Паўстаць павінна была ўся Расія, ажно да Волгі
Ці знішчалі паўстанцы Каліноўскага праваслаўных святароў? Чаму сяляне здавалі інсургентаў? Ці лічыў сябе Каліноўскі беларусам? Пра міфы і рэаліі паўстання 1863–1864 гадоў мы вырашылі пагутарыць з маладым гарадзенскім даследчыкам тэмы Васілём Герасімчыкам.
Паўстанцы — сучасная рэканструкцыя, Польшча
Міфы — неабходнае спрашчэнне
— Міфы ў гісторыі — станоўчая ці адмоўная з’ява, нешта цалкам нармальнае альбо атавізм?
— Міфы ў гісторыі былі, ёсць і будуць. На пэўным этапе ў развіцці любога народа міфы ў гісторыі дамінуюць. Скажам, Ластоўскі ды Ігнатоўскі займаліся гісторыяй Беларусі ад пачатку і да канца, фармавалі канцэпцыю яе развіцця, ідэалогію. У гэтым выпадку міфы — гэта неабходнае спрашчэнне для разумення шырокіх колаў.
У нашай навуцы саспеў момант, каб казаць пра рэчы, якія раней лічыліся табуяванымі тэмамі. Але варта памятаць, што пра гэта ўсё адно трэба казаць са сваіх беларускіх пазіцыяў, якія могуць не супадаць з пазіцыямі суседніх народаў. І гэта іх права, а ў нас — наша.
— Яскравая беларуская афарбоўка паўстання 1863 года — гэта міф?
— З паўстання 1863 года, на маю думку, пачынаецца гісторыя беларускай мадэрнай нацыі. З паўстанцаў выйшаў шэраг людзей, якія спрычыніліся да развіцця нашай мовы, культуры, ідэі незалежнасці. Самы яскравы прыклад — Францішак Багушэвіч, актыўны ўдзельнік баявых дзеянняў, які быў паранены падчас адной з бітваў.
Але варта памятаць, што нацыянальная ідэнтычнасць на той момант не мела вырашальнага значэння. Важна было месца твайго нараджэння, твой край, твая вера. Нацыянальныя паняцці толькі фармаваліся. Характэрна, аднак, што лозунг «Каго любіш? — Люблю Беларусь! — Дык узаемна!» паходзіць акурат з часоў паўстання. Яго не выдумаў Караткевіч, пароль паўстанцаў сапраўды фігуруе ў паказаннях Парфіяновіча, які, дарэчы, акурат здрадзіў Каліноўскаму.
Гісторык Васіль Герасімчык
«Каго любіш?..»
— Дык тэза пра тое, што паўстанцы не выкарыстоўвалі назвы «Беларусь» — міф?
— Вось факты: 1 лютага 1863 года, праз дзесяць дзён пасля абвяшчэння пачатку паўстання, у Вільні выдаецца маніфест ад імя часовага ўрада ў Літве і на Беларусі. З’явіўся гэты маніфест фактычна высілкамі суполкі «чырвоных» на чале з Каліноўскім.
У выніку перавароту ў сакавіку 1863 года ўладу ў паўстанцкім урадзе захапілі «белыя», якія адстойвалі інтарэсы больш заможных варстваў насельніцтва. Аднак Каліноўскі не зрокся сваіх паўнамоцтваў, а напісаў ліст да Дзюларана і Гейштара, дзе было сказана, што ён «складае з сябе адказнасць перад нашчадкамі за далейшы лёс паўстання», але будзе працягваць прымаць у ім удзел. Калі б «чырвоныя» захавалі ўладу і ўплыў, беларуская тэма ў паўстанні, безумоўна, была б больш папулярнай і растыражаванай.
— Але паўстанне незалежнай Беларусі пры перамозе інсургентаў — гэта ж міф? Ці не?
— Я б не спяшаўся з такімі высновамі. Напрыклад, Васіль Ратч, афіцэр, якому Мураўёў даручыў напісаць гісторыю паўстання, адзначаў, што Каліноўскі ўспрымаў Беларусь і Літву як незалежную дзяржаву. Калі ўдзельнікамі паўстання былі такія людзі, як Барзабагаты, Мінейка, Багушэвіч, Каліноўскі, яны цалкам маглі б у гэтай дзяржаве заняць належныя пасады ў выпадку перамогі. А была б яна ў федэрацыі з Польшчай ці свабоднай Расіяй — іншае пытанне. Нагадаю, што ідэя аўтаноміі альбо федэрацыі захоўвалася ў беларускіх колах ажно да часоў БНР.
— А сам Каліноўскі лічыў сябе беларусам?
— Часта даводзіцца чуць, маўляў, Каліноўскі не назваў сябе ні разу беларусам у дакументах. Прабачце, але ён не назваў сябе і палякам. І гэта, на маю думку, яшчэ больш яскравае сведчанне! Мінейка, напрыклад, лічыў сябе палякам, Гейштар — літвінам. Пра Каліноўскага такіх сведчанняў не захавалася. Ды і «паляк» тады не было тым, што зараз. Гэта была поліэтнічная азнака, як «рускі». Палітычна-рэлігійная ў нейкім сэнсе.
Каліноўскі быў, як кажуць, чалавекам не свайго часу, забягаў наперад. І ў сваіх сацыяльных поглядах, і ў нацыянальных. Таму менавіта ён са складанасцю ўпісваецца ў рэаліі свайго перыяду, які ён у нечым перарос. Дарэчы, у сваіх лістах з-пад шыбеніцы Каліноўскі звяртаецца менавіта да «беларускіх мужыкоў». Не літоўскіх, і не польскіх.
«За нашу і вашу свабоду»
— Наколькі крытычна варта ўспрымаць міф пра «антырасійскае» паўстанне 1863 года?
— У тым жа варшаўскім маніфесце 23 студзеня гучыць заклік далучыцца да паўстання «маскоўскаму народу». Успрыманне расейцаў не было адназначна крытычным, прынамсі, існаваў падзел, мяжа. Шмат хто з паўстанцаў быў знаёмы па сібірскай ссылцы пасля паўстання 1830–1831 з «дзекабрыстамі», якія апынуліся там не нашмат раней.
Не варта забываць, што на тэрыторыі Расіі існаваў шырокі рух па падрыхтоўцы свайго паўстання. Дзейнічаў, напрыклад «Союз русских офицеров Польшы», склад якога быў інтэрнацыянальны: туды ўваходзілі і расейцы, і палякі. Яны выхоўваліся ва ўмовах шматнацыянальнай імперыі і адчувалі адказнасць за яе лёс. Бачылі яны яе, канешне, па-рознаму — у выглядзе федэрацыі альбо ўнітарнай дзяржавы… Прынцыповым момантам было пазбыцца царызму. Дык і царская ўлада вешала і расстрэльвала яшчэ ў 1862 годзе сваіх жа, праваслаўных: І. Арнгольдта, В. Каплінскага, Ф. Растоўскага, Л. Шчура і інш.
Не дарма Звяждоўскі са сваім атрадам дзейнічаў на Магілёўшчыне і захапіў Горы-Горкі. Ягонай ідэяй было распаўсюдзіць паўстанне ажно да Волгі. Захапіць Смаленск і далей: вызваляць сялян, абвяшчаць маніфест… «Чырвоныя» ўспрымалі сялян як адзіны сацыяльны пласт, абаронцамі якога яны хацелі выступаць, а паўстаць павінна была ў выніку ўся Расія.
«Cотнямі здзіралі скуры з праваслаўных бацюшак…»
— Добра, а якія міфы альбо антыміфы існуюць з адваротнага, расійскага боку?
— Найбольш яскравы, мабыць, тычыцца «генацыду» паўстанцамі праваслаўнага насельніцтва, і святароў у прыватнасці. Часцей за ўсё бяруцца цытаты з «Мужыцкай праўды» наконт «схізмы», ну а неяк зусім нядаўна я сам сустрэў у інтэрнэт-абмеркаванні пасаж пра тое, што «паўстанцы сотнямі здзіралі скуры з праваслаўных бацюшак». А дзе факты?
Фактам застаецца тое, што на беларускіх землях, з улікам Віленшчыны і Беласточчыны, былі забітыя цягам паўстання 4 праваслаўныя святары. Расейцы замардавалі каталіцкіх ксяндзоў — 8. Калі параўноўваць даты, бачым наступнае: Мураўёў прыязджае ў Вільню, па яго загадзе забіваюць ксяндза. Пагалосак ідзе ў народ, вынік: у наступную ноч вешаюць праваслаўнага святара. Потым зноў аналагічная сітуацыя… Атрымліваецца, што гэта рэакцыя абураных людзей на правакацыю, і пачалі гэтую рэлігійную вайну — зусім не паўстанцы.
— На баку інсургентаў праваслаўныя святары прымалі ўдзел у паўстанні?
— Так, напрыклад, святар Мікалай Мароз, які служыў у царкве Лапніца пад Пінскам, заклікаў праваслаўную шляхту Піншчыны да ўдзелу ў паўстанні. Калі на сходзе нехта адмовіўся, бацюшка прапанаваў таму «кулю ў лоб»… Яшчэ адзін прыклад: чатыры праваслаўныя клірыкі з Жыровічаў, сярод іх памочнік архімандрыта Іван Шышко з вёскі Добрая Воля Ваўкавыскага ўезду. Дарэчы, амаль усё дарослае мужчынскае насельніцтва Жыровіцаў пайшло ў паўстанцы.
Цікавы момант: перад следчымі большасць паўстанцаў адмаўляла свой удзел альбо даводзілі, што «іх прымусілі». Але які гэта мог быць прымус, калі той жа Іван Шышко ўдзельнічаў у якасці касінера ў Мілавідскай бітве, а калі іх атрад адступаў, то далучыўся да падраздзялення Урублеўскага, замест таго, каб збегчы ці вярнуцца ў манастыр?
Мёртвы — тры рублі, жывы — пяць…
— А чаму паўстанцы часцяком казалі пра прымус, гэта баязлівасць альбо прадуманы ход?
— Думаю, што была такая інструкцыя на выпадак палону. Справа ў тым, што турмы былі забітыя: у Беластоку ў пэўныя прамежкі часу сядзелі больш за 500 чалавек, у гарадзенскім астрозе — па 350–400. Таму, калі на табе не было канкрэтных «злачынстваў», казаў пра «прымус», быў селянінам, а можа яшчэ і праваслаўным, дык меў усе шансы пазбегнуць сумнага лёсу сваіх паплечнікаў.
— Ці здавалі сяляне паўстанцаў уладам, як гэта часцяком можна прачытаць?
— Пагалоўная падтрымка сялянамі царскіх уладаў — таксама міф. Так, сяляне здавалі паўстанцаў, ёсць такія факты. Бо за кожнага забітага атрымоўвалі па 3 рублі, за жывога — 5, чым дрэнна? Часам выходзіла камічна, бо сяляне здавалі таксама жандараў, бо лавілі ўсіх, каго раней не бачылі ў сваёй мясцовасці. Узровень страху, агульнай істэрыі і грашовай зацікаўленасці быў напрыканцы паўстання даведзены да такой ступені, што ў адной з віленскіх кавярняў затрымалі аднаго з кіраўнікоў жандармерыі, які прыехаў з Пецярбурга, бо задаваў падазроныя пытанні. Ну, і медаль можна было атрымаць у наступным: "За усмирение польского мятежа 1863–1864"
— Наколькі пашыранымі былі гэтыя медалі?
— Так, іх давалі, напрыклад, усім чыноўнікам, якія служылі на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю, усім святарам... Я сустракаў у дакументах нават такі выпадак: нейкі чыноўнік, які загадваў мінеральнымі водамі ў Друскеніках, звяртаецца ў Вільню, каб яму далі медаль, бо ён падчас паўстання… наўпрост знаходзіўся ў Друскеніках. А паколькі ў рэгіёне былі баявыя дзеянні, ён, маўляў, заслужыў. І яму, як не дзіўна, далі медаль. Медалі сталіся прапагандысцкім крокам імперыі, ідэалагічнай акцыяй, як пазней цэрквы-мураўёўкі.
— Ці існуе, на тваю думку, у Беларусі падзел грамадства па прыкмеце стаўлення да паўстання Каліноўскага, як, напрыклад, ва Украіне па прыкмеце стаўлення да Бандэры і УПА?
— На маю думку, паўстанне 1863 года для большасці беларусаў працягвае заставацца невядомым. Ёсць людзі, якія «ў тэме», якія цікавяцца гісторыяй ці палітыкай, і ў залежнасці ад сваіх палітычных поглядаў фармуюць стаўленне да паўстання: пазітыўнае альбо негатыўнае. Людзі на вуліцы недзе мо’ і чулі пра Каліноўскага, але канкрэтных асацыяцыяў не маюць. Таму і патрэбныя міфы: праз іх закладаецца стэрэатыпнае ўспрыманне рэчаіснасці, базавыя асацыяцыі ў звычайнага абывацеля.