Пагроза вайной або проста піяр?
«Пры стварэнні Савецкага Саюза некаторыя рэспублікі, якія ўвайшлі ў яго склад, атрымалі велізарную колькасць расійскіх земляў», — заявіў Пуцін 21 чэрвеня. Пра якія «землі» ідзе гаворка, і ці збіраецца Масква паспрабаваць іх вярнуць? З гэтым намагаецца разабрацца грамадскасць краін СНД.
Дзеля праўды трэба адзначыць, што на наступны дзень кіраўнік прэс-службы Крамля паспрабаваў супакоіць суседзяў. «Расія не мае тэрытарыяльных прэтэнзій да суседзяў, — заявіў Пяскоў. — Ён (Пуцін) гаварыў не пра падарункі. Ён казаў пра раней дапушчаныя сістэмныя памылкі ў Канстытуцыі, якія не прадугледжвалі цэлы шэраг сітуацый».
Аднак падобна на тое, што было ўжо позна. «Гэта (словы Пуціна) — фактычна простая пагроза вайной былым савецкім рэспублікам. У Грузіі, Малдовы і Украіны частку тэрыторый ужо дэ-факта адабралі. Эстоніі, Латвіі, Казахстану, Беларусі — падрыхтавацца. Будуць спрабаваць з’есці поўнасцю або па кавалках», — мяркуе расійскі ліберал Ігар Эйдман.
Самая эмацыйная рэакцыя, натуральна, ва Украіне, якая ўжо шосты год змагаецца з Масквой за Данбас. Украінскія нацыяналісты пабачылі ў тэзісах Пуціна анонс хуткага аднаўлення гарачай фазы канфлікту на Усходзе. «Пагадзіўся з усімі, хто напісаў, што вайна будзе. Будзе. Ён адчуў беспакаранасць пасля незаконнай анексіі Крыма, а таксама акупацыі часткі Данбаса. Яго гэта асабіста не закранула наогул ніяк», — напісаў у якасці рэакцыі былы спікер «Правага сектару» Браніслаў Бяроза.
Ёсць у Кіеве і такія, хто кажа, што Украіна павінна не маўчаць, а актыўна рэагаваць на агрэсіўную рыторыку Пуціна. У якасці контратакі прапануецца патрабаваць вярнуць у склад Украіны Таганрог, які памяняў украінскую прапіску на расійскую ў 1924-м.
Меркаванні Пуціна зацікавілі шмат каго ў Казахстане, на паўночныя землі якога расійскія вялікадзяржаўнікі даўно паклалі вока. Мясцовыя патрыёты звяртаюць увагу, што шматлікія цяперашнія «расійскія землі» гістарычна ніколі не былі расійскімі.
На казахстанскім сайце nur.kz пішуць: «Вось толькі цікава, што ён (Пуцін) адкажа на пытанне, адкуль Расія іх узяла, гэтыя землі? І як розныя народы без зямлі там апынуліся? І адкуль Расія паўстала на гэтай зямлі? А яна ўзнікла на зямлі цюркаў, на тэрыторыі Вялікага Цюркскага каганата. І славяне — прышлы народзец на гэтай зямлі». Узгадалі казахі і тое, што Арэнбург быў калісьці першай сталіцай савецкага Казахстану, ды намякнулі на неабходнасць вярнуць казахскі падарунак.
Дарэчы, шмат хто ў самой Расіі лічыць, што сваімі заявамі пра расійскія землі Пуцін дае імпульс росту нацыяналістычных настрояў сярод малых этнасаў федэрацыі, якіх — у тым ліку прымусова — уключалі ў склад імперыі. Звяртаюць увагу на тое, што Пуцін заклікае адбудаваць імперыю ў той час, калі ўсе былыя імперыі выбачаюцца за часы каланіялізму. «У народаў з высокімі маральнымі прынцыпамі хапіла сумлення вярнуць сваім калоніям незалежнасць (Англія, Францыя, Бельгія і гэтак далей). Расіі гэты ўзровень недасягальны», — піша адзін з літоўскіх карыстальнікаў інтэрнэту.
Шматлікіх каментатараў у розных краінах яднае версія пра тое, што словы Пуціна — гэта медычны дыягназ. Маўляў, вышэйшае расійскае кіраўніцтва праз доўгі час самаізаляцыі ў бункеры пачало губляць адэкватнае ўяўленне пра рэальнасць. Праўда, перспектыва абвастрэння ментальных хваробаў гаспадароў Крамля таксама не абяцае суседзям нічога добрага.
Цікава, што ў самой Расіі да рэваншысцкіх лозунгаў Пуціна ставяцца неадназначна. Натуральна, сустракаюцца ўра-патрыятычныя каментары, аўтары якіх займаюцца геапалітычнай манілаўшчынай. У іх фантазіях Расія пасля рэалізацыі плану Пуціна будзе ўключаць нават Аляску і Порт-Артур.
З іншага боку, многія баяцца, што праект рэстаўрацыі імперыі негатыўна адаб’ецца на матэрыяльным узроўні простых грамадзян краіны. «Прабачце, аднак СССР нам не трэба. Хопіць іх карміць і за іх працаваць. Хай самі плывуць. Расія без баласту нашмат лепш сябе адчувае», — разважае адзін з адэптаў такога падыходу. Карыстаецца поспехам ідэя, што прыярытэтам для Пуціна павінна быць не тэрытарыяльная экспансія, а маштабны хапун чыноўнікаў-карупцыянераў.
Нарэшце, не выключана, што імперскія наратывы Пуціна тлумачацца цяперашняй павесткай дня. Пасля таго, як камуністы адмовіліся падтрымліваць папраўкі ў Канстытуцыю, перамога на плебісцыце можа выглядаць не вельмі элегантна. Таму напярэдадні галасавання Пуцін кінуўся фліртаваць з камуністычным сегментам электарату, сябрам якога ўласцівая настальгія па «великому и могучему СССР». Ніякіх канкрэтных наступаў гэтыя пасажы мець не будуць.
Сапраўды, пражэкт вяртання расійскіх земляў выглядае архаікай і ўтопіяй нават у вачах патрыётаў. Адзін з іх канстатуе: «Усё правільна сказаў Пуцін, ды толькі позна. Пра гэта трэба было гарлапаніць, калі Саюз развальваўся. А што гаварыць пра расійскія землі, калі мінула 30 гадоў? Толькі злосць і санкцыі выклікаць».