«Поўнае «рукі ўгору»». Сямашка расказаў, як Расія дамагалася паглыблення інтэграцыі
У 2019 годзе Расія ў межах паглыблення інтэграцыі прапаноўвала, каб Беларусь перадала на наднацыянальны ўзровень 95% паўнамоцтваў, піша Свабода.
Амбасадар Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка 1 ліпеня падчас анлайн-брыфінгу расказаў аб прапановах расійскага боку адносна так званага паглыблення інтэграцыі, паведамляе Свабода са спасылкай на БелТА.
«Я ўспамінаю 13 лютага 2019 году, калі ў Сочы нам паклалі першую прапанову (не буду называць аўтараў з расійскага боку). І калі мы паглядзелі і перадалі яе прэзідэнту, прэзідэнт запрасіў мяне, і я кажу: ну гэта поўнае „рукі ўгору“» называецца, — расказаў амбасадар. — Я нават не буду далей эпітэты працягваць, там было: усё аддаць наверх і, па-мойму, заставалася пару момантаў такіх, як у нас міліцыя, у вас паліцыя і гэтак далей. Але так не можа быць».
Сямашка адзначыў, што перадача паўнамоцтваў на наднацыянальны ўзровень павінна адбывацца «ў разумных межах, без шкоды суверэнітэту», і прывёў у якасці прыкладу Еўрасаюз.
«Калі прааналізуеш функцыі нацыянальныя і наднацыянальныя, я налічыў толькі 18%, якія аддалі на наднацыянальны ўзровень, астатнія функцыі заставаліся нацыянальнымі, — адзначыў ён. — А ў тым дакуменце, які нам 13 лютага 2019 году прапанавалі, я налічыў 95% функцый наднацыянальных».
Кажучы пра ўвядзенне агульнай валюты ў Саюзнай дзяржаве, Сямашка падкрэсліў, што, незалежна ад памераў эканомік, у адзіным эмісійным цэнтры павінна быць раўнапраўе.
«Калі прымаецца нейкае рашэнне аб эмісіі, дэвальвацыі, то яно павінна прымацца кансенсусам. Тады не ўшчамляюцца інтарэсы ні аднаго, ні другога боку», — дадаў амбасадар. А падатковае і мытнае заканадаўства апрыёры ў сілу адрозненняў у эканоміцы не могуць быць аднолькавымі, перапісанымі пад капірку — толькі ўніфікаванымі, падкрэсліў беларускі дыпламат.
svaboda.org