Спадчына пекінскай Алімпіяды. Дасье ў карыкатурах

20 лютага скончылася зімовая Алімпіяда ў Пекіне. Чым яна запомнілася і як увойдзе ў гісторыю? Адказ дапаможа знайсці падборка карыкатур.


Перш за ўсё, пекінская Алімпіяда — другая спроба правесці буйное спартыўнае мерапрыемства ва ўмовах пандэміі. Першымі, нагадаем, былі леташнія гульні ў Токіа. Турнір у Пекіне запомніўся яшчэ больш беспрэцэдэнтнымі мерамі барацьбы з ковідам. Была распрацавана спецыяльная мабільная праграма з данымі аб вакцынацыі, стане здароўя, свежых ПЛР-тэстаў для ўсіх удзельнікаў спаборніцтваў. Спартсменаў са станоўчымі тэстамі чакала ізаляцыя. Некаторыя ў выніку так не выступілі. Увогуле абмежаванні адназначна негатыўна паўплывалі на атмасферу свята. Некаторыя смяяліся, што вірус таксама быў удзельнікам Гульняў, што знайшло сваё адлюстраванне ў працах мастакоў.

1_532.jpg


Стартавала Алімпіяда вельмі рэзанансна. Праўда, спорт тут ні пры чым. Проста напярэдадні Пуцін, які прыляцеў у Пекін, зрабіў разам з Сі Цьзяпінам гучную сумесную заяву. Сэнс заявы — гатоўнасць КНР і РФ пачаць геапалітычнае супрацьстаянне з Захадам. Саюзніцкія адносіны тандэму Сі і ВУП з алюзіяй на спорт адлюстраваў адзін з мастакоў.

2_493.jpg

Не абышлося без допінг-скандалаў. У СМІ трапіла інфармацыя аб падазроным тэсце фігурысткі Камілы Валіевай, якая ўзяла золата. З-за гэтага не было ўзнагароджання прызёраў, а над самай расійскай спартсменкай навісла грозная хмара забароны на ўдзел у спаборніцтвах. Пасля доўгіх разглядаў Валіевай усё ж дазволілі выйсці на лёд. На старонках заходняй і расійскай прэсы гэты інцыдэнт страшна палітызавалі. Напрыклад, у адной з амерыканскіх газет Валіеву малявалі як пратэжэ Пуціна.

3_440.jpg

Антуражам спаборніцтваў былі бясконцыя спекуляцыі аб тым, што Расія вось-вось пяройдзе мяжу Украіны. Не дзіўна, што ў выніку некаторыя мастакі прапанавалі ўвесці новы від спорту «пераход мяжы».

4_412.jpg

Напярэдадні Алімпіяды праваабаронцы збіраліся выкарыстоўваць Гульні як спосаб прыцягнення ўвагі да праблем правоў чалавека ў КНР. Сапраўды, шмат у якіх гарадах свету прайшлі акцыі салідарнасці з палітвязнямі Паднябеснай. Аднак на фоне чутак пра вайну ва Украіне яны засталіся практычна незаўважанымі. Правал актывістаў мастак аднаго з сінгапурскіх СМІ прадставіў як казус падчас лыжнай гонкі. Калі Сі едзе далей, то праваабаронцы сходзяць з дыстанцыі.

5_379.jpg

Практычна не ўспаміналі падчас Гульняў і праблему уйгураў. Ігнараванне рэпрэсій супраць уйгурскага этнасу арыгінальна адлюстраваў адзін з аўстрыйскіх графікаў.

6_268.jpg

Застаецца дадаць, што дзень закрыцця Алімпіяды ў заходняй прэсе разглядалі як пачатак пераходу Пуціна да больш актыўных дзеянняў на ўкраінскім фронце. Маўляў, атака на Кіеў падчас Гульняў была трошкі неэтычнай з пункту гледжання кітайска-расійскіх адносін, і ў Крамлі чакалі яе фінішу. Адсюль выявы расійскага прэзідэнта, які з нецярпеннем чакае заканчэння спаборніцтва для нейкіх маштабных аперацый.

7_188.jpg


Будзем спадзявацца, што гэта толькі чарговыя газетныя качкі, сітуацыя стабілізуецца і свет спакойна пачне рыхтавацца да наступных Гульняў. На гэты раз летніх. Яны пройдуць у 2024 годзе ў Парыжы.