У пошуках старадаўняга Крэва
Таямніцу зніклага
касцёлу Ягайлы ды асаблівасці суіснавання балтаў і славянаў адкрыюць археолагі,
калі... знойдуцца грошы на раскопкі.
Крэўскі замак вядомы нам яшчэ са школьных падручнікаў і кніжак Уладзіміра Арлова, як месца, дзе рабілася гісторыя: забойства Кейстута, палон і ўцёкі Вітаўта, Крэўская ўнія і г.д. Нават зараз замак уражвае як велічная руіна, дзе кожны камень памятае перамогі і паразы нашай даўніны.
У свой час замак быў уключаны ў дзяржпраграму “Замкі Беларусі”, як Мір, Нясвіж і інш., але справа так і не была даведзеная да канца. Праблемай кансервацыі руінаў займаецца Уладзімір Сіняўскі, але грошаў на больш грунтоўныя працы пакуль няма. Здаецца, усё зразумела: замак — грошы — кансервацыя — трэба пачакаць…
“Мы знайшлі протагорад!”
Тым не менш, стваральнікі і сябры фонду “Крэўскі замак” мяркуюць па-іншаму. Адна з галоўных ідэяў фонда — гэта прасоўванне ідэі, што спадчына Крэва нашмат шырэйшая за замак. Праграма-максімум актывістаў: стварэнне гісторыка-культурнага запаведніка “Крэва”, які б уключаў у сябе і замак, і гарадзішча, і селішча, і местачковую забудову пач. ХХ ст., і бетонныя ДОТы І Сусветнай, і разваліны сінагогі. Узорам для працы можа быць запаведнік “Кернава” на поўнач ад Вільні, створаны літоўцамі.
З 2011 па 2015 гады фонд супрацоўнічае з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў плане правядзення раскопак. Справа ў тым, што ранейшыя археалагічныя даследванні датавалі мястэчка не раней як XIV ст., і толькі зараз атрымалася давесці, што ягоная гісторыя сягае глыбей ажно на чатыры стагоддзі!
“Мы знайшлі старажытнае Крэва, протагорад, — тлумачыць археолаг, кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч, — Гэта Гарадзішча, матэрыялы з якога датуюцца Х-ХІІІ стст. Яно знаходзіцца прыкладна ў 2-х кіламетрах ад замку, калі кіравацца старым Смаргонскім шляхам. Цымус у тым, што сучаснае мястэчка ўзнікла вакол замку XIV ст., які стаяў наводдаль ад старадаўняга гораду. Яго адмыслова будавалі ў забалочанай нізіне падалей ад людзей — паводле правілаў тагачаснай фартыфікацыі”.
“Крэва — гэта ключ да разумення гісторыі Літвы”
Гарадзішча, згодна археолагам, было біэтнічным: заселеным як славянамі, так і балтамі. Гэта драўляна-земляная канструкцыя, якая дазваляла бараніцца ад набегаў ворагаў. У бліжэйшых планах — больш грунтоўныя раскопкі селішча, якое будавалася вакол гарадзішча, пошук грунтовых могілак ды… касцёлу Ягайлы. Згодна гісторыку Яну Длугашу, пасля Крэўскай уніі ў мястэчку быў збудаваны касцёл, але дзе менавіта — ніхто не ведае. Сучасны каталіцкі храм — нашмат пазнейшы.
“Гэтыя даследванні — крок да адкрыцця гісторыі Усходняй Літвы, — працягвае Дзярновіч, — Тут мы назіраем вельмі цікавы момант з біэтнічнасцю, суіснаваннем балтаў і славянаў. Славяне ў гэтым святле мне бачацца як “культурныя дрожжы”, якія працавалі і гандлявалі ў ранніх гарадах на гэтых прасторах, заселеных балтамі. Такім чынам Крэва — гэта таксама і ключ да разумення нашага паходжання, які здымае канфлікт у пытанні этнічнага складу Літвы.”
Патрэбныя грошы, але… зусім невялікія
Галоўная
праблема зараз палягае ў пошуку фінансавання. У мінулым годзе, напрыклад,
ракопкі не праводзіліся менавіта з-за адсутнасці грошаў, паколькі ўсе выдаткі
Інстытута гісторыі аплочвае фонд, які выступае замоўцам.
“У першую чаргу патрэбная дапамога для фінансавання раскопак, — тлумачыць Вольга Сямашка, бухгалтар фонду “Крэўскі замак”, — Гэта адносна невялікія грошы: прыкладна 2000 рублёў, то бок каля 1000 долараў. Па-другое, мы збіраемся выдаць першы нумар альманаху "KrevaIncognita", дзе будуць апісаныя нашы знаходкі і адкрыцці, а таксама абгрунтаваная ідэя стварэння запаведніка “Крэва”.
Час на пошук рэсурсаў да пачатку археалагічнага сезону яшчэ ёсць. На сайце “Талакі” ужо створаная адмысловая старонка для жадаючых дапамагчы. Пакуль жа валанцёры і гісторыкі займаюцца апрацоўкай экспанатаў, рыхтуюць планы даследванняў ды неабходную для стварэння запаведніка дакументацыю, якая пойдзе на афіцыйны ўзровень.