«Справа лекараў». Сталінскі антысемітызм як дыягназ расійскага грамадства
У савецкай газеце «Праўда» 70 гадоў таму, 13 студзеня 1953 года, выйшаў артыкул пад назвай «Подлыя шпіёны і забойцы пад маскай прафесараў-лекараў». Ён даў старт так званай «справе лекараў», па якой рэпрэсавалі шматлікую групу дактароў, пераважна яўрэйскай нацыянальнасці.
![artykul_praudy_1.jpg artykul_praudy_1.jpg](/img/v1/images/artykul_praudy_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
З чаго ўсё пачыналася
Гістарычны фон часу пачатку справы выглядае даволі змрочным. У гэты час у Савецкім Саюзе ішла ідэалагічная кампанія «барацьбы з касмапалітызмам». У першую чаргу яна была накіравана супраць інтэлігенцыі. Інтэлігенты лічыліся носьбітамі празаходніх настрояў і і прыхаванай варожасці да патрыятычных пачуццяў савецкіх грамадзян. Зразумела, што ў таталітарнай дзяржаве, якім быў сталінскі СССР, такая сітуацыя не магла доўга існаваць. І неяк так атрымалася, што яўрэяў сярод савецкай інтэлігенцыі заўжды хапала.
Сама па сабе справа лекараў не была нечым асобным, а з’яўлялася толькі адным, няхай і самым вядомым, з эпізодаў гэтага працэсу.
Непасрэдным пачаткам самой справы можны лічыць смерць вядомага партыйнага дзеяча Андрэя Жданава 31 жніўня 1948 года. Жданаў быў спачатку кіраўніком Ленінградскага адзелу партыі. Пасля стаў уплывовым кіраўніком ў ЦК ВКП(б), блізкім паплечнікам Сталіна і адным з самых актыўных дзеячоў барацьбы з касмапалітамі. Смерць фігуры такога маштабу, як нішто іншае, падыходзіла да апраўдання старту чарговай хвалі рэпрэсій.
Фармальнай падставай для пачатку працэсу паслужыў ліст у вышэйстаячыя інстанцыі Лідзіі Цімашук, загадчыцы аддзялення функцыянальнай дыягностыкі Крамлёўскай бальніцы, ад 29 жніўня 1948 года, у якім яна папярэджвала, што лекары недаацэньваюць «бясспрэчна цяжкі стан таварыша Жданава». Партыя, канешне, запрыкмеціла пільную доктарку, яна была ўзнагароджана ордэнам Леніна.
![Указ аб узнагароджанні Цімашук ордэнам Леніна Указ аб узнагароджанні Цімашук ордэнам Леніна](/img/v1/images/ukaz_ab_uznaharodzanni_cimaszuk_ordenam_lenina.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Указ аб узнагароджанні Цімашук ордэнам Леніна
Працэс набывае антысеміцкія рысы
Спачатку сярод дактароў, што былі абвінавачаны Лідзіяй Цімашук, увогуле не было яўрэйскіх прозвішчаў. Але паступова справа пачала прымаць відавочна антысеміцкі характар. Адной з першых ахвяр можна лічыць ураджэнца Беларусі, вядомага ўрача-кардыёлага Якава Этынгера, арыштаванага ў лістападзе 1950 года. Якаў Гілярыявіч памёр пры загадкавых абставінах у турме ў сакавіку 1951 года. У ліпені таго ж года без усялякіх доказаў у сакрэтным лісце, складзеным чакістамі па ўказанні Сталіна, сцвярджалася, што Этынгер прызнаўся ў медыцынскім забойстве ў 1945 годзе сакратара ЦК Аляксандра Шчарбакова і што гэтае забойства было справай рук не яго аднаго, а «змоўніцкай групы» лекараў.
![jakau_ecinher_i_jaho_zonka_rebeka_kanstancinauna_viktarava_va_unutranaj_turme_mdb_sssr_na_lubjancy.jpg jakau_ecinher_i_jaho_zonka_rebeka_kanstancinauna_viktarava_va_unutranaj_turme_mdb_sssr_na_lubjancy.jpg](/img/v1/images/jakau_ecinher_i_jaho_zonka_rebeka_kanstancinauna_viktarava_va_unutranaj_turme_mdb_sssr_na_lubjancy.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Якаў Этынгер і яго жонка Рэбэка Канстанцінаўна Віктарава ва ўнутранай турме МДБ СССР на Лубянцы
Справа набірала абароты. У абвінавачванні ў сакрыцці дадзеных і кіраўніцтве сіянісцкай змовай ў Міністэрстве дзяржаўнай бяспекі (МДБ) быў арыштаваны ў ліпені 1951 года міністр дзяржбяспекі Віктар Абакумаў. Але аднаго толькі Абакумава, рускага па нацыянальнасці, для сіянісцкага загавара было недастаткова і да справы хутка далучылі некалькі афіцэраў дзяржбяспекі яўрэйскага паходжання высокага рангу, якіх прымусілі прызнацца ў саўдзеле ў гэтай змове.
Пасля Другой сусветнай вайны і Халакосту проста так пераследваць яўрэяў не маглі нават у СССР. Таму па загадзе Сталіна была адмыслова створана спецыяльная група чакістаў на чале з Міхаілам Руміным, якая старанна працавала над тым, каб надаць абвінавачанню праўдападобнасць. Галоўнай задачай для чакістаў стала неабходнасць даказаць, што «змовай» кіраваў амерыканскі ўрад праз сваіх агентаў і мясцовых здраднікаў. Прыкрыццём для іх дзейнасці быццам бы з’яўлялася найбуйнейшая амерыкана-яўрэйская дабрачынная арганізацыя «Джойнт».
Добрае разуменне, што за чалавек быў Румін дае характэрыстыка, якую яму даў будучы савецкі дыпламат Мікалай Месяцаў, які займаўся рэвізіяй дакументаў па гэтай справе: «Ініцыятарам трэба лічыць начальніка следчай часткі Руміна, вядомага як заўзяты кар'ерыст… Некаторыя мяркуюць, што штуршком да ўзнікнення “справы лекараў” з'явілася нібыта выказанае Сталінам падазрэнне, што ў смерці былых членаў Палітбюро Калініна, Шчарбакова, Жданава вінаваты ўрачы, што іх лячылі. У МДБ вырашылі пацвердзіць “здагадку” правадыра. Тут з'яўляецца заява супрацоўніцы Крамлёўскай бальніцы Лідзіі Цімашук. Ствараецца экспертная камісія, на чале якой становіцца Румін. І — закруцілася машына».
Але на той момант да перагляду справы было яшчэ доўга. Пакуль што рэпрэсіі толькі набіралі ход. Адзін за адным была арыштавана вялікая група з некалькіх дзясяткаў лекараў (некаторыя з іх былі затрыманыя разам з жонкамі). Гэта былі шырока вядомыя ў Савецкім Саюзе спецыялісты. Так, напрыклад, быў затрыманы Мірон Ваўсі, галоўны тэрапеўт Чырвонай Арміі з 1941 па 1950 гады і сваяк Саламона Міхаэлса дырэктара Маскоўскага дзяржаўнага яўрэйскага тэатра, забітага ў студзені 1948 года па загадзе Сталіна.
![Пірон Сямёнавіч Ваўсі з дачкой, 1930 год Пірон Сямёнавіч Ваўсі з дачкой, 1930 год](/img/v1/images/miron_vausi_z_daczkoj.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пірон Сямёнавіч Ваўсі з дачкой, 1930 год
Да затрыманых шырока ўжываліся «спецыяльныя фізічныя метады», гэта значыць звычайныя катаванні. На гэта даў дазвол асабіста Сталін. Ён бясконца патрабаваў ад чэкістаў далейшай распрацоўкі і пашырэння справы, пастаянна падганяў кіраўніцтва МДБ. Узімку 1952 года ён сказаў новаму міністру дзяржбяспекі Сямёну Ігнацьеву, што калі той «не выявіць тэрарыстаў, амерыканскіх агентаў сярод лекараў, ён будзе там, дзе Абакумаў». Каб выслужыцца і не трапіць пад рэпрэсіі самім, спалоханыя мдбшнікі дайшлі да таго, што пачалі сцвярджаць, быццам змоўшчыкі збіраліся арганізаваць замах на жыццё самога Сталіна.
Усе гэтыя дзеянні дзяржавы, як гэта часта бывала ў Расіі, выклікала ўсплекс антысеміцкіх настрояў сярод савецкіх грамадзян. Яўрэі па ўсёй краіне пачалі падвяргацца абструкцыі і нападкам.
![Справядлівы вырак Справядлівы вырак](/img/v1/images/spravjadlivy_vyrak.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Справядлівы вырак
Савецкую прэсу захліснула хваля антысеміцкіх публікацый. Найбольш вядомым стаў стаў фельетон Васіля Ардамацкага «Піня са Жмерынкі», апублікаваны ў часопісе «Кракадзіл». Гэты сатырычны часопіс вылучаўся нават на фоне самых адыёзных савецкіх газет. Яго карыкатуры на «бязродных касмапалітаў» значна пераўзыходзілі па злосці аналагічныя матэрыялы іншых савецкіх перыядычных выданняў.
![Карыкатура часопіса «Кракадзіл» Карыкатура часопіса «Кракадзіл»](/img/v1/images/karykatura_krakadzil.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Карыкатура часопіса «Кракадзіл»
Існуе версія, што Сталін увогуле збіраўся выслаць усіх савецкіх яўрэяў на Далёкі Усход. Быццам бы вядомыя прадстаўнікі яўрэйскай інтэлігенцыі, пад кантролем Аддзела прапаганды і агітацыі ЦК, павінны былі самі напісаць зварот да правадыра з просьбай вывезці ўсіх яўрэяў з буйных гарадоў СССР, каб уратаваць іх ад пераследу.
Пытанне праўдзівасці гэтай інфармацыі ўсё ж такі застаецца адкрытым. Адзінае, што аб гэтым больш-менш яўна сведчыць, гэта ліст за подпісам блізкага да Сталіна пісьменніка і паэта Іллі Эрэнбурга, дзе ён пра гэты факт узгадвае. Але нідзе няма самога тэксту звароту. Аднак, ведаючы любоў «айца народаў» да гвалтоўнага перасялення гэтых самых народаў ў самыя аддаленыя кропкі краіны, версія выглядае цалкам рэальнай.
Далейшаму развіццю справы перашкодзіла раптоўная смерць Сталіна ў сакавіку 1953 года. Пасля яго смерці «справа лекараў» паступова была спынена савецкімі ўладамі. Урачы былі вызвалены з турмаў і рэабілітаваныя, а тыя, хто іх пасадзіў, самі апынуліся ў зняволенні. Урэшце, большасць апошніх былі расстраляныя. Берыя абвінаваціў аднаго з галоўных дзеячоў ганенняў Міхаіла Руміна ў тым, што гэта ён наўмысна зладзіў гэтую справу. Аднак насамрэч толькі ў Сталіна была такая ўлада, каб арганізаваць і пракантраляваць развіццё ўсяго працэсу — ад Крамлёўскай бальніцы да Міністэрства бяспекі.
У любым выпадку, задуманая Сталінам чыстка, калі яна рыхтавалася насамрэч, не паспела рэалізавацца. Сёння шмат хто лічыць, што яна павінна была з часам дасягнуць узроўню Вялікага тэрору 1930-х гадоў і распаўсюдзілася б на ўсе бакі савецкага грамадства. У выніку планы Сталіна праваліліся толькі па адной прычыне: ён памёр, не выканаўшы іх.
Так, няма пераканаўчых доказаў, якія пацвярджаюць гэтае мяркаванне. Аднак дакументы ад пачатка 1953 года, якія дазваляюць будаўніцтва новага канцэнтрацыйнага лагера, які зможа ўтрымліваць сотні тысячаў чалавек, пацвярджаюць, што савецкія ўлады рыхтаваліся да вялікага прытоку новых палітычных зняволеных.
Антысемітызм ці палітычны разлік?
Так што ж прывяло да справы лекараў і агулам пачатку рэпрэсій супраць яўрэйскай інтэлігенцыі ў СССР? Няўпэўненасць савецкага кіраўніка ў іх лаяльнасці ці Сталін быў звычайным антысемітам? Адназначны адказ даць немагчыма.
З аднаго боку Савецкі Саюз заўжды на афіцыйным узроўні дэклараваў інтэрнацыяналізм, а ў 1948 годзе падтрымліваў стварэнне дзяржавы Ізраіль. Вядома, галоўнымі тут былі палітычныя матывы, але ж ён гэта зрабіў. Яўрэі ў СССР былі ў адкрытым захапленні, ніхто і не думаў хаваць радасці з гэтай падзеі. Прыбыццё ў Маскву з афіцыйным візітам Голды Мэерсон (Мэір) толькі яшчэ больш узбудзілі гэтыя патрыятычныя настроі. Магчыма, гэта і стала пачаткам іх праблем. Сталін пераканаўся, што яго палітыка падтрымкі Ізраілю правакуе рост нацыянальнай самасвядомасці сярод савецкіх яўрэяў, якія раптам адчулі большую адказнасць за свабоду і незалежнасць далёкай прарадзімы, чым за будучыню радзімы цяперашняй. Яго таксама не мог не занепакоіць той факт, што сярод савецкіх яўрэяў ізраільскі пасол, гэты па-праамерыканску настроены палітык, ператваралася на яго вачах у вельмі папулярную асобу.
З іншага боку, можна сказаць абсалютна ўпэўнена, што пасля Другой сусветнай вайны Сталін усё больш пачаў пераўтварацца ў, як бы зараз сказалі, апалагета «рускага міру». Вось напрыклад тост, вымаўлены Сталіным у Георгіеўскай зале Вялікага Крамлёўскага палаца 24 мая 1945 года: «Я п'ю перш за ўсё за здароўе рускага народа, таму што ён з'яўляецца найбольш выбітнай нацыяй з усіх нацый, якія ўваходзяць у склад Савецкага Саюза. ... Вось за гэты давер нашаму ўраду, які рускі народ нам аказаў, дзякуй яму вялікі! За здароўе рускага народа!»
А вось што пісаў аб ім сябра Палітбюро Мікалай Булганін: «Сталін быў бытавым і палітычным антысемітам, хоць у яго асяроддзі і былі яўрэі — Кагановіч і Мехліс. Антысеміцкія настроі Сталіна асабліва ўзмацніліся пасля вайны. Ён неаднаразова казаў у вузкім коле, што яўрэі — пятая калона амерыканскага імперыялізму. Яўрэі запраўляюць у Амерыцы. На нарадзе ў пачатку снежня 1952 гады Сталін прама сказаў: “Кожны яўрэй у Савецкім Саюзе — гэта нацыяналіст, агент амерыканскай выведкі. Яўрэйскія нацыяналісты — а ўсе яны нацыяналісты — думаюць, што яўрэйскую нацыю выратавалі ЗША. Вось чаму яны лічаць сваім абавязкам дапамагаць амерыканскім імперыялістам”».
Хутчэй за ўсё, тут зліліся абодва гэтыя чыннікі. А вынік ўсё роўна быў адзін: пераслед, арышты і катаванні. Але самым страшным была тая падтрымка, якую, часта ад чыстага сэрдца, атрымалі дзеянні рэпрэсіўнай сталінскай машыны ад звычайных грамадзян.
![Прапагандысцкі плакат СССР Прапагандысцкі плакат СССР](/img/v1/images/slava_ruskamu_narodu.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Прапагандысцкі плакат СССР
Сёння ролю Сталіна ў гісторыі станоўча ацэньваюць 70% расіян. Гэта рэкорд за ўсе гады адпаведных даследванняў. Больш за палову рэспандэнтаў гатовы апраўдаць рэпрэсіі сталінскай эпохі. Падхоплена імі і сталінская любоў да змяшэння антыамерыканізму і антысемітызму. Так што, калі што за 70 гадоў і змянілася ў лепшы бок, то вельмі мала. Расійскае грамадства цяжка і глыбока заражана хваробай ксенафобіі і асабістай выключнасці. І хвароба гэтая выглядае хранічнай. Зараз Расію ахапіла чарговая хваля палявання на ведзьмаў, і калі яна скончыцца, сказаць немагчыма. Адзін з улюблёных лозунгаў гэтых людзей гучыць як «можам паўтарыць». Так ці не змогуць?