Пяскоў: гаворкі аб далейшай прысутнасці расійскіх войскаў у Беларусі не ідзе
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што расійскія войскі не застануцца ў Беларусі пасля заканчэння вучэнняў «Саюзная рашучасць 2022».
«Пра гэта цяпер гаворкі не ідзе», — сказаў ён у адказ на пытанне, ці будзе разглядацца пытанне аб прысутнасці войскаў пасля вучэнняў, паведамляе REFORM.by са спасылкай на ТАСС.
Сёння Лукашэнка заявіў, што войскі будуць заставацца ў Беларусі столькі, колькі яны вырашаць разам з Пуціным. Іх можна вывесці за суткі, але калі яны палічаць патрэбным, то войскі застануцца ў нашай краіне на месяц ці больш, як таго запатрабуюць пытанні бяспекі.
Пяскоў таксама адзначыў, што пакуль у графіку прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна няма сумеснай інспекцыі вучэнняў з Лукашэнкам. Заўтра яны сустракаюцца ў Маскве.
«У графіку Пуціна сумеснай інспекцыі няма, хоць прэзідэнты могуць дамовіцца пра што заўгодна. Цяпер гэтага няма ў графіку прэзідэнта», — сказаў Пяскоў.
А Лукашэнка сёння падчас наведвання палігона «Асіповіцкі» заявіў, што едзе ў Расію на два дні. Яго візіт будзе доўжыцца 18 і 19 лютага. Пры гэтым ён мае намер разам з Пуціным паназіраць за вучэннямі.
«Учора ў 13 гадзін мы пагаварылі з ім, узгаднілі план дзеянняў на пятніцу-суботу, таму што вучэнні ў нас працягнуцца і ў суботу. Якая будзе форма гэтых вучэнняў і дзе мы з Пуціным будзем прысутнічаць на вучэннях, гэта вас праінфармуе расійскі бок», — сказаў Лукашэнка.