Трэба маліцца сваім зоркам
У зборніку памяці гісторыка, архівіста Віталя Скалабана «Iсці на святло лабірынтамі даўніх падзей» была змешчана мая публікацыя, прысвечаная версіі смерці Янкі Купалы, адбітай у эміграцыйным ліставанні, у прыватнасці — у лісце прэзідэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка да Антона Адамовіча і Вітаўта Тумаша.
Янка Купала
Там жа фармулявалася цікавае пытанне: якім чынам, якімі сцежкамі дабіраліся — спачатку ў Нямеччыну, пазней у ЗША — «госьці» і звесткі з савецкай Беларусі, абмінаючы прафесійную ўвагу неабыякавых людзей на Бацькаўшчыне.
Дакладнага адказу на гэтае пытанне тым часам не знойдзена, але пэўныя здагадкі з’яўляюцца. Так, на адбітку аднаго выпадкова выяўленага ў архіве Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку ліста асадкаю зробленая заўвага: «Ліст да Ант. Адамовіча Васіля Гінтаўта, прысланы праз Польшчу. Ліст прысланы ў выніку сувязі, якую К. Мярляк дапамог наладзіць праз ЦРУ».
Кастусь Мярляк
Кастусь Мярляк быў беларускім грамадскім дзеячам, які на пачатку 1950-х гадоў жыў у Аргентыне, а пазней перабраўся ў ЗША, дзе быў вельмі актыўны ў беларускім жыцці.
З пытаннем, што за сувязь ён меў з ЦРУ, што наогул вядома пра яе, я звярнуўся да Янкі Запрудніка. На жаль, высветлілася няшмат. Янка Запруднік адпісаў: «Пра Мерлякову сувязь з ЦРУ ў мяне, фактычна, не веда, а толькі дагадка. Аднойчы — гэта было недзе ў канцы 1950-х — ён пытаецца ў мяне, ці не хацеў бы я паслаць пачку сваім у Беларусь. Я папытаўся ў яго, пра якую гэта пачку ён гаворыць. А ён кажа, што ведае такую кампанію, якая высылае ў Беларусь дармовыя пачкі з харчамі. Каштаваць гэткая пачка нічога не будзе, сказаў ён, трэба толькі даць адрас. Я падзякаваў яму за прапанову, але ад ягонай услугі адмовіўся, падумаўшы, што за гэтай прапановай хаваюцца нейкія дадатковыя мэты. Больш у нас на гэтую тэму гутарак не было. Вось гэта — уся мая «веда». А дагадкі тут пра Мерлякову сувязь могуць быць самыя розныя» (Электронны ліст ад Янкі Запрудніка 25.03.2014).
Янка Запруднік
Так ці інакш, пэўныя кірункі пошуку сувязей, некаторыя ідэі ўжо маюцца. Цяпер жа — да самога згаданага эпісталярыя.
Да ліста, высланага з Гародні (вул. Горкага, д. 56, кв. 2, Васількоў Б. Ів.) далучаная кароткая пісулька па-польску: «Шчэцын, 3.V.59. Шаноўны спадар! Выконваючы просьбу майго знаёмага, дасылаю Вам ліст. Адразу потым высылаю таксама невялікую пасылку. Лічу сваім абавязкам папрасіць у Вас прабачэньня за затрыманьне гэтых пасланьняў, што было выклікана маёй адсутнасьцю ў Шчэцыне. Багдан Стр[…]чык».
Каб не дапіска на лісце, наўрад ці можна было б калі здагадацца, што той Ось, да каго пісаны ліст, ёсць Антон (Антось) Адамовіч. І што Васілёк — імя, якім падпісаны ліст, — насамрэч ёсць Гінтаўт, толькі не Васіль, а Франц.
Франц Гінтаўт (1910–2002) разам з Антонам Адамовічам вучыўся ў менскім Беларускім педагагічным тэхнікуме (ягоныя ўспаміны пра той час выдрукаваныя ў кнізе твораў Лукаша Калюгі (Мінск, 1992), агульнага іх сябры — разам з іншымі (Сяргеем Астрэйкам, Валерам Мараковым, Юліем Таўбіным… ды хіба ўсіх пералічыш!), а пазней, таксама разам, адбываў пакаранне за ўдзел у «Беларускай народнай грамадзе» — у «амерыканцы» і на высылцы. Пасля жыццёвых перыпетый Франц Гінтаўт атрымаў, напярэдадні вайны, працу ў Беларусі; там і пражыў усю акупацыю, не паспеўшы эвакуявацца.
Дзесьці ў сярэдзіне 1950-х гадоў Міністэрствам Асветы БССР Франц Гінтаўт быў скіраваны на працу ў Гародню.
Ліст, які таксама — якое дзіўнае супадзенне! — кранае абставіны смерці Янкі Купалы, напісаны «па-шпіёнску», але ці быў ягоны змест, намёкі загадкаю для чужых вачэй?
Так ці інакш, ліст гэты варты публікацыі: і як сведчанне кантактаў метраполіі з эміграцыяй, і як яшчэ адна версія смерці народнага песняра.
Антон Адамовіч
«Дарагі дружа Ось!
Прыкрая часіна мінула с атрыманнем твайго ліста. Вельмі карціла ведаць, ці атрымаў ліст з новых шляхоў. Думалася і аб тваім здароўі, усёж-ткі кавалак часу адтапталі і крыху, як кажуць, прытапталіся, а нічога пра гэта ня пішаш. Я, дзякуй богу, мацуюся, дзеткі растуць, дачушка ўжо вялікая дзяўчына, яе крыху памятаеш (маці, напэўна, больш памятае). Ці завёў сям’ю на новым месцы?
Дудзічыха выйшла замуж, жыве, здаецца, у Менску.
Менск стаў прыгожым горадам, расце ва ўсе бакі, як на дражджах, дарос нават да Дараўкі. Ці маеш здымкі новага Менска? На тым месцы, дзе калісьці жыў Купала, збудавалі яго памяці прыгожы музэй, а ўвесь пляц (ад музэю да Савецкай) стаў прыгожым паркам. Берагі Свіслачы ў гэтым месцы адзелі гранітныя фальбонкі. Вуліцы сталі прасторнымі й зялёнымі. Менск можа зачараваць, калі хто яго пабачыць. Менск стаў запраўды сталічным.
З цёткай Уладзяй час ад часу спатыкаемся, а таксама з яго сястрой. Купала падвыпіўшы падымаўся па лесвіцы і штурхануў тэхнічку, а пасля, падняўшыся крышку вышэй, на адзін паверх, уздумалася яму яе перапрашаць. Перавеснуўся цераз парэнча і, відаць, згубіў раўнавагу. Смерць выпадковая.
Нашы патроху пішуць, напэўна, чытаеш іх творы. Што падабаецца з іх табе?
Трэба сказаць — пісьменніцкая кагорта расце. І як бы не пісалі, усё ж яны робяць добрую справу. Беларускае слова расце, узмацоўваецца, а гэта важна. Было б горш, каб паўтарыліся тыя падзеі, якія перажыла бацькаўшчына калісьці. Калі прыгледзіцца добра, то можна знайсці добрыя зярняткі.
Ці ёсць патрэба ў вас маліцца сваім зорам?
Ты высказаў многа цікавых думак, ужо яны дайшлі — гэта важна. Добра і тое, што ўзнікла нарада цераз чорную стужку. Раіцца трэба было больш і часцей.
Багдановіча высылаем. Было б добра, калі б выслаў самае цікавае, на тваю думку. Цікава, што напісана там — крытычнае, мастацкае. Мабыць, «спісыватэльскіх» выданняў у вас няма?
Ці ёсць згуртаванасць думак, ці яны розняцца і як? З якімі сябрукамі сябруеш, якіх ведаю я?
Пішы часцей.
Няхай збудзецца ўсё тое, аб чым думаем.
Усе жадаем усяго найлепшага.
Твой Васілёк».