Два медалі, антырэкорднае 24-е месца. Як беларусы выступілі на Алімпіядзе

Алімпійскія гульні ў Пекіне скончыліся, і, як заўжды, надыходзіць час рабіць высновы. Ці добра склаліся АГ для беларускіх спартсменаў? Спойлер: няўдала, але магло быць і горш.

Ганна Гуськова

Ганна Гуськова


Алімпійскія гульні ў Пекіне скончыліся, і, як заўжды, надыходзіць час рабіць высновы. Ці добра склаліся АГ для беларускіх спартсменаў? Ці дасягнулі яны «прагнозных паказчыкаў» па колькасці ўзнагарод і выніковым месцы ў агульным медальным заліку? Як пачуваецца беларускі спорт у міжнароднай сістэме каардынат? Прагрэсуе? Прыходзіць у заняпад? Стаіць на месцы, як помнік правадыру сусветнага пралетарыяту ў цэнтры Мінска?

Давайце разбірацца.

Адразу пра статыстыку, якая не хлусіць. Абодва беларускія медалі — срэбныя. Іх здабылі Ганна Гуськова ў фрыстайле і біятланіст Антон Смольскі. Две ўзнагароды гэта, канечне, мала — і яны вяртаюць нас у далёкія часы першых алімпійскіх суверэнных спроб.

У дэбютным Лілехамеры-1994 былі таксама два срэбры — у канькабежца Ігара Жалязоўскага і біятланісткі Святланы Парамыгінай. Дзве бронзы нашыя суайчыннікі прывезлі з Нагана-1998 — пастараліся фрыстайліст Дзмітрый Дашчынскі і біятланіст Аляксей Айдараў. Усяго адну бронзавую ўзнагароду прынёс Беларусі Солт-Лэйк-Сіці-2002 — дзякуй Аляксею Грышыну з фрыстайла. Той жа Дзмітрый Дашчынскі выйграў адзіны наш медаль у Турыне-2006 — срэбны.

Пры гэтым у Нагана і Солт-Лэйк-Сіці бралі ўдзел беларускія хакеісты і нават дасягалі неблагіх вынікаў — у першым разе ўвайшлі ў топ-8, а ў другім наогул грымнулі сенсацыяй, перамогшы ў чвэрцьфінале магутных шведаў. Выніковае чацвёртае месца — тое, чым беларускі хакей ганарыцца дагэтуль. Нечым іншым ганарыцца не даводзіцца, бо нашых хлопцаў з клюшкамі на Гульнях не бачылі ўжо тузін гадоў.

Дык вось: пасля Алімпіяды-2006 спартыўная Беларусь у зімовых відах зрабіла адчувальны крок наперад — колькасць медалёў узрасла, сярод і з’явіліся залатыя. Не далей як чатыры гады таму, напрыклад, нашы атлеты заваявалі тры ўзнагароды, дзве з якіх — менавіта найвышэйшай вартасці. Чэмпіёнкамі сталі Ганна Гуськова і жаночая біятлонная эстафета.

Пекін-2022 паказаў, што на такія вышыні мы болей не здатныя. Больш за тое, выніковае месца ў агульным заліку ўвогуле атрымалася найгоршае ў гісторыі — толькі 24-е. Раней самы кепскі паказчык тут быў зноў жа ў Солт-Лэйк-Сіці — 23 радок.

melalny_zalik_u_kanez_texta.jpg


Ці сведчаць усе гэтыя лічбы, што беларусы праваліліся ў Пекіне? Адказ катэгарычны: не, не сведчаць. Бо напярэдадні Гульняў прагнозы на выступ нашых спартсменаў у сталіцы Кітая гучалі і больш песімістычныя. Наўпрост да таго, што медалёў не будзе наогул. І варта сказаць, што такое бачанне выглядала цалкам рэалістычна, а выйграныя ўзнагароды можна лічыць у пэўным сэнсе сенсацыяй.

Ад Ганны Гуськовай поспеху чакалі не толькі таму, што дзяўчына падпісала ліст супраць гвалту і за новыя выбары. Усё ж алімпійская чэмпіёнка-2018, ноблес обліж, так бы мовіць. Аднак фаварыткай у Пекіне беларуска не была — і таму, што значную частку падрыхтоўкі ёй сапсавалі траўмы, і таму, што ад каманды з вядомых прычын адсунулі трэнера-мэтра Мікалая Казеку. Апошняе яшчэ адгукнецца беларускаму фрыстайлу, але ж, відаць, час для гэтага не прыйшоў. Часткова на старым багажы Ганна здолела здзейсніць маленькі спартыўны подзвіг, калі ў апошняй спробе скокнула «на ўсе грошы». Майстэрства не падвяло, а шчасце любіць смелых — прызямлілася 29-гадовая мінчанка на другую прыступку алімпійскага п’едэстала.

Антон Смольскі падпісаў іншы адкрыты ліст, а медаль яго той жа вартасці, што і ў Ганны Гуськовай. Хлопец вырваў яго ў супернікаў падчас першай жа гонкі — індывідуальнай, закрыўшы ўсе мішэні на чатырох агнявых рубяжах. І тут зноў жа: вынік дапушчальны, але не надта чаканы. Мужчынскі біятлон у Беларусі апошнім часам зорак з неба не хапае. Смольскі іншым разам на Кубку свету трапляе ў «прызы», то спрацавала гэта і ў Пекіне. Але галоўным чынам перамогі на Гульнях абяцалі не хлопцы, а дзяўчаты — галоўная надзея беларускай зборнай у Пекіне.

І вось гэтая надзея не спраўдзілася абсалютна, што ёсць галоўнай нечаканасцю Алімпіяды.

Асэнсавана за перамогамі ў Пекін адпраўляліся прынамсі дзве беларускія біятланісткі — Дзінара Алімбекава і Ганна Сола. Абедзве — асабліва першая — на трасах Кубка свету гойсалі ў ліку лідараў сезону, высока стаялі ў рэйтынгу і каціроўках букмекераў. Вядома, іх стаўкі былі ніжэйшыя, чым некалі ў Дар’і Домрачавай, але ж павешаная на сцяну стрэльба мусіла грымнуць хаця б таму, што ў біятлоне вельмі шырокая алімпійская праграма. Тут табе і змяшаная эстафета, і проста эстафета, і адразу чатыры класічныя адзіночныя старты. Нават тэорыя верагоднасці была на баку беларусак, але ж не склалася ад слова «зусім».

Найвышэйшы вынік Дзінара Алімбекава прадэманстравала ў «індывідуалцы» — стала пятай. Найлепшы фініш Ганны Солы — «драўляны» медаль (чацвёртае месца) у пераследаванні. І ўсё — астатнія спробы аказаліся фатальна няўдалымі, ад чаго дзяўчаты вельмі засмучаліся, адмаўляліся ад каментароў і часам нават плакалі.

biatlanistki.jpg


Не ішло ў іх сапраўды, хоць плач. Ні ў стральбе, ні ў лыжнай хадзе, што пад канец Гульняў вылілася ў найгоршы гістарычны вынік у эстафеце (13 месца). Чаму так здарылася? Падрабязна хай разбіраюцца спецыялісты, мы толькі заўважым тое, аб чым перасцярагалі раней. Беларускі не выйшлі на пік формы да Пекіна, і адбылося гэта, бадай, таму, што занадта шмат сіл было выдаткавана на спаборніцтвы ў Кубку свету. Канкурэнткі з іншых краін распарадзіліся энергіяй інакш — на КС запрагалі марудна, каб на Алімпіядзе перці да медалёў на рэактыўных хуткасцях. Калі так, то здзіўляцца няма чаму — кожны сам вызначае прыярытэты, а ўвесь сезон прайсці без хібаў могуць толькі геніі.

Што да астатніх беларускіх удзельнікаў Алімпіяды, то яны паказалі сумныя дасягненні. Але гэта быў запраграмаваны сум — што ў канькабежцаў, што ў лыжнікаў, альбо ў фігурыстаў. І каментары некаторых, падобныя інтэр’ерамі і інтанацыямі да вядомых «пакаяльных відэа», гэта толькі асобны эстэтычны штрых. Было і было, чакаць іншага тут не даводзілася.

Адказнае за спорт беларускае чынавенства, вядома, знойдзе пазітыў у алімпійскіх выніках зборнай. Лукашэнка, можна чакаць, пракаментуе выступ у супрацьлеглым рэчышчы — раскрытыкуе, як было пасля летняга Токіа. Праўда будзе недзе пасярэдзіне, бо па гамбургскім рахунку, два медалі — гэта нашае рэальнае месца ў сённяшнім зімовым спорце.

Ці можа быць лепей? Можа, але не «ў гэтым жыцці». Каб выступаць, напрыклад, як 5-мільённая Нарвегія, якая другія Гульні запар першынствавала ў агульным медальным заліку (зараз было 37 узнагарод, з якіх 16 залатых!), трэба і жыць прыблізна як Нарвегія. Ці хаця б стратэгічны кірунак узяць у напрамку лепшых — з належным выхаваннем рэзерву, з правільным планаваннем і расстаноўкай прыярытэтаў, з сучаснымі тэхналогіямі і чуллівым стаўленнем да атлетаў і іх трэнераў. Астатняе прыкладзецца, бо талентаў сярод беларусаў заўсёды хапала. Але на адных толькі талентах у сённяшнім спорце далёка не заедзеш.

Фота НАК Беларусі, AFP, pressball.by.