Беларуская дыпламатыя як размова з паветрам

Бачна, беларускім уладам зарання паведамілі, што грошай не будзе. А таму яны схапіліся за галаву з енкам: «Што рабіць, што рабіць?». І кінуліся ў замірэнчую рыторыку ў адносінах да суседзяў. Маўляў, «зразумейце наш асаблівы шлях».

8351.jpg


Расійскі міністр фінансаў Антон Сілуанаў паведаміў, што Беларусь не атрымае ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) запытаныя 3,5 мільярды долараў. Магчымасці выдаць такую суму ў фонду няма. Усё, што можна зрабіць для Сінявокай — гэта падтрымаць рэфінансаванне тых даўгавых абавязацельстваў, якія ёсць у Беларусі перад знешнімі крэдыторамі. У першую чаргу гаворка можа ісці аб рэфінансаванні асноўнага доўгу прыкладна ў $1 млрд у год перад Расіяй і Тым самым ЕФСР.

Што такое «рэфінансаванне»? Па факце, гэта перакладанне грошай з адной кішэні ў іншую. Дапамога з «рэфінансаваннем» азначае, што сродкі з аднаго рахунку ў маскоўскім банку пяройдуць на іншы рахунак у маскоўскім банку, чым дасягаецца адтэрміноўка плацяжу. Нічога іншага, апроч адтэрміноўкі, Беларусь не атрымае. Але грошы хацелася б узяць жыўцом.

Таму раптам узбудзіліся айчынныя чыноўнікі і міністры. Спадар Макей, які кіруе МЗС, выдаў вялікую прэс-канферэнцыю, чаго не здаралася з ім даволі даўно. Большасць СМІ, у тым ліку і замежных, выскубла з яго двухгадзіннай прамовы толькі адно: тое, што расійскія войскі будуць поўнасцю выведзены з Беларусі пасля вучэнняў «Саюзная рашучасць — 2022». А ўсё астатняе, сказанае кіраўніком МЗС, пакінулі «за кадрам».

Гэта не дзіва, бо Макей, фактычна, усю прэс-канферэнцыю скардзіўся, што з ім ніхто не хоча размаўляць. Маўляў, заходнія палітыкі прыслухоўваюцца да апанентаў Лукашэнкі ў Вільні і Варшаве, а «сур’ёзная палітыка так не робіцца», і размаўляць трэба з тымі, хто «рэальна прымае рашэнні ў краіне». Ён забыўся на свае словы пра тое, што «санкцыі прывядуць да таго, што грамадзянская супольнасць перастане існаваць» і заявіў, што тая самая грамадзянская супольнасць існуе. «Больш за тое, плануецца распрацоўка нейкага заканадаўчага акту аб грамадзянскай супольнасці», — сказаў ён.

Вось гэта «нейкага заканадаўчага акту» — асабліва дастаўляе.

Ён не выказаўся ў звыклай ваяўнічай рыторыцы пра рашэнне Украіны спыніць транзіт беларускага калію, абышоўшы гэты момант агульнымі разважаннямі пра тое, што «ва ўрадзе створана працоўная група па супрацьдзеянні санкцыям», аднак падкрэсліў, што Масква, нібыта, не ведала пра размову міністраў абароны Беларусі і Расіі Віктара Хрэніна і Аляксея Рэзнікава, якая адбылася ў панядзелак. Вынікам размовы стала тое, што ваенныя аташэ абедзвюх краін наведалі вучэнні: беларускі — ва Украіне, а ўкраінскі — у Беларусі.

Ну і, канешне, Макей адпрэчыў перамовы «з тымі, хто праводзіць адкрытую антыдзяржаўную палітыку і заклікае да санкцый, аказвае ціск на Беларусь». І гэта можна расцаніць як заклік: «Размаўляйце не з імі, размаўляйце з намі».

Але ведаеце што? Для таго, каб было з кім размаўляць, трэба ад пачатку не знішчаць тых, з кім потым будзеш дамагацца размовы. Менавіта беларускі бок скараціў да мінімуму амбасады Літвы і Латвіі, менавіта беларускі бок не выдаў візу амерыканскаму паслу Джуліі Фішэр, менавіта беларускі бок прапанаваў «выехаць для кансультацый» прадстаўніцтву Еўрасаюза ў Беларусі. І цяпер адбываецца тое, пра што таксама папярэджвалі аналітыкі і недзяржаўныя СМІ. А канкрэтна, ніхто не можа, па словах Макея, «размаўляць з тымі, хто рэальна прымае рашэнні ў краіне», таму што сам спадар Макей выціснуў з краіны амаль усіх, хто мог бы размаўляць.І калі спадар Макей лічыць слушнай палітыку ціску на незалежныя СМІ, якія яго пра гэта папярэджвалі, то яму б варта было паглядзецца ў люстэрка. І, можа быць, падумаць пра тое, што санкцыі былі ўведзеныя не проста так, а ў тым ліку ў адказ на ўціск тых самых незалежных СМІ.

Праўда, паглядзецца ў люстэрка мы заклікаем ужо не першы раз, і, падаецца, справа гэтая ўжо бессэнсоўная.Але працягнем: за чатыры дні да заканчэння вучэнняў «Саюзная рашучасць — 2022» і пасля заявы Мінабароны Расіі пра тое, што пачаўся вывад расійскіх войскаў з Беларусі, ваенны аташэ амбасады Германіі ў Мінску атрымаў запрашэнне назіраць за расійска-беларускімі вучэннямі на тэрыторыі Беларусі. А той самы міністр абароны Сінявокай Віктар Хрэнін раптам узгадаў, што ў яго ёсць галоўнакамандуючы, які яму не ставіў задачы нападаць на Украіну.
І ўсё гэта адбываецца праз якія-небудзь 10 дзён пасля таго, як Лукашэнка паабяцаў, што «вайна з Украінай працягнецца тры-чатыры дні», а сілы АДКБ «будуць стаяць ля Ла-Маншу».

У нейкія іншыя часы мы бы разважалі, што здарылася, чаму рыторыка беларускіх уладаў раптам змянілася на адваротную, і ці толькі ў адмове ў крэдыце справа. Але цяпер пра тое разважаць не даводзіцца. Відавочна, што ўлады нарэшце ўцямілі, чым ім пагражае тая самая парушаная палітычная суб’ектнасць, пра якую мы пісалі на мінулым тыдні, і ліхаманкава кінуліся яе аднаўляць вербальнымі інтэрвенцыямі.
Але вербальных інтэрвенцый (у розных іх праявах) відавочна недастаткова для таго, каб гэтую суб’ектнасць узнавіць. Таму што ўсе ўжо звыклі — словы беларускіх чыноўнікаў, нават вышэйшых, нічога не вартыя.І яшчэ невядома, ці сапраўды гэтыя заявы выкліканыя «самастойнай беларускай палітыкай», ці тым, што Крэмль пакрысе пачынае «здаваць назад» у пытанні эскалацыі ў рэгіёне. А ў вачах Захаду — менавіта на тое і выглядае.
Таму сустрэча Пуціна і Лукашэнкі, якая павінна адбыцца сёння, будзе надзвычай цікавай. Асабліва тое, з якой пазіцыі Пуцін будзе размаўляць з Лукашэнкам і якой даўжыні будзе стол, за якім яны сустрэнуцца.