
Зруйнаваны будынак на Падольнай, 48
Першая камяніца, да якой едзем, знаходзілася на Падольнай, 48. Двухпавярховая, 1893 году пабудовы. Людзей адсюль выселілі яшчэ 10 год таму — будынак прызналі непрыдатным для пражывання, аварыйным. Замест таго, каб рэканструяваць — знеслі.
Далей едзем на Лермантава, 9а. Тут таксама яшчэ нядаўна стаяла двухпавярховая камяніца, збудаваная да 1917 году. Ад яе ўжо і следу не засталося — толькі засыпаная лісцем пляцоўка са слядамі ад тэхнікі на зямлі і асобнымі цаглінкамі. У выходныя, калі будаўнікоў няма, тут корпаюцца мясцовыя: вышукваюць метал, каб пасля здаць.



Віленская 33 і 37
«Тут да вайны і падчас вайны была пякарня майго дзядзькі, — тлумачыць Януш Паруліс, краязнаўца і ўласнік прыватнага музею за 200-300 метраў ад дамкоў, — Пасля прыйшлі «вызваліцелі» і дзядзьку саслалі ў Сібір. Там ён «кукаваў» гадоў сем… А зараз ужо і дом сам разбураюць. Тыя, хто гэта робіць… слова цэнзурнага не знаходжу. Бо грошы! Можна было і фасад пакінуць, але не разбіраць. Гаўбец каваны там быў… Словаў няма».

Мы звярнуліся да гісторыка архітэктуры і краязнаўцы Мечыслава Супрона. Паводле яго, кожны дамок, тым больш ХІХ стагоддзя, важны і мае быць захаваны:

«Улады заўсёды былі гатовыя знесці хоць увесь гістарычны цэнтр і прадаць зямлю інвестару пад пабудову нечага, накшталт гатэлю Сямашкі. Сапраўдная гістарычная і культурная вартасць спадчыны чыноўнікаў ніколі не цікавіла. Іх цікавяць толькі лічбы. Колькі прыцягнута інвестыцыяў, колькі зэканомлена сродкаў і г.д. Усё».
Паводле Супрона, вясна і восень — перыяды так званага «навядзення парадку» у горадзе. Простымі словамі — зносу старых будынкаў. Падобная тактыка існуе ўжо як мінімум 15 год.

Асіпенкі, 3
Закон: уласнік можа рабіць усё, што заўгодна…
Як усё гэта выглядае з юрыдычнага пункту гледжання? Ёсць гістарычны цэнтр гораду, які мае свае межы. Старыя будынкі ў гэтых межах могуць мець яшчэ асобны статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, як, напрыклад, Фарны Касцёл. А могуць быць наўпрост ахаваныя межамі — тады статус надаецца аўтаматычна. Праўда, гэта будзе адно трэцяя катэгорыя гісторыка-культурнай каштоўнасці — самая ніжэйшая.
У сваю чаргу аб’екты, якія знаходзяцца паза межамі гістарычнага цэнтру і не маюць статусу, не абароненыя абсалютна ніякім законам. Уласнік можа рабіць з імі што заўгодна: або аднаўляць па сваім гусце, або — руйнаваць.
Будынкі на Падольнай і Лермантава не былі ў межах ахоўнай зоны, таму фармальна ніхто нічога не парушае. Камяніцы ж на Віленскай — у ахоўных межах. Але і гэта сведчыць толькі пра тое, што новы ўласнік мае аднавіць агульныя абрысы і колькасць паверхаў. Але ці будуць захаваныя каваныя элементы, старая цэгла? Або на гэтым месцы паўстане офісны цэнтр з сілікатных блокаў? Пра гэта ў законе не сказана.
Фота: Васіль Малчанаў