Лукашэнка ператвараецца ў «містара Ніхто», не здольнага кіраваць самастойна
Калі савецкі міністр Грамыка быў «містарам Не», то беларускага кіраўніка цяпер можна назваць «містарам Ніхто», піша журналіст Віталь Цыганкоў у блогу «Св***ды».
![МЗС Беларусі. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева МЗС Беларусі. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева](/img/v1/images/_mid__mzs__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
МЗС Беларусі. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева
16 лютага Уладзімір Макей нечакана і без бачнай прычыны склікаў прэс-канферэнцыю, на якой даволі адназначна сказаў важную фразу:
«Ніводнага вайскоўца, ніводнай адзінкі баявой тэхнікі не застанецца пасля гэтых вучэнняў».
![Пра што размаўляць Пуціну з Лукашэнкам? Беларуская дыпламатыя як размова з паветрам](/img/v1/images/8351.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Нагадаем, што здарылася пасля гэтага. Лукашэнка паехаў у Маскву, дзе «разам з Пуціным» яны вырашылі, што расійскія войскі пасля вучэнняў пакуль застануцца ў Беларусі.
Спадзяюся, нікому не прыйдзе ў галаву, што Макей выдаў нейкую «адсябечыну», не параіўшыся ў такім стратэгічным пытанні з Лукашэнкам. Хутчэй за ўсё, выконваў яго прамы загад.
Як трапна заўважыў калега Валер Карбалевіч, «прэс-канферэнцыя Макея закліканая была паказаць, што МЗС Беларусі ўсё яшчэ існуе і ў яго ёсць кіраўнік».
Не атрымалася. Міністэрства ёсць, але замежных справаў даўно ўжо няма.
Міністэрства ператварылася ў нейкі аддзел адміністрацыі прэзідэнта ў справах прапаганды і ідэалогіі.
І калі савецкі міністр Грамыка быў «містарам Не», то Макея цяпер можна назваць «містарам Ніхто».
Але ладна Макей. Сам Лукашэнка ператвараецца ў такога незразумелага Ніхто, які на любое пытанне цяпер адказвае: «Мне трэба параіцца з шэфам»... То-бок, «старэйшым братам».
«Ці будуць выведзеныя расійскія войскі пасля вучэнняў?» — «Выведзем тады, калі вырашым з прэзідэнтам Расіі гэта зрабіць і калі скончацца тут вучэнні. Гэта мы будзем прымаць рашэнне: гэта наша тэрыторыя».
![Калі расійскія войскі пакінуць Беларусь? Начальнік Генштаба не змог адказаць, калі расійскія войскі пакінуць Беларусь](/img/v1/images/_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__13__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
«Як доўга вы думаеце заставацца прэзідэнтам?» — пытаецца расійскі журналіст.
«Што тычыцца майго прэзідэнцтва, то вось мы зараз са старэйшым братам параімся і вырашым. Што вы перажываеце? Усё будзе нармальна», — адказвае Лукашэнка.
Цікава, што беларускія афіцыйныя медыя гэтую фразу не рэтранслююць. Нехта наверсе, відаць, адчуў, наколькі абразліва і прыніжальна яна гучыць для «суверэннага і самастойнага лідара». (Але расійскія СМІ са зларадным задавальненнем яе працытавалі).
Лукашэнка ўжо не кіруе тым, што адбываецца з Беларуссю, не кантралюе працэсаў, якія ідуць вакол краіны, — гэта становіцца відавочным для ўсіх удзельнікаў працэсу. Для Захаду, для Крамля, і галоўнае — для грамадзянаў Беларусі.