Ад дзесяці да дванаццаці медалёў: паралімпійцы маюць план
У паралімпійцаў план на медалі — у адрозненне ад спартсменаў, якія не маюць аніякіх абмежаванняў па здароўі — існуе.
Яго два месяцы таму на спецыяльнай прэс-канферэнцыі, прысвечанай падрыхтоўцы нашых будучых удзельнікаў у Токіа-2021, агучыў генеральны сакратар Паралімпійскага камітэта Мікалай Шудзейка. Дык вось фіксуем: не меней за дзесяць месцаў на подыуме.
Наколькі гэта рэальна, яшчэ абмяркуем, а напачатку разгорнута кранемся наогул падзей, якія папярэднічаюць старту Паралімпіяды ў сталіцы Краіны ўзыходзячага сонца.
Старт, дарэчы, адбудзецца 24 жніўня, спаборніцтвы будуць працягвацца да 5 верасня.
Па слядах Алімпіяды
Напэўна, нашы чытачы дастаткова абазнаныя адносна падзей у свеце, якія непасрэдным чынам паўплывалі на міжнародны спартыўны каляндар. Гэта, безумоўна, тычылася амаль усіх запланаваных на мінулы год падзей, звязаных з неабходнасцю пералётаў і вочных стартаў. Усе спаборніцтвы сярод звычайных атлетаў былі прыпынены ў сакавіку 2020-га.
Непрыемныя наступствы каронавірусу закранулі і справы атлетаў з фізічнымі абмежаваннямі. Рэгламент жа кваліфікацыйных паралімпійскіх стартаў вельмі падобны да адбору на «звычайныя» Гульні. Да прыкладу, калі гаворка пра ўжо згаданыя плаванне ці лёгкую атлетыку, то існуе шэраг нарматываў. Выконваеш іх — чакаем цябе на маштабным злёце.
«Сістэма адбору амаль нічым не адрозніваецца. Адзіная розніца: Міжнародны паралімпійскі камітэт загадзя акрэслівае максімальную колькасць квот для кожнай краіны, карыстаючыся вынікамі на працягу папярэдніх алімпійскіх цыклаў, а таксама апошнімі ў бягучым. Здараецца, зашмат больш нашых спартсменаў здольныя былі б атрымаць ліцэнзіі, а бывае — зусім наадварот», — распавядаў на пачатку лета аўтару гэтых радкоў трэнер плыўцоў Дзмітрый Кошаль.
Навошта гэтая прэамбула? Каб пацвердзіць, што паралімпійцы аказаліся ў вельмі складаным становішчы. Па-першае, ніхто не клапаціўся, каб у іх былі хоць нейкія старты па-за трэніроўкамі — накшталт Камерцыйнай лігі плавання (ISL) ці анлайн-стартаў па лёгкай атлетыцы. Па-другое, адсутнасць любых выездаў да апошняга перашкаджала сістэме кваліфікацыі ў Токіа. Дастаткова адзначыць, што імёны шмат якіх удзельнікаў Гульняў высветліліся толькі зараз — на пачатку жніўня.
Унікальнасць Токіа-2020
Паралімпійскія гульні ў Токіа таксама захавалі лічбавы суфікс «2020». Хай у гэтым выпадку нейкія маркетынгавыя страты былі несуразмерна меншымі. Зроблена гэта, па ўсім відаць, з меркавання педантызму і дзеля гісторыі. Гісторыі, у якой будучая Паралімпіяда ўпершыню пройдзе без замежных гледачоў на трыбунах.
Апроч таго, амаль на трэцюю частку скарочана колькасць абслуговага персаналу. Не на вялізны адсотак, аднак вымушаны быў прымаючы бок адмовіцца і ад запланаванай колькасці атлетаў. Між тым, КНДР, напрыклад, сама вырашыла ўвогуле не ляцець у Токіа. Ну, на тое яна і Паўночная Карэя — на ўсё ў яе сваё асобнае меркаванне.
Паглядзець на Паралімпіядзе, канечне, будзе на што. Паралімпійскі камітэт крочыць нага ў нагу з Алімпійскім і пашырае праграму на кожныя наступныя Гульні. Так, у гэтым годзе спартсменам будзе прапанавана рэкордная лічба камплектаў медалёў — 540 (у Рыа-2016 было 526)! Дакладней пра дысцыпліны і класы — а іх мноства — пагаворым ніжэй, а пакуль адзначым, што пашырылася праграма за кошт бадмінтона ды тэквандо.
Напрыканцы бягучага блока яшчэ адна важная інфармацыя. Пераважная большасць атлетаў, не толькі беларускіх, упершыню пабачыць тыя самыя алімпійскія аб'екты, дзе неабходна змагацца. Часцей за ўсё гэта гуляе на руку не фаварытам, а зусім наадварот. Калі высветліць, што сапраўдных надзей у нас літаральна некалькі чалавек, то, верагодна, гэта на карысць і беларусам.
На што раўняцца
Калі заўзятары спорту з колькі-небудзь значным стажам прыкладна ўсё ж назавуць дыяпазон медалёў, з якімі вярталіся дадому беларускія алімпійцы на тых ці іншых Гульнях, то адносна паралімпійскіх дасягненняў цяжкасці з успамінамі, пэўна, узнікнуць амаль у кожнага. Што ж, зручны час зазірнуць у нядаўнюю гісторыю, каб адзначыць суверэнныя поспехі беларусаў.
Калі мець на ўвазе не толькі колькасць узнагарод, але і іх якасць, то найбольш удала ў нас склаўся выступ у Афінах-2004. Там 29 разоў нашы прадстаўнікі інваспорту ўзыходзілі на п'едэстал — у прыватнасці, у дзесяці выпадках — на вышэйшую яго ступень. Адпаведна, найбольш высокае месца занялі і ў агульнакаманднай табліцы — 19-е.
А вось якую з Паралімпіяд у выкананні беларускіх спартсменаў лічыць найменш выразнай — пытанне. Тут з якога боку падысці. Калі звярнуцца да чэмпіёнскіх тытулаў, то-бок залатога здабытку, — позірк спыняецца на Атланце-1996. Менавіта там беларусы зарабілі ўсяго тры вышэйшыя ўзнагароды і выніковую 33-ю пазіцыю ў канчатковым заліку сярод дзяржаў. Калі засяродзіцца на валавай колькасці, то, несумненна, узгадваем два апошнія форумы. Дзесяць — столькі было у Лондане-2012 ды Рыа-2016.
БЕЛАРУСЬ НА ПАРАЛІМПІЯДАХГульні Медалі Месца ў табліцыАтланта-1996 13 (3+3+7) 33Сідней-2000 23 (5+8+10) 28Афіны-2004 29 (10+12+7) 19Пекін-2008 13 (5+7+1) 21Лондан-2012 10 (5+2+3) 25Рыа-2016 10 (8+0+2) 19
Не меней за дзесяць
Якраз гэтыя лічбы называюцца ў якасці задачы-мінімум цяпер. І тут, нарэшце, чытачам стане зразумела, чаму часцей за ўсё ў гэтым матэрыяле мы кранаем справы ў басейне, дакладна — на воднай дарожцы. Адказ просты: найбольшыя спадзяванні ўскладаюцца менавіта на каманду плыўцоў.
Вядома чаму. На папярэдніх Гульнях яны прынеслі восем медалёў з дзесяці! Відавочна, прагнозы зараз адпаведныя, і ў першую чаргу — на Ігара Бокага, які вярнуўся пяць гадоў таму з Бразіліі з шасцю залатымі ўзнагародамі, а таксама адной бронзавай. Яшчэ адно золата было на рахунку Уладзіміра Ізотава.
У складзе Бокі і сёння. Здаецца, сярод паралімпійцаў спартсмен, якога не аднойчы папракалі быццам бы ў прымальным зроку для выступаў са здаровымі атлетамі, здолеў узяць усе тытулы, якія толькі ёсць.
Мяркуйце самі: адзінаццаціразовы паралімпійскі чэмпіён, 22-разовы чэмпіён свету — дзе тут шукаць матывацыю 27-гадоваму маладому чалавеку? Але ж недзе ўдаецца. Што крывіць душою, лёгка выказаць здагадку: фінансавы бок, мабыць, на першым плане. Толькі ўявіце сабе: за залаты медаль, пачынаючы з лонданскіх Гульняў, дзяржава абяцае паралімпійцам 50 тысяч долараў. Канечне, гэта ў тры разы менш, чым за «звычайнае» алімпійскае золата. Але, калі разгледзець сітуацыю Бокага, усё выглядае шыкоўна. Напрыклад, па выніках мінулай Алімпіяды ён зарабіў 320 тысяч долараў — тое, аб чым могуць марыць алімпійцы.
Большасць з іх нават і шанцаў не мае, бо ў іх відах на Гульнях няма столькі дысцыплін.
Вось тут мы і пераходзім да самага цікавага. Бо ў інваспорте важную ролю адыгрывае тое, у якім класе па абмежаванні здароўя акажацца той ці іншы атлет. Калі ідзе гаворка пра слабы зрок — а ўсе беларускія надзеі ў плаванні менавіта з гэтай катэгорыі (вядомага праўладнага атлета Аляксея Талая да спісу патэнцыйных уладальнікаў узнагарод не адносім), — то іх тры: адзінаццаты, дванаццаты і трынаццаты. Дык вось: ёсць паралімпійцы, да якіх, так бы мовіць, не дачэпішся. Кожны год яны праходзяць медыцынскі агляд — і адпаведная камісія пагаджаецца з ранейшымі абставінамі. Але маецца і другая частка. Раз-пораз іх адносяць да самай здаровай групы, іншы — да сярэдняй.
У беларускай камандзе гэта тычыцца вышэйзгаданага Уладзіміра Ізотава і яшчэ аднаго таленавітага плыўца — Дзмітрыя Салея. Адзін сезон яны выступаюць у дванаццатым класе, наступны — у трынаццатым.
Акрамя плавання згадаем ці не адзінага кандыдата на медалі з іншых відаў. Гэта лёгкаатлет Сяргей Бурдукоў, чыя спецыялізацыя — скачкі ў даўжыню. На астатніх асаблівага разліку няма. Дарэчы, менавіта асэнсаваннем гэтага факта, мабыць, і дыктуецца даволі сціплы адносна мінулых Паралімпіяд план па ўзнагародах. У дадзеным выпадку кіраўніцтва галіны добра разумее: як і алімпійцам, прадстаўнікам іванспорту будзе вельмі складана ўтрымаць былыя пазіцыі. Нават тыя прыземленыя, на якія беларусы выйшлі ў Лондане ды Рыа.