
Асаднікі з Беразвеча падчас перадачы кулямёта копаўцам, 1938 год
Яшчэ ў снежні 1920 года заканадаўчы Сейм прыняў закон аб надзяленні зямлёй жаўнераў Войска Польскага, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях супраць бальшавікоў. Планавалася, што надзелы будуць выдавацца ва ўсходніх ваяводствах. У выніку ў 1939 годзе на ўсходзе Рэчы Паспалітай пражывала каля 9 тысяч вайсковых асаднікаў з сем’ямі.
Сярэдні памер асадніцкай гаспадаркі складаў 18 гектараў. Улады спрабавалі сяліць ветэранаў польска-бальшавіцкай вайны 1920 года побач, каб ствараць сваеасаблівыя польскія анклавы ў няпольскіх Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне. Значная частка каланістаў ніколі не займалася сельскагаспадарчай працай, але мела сярэднюю і нават вышэйшую адукацыю. Для развіцця вайсковага асадніцтва ў польскіх банках адкрываліся крэдытныя лініі. Самі былыя вайскоўцы таксама стваралі крэдытныя касы ўзаемнай дапамогі, сельскагаспадарчыя гурткі і народныя дамы.

Асаднікі, Стоўбцы, 1934 год
Асаблівую ролю вайсковыя асаднікі адыгрывалі ў развіцці тэрытарыяльнага самакіравання. Па дадзеных польскіх даследчыкаў, у 1933 годзе ў такой дзейнасці ўдзельнічала больш за 700 ветэранаў польска-бальшавіцкай вайны 1920 года, якія атрымалі зямлю ва ўсходніх ваяводствах. 58 чалавек былі войтамі, а 11 сталі бургамістрамі. Пасля выбараў 1934 года ў органы мясцовага кіравання 561 асаднік стаў саветнікам кіраўніцтва гміны, 115 — войтамі, 26 — падвойтамі, 93 — членамі саветаў паветаў.

Асаднікі, Заходняя Беларусь, 1938 год
Аднымі з важных роляў, якія адводзілі асаднікам, былі супрацоўніцтва і дапамога Корпусу аховы памежжа. Па сваёй сутнасці вайсковыя асаднікі, якія жылі на «рыжскай мяжы» ў Заходняй Беларусі, выконвалі тую ж функцыю, што і памежны актыў і базы садзейнічання на тэрыторыі БССР для савецкіх памежнікаў. У выпадку небяспечнай сітуацыі, каланісты павінны былі прыйсці на дапамогу бліжэйшай да іх стражніцы КАП. Таксама асаднікі павінны былі сачыць і за памежнай дыстанцыяй. Такая сітуацыя была, напрыклад, у Рубяжэвічах, дзе амаль 15 былых жаўнераў 1-й брыгады Юзафа Пілсудскага атрымалі зямлю амаль на самай мяжы з савецкай Беларуссю. Пры гэтым, людзей, якія жылі ля кардона, польскі ўрад узбройваў. Асаднікі атрымлівалі вінтоўку і запас патронаў. У пачатку 1920-х гадоў, калі на тэрыторыі Заходняй Беларусі па лініі «актыўнай выведкі» дзейнічалі савецкія дыверсанты, асаднікам выдавалі нават гранаты, каб тыя, у выпадку нападу на іх маёнтак, маглі пратрымацца да падыходу польскіх памежнікаў.
У 1930-х гадах з ветэранаў вайны 1920 года стваралі неафіцыйныя атрады, з якімі праводзіліся інструктажы і вайсковыя заняткі. У абавязкі такіх фармаванняў уваходзіла назіранне за памежнай мясцовасцю, а таксама патруляванне дарог у начны час. Калі асаднікамі затрымлівалася падазроная асоба, то прадпісвалася перадаваць яе ў аддзяленне Дзяржаўнай паліцыі ці на стражніцу КАП. Гэтыя паліцэйскія функцыі асаднікаў негатыўна ўплывалі на фарміраванне адносінаў паміж каланістамі і мясцовым беларускім насельніцтвам, якое небеспадстаўна лічыла суседзяў чужымі на гэтай зямлі.

Стражніца КАП. Заходняя Беларусь
Дарэчы, асадніцтва крытыкавалася не толькі з боку беларусаў, але і з боку польскіх палітычных партый, якія называлі яго — «кепска падрыхтаваным эксперыментам». Польская ўлада, асабліва ў канцы 1930-х гадоў, пачала разумець, што жорсткая паланізацыйная і каланізацыйная палітыка на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны не толькі не супакоіць насельніцтва гэтых рэгіёнаў, але паўплывае на пашырэнне прасавецкіх настрояў сярод палешукоў. Таму рабіліся спробы інтэграцыі аўтахтоннага насельніцтва і польскіх каланістаў. Акцэнт рабіўся на развіццё асадніцкіх гаспадарак і пашырэнне выкарыстання наёмнай працы ў іх. Аднак да пачатку Другой сусветнай вайны сітуацыю ў адносінах паміж мясцовым насельніцтвам і асаднікамі ў лепшы бок змяніць так і не ўдалося.

Польскія каланісты на Гродзеншчыне, 1937 год
Яшчэ да пачатку «вызвольнага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь» дзеячы камуністычнага падполля пачалі рыхтаваць спісы прадстаўнікоў польскай адміністрацыі, вайсковых уладаў, паліцэйскіх і асаднікаў, якія падлягалі знішчэнню. А 17 верасня 1939 года менавіта асаднікі сталі галоўным аб’ектам агрэсіі з боку мясцовых падпольшчыкаў і актывістаў. У першыя дні вызвалення забойствы адбыліся ў 13 асадах Палескага ваяводства, 11-ці — Навагрудскага, 4-х — Беластоцкага і 1-го — Віленскага. Цікава, што ў верасні 1939 года найменш злачынстваў супраць асаднікаў адзначана на Валыні. Больш таго, вельмі часта там мясцовыя сяляне-ўкраінцы ратавалі каланістаў ад рэпрэсій савецкіх уладаў. Цяжка ўявіць, што праз чатыры гады на той жа Валыні адбудзецца масакра польскага насельніцтва.

Польскія памежнікі, 1934 год
У верасні 1939 года найбольш жорсткія забойствы былых удзельнікаў польска-бальшавіцкай вайны 1920 года і іх сямей адбыліся ў Беластоцкім ваяводстве. Пасля пераходу Чырвонай Арміі «рыжскай мяжы» ў вёсцы Обухава быў створаны сялянскі камітэт, кіраўніком якога стаў член КПЗБ Уладзімір Янучэня. 20 верасня рашэннем гэтага органа ў асадзе Будоўля ўзброеныя сяляне схапілі семярых жыхароў асады і аднаго паліцэйскага. Праз дзень схапілі яшчэ паручніка польскага войска і солтыса вёскі Мар’янаўка. У польскага афіцэра рэквізавалі 7 тысяч злотых (відавочна, рэшткі палкавой касы). Апошніх двух вывелі на праваслаўныя могілкі, прымусілі распрануцца і расстралялі.
Асаднікаў, арыштаваных у Будоўлі, катавалі і прымушалі пакаяцца за іх удзел у вайне з бальшавікамі ў 1920 годзе, а 23 верасня павялі затрыманых у бок Жыдомлі і па дарозе ўсіх расстралялі. Пазней, калі мясцовыя жыхары знайшлі трупы ахвяр, аказалася, што перад смерцю з іх моцна здзекаваліся. Падобная трагедыя адбылася і ў вайсковай асадзе Лерыполь. 22 верасня 1939 года ў населены пункт увайшла група ўзброеных сялян. Яны забралі мужчын-асаднікаў і павялі іх у вёску Курпікі. Па дарозе людзі з чырвонымі апаскамі забілі сем чалавек, а пазней пакаралі смерцю яшчэ трох асаднікаў. Апошняй ахвярай забойцаў стаў асаднік па прозвішчу Галінскі, які спрабаваў уратавацца ў доме сваёй жонкі-беларускі. Аднак яго знайшлі і падчас пагоні забілі.
Забойствы асаднікаў у верасні 1939 года адбываліся па ўсёй Заходняй Беларусі. У Стаўбцоўскім павеце людзі з чырвонымі апаскамі забілі солтыса асады Пазіневічы і вайсковага асадніка Малейчыка. Людзей пазбавілі жыцця за тое, што ў свой час яны дапамагалі КАП. 5 асаднікаў былі забітыя ў асадзе Марцінаўка ў Пінскім павеце.
У 1993 і 1998 гадах сын аднаго з забітых жыхароў Лерыполя, грамадзянін Польшчы, звяртаўся ў беларускую пракуратуру з заявай аб правядзенні фармальнага следства па дадзенай справе, аднак беларускі бок адмовіўся ад следчых дзеянняў, матывуючы рашэнне «адсутнасцю ў справе складу злачынства».

Заходняя Беларусь. Савецка-польская мяжа
Падзеі верасня 1939 года былі толькі першым актам у трагедыі польскіх каланістаў у Заходняй Беларусі. Паводле дакументаў НКУС, за першы год савецкай улады ў Заходняй Беларусі ў рукі савецкіх спецслужбаў трапіла каля 1000 асаднікаў. Большасць з іх трымалі ў турмах заходніх абласцей БССР, а пазней накіроўвалі ў распараджэнне мінскага НКУС.

Засада КАП Рыжская мяжа ля Стоўбцаў
5 снежня 1939 года Саўнаркам СССР прыняў рашэнне аб дэпартацыі асаднікаў і іх сямей з далучаных да Савецкага Саюза тэрыторый. Вывазу ў Архангельскую, Валагоцкую вобласці, Аўтаномную Рэспубліку Комі, за Урал, Краснаярскі, Алтайскі край і Казахстан падлягалі не толькі ветэраны польска-бальшавіцкай вайны 1920 года і іх сем’і, але і цывільныя асаднікі.

Дзеці беларускіх сялян. Палессе, сярэдзіна 1930-х г.
Першая хваля дэпартацыі адбывалася 10 лютага 1940 года, падчас якой з Заходняй Беларусі было вывезена больш за 40 тысяч чалавек. Пазней, у выніку другой (13 красавіка 1940 года), трэцяй (чэрвень 1940 года) і чацвёртай (май-чэрвень 1940 года) хваляў дэпартацый, савецкія ўлады паспрабавалі канчаткова знішчыць нават успамін пра польскіх каланістаў. Адзінкі з тых, хто перажыў «першыя Саветы» і нацысцкую акупацыю Беларусі 1941–1944 гг., пазней выехалі ў сацыялістычную Польшчу. Пасля Другой сусветнай вайны атрымалі магчымасць вярнуцца на радзіму і тыя, хто быў дэпартаваны перад вайной і выжыў у савецкай глыбінцы.