Пратэстант, які ўзначаліў каталіцкі касьцёл у Беларусі

Успомнім першага арцыбіскупа Магілёўскага Станіслава Богуш-Сестранцэвіча, адзначым незвычайныя факты яго доўгага, амаль стогадовага жыцьця. Спачуваў паўстанцам Тадэвуша Касьцюшкі, яго пляменьнікам нібы быў сёньняшні «экстрэміст» Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, быў прыхільнікам «заходнерусізму».

Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч

Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч

Маленькі кальвініст

Нарадзіўся будучы каталіцкі арцыбіскуп у сям’і пратэстанта-кальвініста Яна і каталічкі Карнэліі ў 1731 годзе.

На пахаваньні старадубскага харунжага Ваўка 24 чэрвеня 1745 года трынаццацігадовы вучань Кейданскага кальвінісцкага пансіёну Станіслаў вымавіў кранальную разьвітальную прамову. Яна настолькі спадабалася пратэстанцай грамадзе, што тыя вырашылі сабраць сродкі на далейшую адукацыю такога таленавітага юнака і адправіць яго за мяжу, сцьвярджае гісторык Андрэй Ганчар.

Мала хто сумняваўся, што зь яго выйдзе цудоўны пастыр, таленавіты прапаведнік і абаронца кальвінізму. Бацька прыслухаўся да настойлівых патрабаваньняў сваякоў і пагадзіўся выслаць сына навучацца за мяжу. І вось 17 жніўня 1745 года Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч выехаў у Бэрлін. Там яго чакаў сваяк Аскерка, чыноўнік прускай адміністрацыі, які мусіў дапамагчы юнаку ўладкавацца на навучаньне. Бацька праводзіў яго да Кёнігсбергу.

20 верасьня 1745 года будучы каталіцкі мітрапаліт прыехаў у Штатгарт Шчэцінскі, дзе ўначы ў адным з гатэляў быў абкрадзены. Праўда, як узгадваў ксёндз, сучасьнік Богуша-Сестранцэвіча, Станіслаў Шантыр, ён бачыў іншую прычыну зьнікненьня грошай: Богуш-Сестранцэвіч проста іх праматаў.

Не маючы сродкаў на існаваньне, юнак быў змушаны пайсьці служыць наймітам у прускае каралеўскае войска.  У бітве пад Кесельдорфам 15 сьнежня 1745 года быў цяжка паранены ў правую руку. Зьнявечаныя жаўнеры прускай каралеўскай арміі былі не патрэбныя. Як вынік, напрыканцы сьнежня 1745 года, ледзь падлячыўшы рану, Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч быў выпісаны са шпіталя і звольнены. У падзяку за месяц службы ў войску ён атрымаў 100 талераў на выдаткі.

У Бэрліне Станіслаў быў ужо ў гэтым жа годзе. Але прычыны наступных дзеяньняў Богуша-Сестранцэвіча, як адзначае дасьледчык Міхаіл Папоў, пакрытыя таямніцай. З дзёньніка Станіслава нам вядома, што ў Бэрліне жыў ягоны дзядзька Аскерка. Акрамя таго, у банку Бітнэра бацькам быў адкрыты рахунак на яго імя. Аднак Станіслаў не паехаў да свайго сваяка, а выправіўся ў рымска-каталіцкі касьцёл у адным з прадмесьцяў Бэрліна, дзе зьвярнуўся па дапамогу да айца-дамініканца Арманда.

Разьвітваючыся зь ім, дамініканец Арманд сказаў: «Раю табе ўзяць за прыклад сьвятога Марціна. Добры Бог дае яго табе, каб ты мог яго ўспадкоўваць, бо Ён зрабіў так, што, як той сьвяты, ты на пятнаццатым годзе жыцьця стаў жаўнерам, твой спакойны характар спросьціць табе гэтае ўспадкоўваньне: можа, як ён, станеш каталіком, можа біскупам, можа, як ён, дажывеш да 81 года. Але зараз ты знаходзішся на падрыхтоўчым этапе адукацыі, прасі Бога, каб паказаў табе тваё пакліканьне, вучыся ўсяму, больш за ўсё трэніруй памяць, якой у вялікай ступені валодаеш, памятаючы, што з узростам дар гэты памяншаецца. Бывай».

Станіслаў пачаў навучацца ў гімназіі, а затым ва ўнівэрсітэце ў Франкфурце-на-Одэры.

А ў 1751 годзе, пасьля шасьцігадовай адсутнасьці, Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч вярнуўся ў бацькоўскую хату. Дзёньнік Стнаіслава Богуша-Сестранцэвіча кажа пра яго шматлікія звароты да магнатаў з прапановай сваёй дапамогі. Пакуты, здавалася, скончыліся пасьля знаёмства ў Гародні ў 1752 годзе з біскупам вармінскім Адамам Грабоўскім. Той даў рэкамендацыйны ліст, і разам з тым прапанаваў Станіславу Богушу-Сестранцэвічу стаць рымска-каталіцкім сьвятаром. Але той адмовіўся, спаслаўшыся, што яшчэ занадта малады.

Кальвініст становіцца каталіцкім ксяндзом

Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч

Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч

Толькі ў лістападзе 1753 года малады чалавек атрымаў запрашэньне стаць настаўнікам у дзяцей князя Станіслава Ігнацыя Радзівіла і пераехаў у Жырмуны. Менавіта падчас працы выхавальнікам адбылося навяртаньне  Богуша-Сестранцэвіча ў каталіцтва і ўзьнікла жаданьне стаць сьвятаром. На жаль, у сваім дзёньніку мітрапаліт нічога не кажа пра дэталі.

Людміла Ўрублеўская адзначае, што ў 1759 годзе разам з выхаванцамі Мікалаем і Ежы Радзівіламі ён едзе ў Варшаву і разам зь імі ж навучаецца ў Варшаўскім галоўным калегіюме піяраў. У 31 год абараняе магістарскую дысертацыю «Аб бязгрэшнасьці Папы».

Як піша Андрэй Ганчар, на працягу трохмесячнага навучаньня ў Варшаўскай сэмінарыі з красавіка па ліпень 1763 года будучы мітрапаліт прайшоў усе ступені сьвятарскага пасьвячэньня. 15 жніўня 1763 года Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч адслужыў першую ў сваім жыцьці імшу.

Карыстаючыся падтрымкай і даверам з боку біскупа Ігнацыя Масальскага і пратэкцыяй Радзівілаў, малады сьвятар пачаў хутка прасоўвацца па касьцёльнай ерархічнай лесьвіцы. У 1768 годзе Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч атрымаў месца каноніка ў Віленскім катэдральным капітуле.

У гэты час давер біскупа Масальскага да Станіслава Богуша-Сестранцэвіча ўзрос настолькі, што, выязджаючы за мяжу ў 1766–1767 і 1771–1772 гадах, ён даручыў менавіта ксяндзу Станіславу кіраваньне Віленскай дыяцэзіяй. У адсутнасьць свайго заступніка Богуш-Сестранцэвіч 13 лістапада 1771 года пад узьдзеяньнем весткі аб забойстве бацькі барскімі канфедэратамі, прамовіў вельмі эмацыйнае казаньне, у якім асудзіў усякую спробу непадпарадкаваньня каралю.

Гэтыя словы вызначылі далейшы лёс Станіслава. Дзякуючы ім ксёндз не толькі набыў прыхільнасьць караля Рэчы Паспалітай, але і ўпершыню зьвярнуў на сябе ўвагу расейскай кіраўнічкі і яе амбасадара Сальдэрна. Невыпадкова пра яго згадаюць, калі расейскі ўрад будзе шукаць прыдатную кандыдатуру на пасаду кіраўніка каталікоў акупаваных ёй тэрыторыяў Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага, а затым і ўсёй тэрыторыі імпэрыі.

Погляды

Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч

Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч

У 1807 годзе арцыбіскуп, які з 1800 года жыў не ў Магілёве, а ў расейскай сталіцы, піша наступныя словы, адрасаваныя каталікам яму падначаленых земляў:

«Банапарт не можа надаць вам выгодаў і з боку рэлігіі. Мы вызнаем веру сваю ў Расеі без найменшых прыцісканьняў і з такой свабодай, як бы яна была вераю пануючай. Але і з гэтага боку абавязкова павінны вы назіраць за сабою, каб не падпасьці спакусам Напалеона, гэтага розуму злачыннага, і багатага ў хітрыках і спакушэньні.

Няма межаў ні дзеяньням, ні намерам разбуральніка цішыні агульнай; няма межаў яго ўладалюбству. Няспынна далучае ён да несправядліва выкрадзенай ім дзяржавы сваёй краіны чужыя.

Ці ня гора ёсьць пашча ў сетцы ворага злога? Ці не дабро ёсьць супрацьстаць ворагу толькі злоснаму? Пастыры статка Хрыстовага, пакліканыя на сьвятое служэньне праўдзе! Выказвайце дзецям касьцёлу, калі вялікія небясьпекі навокал іх; калі цьвёрдасьць іх сапраўдным сынам айчыны ўласьцівая захістаецца; кажыце, якая вялікая слава чакае верных сыноў Расеі!

Яна адзіная, з дапамогай Бога, папярэднічала да цяперашняй зброі расейскай. Калі праведна ўздыме цяпер зброю рахманы манарх наш, Аляксандар І!».

Не пройдзе шмат часу, як акупацыйны расейскі рэжым, якому прысягнуў Богуш-Сестранцэвіч, будзе вынішчаць каталіцтва і грэкакаталіцтва на сваёй тэрыторыі.

Разам з тым варта адзначыць, што ў 1790-х гадах Богуш-Сестрэнцэвіч падрыхтаваў дакумэнт, які абавязваў «усіх ксяндзоў архідыяцэзіі», каб яны «казалі з амбоны ў касьцёлах казані на народнай мове», гэта значыць на беларускай.

Заходнерусізм

Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч

Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч

Скандальная, па сёньняшніх мерках, кніга Станіслава Богуш-Сестранцэвіча «O Rossyj Zachodniey», надрукаваная ў 1793 годзе ў арганізаванай ім у Магілёве друкарні, мела характар цалкам прарасейскай. Людміла Шчавімская адзначае, што ў кнізе гэтай, паднесенай арцыбіскупам у дар імпэратрыцы Кацярыне II, ён пісаў аб адвечнай уладзе расейскіх князёў над заходнерускімі землямі, разглядаў праблему адзінства паходжаньня беларусаў, украінцаў і расейцаў.

Кніга мае 12 раздзелаў, у першым зь якіх, «Задума працы», ён коратка выкладае свае погляды на паходжаньне славянаў, працэс утварэньня іх дзяржаўнасьці: «Татарскае ярмо на Русі, якое стала сьледствам сварак паміж князямі, дало магчымасьць суседзям заняць і прысвоіць яе тэрыторыі, так, што нават абавязвалі сваіх каралёў да паўторнай заваёвы забраных потым расейцамі сваіх земляў і да захаваньня пры гэтым гэтых тытулаў.

Мой намер паказаць, што ўся заходняя Русь ад самага заснаваньня дзяржавы яе была пад валадарствам яе князёў. І Белая Русь заўсёды была яе неад'емнай часткай».

Сваяк Дуніна-Марцінкевіча?

Што да сямейных сувязяў з Вінцэнтам Дунін-Марцінкевічам, нягледзячы на шырокараспаўсюджаную вэрсію аб сваяцтве двух знакамітасьцяў, выявілася, што гэта не зусім так.

Гісторык Зьміцер Дрозд, у сваім нядаўнім дасьледаваньні пра жыцьцё пісьменьніка засьведчыў, што арцыбіскуп Богуш-Сестранцэвіч зьяўляецца сваяком першай жонкі бацькі Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, і такім чынам, паміж уласна Вінцэнтам і Станіславам няма сямейнай сувязі. Нягледзячы на гэта, арцыбіскуп пры жыцьці імкнуўся дапамагаць Вінцэнту.

Арцыбіскуп Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч памёр на 96-м годзе жыцьця ў 1826 годзе, калі прастудзіўся падчас чаканьня карэты на баль у Пецярбургу.