НКУС — Гестапа: шлюб па разліку
Ранняй восенню 1936 года германскі пасолр Шуленбург выказаў Молатаву і Літвінаву пажаданне, каб германскія грамадзяне, што знаходзіліся пад следствам НКУС, прызнаныя невінаватымі, або тыя, супраць каго маецца недастаткова доказаў, былі высланы з СССР.
У наш час чытач практычна нічога не ведае пра тое, з якой спецыфічнай мэтай выкарыстоўваўся шэраг перасыльных турмаў НКУС у Мінску і Брэсце.
Снежань 1939 года. «Нас было дваццаць восем мужчын і тры жанчыны... Ад страху ўсе твары здаваліся застылымі. Мы стаялі і глядзелі на чыгуначны мост, які падзяляў занятую немцамі Польшчу і яе
частку, акупаваную рускімі. Праз мост да нас павольным крокам набліжаўся вайсковец. Калі ён падышоў, я разгледзела эсэсаўскую фуражку. Афіцэр НКУС і эсэсавец віталі адзін аднаго, прыклаўшы руку да
брыля. З вузкай светла-карычневай торбы афіцэр НКУС выцягнуў спіс і стаў называць прозвішчы. У гэты момант ад нашай групы адышлі трое, кінуліся да энкавэдыста і сталі штосьці ўсхвалявана яму
тлумачыць. Побач са мной хтосьці прашаптаў: «Адмаўляюцца пераходзіць мост!» Адзін з трох быў габрэй-эмігрант з Венгрыі, двое іншых — немцы: настаўнік па прозвішчы Кеніг і
малады рабочы з Дрэздэна, які ўдзельнічаў ва ўзброенай сутычцы з нацыстамі, збег у Савецкую Расію і завочна ў Германіі быў асуджаны да смяротнага пакарання. Вядома ж, усіх траіх пагналі праз
мост...»
Гэты ўрывак з кнігі ўспамінаў Маргарэт Бубер-Нойман «Вязень Сталіна і Гітлера», якая выйшла ў Франкфурце-на-Майне ў 1949 годзе. Той жа тэме аддаў належнае аўстрыйскі гісторык Ханс
Шафранэк: ён «падняў» у палітычным архіве германскага МЗСа адпаведныя нацысцкія дакументы і апублікаваў у кнізе «Паміж НКУС і гестапа» (Франкфурт-на-Майне, 1990).
Шырацца магчымасці і для працы ў айчынных, засакрэчаных раней, архівах. Мы даведваемся нарэшце некаторыя рэальныя падрабязнасці сталінска-гітлераўскіх гульняў — да і пасля пакту 1939
года.
Выдачу немцаў, арыштаваных НКУС, звычайна звязваюць з пактам 1939 года. Аднак зараз робіцца відавочным, што актыўная высылка (асобныя выпадкі здараліся і раней) пачалася яшчэ зімой 1937 года. І да
падпісання пакта, можна меркаваць, з Савецкага Саюза ў Германію было адпраўлена некалькі сотняў чалавек (агульная колькасць высланых і выдадзеных — больш за тысячу).
Як гэта адбывалася? Ранняй восенню 1936 года германскі амбасадар Шуленбург выказаў Молатаву і Літвінаву пажаданне нямецкага боку, каб германскія грамадзяне, што знаходзіліся пад следствам НКУС,
прызнаныя невінаватымі, або тыя, супраць каго маецца недастаткова доказаў, былі высланы з СССР. У лістападзе 1936 года Шуленбург яшчэ раз звярнуўся да Літвінава з просьбай высветліць лёс арыштаваных
германскіх грамадзян. Савецкі бок даў зразумець, што экстрадыцыя магчымая.
Напачатку 1937 года намеснік наркома замежных спраў Крэсцінскі паведаміў Шуленбургу, што, паводле прысуду Асобай нарады, з СССР у Германію высылаюцца дзесяць чалавек.
Практычна ўсё гэта выглядала так: германскае пасольства звяртаецца ў Народны камісарыят па замежных справах, і ўжо яго супрацоўнікі звязваюцца з НКУС. Германскае пасольства накіроўвае ў Народны
камісарыят спісы, у адказ немцам называюцца іншыя прозвішчы. Сярод высланых былі і спяцы, і палітэмігранты, і проста людзі, што ўжо дзесяцігоддзі жылі ў СССР. Аб’ядноўвае іх толькі адно
— усе яны арыштаваныя. Як жа ўспрымалі свой прысуд самі высланыя? Былі такія, хто лічыў: калі ўжо сядзець, дык у сябе на радзіме «за справу», і нават настойвалі на высылцы.
Але вельмі часта гэта ўспрымалася як трагедыя.
Часам высылка адбывалася і без папярэдняга арышту. Так было, напрыклад, з вядомым нямецкім акцёрам Эрвінам Гешонэкам. У 1937 годзе ў нямецкім тэатры ў Адэсе ён якраз выконваў ролю следчага НКУС, які
паспяхова раскрыў шкодніцкую змову. Але НКУС ставіў свае спектаклі: трупа была разагнаная, Гешонэк выключаны з партыі і на працягу трох дзён высланы з СССР, каб праз нядоўгі час апынуцца ў канцлагеры
«ў сваіх».
Пасля пакту 1939 года сітуацыя з высылкай змяняецца. Зараз германскае пасольства ўжо не просіць, яно патрабуе: «Сапраўдныя дружалюбныя адносіны паміж III рэйхам і СССР несумяшчальныя з тым,
каб такая колькасць германскіх грамадзян знаходзілася ў савецкіх турмах».
11 лістапада 1939 года ў адказ на настойлівыя патрабаванні Шуленбурга тагачасны намеснік наркама замежных спраў Пацёмкін просіць яго звярнуцца непасрэдна да Сталіна і Молатава. 14 кастрычніка 1939
года Шуленбурга прыняў Молатаў і запэўніў, што зоймецца гэтым пытаннем.
Калі ў 1937–1938 гадах высылалі асуджаных па прысудах Асобай нарады НКУС СССР, то ў 1939-м выдавалі тых, хто ўжо праседзеў 2–3 гады ў савецкіх турмах і лагерах. Змардаваных
лагернікаў і зняволеных з турмаў везлі з Арла і Яраслаўля, з Нарыльска і Варкуты, з Новасібірска і Уладзівастока і змяшчалі ў спецкамеры ў Бутырках. Іх падкормлівалі, выдавалі сякую-такую вопратку
— падрыхтоўвалі да перадачы. Па этапе дастаўлялі ў мінскую перасыльную турму, а затым ужо адпраўлялі ў Брэст. І ўсё ж, як у 1937–1938 гадах, нават у большай ступені, гэтыя камеры
напаўняліся тымі, хто меў усе падставы баяцца гестапа.
Аднолькавыя злачынствы здзяйснялі СС фашысцкай Германіі і НКУС СССР (Бутовский полигон. Книга памяти жертв политических репрессий. М., 1997)
Са снежня 1939 года па красавік 1941-га НКУС і гестапа ўступаюць у непасрэдны кантакт, адносіны паміж карнымі апаратамі двух рэжымаў нагадваюць гульню — партнёры садзяцца за стол, гуляюць, і кожны імкнецца ашукаць іншага.
Цяжка ўявіць, што адбывалася з людзьмі, якія патрапілі ў гэта д’ябальскае кола. Тых, каго збіраліся выдаць немцам, прымушалі як бы станавіцца агентамі НКУС і падпісаць, напрыклад, фіктыўныя
распіскі ў атрыманні грошай, а тым, хто адмаўляўся, пагражалі, што дадуць на іх кампрамат у гестапа.
Але гэта яшчэ не азначала, што НКУС перадавала ў рукі гестапа ўсіх без выключэння германскіх падданых, асабліва гэта датычылася тых, каго можна было эфектыўна выкарыстоўваць для працы на абарону.
Лёс прафесара Ф.М. Неттэра характэрны для тых гадоў. У 1934 годзе ён прыбыў у СССР, бо ў Германіі як асоба габрэйскай нацыянальнасці падвяргаўся пераследам і ганенням. Першы год ён жыў у Маскве і працаваў у адной з зачыненых лабараторый, якая выконвала абаронныя замовы. З лета 1936 года ён працаваў прафесарам Томскага навукова-даследчага інстытута матэматыкі і механікі. У снежні 1938 года ён быў арыштаваны Томскім аддзелам НКУС і дастаўлены ў Новасібірск дзеля экстрадыцыі ў Германію. Праўда, далейшыя падзеі сталі развівацца зусім па іншым сцэнары.
Ф.М. Неттэр быў абвінавачаны ў тым, што ён нібыта з’яўляецца агентам разведвальнага аддзела генеральнага штаба Германіі і быў закінуты ў СССР са шпіёнскім заданнем. «За здзяйсненне
контррэвалюцыйных злачынстваў» яго асудзілі да 25 гадоў турэмнага зняволення, аднак праз тры гады расстралялі ў Мядзведзеўскім лесе пад Арлом.
Пасля падпісання пакта пра ненапад і падзелу Польшчы СД у Варшаве і Кракаве дзейнічалі па ўказанні імперскага міністэрства бяспекі, якое загадвала ім працаваць у цесным кантакце са службамі НКУС у
Перамышлі і Брэсце, каб гарантаваць беспраблемны пераход мяжы выданым.
Вайна, распачатая ў чэрвені 1941 года, падвяла рысу пад гэтым «мірным супрацоўніцтвам». Многіх нямецкіх эмігрантаў, ужо прызначаных да выдачы, не паспелі давезці да Брэста з далёкіх
лагераў, ім заставалася даседжваць яшчэ з дзясятак гадоў. Іншых спасціг лёс Неттэра. У выданых лёс складаўся па-рознаму, на гэты конт у Германіі былі распрацаваны дакладныя інструкцыі: тых асобаў,
супраць каго меўся які-небудзь кампрамат, чакаў канцлагер, «незаплямленых» і падыходзячых па ўзросце прызывалі ў вермахт, габрэі адназначна падпадалі дэпартацыі ў гета, а адтуль
— у лагеры знішчэння.