Андрэй Краўчанка — пра стан беларускага спорту: «Палацаў набудавалі, а сістэмы няма»
Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская, якая адмовілася вяртацца на радзіму пасля ціску на Алімпіядзе, заявіла, што беларускія ўлады забаранілі спартоўцам выяжджаць на спаборніцтвы і нават на адпачынак за мяжу. Паводле яе словаў, афіцыйна такой забароны няма, але яе калегі скардзяцца, што атрымліваюць такія ўказанні.
Беларускі лёгкаатлет Андрэй Краўчанка, які таксама адмовіўся вяртацца ў Беларусь і застаўся ў Германіі разам з жонкай, расказаў «Настоящему Времени» пра тое, што вядома пра новую забарону і як гэта адаб’ецца на карʼеры беларускіх спартоўцаў.
— Як вы даведаліся аб забароне для беларускіх спартсменаў выязджаць на спаборніцтвы за мяжу?
— Мне напісаў ананім у інстаграме, паказаў перапіску,
сказаў, што пра гэта хутка ўсё даведаюцца. Я спачатку падумаў, што гэта нейкі
ўкід, няправільная інфармацыя, і пачакаў трохі. І на наступны дзень адзін з
маіх калег пацвердзіў інфармацыю. Ён збіраўся выехаць на камерцыйны старт і
яму сказалі: «Калі паедзеш, то толькі праз заяву на звальненне». Я зразумеў,
што гэта не чуткі, што гэта праўда.
У мяне такое меркаванне, што, магчыма, гэта будзе нейкая
часовая мера, паколькі 12 верасня будзе паўмарафон, дзе Лукашэнка будзе
прысутнічаць. І яны хочуць зрабіць прыгожую карцінку — сабраць усіх спартсменаў,
якія на кантракце, таму што ім у любым разе прыйдзецца ісці альбо звальняцца.
Хочуць сабраць, напэўна, войска, МУС — усіх пазбіраць і зрабіць прыгожую
карцінку. Магчыма, для гэтага хочуць, каб ніхто не выязджаў з краіны, каб усе
былі на месцы.
— То-бок, зараз маюць адбыцца нейкія камерцыйныя
спаборніцтвы за мяжой — і для таго каб вакол Лукашэнкі сабралася як мага больш
спартсменаў, іх за мяжу не выпускаюць?
— Гэта адна з версій. Яшчэ адна версія, што не жадаюць, каб
спартсмены ўзялі прыклад з Крысціны Ціманоўскай і шукалі магчымасць
трэніравацца і выступаць за іншыя зборныя.
— Гэта азначае, па сутнасці, што ўлады Беларусі баяцца, што
беларускія спартсмены будуць бегчы з краіны, калі выедуць за мяжу на
спаборніцтвы, папросяць там палітычны прытулак?
— У любым выпадку спартсмены будуць з'язджаць, таму што такое
трываць вельмі складана — увесь час нешта круцяць... Вельмі цяжка будзе
спартсменам цяпер. Фінансаванне будзе ўразацца — будзе эканомія. Я не ведаю, што
будзе далей.
— Многія спартыўныя аглядальнікі называюць выступленне
беларускай зборнай на Алімпіядзе ў Токіа не самым удалым. Лукашэнка таксама
выказваў незадаволенасць. Як вы лічыце, магчыма, палітычнае становішча ў
краіне паўплывала на такі няўдалы алімпійскі вынік?
— Ды не, гэта ўжо сістэма ўся парушаная. Няма сістэмы
падрыхтоўкі, усё будуецца на індывідуальных якасцях спартсменаў, на таленце.
Медалёў з кожнай Алімпіядай усё менш і менш. Таму пакуль не будзе нейкай
нармальнай сістэмы развіцця спорту ў краіне, калі ў спорце будуць менавіта
спартсмены, а не ваенныя, тады і будзе развіццё, тады можна будзе казаць пра
добрыя выступы на спаборніцтвах і гэтак далей. А зараз пакуль усё дэградуе.
— Вы ў жніўні выехалі з краіны. Магчыма, беларускай
алімпійскай зборнай бракуе спартсменаў праз тое, што яны бягуць з краіны?
— Не, гэта ўсё адбываецца праз сістэму падрыхтоўкі. Трэнераў
не хапае, усё сумна, на самай справе. Палацаў набудавалі, а сістэмы няма.
— Як склаўся лёс у беларускіх спартсменаў, якія публічна
выказалі нязгоду з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і павінны былі
выехаць з краіны?
— Іх рэпрэсавалі. Калі браць маю гісторыю — мяне звольнілі
адусюль імгненна, нават не папярэдзілі пра гэта. Іншых спартсменаў запалохвалі,
да мяне прыязджалі з пагрозамі — шмат было ўсяго. І ў турме многія пасядзелі, і
сядзяць шмат хто ў турме да гэтага часу. Таму нічога добрага з гэтага не выйдзе.
— Вы выехалі з Беларусі. Які цяпер будзе ваш далейшы лёс за
мяжой?
— Мой далейшы лёс будзе залежаць толькі ад мяне. Я буду
шукаць магчымасць тут трэніраваць людзей. Бо ў Беларусі я гэтага рабіць не
магу, прыйдзецца трэніраваць дзяцей у Германіі. Жонка, я думаю, працягне
карʼеру ў якім-небудзь нямецкім клубе.
— Гэта значыць, што так ці інакш свой далейшы спартыўны лёс
спартоўцы, якія выязджаюць з Беларусі, за мяжой знаходзяць?
— Так.