«Падарожжа Дылетанта» завяло Юрыя Жыгамонта ў Прагу. Далей — Чылі?
Легендарная
праграма пачала працу ў новым фармаце, перайшоўшы з тэлебачання ў інтэрнэт ды
пашырыўшы свае межы.
Упершыню “Падарожжа” апынулася за межамі Беларусі: Юры Жыгамонт, прагарама якога знікла з тэлеэфіру, зняў дзве новыя серыі ў Празе, дзе Францішак Скарына ў 1517-м надрукаваў першую кнігу на беларускай мове. Першымі ўбачылі абноўленую перадачу журналісты падчас “закрытага паказу” у офісе кампаніі velcom.
Сама праграма вядомая беларускаму гледачу ажно з 2001 года. За гэты час было створана некалькі сотняў выпускаў пра беларускія вёскі ды мястэчкі, Жыгамнота пачалі пазнаваць на вуліцах, а вобраз “дылетанта” у доўгім плашчы са старасвецкім сакваяжам у руцэ стаў брэндам. У 2012-м Міністэрства культуры ўзнагародзіла вядучага нагрудным знакам “За ўнёсак у развіццё культуры Беларусі”.
Зараз праграма аднаўляе працу, але ў цалкам новым фармаце. Выпускі “Падарожжаў” можна будзе ўбачыць на партале tut.by, а выходзіць яны будуць пры падтрымцы кампаніі velcom, якая ўжо не першы раз спрыяе ініцыятывам, звязаным з беларускай гісторыяй і культурай.
“Я хацела б
падзякаваць Юрыю Жыгамонту за вобраз краіны, які ён стварае, — адзначыла
падчас паказу галоўны рэдактар tut.by Марына
Золатава, — бо гэты вобраз мы вельмі
часта не ведаем. Наша пакаленне часта лепш ведае Парыж, чым свае родныя
ваколіцы. Перадача будзе выходзіць у інтэрнэце, бо моладзь зараз значна лепш
успрымае відэа-кантэнт менавіта ў такім фармаце”.
Першы пражскі выпуск “Падарожжаў” можна будзе ўбачыць ужо 31 студзеня,
наступны — 7 лютага, праз тыдзень. Агулам жа плануецца, што перадача будзе
выходзіць два разы на месяц.
«Мне здаецца, што “Падарожжы дылетанта” былі заўсёды ў эфіры, — дзеліцца ўражаннямі Вячаслаў Смірноў, кіраўнік аддзелу карпаратыўных камунікацый velcom, — памятаю нібы з дзяцінства, нягледзячы на свае сорак год. Тым не менш, пан Юрый заўсёды малады — у гэтым можна пераканацца, паглядзеўшы перадачу. “Падтрымка і аднаўленне беларускай спадчыны” прапісаная ў нашых карпаратыўных дакументах, таму кампанія velcom не засталася ў баку і ў выпадку з “Падарожжам дылетанта”».
Пасля вяртання з Чэхіі перадачы будуць, як і раней, запісвацца ў Беларусі, але Юрый Жыгамонт не выключае і замежных паездак па мясцінах, звязаных з нашымі славутымі землякамі. У гэтым кантэксце ён узгадаў і Чылі, дзе нацыянальным героем прызнаны беларус Ігнат Дамейка. Таму смела можна казаць і пра пашырэнне геаграфіі “Падарожжа”.
Па вялікім сакрэце Жыгамонт прызнаўся, што абнаўляецца і сам вобраз. Напрыклад, стары сакваяж ужо знасіўся, таму даводзіцца падарожнічаць з новым. А вось доўгае паліто вядучы змяняць не спяшаецца — у новым “тэкст не так ладна ідзе падчас запісу”, — адзначае галоўны беларускі дылетант.
Фота прэс-службы кампаніі velcom