120 гадоў FIFA: шмат радасьці, шмат карупцыі і шмат футболу

21 траўня 1904 года ў Парыжы ўсяго некалькімі дзяржавамі была заснаваная Міжнародная фэдэрацыя футбольных асацыяцыяў. За гэты доўгі час арганізацыя вырасла да фантастычных памераў і мае неверагодны ўплыў. У FIFA больш чальцоў, чым уваходзіць у ААН. Разам з тым шэраг гучных скандалаў скалыхнуў футбольных функцыянэраў. Зазірнем у спартовыя кабінэты.

1_977.jpg

Нараджэньне FIFA

Ідэя стварэньня міжнароднага футбольнага кіроўнага органа выношвалася гадамі. У розных краінах ствараліся нацыянальныя асацыяцыі, кожная са сваімі правіламі. Патрэба ў стандартызаванай сістэме была відавочнай. Сярод тых, хто бачыў патрэбу агульнай арганізацыі, быў Рабэр Герэн, французскі журналіст і сакратар футбольнай сэкцыі Саюза французскіх таварыстваў спартыўнай атлетыкі.

21 траўня 1904 года прадстаўнікі сямі эўрапейскіх краінаў — Бэльгіі, Даніі, Францыі, Нідэрляндаў, Гішпаніі, Швэцыі і Швайцарыі — сабраліся ў Парыжы, каб аформіць гэта. Тут была афіцыйна створаная ФІФА, а Герэн быў абраны яе першым прэзідэнтам. Чальцы-заснавальнікі падпісалі «Акт аб заснаваньні FIFA». Пазьней у той жа дзень прыйшла тэлеграма ад нямецкай футбольнай асацыяцыі аб намеры далучыцца.

Адной з першых задачаў была стандартызацыя правілаў гульні. Заснавальнікі пагадзіліся прыняць за аснову правілы Ангельскай футбольнай асацыяцыі, што ня дзіўна, калі ўлічыць, што менавіта ангельцы прыдумалі гэты спорт.

FIFA неабходна было пашырыць свой ахоп за межы першых чальцоў, каб сапраўды стаць глябальнай арганізацыяй. Шмат якія зь іншых краінаў скептычна ставіліся да кантролю міжнароднай арганізацыі. Уключэньне Англіі было асабліва істотным. Толькі ў 1906 годзе, пасьля доўгіх перамоваў, Англія нарэшце далучылася.

Пад кіраўніцтвам Герэна FIFA пачала арганізоўваць першыя міжнародныя спаборніцтвы. Аднак ён займаў пасаду прэзідэнта толькі да 1906 года, калі яго зьмяніў Дэніэл Бэрлі Вулфал з Англіі. Ён адыграў галоўную ролю ў прыцягненьні большай колькасьці краінаў, у тым ліку Італіі і Нямеччыны, якія далучыліся ў 1908 годзе. Вулфал таксама кіраваў арганізацыяй першага афіцыйнага міжнароднага спаборніцтва пад эгідай FIFA, футбольнага турніру Алімпійскіх гульняў 1908 года ў Лёндане. Міжнародныя матчы сталі вельмі распаўсюджанымі. У хуткім часе да FIFA далучыліся і не эўрапейскія краіны – Паўднёвая Афрыка, Аргентына, Чылі, ЗША.

Чэмпіянаты сьвету

Чэмпіянат сьвету 1930. Аргентына супраць Уругвая

Чэмпіянат сьвету 1930. Аргентына супраць Уругвая

Самая папулярная і масавая гульня на Зямлі прыцягала і будзе заўжды прыцягваць мільёны людзей. Чэмпіянат сьвету, які адбываецца раз на чатыры гады – акамуляцыя сусьветнай цікавасьці да гэтага спорту. Лепшыя каманды і ўлюбёныя футбалісты змагаюцца за найістотнейшы трафей.

Першы чэмпіянат сьвету адбыўся ў 1930, хаця і перад тым футбол прысутнічаў на Алімпійскіх гульнях, але на іх выступалі аматары. Прафэсійныя футбалісты не мелі доступу на спаборніцтвы. FIFA заснавала свой турнір для зборных, дазваляючы нацыянальным камандам выбіраць гульцоў зь мясцовых прафэсійных футбольных клюбаў.

Турнір адбыўся ў 1930 годзе ў горадзе Мантэвідэа, што ва Ўругваі, у якім удзельнічалі трынаццаць камандаў. Гэтае месца было выбранае таму, што Ўругвай заваяваў золата Алімпійскіх гульняў у 1924 і 1928 гадах, а ў гонар 100-годдзя краіны ўжо было заплянавана шмат сьвяткаваньняў. На жаль, толькі чатыры эўрапейскія краіны прысутнічалі на амерыканскім кантынэнце праз вялікія эканамічныя праблемы ў Эўропе і страху гульцоў страціць працу (па-за межамі футболу) — гэта было задоўга да таго, як футбалісты сталі дастаткова зарабляць на жыцьцё.

Ідэя аб тым, што прафэсіяналы будуць дапушчаныя, выклікала шмат спрэчак. Гэта стала падставай для адмовы Даніі і Нямеччыны ад удзелу. З прычыны прыстыжу Англія таксама ўстрымліваецца ад удзелу. Некаторы час здавалася, што ні адна з эўрапейскіх краінаў не паедзе ва Ўругвай, і першы чэмпіянат сьвету апынуўся пад пагрозай. Фаварытам была зборная гаспадароў — Уругвая. Яны выйгралі Алімпійскія гульні ў Парыжы ў 1924 годзе і Алімпійскія гульні ў Амстэрдаме ў 1928 годзе. Але зь іншага боку, іх бліжэйшы канкурэнт — Аргентына — выйграла чэмпіянат Паўднёвай Амерыкі ў 1929 годзе. Зборная Бразыліі яшчэ не стала той сілай, якой яна будзе пазьней і прыехала дрэнна падрыхтаваная.

Афіша чэмпіянату сьвету 1934

Афіша чэмпіянату сьвету 1934

У 1934 годзе ў Італіі прайшоў другі чэмпіянат сьвету. У кваліфікацыйным этапе ўдзельнічалі 36 камандаў, у тым ліку і краіна-гаспадыня Італія. У фінальным турніры бралі ўдзел 16 камандаў. Чэмпіянат сутыкнуўся са скандалам з самагу пачатку: чэмпіён сьвету Ўругвай быў кваліфікаваны непасрэдна ў фінальны этап, але адмовіўся ад удзелу ў знак пратэсту праз тое, што шматлікія эўрапейскія каманды ўстрымаліся ад паездак у Паўднёвую Амерыку чатыры гады таму, калі Ўругвай прымаў чэмпіянат сьвету. Вялікая Брытанія таксама не была прадстаўленая ніводнай камандай, паколькі яна вырашыла не ўваходзіць у FIFA. Акрамя таго, Аргентына вагалася наконт свайго ўдзелу, і ў рэшце яны выступілі з камандай  аматараў.

У той час, калі быў арганізаваны Чэмпіянат сьвету па футболе ў 1934 годзе, Італіяй, краінай-гаспадыняй, кіравала фашысцкая партыя Бэніта Мусаліні. Дучэ, які некалькімі гадамі раней заснаваў Серыю А (італьянскую футбольную клюбную лігу), скарыстаўся магчымасьцю пашырыць сваю ідэалёгію. Паводле некаторых звьестак, Мусаліні таксама меў пэўны ўплыў на вынік. За дзень да гульні Італіі з Аўстрыяй ён вячэраў са швэдзкім арбітрам Экліндам. Эклінд таксама будзе судзіць у фінале замест бэльгійскага арбітра, які быў абраны раней.

Глядзіце таксама

Скандальныя праблемы

Многія праблемы ў арганізацыі ўзьніклі ў перыяд знаходжаньня на пасадзе Жоаў Авэланжа. Гэта быў бразылец, які займаў пасаду прэзідэнта FIFA з 1974 па 1998 год, і менавіта ён ператварыў FIFA ў глябальную імпэрыю. Прыход Авэланжа да ўлады сам па сабе быў больш чым супярэчлівым. Ён атрымаў прэзідэнцкую пасаду, бо атрымаў галасы (на выбарах галасуе кожная з нацыянальных футбольных асацыяцый, што ўваходзяць у FIFA) з дапамогай абяцаньняў і пэўных фінансавых стымулаў меншым, збольшага зьбяднелым футбольным асацыяцыям. А вы разумееце, голас якой-небудзь выспы ў Акіяніі ці цалкам карумпаванай афрыканскай краіны важыў столькі ж, колькі і голас Францыі ці ЗША. Дэмакратыя! Адзін у адзін з галасаваньнямі на Генэральных Асамблеях ААН.

Перамога Авэланжа над дзейным прэзідэнтам сэрам Стэнлі Русам на выбарах прэзідэнта FIFA ў 1974 годзе стала пераломнай у гісторыі футболу. Рус, ангелец, прадстаўляў старую гвардыю футбольнай адміністрацыі, ён быў засяроджаны на традыцыйных эўрапейскіх справах. Авэланж, наадварот, абяцаў глябалізаваць футбол, і зьвяртаўся да федэрацый Афрыкі, Азіі і Латынскай Амэрыкі.

Такая стратэгія выкарыстаньня фінансавых рэсурсаў FIFA для падтрыманьня ўлады на працягу чвэрці стагодзьдзя (!) стала адметнай рысай яго прэзідэнцтва. Пры Авэланжы даходы FIFA рэзка ўзрасьлі, у тым ліку дзякуючы прыбытковым угодам са спонсарамі і вяшчальнікамі, але гэты фінансавы бум суправаджаўся грандыёзнай карупцыяй.

Жоаў Авэланж

Жоаў Авэланж

Адным з самых значных скандалаў падчас кіраваньня Авэланжа стала справа ISL. Гэта быў маркетынгавы партнэр FIFA, які адказваў за забесьпячэньне і кіраваньне прыбытковымі трансляцыямі і спонсарскімі ўгодамі для мерапрыемстваў FIFA. У 2001 годзе банкруцтва ISL выкрыла маштабную схему хабарніцтва з удзелам найвышэйшых службовых асобаў ФІФА. Рассьледаваньне паказала, што ISL заплаціла мільёны даляраў у якасьці хабару, каб атрымаць правы на турніры FIFA. Сярод фігурантаў былі прэзідэнт арганізацыі Авэланж і яго зяць Рыкарда Тэйшэйра, кіраўнік Бразыльскай канфедэрацыі футбола.

Дакумэнты паказалі, што ISL скіроўваў грошы на таемныя рахункі, якія кантраляваліся гэтымі службовымі асобамі, і гэтая практыка працягвалася гадамі.

Калі эпоха Авэланжа падыйшла да канца, выбары яго пераемніка ў 1998 годзе былі адзначаныя падобнымі абвінавачваньнямі ў карупцыі і куплі галасоў. Зэп Блатэр, пратэжэ Авэланжа і генэральны сакратар FIFA, змагаўся за прэзідэнцкае крэсла з Ленартам Ёхансанам, прэзідэнтам UEFA.

Тады сцьвярджалася, што ён абяцаў грашовыя выплаты і праэкты разьвіцьця, каб забясьпечыць галасы больш дробных асацыяцый, падобна таму, як рабіў Авэланж да яго. Выбралі Блатэра, які займаў пасаду прэзідэнта FIFA з 1998 па 2015 год. Блатэр стаў сінонімам карупцыйнай культуры арганізацыі.

Абвінаваўчае заключэньне Міністэрства юстыцыі ЗША ў 2015 годзе супраць 14 чыноўнікаў FIFA па абвінавачваньні ў рэкеце, махлярстве і адмываньні грошай выявіла фантастычныя маштабы карупцыі пад наглядам Блатэра. У абвінаваўчым заключэньні падрабязна апісвалася 24-гадовая схема, у якой чыноўнікі FIFA ўзбагачаліся за кошт хабараў і адкатаў, падрываючы сумленнасьць спорту. Сам Блатэр быў адхілены ад футбольнай дзейнасьці на восем гадоў за парушэньне этычных нормаў, што стала ганебным канцом яго прэзідэнцтва.

Зэп Блатэр

Зэп Блатэр

Рашэньне аб правядзеньні чэмпіянату сьвету 2018 года ў Расеі і 2022 года ў Катары стала адным з самых гучна вядомых карупцыйных эпізодаў у гісторыі FIFA. Сцьвярджалася, што толькі Катар заплаціў мільёны даляраў хабараў чыноўнікам FIFA, каб атрымаць іх галасы ў 2010 годзе, калі прымалася рашэньне.

Новы прэзідэнт FIFA Джані Інфанціна таксаа не карыстаецца рэпутацыяй сумленнага футбольнага чыноўніка.

Можа далей без FIFA?

Адным з галоўных дасягненьняў FIFA стала дэмакратызацыя футбола. Футбол стаў унівэрсальнай мовай на кожным з кантынэнтаў. Тым не менш, гэты самы посьпех можа зрабіць FIFA непатрэбнай. Разьвіцьцё рэгіянальных арганізацыяў і нацыянальных лігаў, кожная зь якіх мае ўласныя структуры кіраваньня, зьменшыла патрэбу ў цэнтральнай уладзе.

Ліга чэмпіёнаў UEFA, Кубак Лібэртадорэс і Ліга чэмпіёнаў Азіі, — гэта толькі некалькі прыкладаў спаборніцтваў, якія квітнеюць незалежна ад наўпроставага нагляду FIFA. Па іроніі лёсу, місія арганізацыі па глябалізацыі футбола дала магчымасьць мясцовым арганізацыям самастойна кіраваць сваімі справамі. Па меры росту фінансавага ўплыву гэтых лігаў залежнасьць ад FIFA ў пляне легітымнасьці і каардынацыі можа аслабнуць, што прывядзе да дэцэнтралізаванай футбольнай сістэмы.

Рост лічбавых плятформаў для вяшчаньня і сацыяльных сетак для прыцягненьня заўзятараў зьмяніў спосаб спажываньня і ўражаньня ад футбола. Клюбы і лігі сёньня маюць наўпроставыя каналы да сваіх глябальных базаў заўзятараў.

Глядзіце таксама

У гэтым цудоўным новым сьвеце ўзьнікае пытаньне: калі клюбы і лігі могуць кіраваць сваімі справамі больш эфектыўна і прыбыткова без умяшаньня FIFA, тады дзеля якой мэты існуе FIFA? Гісторыя карупцыі і скандалаў FIFA падарвала яе маральны аўтарытэт і давер. Этычныя парушэньні і адсутнасьць празрыстасьці адштурхнулі нават некаторых спонсараў. Сапсаваны імідж FIFA зьяўляецца праблемай. Арганізацыя, якая павінна ўвасабляць цэласнасьць спорту, разглядаецца як яго найбольш карумпаваны элемент.

Як станецца – убачым, галоўнае: гуляйце ў футбол, глядзіце футбол!