Начальнік Генштаба не змог адказаць, калі расійскія войскі пакінуць Беларусь

«Калі ў гэтым з'явіцца аб'ектыўная неабходнасць», — сказаў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Віктар Гулевіч на брыфінгу для ваенных аташэ.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


«Падраздзяленні Узброеных Сіл Расіі вернуцца ў свае пункты пастаяннай дыслакацыі толькі тады, калі ў гэтым з'явіцца аб'ектыўная неабходнасць, і калі мы гэта самі вызначым. Гэта выключна наша ўнутраная справа», — сказаў Віктар Гулевіч. Яго цытуе тэлеграм-канал Міністэрства абаронцы.
Начальнік Генштаба дадаў, што «ў немалой ступені гэта будзе залежаць таксама і ад нашых заходніх калег. Сілы і сродкі, якія былі размешчаны ва Усходнееўрапейскім рэгіёне, у тым ліку паблізу ад Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, з'яўляюцца адным з фактараў, якія ўплываюць на далейшае развіццё сітуацыі».
На думку Гулевіча, Беларусь мае права патрабаваць адводу створаных груповак войскаў ЗША і асобных краін-членаў НАТА ад межаў нашай краіны і Саюзнай дзяржавы, і забяспечыць кантроль вываду войскаў мерапрыемствамі верыфікацыі.