Дварковіч: Прагрэсу на перамовах па газе няма, аргументацыя не мяняецца

Расія настойвае на аплаце Беларуссю доўгу за леташнія пастаўкі газу ў поўным аб`ёме, зрухаў у перамовах па гэтым пытанні пакуль няма, паведаміў журналістам 28 студзеня ў Маскве віцэ-прэм`ер РФ Аркадзь Дварковіч.

Аркадзь Дварковіч. 

Аркадзь Дварковіч. 


«Вядзем перамовы. Прагрэсу няма. Аргументацыя не мяняецца. Мяняюцца варыянты рашэння, але пакуль не знайшлі ўзаемапрымальных. Мы ў любым выпадку настойваем на аплаце ў поўным аб`ёме мінулага года па той формуле, якая была раней», — цытуе Дварковіча ТАСС.
«На нашу думку, прыблізна 550 млн долараў, згодна з нашымі разлікамі», — сказаў ён, адказваючы на пытанне пра суму доўгу Беларусі за пастаўкі газу з РФ.
Мінск і Масква дагэтуль не ўрэгулявалі пытанні кошту расійскага газу і загрузкі сыравінай беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. З 2016 года Расія паводле дамоўленасцяў павінна была пастаўляць у Беларусь штогод 24 млн тон нафты аж да 2024 года. Аднак з другога паўгоддзя пастаўкі былі скарочаныя, што стала адказам на запазычанасць па аплаце пастаўленага расійскага газу ў 281 млн долараў на той момант.
Згодна з беларуска-расійскімі дамоўленасцямі, доўг Мінск павінен быў пагасіць яшчэ да 20 кастрычніка, аднак гэтага не адбылося. У канцы 2016 года доўг, паводле ацэнак Расійскай Федэрацыі, перавысіў 400 млн долараў. Стала таксама вядома, што ў першым квартале 2017 года Расія збіраецца скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь з 4,5 да 4 млн тон.
Між тым намеснік прэм`ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка 29 снежня заявіў журналістам, што кампраміснае рашэнне па нафтагазавым пытанні з Расіяй павінна быць знойдзенае не пазней за першы квартал 2017 года. Ён адзначыў, што ў кастрычніку 2016 года быў падпісаны шэраг міжурадавых пагадненняў, зацверджаны план адпаведных мерапрыемстваў, а затым адбыўся "пэўны збой", і дарожная карта не была чамусьці прынятая да рэалізацыі.
Прымаючы Сямашку з дакладам 20 студзеня, Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся шукаць альтэрнатыўныя варыянты паставак нафты. «Мы дамаўляліся, што найбліжэйшым часам вы мяне праінфармуеце пра сітуацыю ў нафтагазавым комплексе краіны, асабліва ў сувязі з паводзінамі Расіі. Па нашых дамоўленасцях і пагадненнях, раней заключаных, якая ў нас сітуацыя? Мы нічога не ўтойваем ад людзей. Утойваць, я думаю, не трэба. Катастрофы няма, але скарачэнне паставак нафты ад Расійскай Федэрацыі павінна быць замешчанае альтэрнатыўнымі варыянтамі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле БелаПАН