Полаччына пад маскоўскай уладай: імклівае занядбанне краю

Летась у Расіі выйшла ў свет кніга пад гучнай назвай “Иван Грозный — завоеватель Полоцка». Пад вокладкай з такой прэтэнцыёзнай назвай хавалася не чарговая ідэалагічная агітка на гістарычную тэматыку, да якіх мы ўсе дзесьці звыклі, уключаючы тэлевізар, а, як ні дзіўна, публікацыя крыніц з далёкага XVI стагоддзя.



image002.jpg

Летась у Расіі выйшла ў свет кніга пад гучнай назвай “Иван Грозный – завоеватель Полоцка». Пад вокладкай з такой прэтэнцыёзнай назвай хавалася не чарговая ідэалагічная агітка на гістарычную тэматыку, да якіх мы ўсе дзесьці звыклі, уключаючы тэлевізар, а, як ні дзіўна, публікацыя крыніц з далёкага XVI стагоддзя.

Аднак захоп тэрыторыі далёка не заўсёды азначае поспех у кіраванні ёй. Карціна асваення маскоўцамі захопленых зямель на Полаччыне паўстае не вельмі прывабнай. Атрымаўшы кантроль над яе паўночнай часткай – з вялікімі масівамі лясоў і балот, незаселенай шчыльна людзьмі – новыя ўлады за 16 гадоў сваёй прысутнасці мала што зрабілі для развіцця рэгіёна, а хутчэй занядбалі яго. Ход замацавання і асваення на Полацкай зямлі выдатна паказвае, што маскоўскія ўлады не адчувалі сябе тут упэўнена і спадзяваліся перадусім на прымус і ваенную сілу.

З самага пачатку акупацыі мы назіраем супраціў мясцовага насельніцтва, які праяўляўся як у маўклівым сабатажы захадаў і дзеянняў новых уладароў з боку сялян, так і збройных выступленнях пры спрыяльнай нагодзе. У мясцінах, куды даходзілі атрады маскоўскіх жаўнераў у колькасці 20-30 чалавек, сяляне, забраўшы самыя каштоўныя рэчы, хаваліся па лясах, каб не нарвацца на ворага. А калі ў сяло завітвала па 3-4 маскоўцы, то іх папросту “имали и побивали”. У адказ новыя ўладары разгортвалі сапраўдныя рэпрэсіі. Маскоўскія дакументы сведчаць: “которые люди Полотцкого повету воеводам непослушны были, воеводы по их вине их казнили”.

Пасля прыходу маскоўцаў на Полаччыне назіраецца выразны і рэзкі дэмаграфічны спад. Гэта было звязана як з натуральнымі наступствамі ваеннай акупацыі, так і з мэтанакіраванай палітыкай захопнікаў, якіх асабліва не турбавалі мясцовыя праблемы. Павялічылася пагроза голаду і хваробаў, самавольства жаўнераў таксама нельга было не ўлічваць. Займацца гаспадаркай пры такім неспакойным становішчы было цяжка. Таму сяляне зрываліся з наседжаных месцаў. Калі маскоўцы ў сваіх пісцовых кнігах падлічылі колькасць паселішчаў, то аказалася, што “пустых” паселішчаў без людзей пераважная большасць. Так, у Няшчэрдаўскай воласці са 194 пералічаных пунктаў ажно 134 сталі такімі, ад якіх засталася толькі назва. Г.зн. дзве траціны сёлаў пазбавіліся сваіх насельнікаў! Яшчэ адзін прыклад. Вакол аднайменнага возера ў 1552 г. пры правядзенні перапісу налічылі 83 “дымы”. Праз сем гадоў валадарання маскоўцаў тут застаўся толькі 31 “дым”. У іншых раёнах Полаччыны сітуацыя была не лепшай.

Калі сітуацыя на Полаччыне крыху супакоілася, маскоўскія ўлады ўзяліся за раздачу зямель тым вайскоўцам, якія засталіся служыць на Полаччыне. Спачатку будаваліся невялічкія ўмацаваныя замачкі. Яны павінныя былі стаць пунктамі апоры новай улады. Так з’явіліся на свет у 1567-1571 гг. замкі Сітна, Няшчэрда, Сокал, Красны… Вакол іх, як правіла, і раздаваліся землеўладанні свежым памешчыкам. Але нягледзячы на даволі вялікія памеры раздадзеных зямель, сялян на іх можна было пералічыць на пальцах. У Няшчэрдаўскай воласці маскоўскія памешчыкі атрымалі толькі 10 чалавек. У астатніх раёнах колькасць раздадзеных сялян вар’іравалася ад 2 да 30 чалавек. Нават праз паўстагоддзя дэмаграфічная сітуацыя тут не выправілася і не  дасягнула паказчыкаў сярэдзіны XVI стагоддзя: у большасці паселішчаў у 1601 г. жыло не больш за палову насельніцтва з даваеннага часу.

Дзеля справядлівасці адзначым, што спакойнаму жыццю на акупаванай тэрыторыі перашкаджала і актыўная дзейнасць жаўнераў з боку ВКЛ, якімі пастаяннымі нападамі турбавалі маскоўцаў. Ад гэтага пакутавалі і мясцовыя сяляне, чые землі без разбору падвяргаліся спусташэнню. Крыніцы захавалі мноства скаргаў маскоўцаў на засады на дарогах, нечаканыя набегі на ўладанні, наўмысныя пажары і інш.

Полаччына, нягледзячы на сцішванне баявых дзеянняў з сярэдзіны 60-х гадоў XVI стагоддзя, так і засталася неспакойным краем для тутэйшага жыхарства. Не бачачы перспектыў, яно адыходзіла з родных зямель ці працягвала існаваць на грані разарэння і пагібелі ў надзвычай экстрэмальных варунках. Новая маскоўская ўлада асабліва не турбавалася гэтым, свядома трымаючы нетрывалы край у жорсткім ваенным становішчы. Прыход дабрадзеяў з Усходу абярнуўся толькі бедамі ды стратамі. Занядбаная Полаччына пакрысе пачынала страчваць сваё значэнне і ператварацца ў звычайную перыферыю. Пазней гэтая сітуацыя, па вялікім рахунку, не змянілася…

budzma.by