Вайна, якая не адбылася
У савецкай гістарыяграфіі, як і грамадскім усведамленні, не любілі падкрэсліваць, што Крэмль ў канцы 1920 — пачатку 1930-х гадоў будаваў умацаваныя лініі ў Беларусі на выпадак вайны з Польшчай.
Сапраўды, няма нічога дзіўнага ў тым, што варожая для бальшавікоў Другая Рэч Паспалітая разглядалася як найбольш верагодны праціўнік «першай краіны працоўных і сялян». Дарэчы, і Польшча да канца 1930-х гадоў менавіта з боку Савецкага Саюза чакала «непрыемнасцяў» у выглядзе збройнага канфлікту. Паспрабуем разабрацца, ці гатовае было да штурму польскае войска напярэдадні Другой сусветнай вайны, а самае галоўнае — да прарыву савецкіх умацаваных раёнаў у Беларусі.
Чэхаславацкі крызіс
Яшчэ ў сакавіку 1938 года кіраўнік Генеральнага штаба РСЧА Барыс Шапашнікаў у дакладной запісцы «Найбольш верагодныя праціўнікі», адрасаванай народнаму камісару абароны СССР, маршалу Савецкага Саюза Кліменту Варашылаву, адзначаў: «Польшча знаходзіцца ў арбіце фашысцкага блоку, спрабуючы захаваць бачную самастойнасць сваёй знешняй палітыкі… Савецкаму Саюзу трэба быць гатовым да барацьбы на два фронты: на Захадзе супраць Германіі і Польшчы і часткова супраць Італіі з магчымым далучэннем да іх лімітрофаў і на Усходзе супраць Японіі. [...] Узброеныя сілы верагодных праціўнікаў. [...] Польшча — 65 пяхотных дывізій, 16 кавалерыйскіх брыгад, 1450 танкаў і танкетак, 1650 самалётаў. [...] З гэтых сіл Германія і Польшча будуць вымушаныя пакінуць частку на сваіх заходніх межах, а магчыма частку з іх увядуць у справу для барацьбы з чэхаславацкай арміяй».
Увосень 1938 года разгарэўся «чэхаславацкі крызіс», падчас якога савецкі бок заявіў аб сваім жаданні прыйсці на дапамогу Чэхаславакіі. Справа была за малым: трэба было дамагчыся ад Варшавы і Бухарэста дазволу на праход Чырвонай Арміі праз іх тэрыторыю. У сваю чаргу, у Польшчы і Румыніі выдатна разумелі, чым можа скончыцца гэты праход, таму краіны выступілі супраць «савецкай дапамогі для Чэхаславакіі».
У адказ на ціск з боку Крамля ўвосень 1938 года Варшава вырашыла правесці маштабныя вайсковыя манеўры на Валыні, недалёка ад савецка-польскай мяжы. Камандаваў вучэннямі галоўны інспектар Войска Польскага дывізіённы генерал Станіслаў Бурхарт-Букарскі. У якасці назіральнікаў запрасілі вайсковых аташэ ўсіх суседніх дзяржаў.
Асаблівую актыўнасць праяўляў прадстаўнік СССР палкоўнік Павал Рыбалка. Хутчэй за ўсё, польская «Двуйка» здагадвалася, што гэты афіцэр РСЧА быў не проста вайсковым аташэ СССР, але і рэзідэнтам выведкі. Справа ў тым, што пасля заканчэння вучобы на кавалерыйскім аддзяленні асноўнага факультэта Вайсковай акадэміі імя Фрунзэ будучага савецкага маршала бранятанкавых войскаў адкамандзіравалі ў распараджэнне Выведавальнага ўпраўлення Штаба РСЧА, пасля чаго Рыбалка быў накіраваны вайсковым саветнікам у Кітай, дзе знаходзіўся да снежня 1935 года. З лютага 1936 па ліпень 1937 года афіцэр быў памочнікам камандзіра 8-й Туркестанцкай горна-кавалерыйскай дывізіі ў Фергане, а ліпеня 1937 года быў накіраваны ў Варшаву ў распараджэнне Амбасады СССР у Польшчы, дзе да пачатку Другой сусветнай вайны працаваў вайсковым аташэ.
Падчас Валынскіх манеўраў камеры польскіх журналістаў злавілі Паўла Рыбалку падчас вывучэння мапы манеўраў і праслухвання баявых задач польскіх войскаў і вынікаў баявых заняткаў. Напэўна, савецкі афіцэр атрымаў загад аб зборы максімальных звестак пра тактычныя схемы, якімі карысталася польскае камандаванне, і баявую падрыхтоўку пяхоты, бранятанкавых войскаў і артылерыі Войска Польскага. Пасля вучэнняў у Луцку быў праведзены вялікі ваенны парад, які асабіста прыняў маршал Рыдз-Сміглы.
Неўзабаве на чэхаславацкай мяжы палякі разгарнулі асобную аператыўную групу «Сілезія» ў складзе 4-й, 21-й і 23-й пяхотных дывізій, Вялікапольскай і 10-й матарызаванай кавалерыйскіх брыгад пад камандаваннем генерала Бартноўскага.
23 верасня 1938 года Масква паспрабавала націснуць на Варшаву, заявіўшы, што калі польскія войскі ўступяць у Чэхаславакію, СССР дэнансуе падпісаную з Польшчай у 1932 годзе дамову аб ненападзе, але палякі, адчуваючы міжнародную падтрымку па каналах МЗС, адказалі, што «меры, якія прымаюцца ў сувязі з абаронай польскай дзяржавы, залежаць выключна ад урада Польскай Рэспублікі, які нікому не абавязаны даваць тлумачэнні». 21 верасня 1938 года польскі ўрад прад’явіў ультыматум Чэхаславакіі, патрабуючы перадачы Заользя. 1 кастрычніка чэхаславацкая армія пакінула свае пазіцыі на мяжы, а ў Цешынскую Сілезію ўвайшлі часткі Войска Польскага.
Польскія танкеткі пад Нясвіжам і Радашковічамі
З-за знешнепалітычнай сітуацыі становішча на савецка-польскай мяжы ў Беларусі ў 1938 годзе было асабліва напружаным. І Польшча, і Савецкі Саюз «трымалі порах сухім» і рыхтаваліся на выпадак магчымай савецка-польскай вайны. Разумеючы, што ў новай вайне значную ролю адыгрываюць бранятанкавыя сілы, польскае камандаванне трымала на тэрыторыю паўночна-ўсходніх ваяводстваў танкі.
У траўні 1932 года 4-ты танкавы дывізіён атрымаў 25 танкетак ТК, якія праз месяц былі накіраваныя на палігон у Лясную пад Баранавічамі, дзе адбыліся манеўры, падчас якіх акцэнт рабіўся на баявых стрэльбах і ўзаемадзеянні пяхоты і танкаў пры прарыве ўмацаваных пазіцый ворага. Пазней танкеткі рухаліся па маршруце Лясная — Баранавічы — Дарава — Сноў — Малева — Нясвіж. У «радзівілаўскай сталіцы», на мяжы з БССР, адбыліся сумесныя манеўры танкістаў і 27-га ўланскага палка, падчас якіх адпрацоўваліся як абарона, так і наступ.
У ліпені 1934 года ўзвод танкетак ТК з Брэста прымаў удзел у манеўрах у Асаўцы, дзе адпрацоўвалася ўзаемадзеянне бранятанкавага падраздзялення з пяхотнікамі КАП. У сакавіку 1935 года 4-му танкаваму батальёну ў Брэсце-на-Бугу (за год да гэтага брэсцкі танкавы дывізіён быў перайменаваны ў батальён) з Галоўнага склада танкавай зброі было перададзена 6 танкетак ТКС. У тым жа годзе ў склад 20-й пяхотнай дывізіі з Баранавічаў дзеля заняткаў па ўзаемадзеянні бранятанкавых сіл і пяхоты была ўключана танкавая рота з горада на Бугу. У 1936 годзе танкавы батальён з Брэста зноў удзельнічаў у манеўрах на палігоне ў Лясной пад Баранавічамі. Падчас іх танкеткі актыўна трэніраваліся перапраўляцца праз раку. Заняткі адбываліся на Шчары.
У манеўрах 1937 года ў складзе батальёна ўдзельнічаў афіцэр японскага войска Кенскі Сумі. Падчас вучэнняў адпрацоўвалася адбіццё танкавага ўдару «чырвоных» пяхотай «сініх» пры падтрымцы бронеаўтамабіляў. У тым жа годзе адбыліся летнія манеўры танкістаў з Брэста, падчас якіх адпрацоўвалася ўзаемадзеянне танкетак з пяхотнікамі 20-й дывізіі пяхоты і жаўнерамі батальёна КАП «Стоўбцы», а таксама эскадронам Навагрудскай брыгады кавалерыі. Дарэчы, у 1937 годзе падраздзяленне танкетак з Брэста было перакінутае пад Радашковічы ў распараджэнне батальёна КАП «Краснае». Там браніраваныя машыны ўдзельнічалі ў манеўрах непасрэдна на мяжы з савецкай Беларуссю. Апошнія вучэнні батальёна адбыліся летам 1939 года.
«Пункты супраціву ворага знішчаюцца агнём і масай танкаў»
Гісторыю 4-га танкавага батальёна Войска Польскага я згадаў невыпадкова. Менавіта танкі павінны былі стаць асноўнай сілай падчас прарыву варожых умацаванняў. Не дзіўна, што ў 1930-я гады савецкае камандаванне неаднаразова вучыла гарнізоны сваіх умацаваных раёнаў (УР) супрацьстаяць танкам праціўніка. Увосень 1938 года польскае камандаванне распрацавала наступальны план «Варыянт В», які планавалася прымяніць супраць чэхаславацкага войска ў выпадку, калі б Прага вырашыла абараняцца ў Цешынскай Сілезіі. Гэты план у нейкім сэнсе падыходзіў і да сітуацыі, калі б польскаму войску давялося прарываць савецкую «Лінію Мажыно» ў БССР.
У канцы 1930-х гадоў найбольш «моцнымі» танкамі польскага войска былі машыны «7 ТР» і «Вікерс MK E». У «Інструкцыі танкавых войскаў. Лёгкія танкі — баявое прымяненне», выдадзенай у Варшаве ў 1938 годзе, адзначалася, што эфектыўны наступ на ўмацаваную пазіцыю ворага магла ажыццяўляць танкавая рота (15–16 танкаў), пры гэтым кожны з трох узводаў, якія ўваходзілі ў роту, змагаўся супраць аднаго варожага вузла абароны (у нашым выпадку, супраць аднаго ДАК). «Танкі непасрэднай падтрымкі пасля пераходу лініі дротавых загародаў павінны ўпэўніцца, ці былі зроблены праходы для пяхоты. Калі гэтага не зроблена, узвод другой лініі павінен зрабіць праходы для пяхоты. Фронт наступу танкавага ўзводу складае 250–300 метраў, сярэдняя адлегласць адной машыны ад другой 50–60 метраў. Пункты супраціву ворага знішчаюцца агнём і масай танкаў. Цэлі, якія ляжаць па-за пасам дзейнасці, але якія перашкаджаюць нашаму руху ці руху нашай пяхоты, знішчаюцца агнём. Утрымліваць радыё- і візуальную сувязь з камандзірам роты і суседнімі ўзводамі, пры неабходнасці, калі дазваляе ўласная сітуацыя і выкананне ўласнага задання, дзейнічаць на карысць кагосьці з іх. Пасля прарыву на пярэдні край абароны праціўніка танкі знішчаюць агнявыя сродкі праціўніка да поўнага захопу пярэдняга краю абароны праціўніка ўласнай пяхотай. [...] Пасля бою камандзір узвода адводзіць свой узвод на прадугледжанае месца збору роты, дзе ён як мага хутчэй павінен прывесці ўзвод у максімальную баявую гатоўнасць», — адзначалася ў згаданым дакуменце.
Увогуле, галоўнай задачай польскай танкавай роты ў 1938 годзе пры прарыве варожых умацаванняў была арганізацыя праходу ўласнай пяхоты, знішчэнне варожых агнявых кропак і доўгатэрміновых умацаванняў, стрыманне варожага танкавага контрнаступу. Акрамя гэтага, польскія танкі са складу роты павінны былі канцэнтравацца на ліквідацыі назіральных пунктаў праціўніка і паралізаванні каардынацыі руху варожых сіл і «агнявых кропак». Польскія стратэгі асабліва заўважалі, што, калі наступ пяхоты не падтрымлівае ўласная артылерыя, менавіта танкі «7 ТР» павінны былі стаць галоўнай ударнай сілай, якая канцэнтравала б агонь гармат па кулямётах праціўніка як на палявых становішчах, так і ў амбразурах ДАК. На полі бою дапускаўся «адрыў» танкаў ад пяхоты. «Калі пяхота, якая наступае, параўняецца з танкамі і захопіць тэрыторыю, танкі працягнуць наступ углыб тэрыторыі праціўніка», — падкрэслівалася ў польскім дакуменце 1938 года.
Польскім танкістам не рэкамендавалася наступаць наўпрост на артылерыйскія пазіцыі праціўніка (у тым ліку на ўзброеныя гарматамі паўкапаніры), а абыходзіць іх з флангаў і наносіць удар з тылу. Сапёрныя часткі Войска Польскага павінны былі расчышчаць праходы для танкаў у мінных палях, а таксама знішчаць супрацьтанкавыя загароды.
У кастрычніку 1937 года ў Модліне адбыліся манеўры, на якіх польскія танкісты вучыліся штурмаваць умацаваныя пасы. Пры гэтым увагу рабілі на ліквідацыю дротавых загарод. Акрамя гэтага, польскія танкі сустрэліся з вялікімі праблемамі пры спробе перасячэння супрацьтанкавых роваў, ці надоўбаў (драўляных ці бетонных). Адзначым, што апошнія два віды загарод на мяжы з Польшчай савецкія сапёры не стваралі.
У ліпені 1938 годзе на палігоне Лясная пад Баранавічамі адбыліся новыя вучэнні з прымяненнем танкаў «7 ТР» і «Вікерс», падчас якіх польскія вайскоўцы практыкаваліся ў танкавым наступе і прарыве варожых умацаванняў, а таксама каардынацыі дзеяння з пяхотнымі падраздзяленнямі. «21 ліпеня 1938 года ў 15.00 танкавы батальён прыбыў у раён лесу Вялікія Лукі, у 20 кіламетрах ад Баранавічаў. Адсюль батальён павінен быў праехаць 12 кіламетраў на захад у бок фальварка Лесін, адкуль павінен быў распачацца наступ у бок заходняга берагу ракі Дзеравянкі», — адзначалася ў рапарце брыгаднага генерала Вільгельма Орліка-Рукемана. На жаль, падчас манеўраў польскія танкісты (якія добра ведалі тэрыторыю правядзення вучэнняў) вырашылі дзейнічаць самастойна: не праводзілі выведку (бо і так ведалі, куды ехаць), не мелі кантакту з пяхотнымі падраздзяленнямі. У выніку месцам для наступу быў абраны 300-метровы ўчастак якраз насупраць «варожых» артылерыйскіх пазіцый. Можна ўявіць, што адбылося б, калі польскія танкі, напрыклад, пачалі б рух у бок Заслаўя, не звяртаючы ўвагу на драўляныя «домікі» ля вёскі Шубнікі. Савецкі артылерыйскі паўкапанір лёгка б спыніў польскі батальён, а кулямётныя «агнявыя кропкі» расстралялі танкістаў, якія спрабавалі б уратавацца з ахопленых агнём машын. Дарэчы, савецкі капанір №06 ля вёскі Мацкі ў чэрвені 1941 года на практыцы паказаў, што можа зрабіць адна добра ўмацаваная артылерыйская кропка супраць дастаткова моцнай бранятанкавай калонны ворага, якая без папярэдняй выведкі, «на ўсіх парах» рухалася на Мінск (20 байцоў капаніра №06 тры дні (!) стрымлівалі танкі гітлераўцаў, не даючы ім прасунуцца да Мінску. — Рэд.).
Узбраенне танка «7 ТР» — гэта шведская гармата «Бафорс» 37 міліметраў, якая рабілася ў Польшчы па ліцэнзіі. Шасцітонныя брытанскія танкі «Вікерс Mark E», акрамя кулямётаў, былі ўзброеныя ці 37-міліметровай французскай гарматай Пето ўзору 1918 года ці брытанскай 47-міліметровай гарматай. Разбіць савецкі ДАК, ці, тым больш, паўкапанір, такая зброя не магла, таму лёгкім танкам Войска Польскага ці прыйшлося б страляць па амбразурах савецкіх умацаванняў, ці сканцэнтравацца на «зачыстцы» зоны вакол савецкай «агнявой кропкі» і «адкрыцця» шляху для прарыву пяхоце і сапёрам. Такі «план» мог бы быць больш-менш рэальным у выпадку атакі на трохамбразурныя кулямётныя ДАК тыпу М-2 ці дробныя аднаамбразурныя «агнявыя кропкі» «Маскіт». А вось артылерыйскія паўкапаніры Мінскага, Полацкага ці Мазырскага ўмацаваных раёнаў, узброеныя 76-міліметровымі гарматамі, маглі б стаць сур’ёзнымі праціўнікамі польскіх танкаў. Акрамя гэтага, танкі Войска Польскага на мяжы былі б контратакаваныя савецкімі бранятанкавымі войскамі.
Танк 7ТР спрабуе прайсці загароды
Чэшскай гаўбіцай па савецкаму ДАК
Сапраўды эфектыўнай зброяй, якую войскі розных краін выкарыстоўвалі супраць палявых і доўгатэрміновых умацаванняў, была артылерыя. Адзначым, што супраціўляльнасць савецкіх умацаванняў пад Мінскам разлічвалася: на Маладзечанскім і Баранавіцкім кірунках супраць 203-міліметровых гармат, а на іншых накірунках — супраць 152-мм і 122-мм. Найбольшую колькасць агнявых артылерыйскіх паўкапаніраў камандаванне РСЧА размясціла на дарозе з Ракава, справядліва мяркуючы, што ў выпадку вайны Войска Польскае сваімі танкамі паспрабуе імклівым ударам прабіцца да сталіцы БССР. У 1934 годзе ў польскім Цэнтры балістычных даследаванняў былі праведзены выпрабаванні снарадаў 100-міліметровай гаўбіцы «Шкода» ўзору 1914/1919 гадоў. У выніку камісія балістаў прыйшла да высновы, што гэтая зброя не магла знішчыць нават дрэва-земляную агнявую кропку.
У 1935 годзе на ўзбраенне Войска Польскага трапілі 220-міліметровыя гаўбіцы wz.32 фірмы «Шкода». Адзначым, што камандаванне французскага войска — галоўнага хаўрусніка Другой Рэчы Паспалітай — напярэдадні пачатку Другой сусветнай вайны таксама разглядала менавіта гаўбіцу калібру 220 міліметраў як асноўны від зброі ў барацьбе з жалезабетоннымі ўмацаваннямі праціўніка. Ужо ў снежні 1936 года адбыліся манеўры з прымяненнем новай зброі на палігоне ў Модліне, падчас якіх з артылерыйскай навінкі расстрэльвалі спецыяльна пабудаваны бетонны ДАК. Вынікі, аднак, былі далёкія ад пазітыўных: бункер вытрымаў абстрэл. У жніўні 1937 года адбыліся новыя вучэнні: з гаўбіцы абстрэльвалі ДАК, таўшчыня сцен якога была 1,5 метра. Па «ўмацаванай кропцы» стралялі дзве гарматы з адлегласці 8700 метраў. У выніку бункер быў моцна пашкоджаны. Аднак атрымалася гэта зрабіць толькі пасля таго, калі польскія артылерысты выпусцілі па цэлі… 100 снарадаў! У выніку польскае камандаванне прыйшло да высновы, што гаўбіца можа выкарыстоўвацца як дадатак падчас абстрэлу варожых пазіцый з іншых гармат. У 1938 годзе камандуючы артылерыяй Самастойнай аператыўнай групы Войска Польскага «Сілезія» палкоўнік Леон Багуслаўскі адзначыў: «Дывізіён найбольш цяжкай артылерыі 220 міліметраў, на маю думку, не выконвае ўскладзеных на яго функцый. Ён вельмі цяжкі, пры невялікай хуткастрэльнасці і вельмі вялікім раскідзе».
Польская 220-міліметровая
У 1935 годзе Аддзел фартыфікацыі Міністэрства вайсковых спраў Польшчы правёў даследаванне розных тагачасных фартыфікацыйных аб’ектаў і бетонных канструкцый і зрабіў выснову, што асноўным эфектыўным супрацьфартыфікацыйным відам зброі павінна была стаць 155-мм гаўбіца wz.17. Падчас вучэнняў з іх дапамогай абстрэльвалі бункер, таўшчыня сцен якога была метр, а таксама металёвыя назіральныя купалы. Адзначым, што таўшчыня найбольш моцных савецкіх умацаванняў пад Мінскам складала паўтара метры, у сваю чаргу, перакрыцце было больш за метр. 75-міліметровыя гарматы, якіх у Войску Польскім было дастаткова шмат, былі амаль бескарыснымі пры штурме савецкіх доўгатэрміновых умацаваных пазіцый. Іх маглі выкарыстаць для знішчэння палявых пазіцый праціўніка ці барацьбы супраць бранятанкавых сіл. Нарэшце, застаецца дадаць, што ў палякаў, у адрозненне ад немцаў, не было сапёрных штурмавых групаў для знішчэння доўгатэрміновых агнявых кропак. Абарончая дактрына, якой прытрымлівалася камандаванне Войска Польскага, прымушала вучыцца польскіх сапёраў таму, як будаваць доўгатэрміновыя ўмацаваныя кропкі, а не знішчаць іх.
На карысць Польшчы было тое, што Другі аддзел польскага Галоўштаба з сярэдзіны 1930-х гадоў збольшага ведаў размяшчэнне савецкіх «агнявых кропак», і ў выпадку ваенных дзеянняў агонь з польскай тэрыторыі па ДАК і паўкапанірах можна было весці да моманту пераходу мяжы асноўнымі сіламі.
Знішчаны немцамі савецкі ДАК пад Мінскам
Усё вышэй адзначанае сведчыць пра тое, што ў выпадку баявых дзеянняў (у сярэдзіне і ў канцы 1930-х гадоў) паміж Польшчай і Савецкім Саюзам Войску Польскаму было б цяжка, а хутчэй, нерэальна прабіцца праз савецкія памежныя доўгатэрміновыя ўмацаванні. У палякаў не было матэрыяльных магчымасцяў і сродкаў знішчыць шчыльную лінію ДАК і паўкапаніраў пад Полацкам, Мінскам і Мазыром. У сваю чаргу, савецкі бок, карыстаючыся тым, што Войска Польскае ўвязла ў памежных баях, змог бы адмабілізаваць сваё войска і хутка падцягнуў бы асноўныя сілы на кардон. Тэарэтычную магчымасць эфектыўна дзейнічаць супраць савецкіх памежных умацаванняў Варшаве даваў вайсковы хаўрус з Трэцім Рэйхам. Менавіта яго вельмі баяліся ў Крамлі. Але Другая Рэч Паспалітая не пайшла на здзелку з д’яблам, а ў верасні 1939 года яе жаўнеры першымі ў Еўропе распачалі барацьбу супраць нацызму.
Фота з уласнага архіву Ігара Мельнікава