«Яшчэ не позна вярнуць краіне сапраўднае імя — Літва»

«Я хацеў бы, каб нашы суграмадзяне, называючы сябе беларусамі, ведалі, што ліцвіны — іх продкі», — кажа даследчык Ян Лялевіч. Ён тлумачыць, хто такія ліцвіны і навошта беларусам спатрэбілася ліцвінская ідэя.

Захапленне эстэтыкай ВКЛ — верны шлях да «ліцвінства»

Захапленне эстэтыкай ВКЛ — верны шлях да «ліцвінства»

Здаецца, ліцвінства, як і тэма Вялікага Княства наогул, яшчэ нядаўна аб’ядноўвала беларускі патрыятычны сегмент грамадства. Зараз жа, з падачы расійскай прапаганды, з’явілася думка пра нібыта дзве нацыі, якія жывуць у Беларусі: ліцвінаў-нацыяналістаў і беларусаў-русафілаў. Зразумела, што даносіцца гэта ў якасці падставы для расколу грамадства, таму і рэплікі ў абарону ліцвінскай ідэі нават у патрыятычных колах усё часцей успрымаюцца як «правакацыя».

У разгар спрэчак на тэму «ліцвінства», якія зазвычай адбываюцца без уліку меркавання яго прыхільнікаў, мы вырашылі паразмаўляць з гісторыкам, які спецыялізуецца на балцкай і ліцвінскай тэме — Янам Лялевічам, супрацоўнікам Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. Цікава, што Лялевіч апынуўся акурат у складзе тых самых некалькіх дзясяткаў чалавек, якія падчас апошняга перапісу ў графе нацыянальнасць пазначылі: «ліцвін».

Ян Лялевіч

Ян Лялевіч

Іншапланецяне, уніяты і «балцкі субстрат»…

— Дык хто такія ліцвіны?

— Ліцвіны — гэта протанацыя, якая існавала прыкладна з XIV да канца ХІХ стагоддзяў, калі зніклі яе парэшткі ў выглядзе збольшага каталіцкай шляхты ды інтэлігенцыі. Калі мы кажам пра нацыю, дык кажам пра людзей, якія сябе так акрэслівалі, пазіцыянавалі як міжсобку, так і перад суседзямі. Найперш мы кажам пра тых, хто ствараў палітыку і культуру, ведаў, хто ён і кім былі ягоныя продкі.

Цяжэй пра гэта казаць у датычнасці да сялянаў. Прычым гэта тычыцца любых сялянаў: які-небудзь мазаўшанін у тыя часы мог называць сябе падданым Кароны Польскай, але наўрад ці лічыў сябе палякам. Таму ліцвіны — протанацыя: неадбыўшаяся і нерэалізаваная ў сучасным свеце.

— Як можна акрэсліць арэал пражывання ліцвінаў геаграфічна?

— Істотным чыннікам быў дзяржаўны прынцып: гэта арэал, заселены падданымі Вялікага Княства, якія жылі на яго тэрыторыі. У меншай ступені гэта тычыцца людзей, якія мелі выразна балцкае генетычнае паходжанне. Зрэшты, ніхто і не адмаўляе, што да славянскай каланізацыі балты жылі і на Смаленшчыне, і на Браншчыне, ажно да Арла і Маскоўскай вобласці. У гэтым сэнсе колішні балцкі арэал супадае з максімальным тэрытарыяльным выбухам ВКЛ.

Значна больш важнае пытанне: што ж такое гэты славуты «балцкі субстрат» у фармаванні беларускай нацыі, пра які так шмат казалі ў 1990-я гады. Часам здаецца, што гэта ўсяго толькі геаграфічны арэал, у якім жылі нейкія людзі, што пакінулі па сабе геаграфічныя назвы і нешта з археалогіі, і… зніклі!

Таксама, як мне некалі падчас экспедыцыі казала адна бабця з-пад Гродна: «Так, жылі тут некалі ўніякі…» А тое, што грэка-каталікамі, то бок уніятамі, былі яе прабабулі і прадзядулі, яна не разумее. Маўляў, былі нейкія іншапланецяне, якія пасля адляцелі альбо вымерлі. Прыкладна так жа мы разважаем пра «балцкі субстрат»: жылі балты, прыйшлі славяне, усіх разагналі ды паўстала «вялікая Русь»!

Пагоня, якая паходзіць ад тых самых служылых «лейтаў» вялікага князя

Пагоня, якая паходзіць ад тых самых служылых «лейтаў» вялікага князя

— А як было насамрэч?

— Я не лічу, што меў месца нейкі масавы сыход балтаў і славянскае засяленне. Большасць насельніцтва, якая і зараз засяляе наш край, — гэта нашчадкі балтаў. Зразумела, што ад балцкасці, апроч генетыкі, амаль нічога не засталося. Спытай зараз любога беларуса альбо жыхара Смаленшчыны: ці асацыюе ён сябе з балтамі? З цябе пасмяюцца. Адбылася ў першую чаргу лінгвістычная каланізацыя, замена мовы.

 

Гарады зрабілі з балтаў — славянаў

— Фактычна гэтак жа, як і шмат стагоддзяў пасля, — русіфікацыя?

— Схема абсалютна тая ж самая. Калі ўздоўж вялікіх рэкаў — Дняпро, Бярэзіна, Сож — з боку Украіны ішло славянскае насельніцтва, то на шляху яны засноўвалі гарады. Гэта былі фарпосты і адначасна гандлёвыя цэнтры, якія і арганізацыйна, і культурна былі на парадак вышэйшыя за паселішчы балтаў. Туды мясцовыя балты так ці інакш траплялі ды, з часам, пераймалі і мову, і культуру больш «дарослага», развітага і заможнага этнасу.

Роўна тое ж самае адбывалася і 50–100 гадоў таму, калі беларусы з вёсак траплялі ў гарады і ўжо пераставалі адчуваць сябе беларусамі, атрымаўшы моцную «прышчэпку» расейшчыны ў выніку ўрбанізацыі.

— Як наконт думкі, згодна якой беларусы — гэта нашчадкі славянаў, а літвіны — балтаў? Ці так можна казаць?

— Калі казаць пра спадчыннасць культурную, а не генетычную, то ў пэўным сэнсе можна. Нашы апаненты — заходнерусісты ды славянафілы — да гэтага і схіляюць, бо для іх «Літва» — гэта супернік, абсалютнае зло, калі казаць вульгарна. А Беларусь і беларусы, з націскам на «русь», іх цалкам задавальняюць, не трэба нават змяняць нічога: славянская ідылія.

Зараз ліцвінства — гэта пэўны блок саматоеснасці, у які кожны ўкладае тое, што хоча, у залежнасці ад сваёй глыбіні ды адукаванасці. Памятаю, як на пачатку 1990-х, шукаючы пэўнага кампрамісу, гісторыкі пісалі, што Вітаўт — гэта відазмененае імя «Віталь», Альгерд — «Алег», Пагоня — славянскі сімвал і г.д. Гэта троху камічна, бо такім чынам мы нібы цягнем на сябе коўдру панславізму. Маўляў, мы — галоўныя славяне, а сучасная Літва крадзе нашу гісторыю. Гэта было патрэбна, каб вывесці гісторыю Беларусі з ВКЛ, але пакінуць Беларусь — Беларуссю.

Захапленне эстэтыкай ВКЛ — верны шлях да «ліцвінства»

Захапленне эстэтыкай ВКЛ — верны шлях да «ліцвінства»

 

Кельты, германцы і… балты

— Лічыш такі падыход няслушным?

— Гэта не зусім дасведчана, усё нашмат глыбей. Калі дакопвацца да праўды, шмат хто будзе банальна расчараваны. Сапраўды, сумна пачуць, што твае продкі — балты — стаялі на ніжэйшым узроўні развіцця за славянаў. Але навошта гэта адмаўляць, прыніжаючы сябе? Тая ж гісторыя была і з кельтамі, і з германцамі, што былі значна больш «забітыя» за рымлянаў, якія прынеслі ім культуру. Але англічане ці немцы праз гэта не кажуць, што яны — нашчадкі раманцаў, нягледзячы на велізарны ўплыў Рыму на сваю культуру і гісторыю.

Можна і больш сказаць: эканамічна і тэхнічна Германія з Вялікабрытаніяй пасля выбіліся наперад, у параўнанні з Італіяй. Паўночная цывілізацыя зараз у трэндзе. А мы чамусьці саромеемся, мажліва, не такога атракцыйнага мінулага, у параўнанні з суседзямі, але свайго.

— Дык як у наступным — у часы ВКЛ — балты перанеслі на вялізную славянізаваную тэрыторыю сваё бачанне дзяржавы і сваю назву?

— Не хацелася б раскідвацца меркаваннямі, маўляў, насельніцтва той жа Віцебшчыны ды Магілёўшчыны памятала аб сваім балцкім паходжанні, таму прыняло ўладу літоўскіх князёў балцкага паходжання і культуры. Але паступова людзі ўсё адно дыстанцыявалі сябе ад рэшты ўсходніх славянаў, што мы бачым таксама на прыкладзе драбнення на княствы так званай Кіеўскай Русі.

Міндоўг быў запрошаны на праўленне ў Наваградак, гэта была норма для сярэднявечча. Роўна як і Рурык са сваёй камандай быў запрошаны ў Кіеў, а праз больш як 1000 год — Саакашвілі ў Адэскую вобласць. Гэта запрашэнне легіянера, адміністратара альбо спецыяліста ў пэўнай сферы. Запрашэнне Міндоўга — гэта ў тым ліку палітычны «мір» з балтамі поўначы і ўзмацненне перад пагрозамі з Поўдня і Усходу: Галіцка-Валынскага княства і татараў. Такім чынам, назоў «Літва» ў наступным паспяхова пашырыўся на ўсю тэрыторыю ВКЛ, роўна як і лічыць сябе «ліцвінам» стала значная колькасць людзей.

Выданні 1990–2000-х, якія прапагандавалі ліцвінскую ідэю

Выданні 1990–2000-х, якія прапагандавалі ліцвінскую ідэю

 

«Лейты» вялікага князя і герб «Пагоня»       

— Дык Літва — гэта ўсё ж такі этнонім ці палітонім?

— Калі быць зусім дакладным, то спярша гэта быў сацыёнім. «Лейты» — служылыя людзі літоўскага князя, якія адказвалі за «лейцы» — за коняў. Нездарма і герб — вершнік на кані, «Пагоня». Далей — харонім: на ХІІ–ХІІІ стагоддзя назва няскораных славянскімі княствамі земляў сучасных паўночна-заходняй Беларусі і Літвы. Урэшце, цягам 500 гадоў існавання ВКЛ тэрмін пераўтварыўся ў палітонім — даў назву палітычнай нацыі для эліты Літвы.

Са скасаваннем прыгону ў Еўропе з канца XVIII стагоддзя, г.зн. з наданнем сацыяльных, палітычных і культурных правоў шырокім слаям насельніцтва, прыналежнасць да нацыі паступова губляла сваю элітарнасць. Былыя сяляне паступова, самастойна альбо з падачы элітаў, атрымлівалі сваю нацыянальную тоеснасць у сучасным разуменні. Ва ўмовах жа скасавання прыгону ў Расійскай імперыі цягам другой паловы ХІХ стагоддзя славянскамоўныя сяляне былога ВКЛ свядома ці несвядома пазбыліся элітаў, якія былі б лакаматывам для будавання здаровай нацыянальнай самаідэнтычнасці.

Бо і самыя прадстаўнікі ліцвінскіх эліт сталіся закладнікамі, з аднаго боку, паланізацыі, з другога ж — узроўню развіцця гістарычных навук, дзе Літва накладалася выключна на актуальны балцкамоўны рэгіён. Рэй у самаідэнтыфікацыі нашага народу падхапілі заходнерусісты, якія хутка знайшлі не толькі цывілізацыйны і культурны выбар для гэтых людзей, але нават назву — «беларусы» ў лучнасці з братамі: вялікарусамі і маларусамі.

Атрымліваецца, на канец ХІХ стагоддзя з новых мясцовых элітаў аб сваім ліцвінстве мог узгадаць толькі вельмі абазнаны чалавек. Нашыя сяляне ж яшчэ доўгі час называлі сябе так, як іх называлі эліты: пан, чыноўнік, поп/ксёндз. І вось, у час нараджэння ва ўсім цывілізаваным свеце этнічных нацый (і значыць, этнонімаў), ліцвіны апынуліся падзеленыя на палякаў (каталікі — «польская вера») і на беларусаў (праваслаўныя — «руская вера»).


Захапленне эстэтыкай ВКЛ — верны шлях да «ліцвінства»

Захапленне эстэтыкай ВКЛ — верны шлях да «ліцвінства»

— То бок пра «ліцвінаў» як этнонім казаць усё ж такі не выпадае?

— З этнонімам — складаней. Але ёсць яскравыя прыклады, калі жыхары вёскі па адзін бок балота называлі сваіх суседзяў па іншы бок «литвинами», а тыя іх, у сваю чаргу, «палешукамі». Заўважце, і тыя, і іншыя ў свой час былі ў складзе ВКЛ. Як з гэтым быць? Цікава, што ў сучаснай Беларусі самая «не балцкая» тэрыторыя — гэта акурат Паўднёва-Заходняе Палессе. Там жа паўстала і адно з самых старажытных у Беларусі славянскіх гарадзішчаў — Хатамель. Таму падобныя рэчы, нават карыстаючыся сучаснымі археалагічнымі і этнаграфічнымі напрацоўкамі, дагэтуль прасачыць надзвычай цяжка.

 

«Памылка Каліноўскага»

— Калі ВКЛ разам з Рэччу Паспалітай спыніла сваё існаванне, ліцвіны засталіся? Як надоўга?

— Ажно да другой паловы ХІХ стагоддзя гэта яшчэ было актуальным, асабліва ў колах шляхты ды інтэлігенцыі. Як вядома, нават Дунін-Марцінкевіч лічыў сябе ліцвінам, не кажучы ўжо пра хрэстаматыйныя прыклады Міцкевіча, Касцюшкі, усёй кагорты філаматў і філарэтаў. Нават Эліза Ажэшка, вядомая як польская пісьменніца, падкрэслівала сваё ліцвінскае паходжанне. Іншае пытанне, чым ліцвінства было для гэтых людзей: прыналежнасцю да зямлі, якая складала Вялікае Княства, альбо да ліцвінскай нацыі? У гэтым і ёсць асноўная дыскусія.

— А як быць з Каліноўскім, які звярнуўся да свайго народу як да беларусаў?

— Каліноўскі выкарыстаў тэрмін, якім дагэтуль карысталіся збольшага заходнерусісты. Так, Каліноўскі чытаў кніжкі, гістарычныя і этнаграфічныя ў тым ліку. Нават для тагачаснага польскага гісторыка, таго ж Тэадора Нарбута, Літва была менавіта сучаснай Літвой, безумоўна балцкай, дзе славянскага нічога не было. Беларусы — славяне, літоўцы ці ліцвіны — балты, ВКЛ — вынік заваёвы балтамі-ліцвінамі славянскіх тэрыторый. Гэта было вельмі звужанае і спрошчанае разуменне працэсаў, абумоўлена тагачасным узроўнем развіцця гістарычнай навукі.

Вяртаючыся да Каліноўскага, магчыма, гэта была яшчэ і ягоная спроба супрацьпаставіць сябе і польскаму, і літоўскаму нацыянальнаму руху, які ўжо нараджаўся, папалам з гульнёй у «народніцтва»: маўляў, ліцвіны — шляхта, а беларусы — працавітыя сяляне. Адсюль і назваў, якую падхапіў Багушэвіч, а за ім і ўсе астатнія. Я лічу, што такі зварот да свайго народу і такая назва былі памылковымі.

Выданні 1990–2000-х, якія прапагандавалі ліцвінскую ідэю

Выданні 1990–2000-х, якія прапагандавалі ліцвінскую ідэю

 

У Масковіі нашу мову называлі «ліцвінскай»

— Чаму праз 150 год «ліцвінства» зноў стрэліла ў 1990-я?

— Гэта было вынікам пошукаў сваёй ідэнтычнасці ў мінулым на хвалі цікавасці да ВКЛ і яго спадчыны. Шмат хто з адукаваных людзей зразумеў неадпаведнасць назвы «Беларусь» і прэтэнзіяў на спадчыну Вялікага Княства. Але пераканаць народ цяжка, усе звыкліся. Таму для сучасных прыхільнікаў «ліцвінства» Літва — гэта журавель у небе, а Беларусь — усяго толькі сінічка ў руках. Для мяне тая ж «беларуская пагоня» — гэта трошку абсурд. Нават Багдановіч пісаў пра «літоўскую пагоню» — гэта лагічна і гістарычна. Пры чым тут «беларусы»?

— Тады і мову трэба называць не беларуская, а…?

— А чаму не? Расіяне ж называюць сваю мову «рускай», хоць нават Ламаносаў казаў пра «российский язык». Русі ж не існуе, ёсць Расія, чаму тады мова «руская»?.. Нават украінцы сваю мову маюць значна большае права так называць як прамыя спадкаемцы той старажытнай Русі.

Мы кажам пра старажытнабеларускую мову, як канцылярскую мову ВКЛ, якой, у тым ліку, карыстаўся і Скарына, друкуючы «Біблію рускую». Але цікава, што ў Масковіі, апісваючы свае стасункі з Вялікім Княствам, называлі нашу мову «ліцвінскай». Не ўсё так проста і адназначна.

— А як быць з сучаснымі літоўцамі?

— Я акурат хацеў сказаць, што кпіць з літоўцаў, маўляў, яны — жмудзіны і не маюць права так сябе называць, гэта як мінімум не прыгожа ў дачыненні да аўтэнтычных балтаў, якія захавалі і назву, і традыцыю. Жмудзь — гэта толькі частка сучаснай Літвы, не ўсе літоўцы — жмудзіны, як і не ўсе беларусы — палешукі. Яны таксама маюць права на назву, трэба з гэтым лічыцца.

«Ліцвіны» сёння — гэта ячшэ і вядомая каманда па амерыканскім  футболе — гонар краіны

«Ліцвіны» сёння — гэта ячшэ і вядомая каманда па амерыканскім  футболе — гонар краіны

 

«Ліцвінства» — каштоўнасць, а не «правакацыя»

— Ці не можа «ліцвінства» стаць падставай для інтрыг і спробы расколу грамадства з боку той жа Расіі?

— Для Расіі такой падставай можа стаць усё, што заўгодна: нават захапленне этнаграфіяй і вышыванкамі. Беларуская ідэнтычнасць нібы збудаваная, і кожны на пытанне пра нацыянальнасць вам адкажа: «беларус». Але гэта ж не нацыя ў поўным сэнсе слова, а насельніцтва, якое так звыкла сябе называць. Тут і праблема мовы, і праблема сімволікі, і разуменне гісторыі… Захочуць расіяне, то ўдараць па нам і без канфлікту «ліцвін/беларус». Для мяне «ліцвінства» — гэта каштоўнасць, таму я не магу пагадзіцца з тым, што гэта «правакацыя», якая наносіць маёй краіне шкоду.

 Гулец каманды па амерыканскім футболе «Ліцвіны» 

 Гулец каманды па амерыканскім футболе «Ліцвіны» 

Асабіста я дагэтуль перакананы, што яшчэ не позна вярнуць нашай дзяржаве яе сапраўднае імя — Літва. Роўна, як мы верым, што можа быць вернутая і Пагоня ў якасці дзяржаўнага сімвалу, хоць большасць насельніцтва гэтае пытанне абсалютна не турбуе: «Какая разніца?» І з гербам, і са сцягам, і з мовай, і з назвай народу трэба шмат што тлумачыць, а як інакш? І тлумачыць неабходна не толькі нашаму народу, але і суседзям, блізкім і дальнім. І адна толькі назва «Літва» легалізуе нашае месца як нацыі ў гісторыі, а значыць, у сучаснасці і ў будучыні.

— Ці можа наш суайчыннік быць адначасна і ліцвінам, і беларусам?

— Сучасны чалавек у ХХІ стагоддзі мае шырокі дэмакратычны выбар адносна таго, кім сябе лічыць. Канешне, можа. Але я асабіста хацеў бы, каб нашы суграмадзяне, называючы сябе беларусамі, як мінімум ведалі, што ліцвіны — гэта іхныя продкі. Адпаведна, і яны самыя маюць поўнае права так сябе называць. І я хацеў бы, каб гэтая назва паступова вярталася ва ўжытак.

 

 Каманда па амерыканскім футболе «Ліцвіны» 

 Каманда па амерыканскім футболе «Ліцвіны»