Сяргей Дружылоўскі: «Я з вамі рабіў гісторыю, а мне за гэта — смерць…»

Сёння мы не можам сказаць з дакладнасцю, які адсотак «павешанага» на Дружылоўскага матэрыялу праўда, які — фальшыўка, але ўжо савецкая. Бо калі ўлічыць увесь аб’ём дзейнасці нашага земляка, варта пры­знаць — гэта геній фальсіфікацыяў і шпіянажу, які працаваў на дзясятак выведак усёй Еўропы ды ЗША.

sjarhej_druzylouski.gif

Сяргей Дружылоўскі

Справы пра замежных агентаў, якія працавалі на польскую, нямецкую, балгарскую ды іншыя выведкі супраць СССР, мы прызвычаіліся лічыць ад пачатку сфабрыкаванымі: чэкісты, маўляў, зараблялі сабе зорачкі. Але ў бурлівых 1920-х Еўропа сапраўды была пранізаная агентурнымі сеткамі, і белаэмігранты ідэальна ўпісаліся ў гэтыя схемы.

8 ліпеня 1927 года ў зале Вярхоўнага суда СССР на Спірыдонаўцы было цесна. Большасць крэслаў занялі журналісты як савецкіх, так і замежных выданняў, у далонях яны мулялі нататнікі ды сточаныя алоўкі. Фатографы сцякалі потам ад гарачыні пад грузам габарытных фотаапаратаў ды асвятляльнага абсталявання. Былі нават кінааператары… Што здарылася? Над кім суд?

На лаве падсудных — 32-гадовы Сяргей Дружылоўскі, агент некалькіх выведак і геніяльны фальсіфікатар. Газета «Известия» падрабязна апісала падсуднага: «У Дружылоўскага нервовы рухавы твар, яскравыя бліскучыя вочы, погляд няўлоўны. Гэты выраз вачэй, дакладней, адсутнасць пэўнага выразу, вельмі характэрны для героя авантуры. (…) Знешне ён трымаецца спакойна, прамаўляе нягучна, але дакладна…»

Да мяне ў рукі неяк трапіў арыгінальны фотаздымак з таго працэсу, які, верагодна, да часу захоўваўся ў архіве нейкай рэдакцыі. У цэнтры — сам Дружылоўскі з цыгарэтай у руках (цікава, у судзе можна было паліць!) і максімальна сканцэнтраваным тварам. Адваката ён свідруе вачыма, нібы гіпнатызёр. Па баках — канвойныя чэкісты з вінтоўкамі, што глядзяць на падсуднага, нібы на звера ў клетцы…

Хто ж ён такі, гэты Дружылоўскі?

Сяргей Дружылоўскі на працэсе. Фота друкуецца ўпершыню  (скан з арыгіналу, прыватная калекцыя, Беларусь)

Сяргей Дружылоўскі на працэсе. Фота друкуецца ўпершыню (скан з арыгіналу, прыватная калекцыя, Беларусь)


Who is mr. Drurzylowski?

Сяргей Дружылоўскі нара­дзіўся ў 1894 годзе ў Вільні ў сям’і ўрадніка з Рагачова. Цікава, што ў дакументах наш герой заўжды праходзіў як «рускі», нягледзячы на рагачоўска-віленскія карані ды прозвішча, якое можа трактавацца як польскае альбо беларускае. У 1912 годзе Дружылоўскі скончыў гімназію ў Клімавічах, у 1915-м — Школу прапаршчыкаў у Маскве. Адтуль — на вайну. Далей была яшчэ адна кваліфікацыя: Гатчынская лётная школа, ён — падпаручнік.

Пасля Кастрычніцкага перавароту Дружылоўскі збег у Фінляндыю, дзе прадстаўляў сябе «ахвярай чэкістаў» (ёсць версія, што чырвоныя яго сапраўды арыштоўвалі за… фальсіфікацыю хлебных картак). Як бы там ні было, далей Дружылоўскі трапіў у Паўночна-Заходнюю армію Юдзеніча, дзе займаў не абы-якую пасаду: ён быў ад’ютант камандуючага авіяцыяй. Але ад’ютант у дадзеным выпадку — гэта не пра тое, каб чысціць боты. Падчас наступу Юдзеніча на Петраград, Дружылоўскі адправіўся з дыверсійнай групай на аэрадром чырвоных, каб узарваць там ангар. Усё прайшло паспяхова — і кіраўнік групы нават атрымаў з рук генерала Юдзеніча ордэн.

Але наступ быў правальны, дый Грамадзянская вайна падыходзіла да канца: белыя прайгралі. Што рабіць? Дружылоўскі, як і тысячы іншых «неприкаянных» рускіх афіцэраў, зняў залатыя пагоны і адправіўся на Захад — спачатку ў Прыбалтыку, дзе выйшаў… не, не на латышскія ці эстонскія спецслужбы, але на Другі аддзел польскага Генштабу («Двуйку»). З гэтага і пачалася ягоная шпіёнская адысея.

Сяргей Дружылоўскі

Сяргей Дружылоўскі


Журналіст-эмігрант-выведчык…

У Рэвелі Дружылоўскі афіцыйна займаўся журналістыкай, выдаючы «Экстренный бюллетень телеграфных сообщений», далей — газету «Последние новости». Усё гэта з дазволу міністра ўнутраных спраў Эстоніі Гелета, але фактычна пад рэдакцыяй польскага выведчыка Расціслава Ляхніцкага. Фінансавалася апошняя газета польскім вайсковым аташэ ў Рэвелі Багуслаўскім.

Сярод палякаў, якія з ім працавалі, фігуравалі таксама падпаручнік Мечыслаў Браткоўскі, начальнік 4-га аддзялення Другога аддзелу Генштабу, памочнік польскага вайсковага эксперта Матушэўскага. Навошта гэта палякам? Фактычна, гэта спосаб навязаць праз СМІ як мага шырэйшыя кантакты з белаэмігрантамі, якія ненавідзелі чырвоную Маскву і маглі быць карыснымі ў наступнай вайне, а таксама — цалкам легальна, па «журналісцкай лініі» збіраць патрэбную інфармацыю пра СССР.

Урэшце Дружылоўскі атрымаў польскі пашпарт і грамадзянства, а ў траўні 1921-га выехаў у Варшаву ў распараджэнне Другога аддзелу, будучы прызначаным начальнікам асведамляльнай групы. Цікава, што на гэтай пасадзе Дружылоўскі прабыў нядоўга, бо ўжо ў 1923-м ён пераехаў у Берлін. Што стала прычынай? Ягоная асабістая воля альбо загад камандавання? Калі загад, то хто менавіта яго даў?..


«Паліцай-Прэзідыум» супраць рэзідэнтуры АДПУ

Важна дадаць, што сведчанні пра Дружылоўскага ў ягоных кароткіх біяграмах вельмі супярэчлівыя. Паходзіў ён з сям’і ўрадніка альбо паліцэйскага чыноўніка? Паспеў ён кароткі час паслужыць у РККА у Грамадзянскай вайне ці не? Супрацоўнічаў Дружылоўскі з АДПУ альбо… ? Калі звесткі пра АДПУ — праўда, то гэта можа тлума­чыць шмат якія факты з далейшай біяграфіі нашага героя.

Апынуўшыся летам 1923-га ў Берліне, Дружылоўскі зноўку ўсплыў у эмігранцкай прэсе: працаваў у рускамоўнай газеце «Накануне». Адначасова Дружылоўскі выйшаў на «Паліцай-Прэзідыум» (штаб-кватэра нямецкай паліцыі) і прапанаваў там свае паслугі. Па іншай версіі, нямецкія спецслужбы выйшлі на Дружылоўскага першымі, заўважыўшы ягоныя кантакты з АДПУ, арыштавалі — ды перавербавалі.

Паліцай-прэзідыюм на Аляксандрплац, Берлін, 1920-я

Паліцай-прэзідыюм на Аляксандрплац, Берлін, 1920-я

Нямецкая контрвыведка ў 1920-х звяртала максімум увагі на актыўнасць з боку Масквы. Пасля няўдала чырвонай рэвалюцыі ў 1918-м левы рух у краіне атрымаў паразу, але зай­маў вельмі сур’ёзныя пазіцыі, асабліва ў прамысловых раёнах краіны (рэакцыяй на што і стаў пад’ём гітлераўскай НСДАП). Зразумела, усё гэта рабілася пад крылом СССР і Камінтэрну, стратэгія сусветнай рэвалюцыі ў Маскве разглядалася цалкам сур’ёзна.

На пачатку 1924 года ў белагвардзейскай газеце «Руль» з’явілася такая цікавая аб’ява: «Руская інфармацыйная агенцыя “Руссіна” — Анабахерштрассэ, 8. Зарэгістравана нямецкімі ўладамі. Прымаем замовы на інфармацыю аб дзейнасці Камінтэрну ў сусветным маштабе, карэспандэнцыі і сведчанні аб стане рэчаў у Расіі. Патрэбныя карэспандэнты. Узнагарода па згодзе. Дырэктар С.М. Дружылоўскі. Сакратар П.Кіп». Што гэта, як не публічная аб’ява аб вярбоўцы інфарматараў?.. Неверагодна, але факт.

Калі верыць легендзе пра супрацу Дружылоўскага з рэзідэнтурай АДПУ, гісторыя мела наступны абарот: чэкісты на пэўным этапе зразумелі, што іх агент ужо… не да канца іх агент, ды перарвалі кантакт. Праз гэта Дружылоўскі перастаў быць карысны немцам у такой ролі, таму і быў перакваліфікаваны на выраб фальшывак: дакументаў, якія дыскрэдытавалі левы рух і Маскву.


«Фабрыка фальшывак»: мінімальныя сродкі і максімальны ўрон

У 1924–1925-х гадах Дружылоўскі вырабіў цэлы шэраг дакументаў ад імя Выканкаму Камінтэрну, якія падрывалі адносіны СССР і Захаду. Найбольш вядомы з іх — «Ліст Камінтэрну» да Балгарскай кампартыі з заклікам да радыкалізацыі і паўстання. Ліст быў перада­дзены Дружылоўскім, па адной з версіяў, немцам, па іншай — наўпрост балгарам (што і стала падставай лічыць яго яшчэ і «балгарскім шпіёнам»).

Аляксандр Цанкоў, прэм'ер Балгарыі і антыкамуніст

Аляксандр Цанкоў, прэм'ер Балгарыі і антыкамуніст

Вось што ў 1929-м пісалі «Известия» аб наступствах правакацыі: «…фашыстоўскі кіраўнік Балгарыі Цанкоў апублікаваў фальшыўку ва ўсіх балгарскіх газетах, дэманстраваў у парламенце і пачаў крывавую расправу над усімі, хто меў нейкія адносіны да камуністычнага і працоўнага руху. Той парою ў Балгарыі былі закатаваныя тысячы камуністаў. Цанкоў адвёз фальшыўку ў Парыж, дзе паказаў савету паслоў Антанты, і савет дазволіў яму павялічыць армію на 10 000 чалавек, “праз смяротную небяспеку дзяржаве з боку камунізму”».

Рэцэпт фальшывак быў просты: Дружылоўскі атрымліваў ад супрацоўнікаў «Паліцай-прэзідыуму» сапраўдныя бланкі з сімволікай СССР альбо Камінтэрну (пасля — самастойна замаўляў бланкі ў тыпаграфіі) ды пячаткамі, а далей — уключаў фантазію. Добрае валоданне рускай мовай, талент, а таксама навыкі ў падробцы подпісаў дапамагалі «ажыўляць» дакументы, якія пазней расцякаліся па амбасадах ды рэдакцыях газетаў, у тым ліку амерыканскіх, дзе ён яшчэ і журналісцкія ганарары атрымліваў.

Калі задумацца, то сродкі, укладзеныя ў «фабрыку фальшывак», апынуліся мінімальнымі: офіс, бланкі, пячаткі, машыністка і эрудыцыя аўтара. Часам у сваіх паказаннях савецкім органам Дружылоўскі ўзгадвае пра аплату, напрыклад, 200 залатых нямецкіх марак за адзін з дакументаў (ад газеты «Chicago Tribune»). Сродкі мізэрныя, а наступствы для Масквы — фатальныя.

У сваіх паказаннях Дружылоўскі падрабязна апісаў стварэнне фальшывак: «…Я стварыў новы падложны дакумент Камінтэрна, які павінен быў сведчыць аб арганізацыі ў французскай Кампартыі Асобных Аддзелаў па загадзе Масквы. Перадрукоўвала гэты дакумент мая машыністка Салаўёва Валерыя Мікалаеўна — эмігрантка, якая пражывала ў Берліне, адрас запісаны ў маёй запісной кніжцы». Далей Дружылоўскі згадаў лейтэнанта Вайё, супрацоўніка французскай вайсковай місіі ў Берліне… Вось вам яшчэ і французскі вектар!

Шэраг дакументаў быў адрасаваны ўжо нібыта польскім камуністам. Вынік аналагічны: рэпрэсіі супраць левых па ўсёй Польшчы… Прычым, незразумела нават, ці рабіў тое Дружылоўскі ад імя нямецкіх спецслужбаў ці ад імя Другога аддзелу польскага Генштабу. Зрэшты, цалкам магчыма, што грошы наш герой браў і з першых, і з другіх.

Газета нямецкіх камуністаў з заклікам да сусветнай рэвалюцыі на 1-й паласе

Газета нямецкіх камуністаў з заклікам да сусветнай рэвалюцыі на 1-й паласе


Выкралі ці падманулі?..

Калі ў Маскве зразумелі, што з дапамогай фальшывак Дружылоўскага еўрапейскія ўрады атрымліваюць карт-бланш на знішчэнне ячэек Камінтэрну, у якія ўкладаўся немалы рэсурс, за яго ўзяліся. Найперш — публічная дыскрэдытацыя. Пад дыктоўку адмыслоўцаў АДПУ з савецкага пасольства ў Берліне ў галоўнай газеце нямецкіх камуністаў «Rote Fahne» выйшаў артыкул пра фальсіфікатара. Выбухнуў скандал, а немцы паспяшаліся «зліць» свайго агента, ціха арыштаваўшы і выслаўшы ў Эстонію.

Эстонцы нібыта выслалі Дружылоўскага ў Латвію — і тут версіі разыходзяцца. Па адной з іх, АДПУ наўпрост выкрала Дружылоўскага ды завезла ў Маскву. Па іншай — са сваім колішнім агентам савецкая спецслужба ўступіла ў кантакт, паабяцаўшы бяспеку і працу, ды запрасіла ў СССР. Малаверагоднай падаецца інфармацыя, маўляў, Дружылоўскі сам у чэрвені 1926-га нелегальна перайшоў мяжу і здаўся органам… Так ці інакш, легальна ці нелегальна, Сяргей Дружылоўскі апынуўся ў Краіне Саветаў, дзе і быў арыштаваны.


«Мяне судзілі за вас…»

Следства разам з падрыхтоўкамі да паказальнага суда трывала каля года. Цікава, што сярод матэрыялаў справы, у канверце, падшытым да першага тому, ёсць нават асобная кніжачка, надрукаваная ў 1926-м выдавецтвам «Лениздат» пад загалоўкам «Антысавецкія фальшыўкі», — не кожны злачынца мае ў сваёй справе цэлую кнігу, прысвечаную сваёй дзейнасці…

Сяргей Дружылоўскі на працэсе. Фота друкуецца ўпершыню (скан з арыгіналу, прыватная калекцыя, Беларусь)

Сяргей Дружылоўскі на працэсе. Фота друкуецца ўпершыню (скан з арыгіналу, прыватная калекцыя, Беларусь)


Цікавыя пазнакі самога Дружылоўскага на розных старонках томіка, маргіналіі на палях: «амерыканская фальшыўка», «асноўны фальшывы бланк Камінтэрну», «адбіткі і герб», «балканскія фальшыўкі», «польская фальшыўка»… Трапляюцца часам і больш разгорнутыя подпісы, на якіх, відаць настойвалі следчыя, напрыклад: «Гэты дакумент з’яўляецца маёй фабрыкацыяй перыяду 1925 г. Сяргей Дружылоўскі. Масква 16/VII [19]26 г.»

Каб канчаткова зламаць Дружылоўскага, адначасова атрымаўшы максімальны публічны эфект, чэкісты надыктавалі арыштаванаму… петыцыю на імя «замежных гаспадароў», якую пасля перадрукоўвалі савецкія газеты. Сумная іронія лёсу: раней Дружылоўскі генераваў фальшыўкі, выдаючы іх за інструкцыі Камінтэрну, зараз жа чэкісты надыктоўвалі яму дакумент, пад якім фальсіфікатар упершыню мусіў паставіць свой подпіс. Атрымалася даволі экспрэсіўна:

«…Няўжо я адзін? Няўжо я мог быць адзін? А дзе зараз тыя, хто вёў мяне пад ручкі да магілы… Я ж ваш, я з вамі гісторыю рабіў, а за гэта мне — смерць… Мяне судзілі за вас, за вашы гістарычныя справы («дела-делишки». — так у тэксце, рэд.). І смерць мне таксама за вас».


Рэабілітацыі не падлягае

Разгледзеўшы матэрыял па справе № 39379, следчы Ула­дзіміраў выявіў, што «Дружылоўскі Сяргей Міхайлавіч знаходзіўся нягласным агентам разнастайных замежных дзяржаваў, сістэматычна фабрыкаваў падложныя дакументы Цэнтральных Урадавых, Партыйных установаў СССР і Камінтэрну, у мэтах схілення замежных дзяржаваў да ўзброенага ўмяшання ў справы Рабоча-Сялянскай Рэспублікі. Адначасна з гэтым указаны гр. Дружылоўскі займаўся шпіёнскай дзейнасцю ва ўстановах СССР на карысць замежных дзяржаваў».

12 ліпеня Вайсковая Калегія Вярхоўнага Суда СССР вынесла вырак па справе: расстрэл. Дарэчы, старшынёй на працэсе быў Васіль Ульрых: той самы, які папярэдне судзіў Савінкава, а пасля — Тухачэўскага, партыйную апазіцыю, трацкістаў, Уласава, Краснова, Шкуро ды іншых. Спецыяльнасцю Ульрыха былі публічныя працэсы над статуснымі злачынцамі… На дзіва, сам Ульрых так і не трапіў у жорны сістэмы — мабыць, чалавек быў занадта карысны, а памёр ад інсульту ажно ў 1951-м.

Вайсковая калегія Вярхоўнага Суду СССР, пасярэдзіне — Васіль Ульрых

Вайсковая калегія Вярхоўнага Суду СССР, пасярэдзіне — Васіль Ульрых

Дружылоўскі так і не быў рэабілітаваны. У заключэнні расійскай вайсковай пракуратуры ад 12 ліпеня 2002 года ідзецца аб тым, што Сяргей Міхайлавіч «быў асуджаны абаснавана» і на падставе «арт. 4 п. “а” і арт. 8, ч. 3 Закону РФ ад 18.10.91 г. “Аб рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў” рэабілітацыі не падлягае».


Замест эпілогу

Сёння мы не можам сказаць з дакладнасцю, які адсотак «павешанага» на Дружылоўскага матэрыялу праўда, які — фальшыўка, але ўжо савецкая. Бо калі ўлічыць увесь аб’ём дзейнасці нашага земляка, варта пры­знаць — гэта геній фальсіфікацыяў і шпіянажу, які працаваў на дзясятак выведак усёй Еўропы ды ЗША. Магло быць і па-іншаму: Дружылоўскі сапраўды рабіў падлогі на замову, але быў і адсотак сапраўдных дакументаў аб падрыўной дзейнасці Камінтэрну ў заходніх дзяржавах, якія траплялі ў рукі немцаў, французаў альбо палякаў.

Саветам жа было выгодна ўсе памылкі і «злівы» сваіх агентаў спісаць на аднаго чалавека, маўляў, калі ёсць факт фальсіфікацыі, значыць — любы перахоплены дакумент Камінтэрну ўжо аўтаматычна фальшыўка. Ну а як працуюць следчыя АДПУ і якія прызнанні могуць выбіць з вязняў — ні для каго не сакрэт…

Разам з тым, калі чытаеш у паказаннях Дружылоўскага, пра ўсе гэтыя «сакрэтныя інструкцыі па ўзброеных выступах» ды «падпольныя ячэйкі ў балгарскай арміі», якія ён фабрыкаваў і перадаваў у амбасады, міжволі ўзгадваеш гісторыю з «Фрау А.» у беларускім пасольстве ў Германіі ды «заклікі да паўстання» са ўзламаных старонак у сацсетках у сакавіку 2017 года. Раней, каб дыскрэдытаваць структуру альбо чалавека, трэба было фальсіфікаваць бланк, сёння — узламаць профіль у facebook, усяго толькі. Агулам жа метады спецслужбаў застаюцца тыя ж самыя — як кажуць, нічога новага няма пад сонцам.