Беларусь запрасіла Германію паназіраць за вучэннямі «Саюзная рашучасць»

Беларусь запрасіла Германію на назіранне за сумеснымі з Расіяй вучэннямі «Саюзная рашучасць — 2022», якія праходзяць на нашай тэрыторыі.  Запрашэнне было перададзена ваеннаму аташэ амбасады Германіі ў Мінску.

Вучэнні «Саюзная рашучасць — 2022». Фота: Мінабароны РФ

Вучэнні «Саюзная рашучасць — 2022». Фота: Мінабароны РФ


«Так, такое запрашэнне паступіла. Мы плануем, калі дазволяць лагістычныя магчымасці, прыняць яго», — сказаў на брыфінгу ў сераду прадстаўнік нямецкага МЗС Крыстафер Бургер, паведамляе ТАСС.
Раней, 14 лютага, міністры абароны Беларусі і Украіны таксама дамовіліся аб узаемных візітах назіральнікаў на вучэнні. Украінскі вайсковы аташэ наведаў Беларусь і паназіраў за вучэннямі «Саюзная рашучасць» 15 лютага. Сёння візіт у адказ на ўкраінскія вучэнні «Мяцеліца-2022» здзейсніў ваенны аташэ беларускай амбасады ў Кіеве.
Вучэнні «Саюзная рашучасць-2022» па адпрацоўцы абароны Саюзнай дзяржавы ад знешняй агрэсіі і тэрарыстычных пагроз пачаліся 10-га і працягнуцца да 20 лютага. Для іх на тэрыторыю Беларусі была перамешчана вялікая колькасць расійскіх войскаў, узбраенняў і тэхнікі. Кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей 16 лютага заявіў, што пасля вучэнняў ўсе расійскія войскі будуць выведзеныя з краіны.