскопак быў знойдзены друкаваны штамп фабрыкі ільняных вырабаў Сымона Каліноўскага

Кіраўнік паўстання ў Беларусі і Літве Кастусь Каліноўскі 7 кастрычніка 1863 года накіраваў старшыні Нацыянальнага ўраду ў Варшаве Рамуальду Траўгуту рапарт пра контрадрасы. Яны сталі своеасаблівай рэакцыяй абурэння прымусовым зборам подпісаў пад вернападданіцкімі адрасамі. У рапарце, між іншым, паведамлялася, што згодна спецыяльнага цыркуляру Каліноўскага ў Віцебскім, Віленскім, Ковенскім, Горадзенскім і Інфлянцкім ваеводствах пад контрадрасамі было сабрана больш за 279 тысяч подпісаў. Рапарт Каліноўскага і дасланыя контрадрасы ўрад Траўгута 28 кастрычніка 1863 года пераслаў у Парыж свайму дыпламатычнаму прадстаўніку за мяжой Уладзіславу Чартарыйскаму для публікацыі ў замежным друку. Апроч таго, 1 лістапада 1863 года Траўгут выдаў адмысловую адозву «Нацыянальны ўрад да Літвы». У адозве зазначалася, што «Нацыянальны ўрад са святым пачуццём прымае гэты дакумент, замацаваны крывёй Літвы і Беларусі, апублікуе яго перад светам як доказ чыстых пачуццяў мужнага люду з-за Бугу і Неману і захавае ў сябе як нацыянальную святыню».

Якушоўка. Краявіды вакол былой сядзібы Каліноўскіх. Апроч сядзібы з гаспадарчымі пабудовамі за маёнткам лічыліся 226 дзесяцінаў зямлі, сенакосаў ды лесу. Побач — паўнаводная рачулка Ятвезь, за якой бачная Белавежская пушча.

І апошняе. Нашых герояў яднала адвага, гонар і годнасць. Пра гэта, у тым ліку, гавораць паказанні Каліноўскага следчай камісіі ад 26 лютага 1864 года. Кіраўнік паўстання ў Беларусі і Літве адмовіўся сведчыць пра сваіх паплечнікаў і заявіў, што «шпегства паганіць чалавека», а «разуменне гонару, уласнай годнасці і таго становішча, якое я займаў у грамадстве, не дазваляюць мне кіравацца іншым шляхам».

Надмагілле паўстанцаў 1863-1864 гадоў Ігната Ляскоўскага і яго жонкі Вольгі з Багушэвічаў Ляскоўскай. За ўдзел у паўстанні былі сасланыя ў Сібір. Менавіта ў малодшага брата Ігната Ляскоўскага Вінцэнта бацька Кастуся Каліноўскага Сымон 11 красавіка 1849 году набыў маёнтак Якушоўку. Сваё прозвішча Ляскоўскія атрымалі ад маёнтка Ляскова на Кобрыншчыне

Надмагілле паўстанцаў 1863-1864 гадоў Ігната Ляскоўскага і яго жонкі Вольгі з Багушэвічаў Ляскоўскай. За ўдзел у паўстанні былі сасланыя ў Сібір. Менавіта ў малодшага брата Ігната Ляскоўскага Вінцэнта бацька Кастуся Каліноўскага Сымон 11 красавіка 1849 году набыў маёнтак Якушоўку. Сваё прозвішча Ляскоўскія атрымалі ад маёнтка Ляскова на Кобрыншчыне

Нізкі паклон усім неабыякавым беларусам, хто апякуецца памятнымі мясцінамі нашых нацыянальных герояў у Свіслачы і Якушоўцы. Асобныя словы падзякі — выбітнаму беларускаму кавалю, горадзенцу Юрасю Мацко — аўтару крыжоў на магіле Віктара Каліноўскага ў Свіслачы і на сядзібе Каліноўскіх у Якушоўцы. Гэтыя працы шаноўнага Майстры — сведчанне вялікага таленту нашага народу і ягонай шчырай любові да сваіх незабыўных продкаў.

Старыя Свіслацкія гарадскія могілкі. Надмагілле Віктара Каліноўскага – старэйшага брата Кастуся Каліноўскага (аўтар Юрась Мацко)

На прыканцы 1980-х пад кіраўніцтвам горадзенскага архітэктара Уладзіміра Барсукова быў падрыхтаваны праект аднаўлення сядзібы Каліноўскіх у якасці музея, аднак дагэтуль задума застаецца нерэалізаванай. Будзем спадзявацца, што гэты праект урэшце здзейсніцца і Якушоўка стане адным з найпрывабнейшых турыстычных куткоў Беларусі.

 Якушоўка. Паводле вясковага падання, гэтую ліпавую алею з 24 дрэваў пасадзіў Кастусь Каліноўскі больш за 150 гадоў таму

 Якушоўка. Паводле вясковага падання, гэтую ліпавую алею з 24 дрэваў пасадзіў Кастусь Каліноўскі больш за 150 гадоў таму

Пры падрыхтоўцы артыкулу скарыстаўся даследаваннямі Юрася Барысюка, Васіля Герасімчыка, Генадзя Кісялёва, Софіі Кузняевай, Мар’яна Семаковіча і Ігара Трусава. Выказваю падзяку сябрам, што спрычыніліся да гэтай вандроўкі і дапамаглі яе правесці.
Фота аўтара, Віктара Рафаловіча і з інтэрнэта