НКУС супраць нацыянальнага падполля

У пачатку Другой сусветнай вайны асноўнай сілай антыгітлераўскага падполля была Армія Краёвая (АК). Пасля вызвалення Чырвонай Арміяй польскіх тэрыторый барацьбу з АК вялі ўжо не немцы, а вайсковая контрвыведка «СМЕРШ», войскі НКУС СССР, а таксама карныя органы прасавецкай польскай улады.

stalin_hitler_montage.png


Яшчэ ў маі 1944 года — да ўваходу Чырвонай Арміі на тэрыторыю Польшчы ў яе пасляваенных межах — дырэктыва намесніка наркама ўнутраных спраў СССР камісара дзяржбяспекі 2-га рангу І.А. Сярова і начальніка войскаў НКУС па ахове тылу генерал-маёра І.М. Гарбацюка папярэджвала камандзіраў часцей і злучэнняў унутраных і памежных войскаў, што на тэрыторыі, якую планавалі вызваліць ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў улетку 1944 года, «варожыя да нас групы насельніцтва» будуць рабіць спробы «ў зручны момант ударыць нам у спіну».
Да «варожых» былі аднесены ўсе польскія ўзброеныя арганізацыі, што падпарадкоўваліся польскаму ўраду ў эміграцыі.
20 ліпеня 1944 года штаб войскаў НКУС па ахове 3-га Беларускага фронту (3 БФ) выдаў загад затрымаць асобаў, якія належалі да вайсковых фармаванняў польскага ўраду ў эміграцыі.
Відавочна, што ў гэтым загадзе ўвасобіўся досвед аперацыі, праведзенай за 2–3 дні да гэтага: былі акружаны і захоплены змагары аб’яднанай групоўкі Віленскай і Наваградскай акругаў АК, якія разам з войскамі 3 БФ актыўна ўдзельнічалі ў вызваленні Вільні ад немцаў. Іх абяззброілі і пад канвоем 86-га памежнага палка накіравалі на зборны пункт у мястэчка Меднікі, а затым адправілі ўглыб СССР. Адзначым, што падраздзяленні 86-га памежнага палка адкрывалі агонь на паразу пры непадпарадкаванні і спробах уцёкаў канваяваных змагароў АК.
У ліпені 1944 года былі раззброены яшчэ некалькі груп польскага Супраціву, хоць атрады АК у той час яшчэ не пачалі актыўна процідзейнічаць мерапрыемствам савецкіх органаў. Кіраўніцтва Арміі Краёвай у гэты перыяд ставілася да СССР (пры ўсім недаверы і варожасці да яго) дастаткова лаяльна — як да ўдзельніка антыгітлераўскай кааліцыі («саюзнікі нашых саюзнікаў»), узброеныя дзеянні супраць якога дапушчальныя толькі ў якасці самаабароны пэўнага атрада ад нападу.
У жніўні войскі НКУС актывізавалі дзеянні супраць атрадаў АК. Дырэктыва штаба войскаў НКУС па ахове тылу 3 БФ прадугледжвала не толькі знішчэнне гэтых фармаванняў узброеным шляхам, але і стварэнне агентуры, на якую ўскладвалася задача развальвання падпольных атрадаў знутры. На агентурную сетку звярталася адмысловая ўвага, бо шматлікія аперацыі па ліквідацыі атрадаў АК правальваліся менавіта з-за няведання сітуацыі.
У кастрычніку 1944 года фармуецца Зводная стралковая дывізія ўнутраных войскаў НКУС, галоўнай задачай якой стала барацьба з польскім нацыянальным падполлем. 14 кастрычніка Зводная дывізія пад камандаваннем генерал-маёра Б. Серабракова пачала сваю аператыўную дзейнасць. У склад дывізіі ўвайшлі 2-і, 11-ы, 18-ы і 98-ы памежныя палкі, 145-ы стралковы полк унутраных войскаў, 198-ы асобны мотастралковы батальён унутраных войскаў. Пасля ў розныя часы да дывізіі належалі і іншыя злучэнні, у прыватнасці, 338-ы памежны полк, 267-ы полк унутраных войскаў, дывізіён бронецягнікоў.
У кастрычніку-лістападзе 1944 года актыўныя дзеянні фармаванняў АК назіраліся найперш у Беластоцкім ваяводстве. У лістападзе супраць іх была праведзена буйнамаштабная аперацыя сіламі адмыслова сфармаванай Беластоцкай аператыўнай групы войскаў НКУС, у склад якой увайшлі некалькі палкоў памежных і ўнутраных войскаў.
Баявыя дзеянні супраць паўстанцкіх атрадаў вяліся, аднак насельніцтва, як правіла, падтрымлівала АК. У выніку аперацыі падполлю былі нанесеныя страты, а ў сярэдзіне снежня 1944 года Беластоцкую аператыўную групу расфармавалі.
Групы АК дзейнічалі не толькі ў новых межах Польшчы, але і ў Заходняй Беларусі. Змагары АК паспяхова выкарыстоўвалі досвед партызанскай вайны супраць немцаў, набыты ў 1940–1944 гадах, і процідзейнічалі мерапрыемствам па ўсталяванні савецкай улады ў Брэсцкай, Баранавіцкай і Маладзечанскай абласцях.
У адным з выяўленых дакументаў НКУС адзначалася, што «белапольскія фармаванні <...> маюць за мэту здзейсніць шэраг тэрарыстычных актаў над прадстаўнікамі савецкай улады і саўпартактыву». Напачатку лютага 1945 года тры палкі 58-й стралковай дывізіі НКУС акружылі і разграмілі атрады Геруса і Васілеўскага, якія базаваліся ў Казлоўшчынскім і Дзятлаўскім раёнах Баранавіцкай вобласці. У выніку аперацыі 34 удзельнікі гэтых атрадаў былі забіты, 109 — зняволеныя.
Адначасова з карнымі аперацыямі войскаў НКУС супраць падпольных лясных атрадаў ажыццяўляліся масавыя арышты ўдзельнікаў падполля. 9 мая 1945 года буйны атрад АК здзейсніў напад на Граева Беластоцкага ваяводства, разагнаў гарадскую адміністрацыю польскага часовага ўрада, забраў усе каштоўнасці з банку, вызваліў з турмы зняволеных.
Улетку 1945 года ўнутраныя войскі НКУС працягвалі актыўныя карныя дзеянні супраць атрадаў польскага Супраціву — толькі часці 64-й стралковай дывізіі ў гэты перыяд правялі больш за 25 аперацый па іх ліквідацыі. Праўда, не заўсёды паспяховых. Аднак і кіраўніцтва падполля ўсведамляла немагчымасць працягваць шырокамаштабную партызанскую дзейнасць — адбіліся моцная стомленасць насельніцтва ад вайны, панесеныя ў папярэднія гады велізарныя людскія страты, а таксама масіраваны тэрор з боку войскаў НКУС і польскіх карных органаў.
У 1944–1946 гадах у Беларусі АУН-УПА-АК здзейснілі, паводле інфармацыі НКУС, 2 384 дыверсіі і тэрарыстычныя акты, у выніку якіх загінула 1 032 чалавека. НКУС у адказ прыняў жорсткія меры.
За 1944–1946 гады ў рэспубліцы было праведзена 4 596 аперацый, накіраваных супраць украінскага, польскага і беларускага нацыяналістычнага падполля. Пры гэтым толькі ў 1946 годзе было забіта 3 766 чалавек, арыштавана — 19 050.
З 15 студзеня па 20 лютага 1945 года ў Брэсцкай і Пінскай абласцях праводзіліся т. зв. чэкісцка-вайсковая аперацыя «па ліквідацыі контррэвалюцыйнага паўстанцкага падполля, бандгруп мясцовага фармавання, а таксама ліквідацыі банд УПА». Было акружана 839 населеных пунктаў, ператрэсена 48 799 двароў, праверана 16 5137 чалавек, прачасана 12 тысяч квадратных метраў лясоў і балот.
У выніку былі разгромлены 33 узброеныя групы і атрады. Забіта 98 і арыштавана 3 808 чалавек, 55 — здаліся ў палон.
Актыўны ўдзел у правядзенні карных акцый бралі ўнутраныя войскі. На 1 студзеня 1946 года штаб 226-га палка знаходзіўся ў Мінску, астатнія падраздзяленні — у Глыбокім, Дзяржынску, Бабруйску і Бабруйскім раёне. Да 1947 года дыслакацыя палка значна пашырылася: у Мінску знаходзіліся 8 узводаў, Барысаўскім раёне — 6, Гомельскай вобласці — 5, Магілёўскай — 3, Віцебскай — 10, Гродзенскай — 1, Бабруйску — 3, Вялікіх Луках — 3, на Полаччыне — 3. Колькасць палка вырасла з 1 300 да 2 300 чалавек.
Са жніўня 1945-га да студзеня 1946 года ў Беларусі ўнутраныя войскі правялі 2 580 карных аперацый, падчас якіх было захоплена 1 800 палонных.
У барацьбе з падполлем актыўна выкарыстоўваўся 287-ы стралковы полк НКУС. 18 чэрвеня 1946 года полк быў перададзены ў склад 7-й мотастралковай дывізіі ўнутраных войскаў.
Толькі за 1947 год вайскоўцамі 287-га стралковага палка было захоплена і знішчана 475 чалавек, знойдзены 503 адзінкі агнястрэльнай зброі.
У сакавіку 1946 года НКУС СССР быў перайменаваны ў МУС СССР. Адпаведна, змяніліся і назвы падпарадкаваных яму вайсковых упраўленняў.
У студзені 1947 года ўнутраныя войскі (часці аператыўнага прызначэння) са складу МУС былі перададзены Міністэрству дзяржаўнай бяспекі (МДБ) СССР, а канвойныя войскі засталіся ў падпарадкаванні МУС СССР.
Праз год, 6 красавіка 1948-га, у склад МДБ СССР былі перададзены і спецыяльныя часці, якія здзяйснялі ахову важных аб’ектаў дзяржавы, але ў сакавіку 1953 года яны зноў увайшлі ў склад МУС СССР.
Унутраныя войскі ў гэты перыяд (як складовая частка МДБ СССР і яго ўзброеная сіла) забяспечвалі мерапрыемствы органаў савецкай выведкі па ліквідацыі нацыянальнага супраціву, удзельнічалі ў акцыях, якія праводзілі органы дзяржаўнай бяспекі.
Да 1950–1951 гадоў 26 палкоў унутраных войскаў МДБ СССР дыслакаваліся ў заходніх абласцях Украіны, у Беларусі і Прыбалтыйскіх рэспубліках.
Для барацьбы з нацыянальным супрацівам, што ўсё яшчэ дзейнічаў на тэрыторыі рэспублікі, актыўна прыцягваўся 287-ы стралковы полк. Штаб палка і спецпадраздзяленні дыслакаваліся ў Мінску. Тут і знаходзілася і 9-я рота, якая ахоўвала ўрадавыя аб’екты. 1-ы стралковы батальён быў у Пінску, 2-і — у Кобрыне, 3-і — у Наваградку.
Паводле органаў МДБ, на 1 кастрычніка 1951 года ў заходніх абласцях Беларусі дзейнічалі 13 узброеных груп, якія здзейснілі 8 тэрарыстычных актаў.
Летам 1949 года падраздзяленні палка бралі ўдзел у ліквідацыі атрада «Волк», у верасні 1951-га — у чэкісцка-вайсковай карнай аперацыі ў Вялікім Казянскім лесе Полацкай вобласці, падчас якой было захоплена 32 удзельнікі супраціву, у лютым 1952 года ліквідавалі атрад «Сікоры» ва ўрочышчы Урбаны ў Пінскай вобласці.
Усяго ж асабовым складам палка ў перыяд з 1944 па 1954 год было «ліквідавана (забіта, захоплена, затрымана); шпіёнаў — 40 чал., бандытаў — 1 539 чал., іншых (злодзеяў, дэзерціраў і г.д.) — 3 7461 чал.».
 З 1951 па 1960 год 226-ы полк выконваў задачы па ахове МДБ, лагеру ваеннапалонных і будынкаў МУС, ажыццяўляў канваяванне ваеннапалонных на працы па аднаўленні прамысловых прадпрыемстваў і жылых дамоў Мінска, канваяванне зняволеных на тэрыторыі БССР і за яе межамі, а таксама канваяванне і ахову падсудных у судовых установах у Мінску, Віцебску, Маладзечне, Полацку, Гомелі.
6 мая 1951 года ў адпаведнасці з пастановай урада СССР унутраныя войскі рэарганізуюцца ва ўнутраную ахову МДБ СССР, канвойныя войскі — у канвойную ахову МУС СССР.
Былі скасаваны войскі па ахове прадпрыемстваў прамысловасці і чыгункі, іх функцыі перададзены ваенізаванай ахове.
З гэтага моманту дывізія стала называцца аддзелам, полк — атрадам, батальён — дывізіёнам, рота — камандай, узвод — групай, з дадаваннем словаў:  у падпарадкаванні МДБ — унутраная ахова, у МУС — канвойная ахова. У адпаведнасці з гэтым 37-я канвойная дывізія пераўтворыцца ў 12-ы атрад канвойнай аховы. 287-ы стралковы полк быў перайменаваны ў 21-ы атрад унутранай аховы, які ў лютым 1954 года ўвайшоў у склад 12-га аддзела, а ў канцы 1954 года быў перафармаваны ў 45-ы асобны мотастралковы дывізіён. 226-ы полк стаў 70-м атрадам. Былі перайменаваны і іншыя часці дывізіі.
З 1951 года падраздзяленні ўнутраных войскаў Беларусі бралі ўдзел у правядзенні карных акцый па высяленні часткі насельніцтва з тэрыторыі Заходняй Беларусі.
Першая пасляваенная аперацыя па высяленні праводзілася з 2 чэрвеня па 2 жніўня 1951 года. За гэты перыяд у Іркуцкую вобласць выселілі 1 024 сем’яў (каля 4 000 чалавек), а іх маёмасць была канфіскаваная.
У красавіку 1952 года адбылося другое масавае высяленне «ворагаў народа», якое праводзілася ў адпаведнасці з пастановай СМ БССР № 436 ад 7 красавіка 1952 года. Гэтым разам 1 065 сем’яў агульнай колькасцю 5 000 чалавек па этапе былі адпраўлены на спецпасяленне.
Пасля аб’яднання ў сакавіку 1953 года Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства дзяржаўнай бяспекі ў МУС СССР адбываецца рэарганізацыя ўнутраных войскаў. У сістэме МУС СССР ствараецца Галоўнае упраўленне ўнутранай і канвойнай аховы, а ў чэрвені 1956 года яно зліваецца з Галоўным упраўленнем памежных войскаў у адзінае Галоўнае ўпраўленне памежных і ўнутраных войскаў.
Годам пазней памежныя войскі перадаюць пад юрысдыкцыю ўтворанага ў сакавіку 1954 года Камітэта дзяржаўнай бяспекі, а ў складзе МУС СССР на базе Галоўнага ўпраўлення ўнутранай аховы і Галоўнага ўпраўлення канвойнай аховы фармуецца адзінае Галоўнае ўпраўленне ўнутранай і канвойнай аховы.