«Федэрацыя не хоча, каб мы змагаліся за высокія месцы»

Да заканчэння футбольнага чэмпіянату краіны застаецца менш за месяц. І пакуль абсалютна не вядома, хто і ў якой Беларусі выйграе гонку ды атрымае медалі. Працягваюцца пратэсты і маршы — працягваецца і футбол. Ён быццам існуе ў паралельнай рэчаіснасці, аднак жарсці віруюць і тут. У вышэйшай лізе ёсць свае ўладары, свая апазіцыя — і свая пратэставая актыўнасць.

Суддзя Сяргей Гараюцін перашкодзіў «Нёману» перамагчы. Фота прэс-службы ФК «Нёман»

Суддзя Сяргей Гараюцін перашкодзіў «Нёману» перамагчы. Фота прэс-службы ФК «Нёман»

Галоўныя «апазіцыянеры» — гэта, вядома, гульцы «Нёмана». Яшчэ колькі тыдняў таму мы пісалі, як упэўнена і паспяхова гродзенцы варушаць наша застарэлае футбольнае балота. І сапраўды: заходнікі перамагалі, падымаліся ў табліцы ўсё вышэй, і ў нейкі момант аналітыкі і журналісты загаварылі пра тое, што каманда ў стане не проста выйграць медалі, а нават узяць золата.

Але далей, як пішуць у раманах, прайшоў час. І ён паказаў, што ўсё ж такі не: пра нацыянальны футбольны скіпетр нёманцам думаць рана. Тут бы ўтрымацца ў тройцы, што напрыканцы кастрычніка таксама не выглядае высокаверагодным.

Усё таму, што «Нёман» нібыта спужаўся ўласнага ценю. Ці захлынуўся ад свайго энтузіязму. У пазамінулым туры гродзенцы прайгралі андэрдогам з Гарадзеі, і тое яшчэ можна было спісаць на эпізадычны эксцэс выканаўцы — ну, з кім не бывае. Але на тым жалобны марш каманды не скончыўся — пахавальная музыка мела працяг і ў наступным туры, калі ў госці да хлопцаў Ігара Кавалевіча завітала мазырская «Славія».

Так, нёманцы зноў саступілі. Праўда, гульні спадарожнічала важная акалічнасць, а калі гаварыць прама — судзейскі скандал. Матч абслугоўваў мінскі рэферы Сяргей Гараюцін, і ў лужыну ён сеў ужо ў сярэдзіне першага тайма. Мазырскі паўабаронца Тлупаў выскачыў на аператыўны прастор перад гродзенскай штрафной і быў знесены супернікам. Свісток з нагоды фолу прагучаў справядліва, але далей арбітр нечакана страціў сувязь з рэальнасцю. Добра, парушальніка Лягчыліна ён выдаліў з поля, пакінуўшы «Нёман» у меншасці. Але ў дадатак суддзя прызначыў і пенальці на карысць «Славіі», хаця нават з вокнаў суседніх шматпавярховікаў было відаць, што інцыдэнт адбыўся да ўваходу ў штрафную.

Мазыране «пеналь» выкарысталі, а гаспадары поля, атрымаўшы дурны гол і страціўшы вядучага абаронцу, так і не здолелі сітуацыю выправіць. Пасля, зразумела, паліўся кіпень. Спартыўны дырэктар «Нёмана» Дзмітрый Кавалёнак — надзвычай інтэлігентны чалавек, які валодае французскай мовай, — і той не стрымаўся ды выказаўся наконт судзейскай брыгады ядронымі словамі на «вялікай і магутнай».

Галоўным жа спікерам традыцыйна выступіў трэнер каманды Ігар Кавалевіч. «Відаць, федэрацыя не хоча, каб мы змагаліся за высокія месцы, — эмацыйна адзначыў рулявы гродзенцаў. — Нельга не заўважыць відавочнага, калі ўся краіна бачыць, што парушэнне было ў метры ад штрафной. Але нам ставяць пенальці. Ну, можна тады прызначаць пенальці ў цэнтры поля, калі правілы парушыш. Да каманды ніякіх прэтэнзій прад’явіць не магу. Мы будзем змагацца далей».

Цяжка сказаць, якія планы ў БФФ наконт развязкі чэмпіянату (і ўвогуле ці яны ёсць), але што судзейства застаецца слабым звяном беларускага футбола — пра тое гавораць ужо не першы год. У мінулым сезоне вышэйшую лігу скалануў скандал у Брэсце — калі арбітр Віктар Шымусік наламаў дроў у гульні мясцовага «Дынама» з «Шахцёрам», а цяпер неспакойна ў Гродна. І невядома, колькі судзейскіх праколаў нас яшчэ чакае. Бо настае час вырашальных матчаў, дзе цана памылкі вырастае неймаверна.

Між тым, была ў гульні «Нёмана» са «Славіяй» яшчэ адна цікавая акалічнасць. Мясцовыя ўлады вырашылі, што ў гэтым матчы гледачоў на трыбуны пускаць не варта. Афіцыйна тое патлумачылі «пагаршэннем эпідэміялагічнай сітуацыі», з чаго ў заходнім горадзе ўжо даўно рагочуць. Як нядзеля — традыцыйны дзень пратэставай актыўнасці беларусаў — дык з эпідэміялогіяй у Гродна бяда. А так у цэлым пандэмію мы, канешне, перамаглі, забыліся на яе і вадой запілі. І наогул, ніякага каронавіруса не існуе, гэта вынаходніцтва ценявога сусветнага ўраду і злачынная змова масонскай ложы.

На фоне ачковых страт «Нёмана» ў табліцы адбыліся тэктанічныя зрухі. Уверх падцягнулася брэсцкае «Дынама», якое яшчэ нядаўна цялёпкалася недзе ў сярэдзіне табліцы, а цяпер — за кошт шасці перамог запар — зраўнялася з гродзенцамі. І ўжо пайшлі размовы, што «рэвалюцыі» не будзе, а п’едэстал звыкла падзеляць паміж сабой традыцыйныя фаварыты і іерархі. Хто ведае, магчыма, усё так і атрымаецца. Аднак нельга не заўважыць на верхніх таблічных паверхах яшчэ аднаго карбанарыя, які імкнецца з гразі ў князі.

Так, гэта жодзінскае «Тарпеда». Каманда трэнера-мэтра Юрыя Пунтуса набрала зайздросны ход — 12 ачкоў у пяці апошніх матчах. Аўтазаводцы шмат забіваюць, гуляюць з імпэтам, і яны цяпер маюць тыя ж 47 балаў, што і Гродна з Брэстам.

Карацей, наперадзе шмат цікавага. Калі вы любіце беларускі футбол, то цудоўна гэта ведаеце. Калі вернеце нос і бурчыце нешта пра сурагат і Лігу чэмпіёнаў, дзе ўсё інакш і лепей, — то прыгледзьцеся, можа, вока і зачэпіцца. Сённяшняя Беларусь як ніколі засяроджаная на сабе — у палітыцы, грамадскіх рухах і гістарычных перспектывах. Футбол і спорт увогуле — гэта працяг жыцця, у некаторым сэнсе яго злепак. Глядзіце — і самі ўсё ўбачыце.

Тым больш самі футбалісты таксама бачаць, што адбываецца навокал. Так, яны збольшага баязліва маўчаць, але сведкі падказваюць, што многія на светлым баку. Як той жа капітан брэсцкага «Дынама» Алег Вераціла, які пасля панядзелкавага матча з «Мінскам» напісаў у сацсетках: «Так, гульня, так, перамога, але думкі мае — з народам…»


Чэмпіянат Беларусі. Вынікі 27-га тура

24.10. ГАРАДЗЕЯ — СМАЛЯВІЧЫ — 4:0 (Алібекаў, 19 — аўтагол, Дзібіргаджыеў, 62, Джуары, 75, Шыбун, 90). БАТЭ (Барысаў) — ВІЦЕБСК — 3:1 (Скавыш, 43, 63, Міліч, 83 — Чалаў, 68). ДЫНАМА (Мінск) — БЕЛШЫНА (Бабруйск) — 3:1 (Шытаў, 32, Клімовіч, 71, Хвашчынскі, 77 — Сазановіч, 20). 25.10. НЁМАН (Гродна) — СЛАВІЯ (Мазыр) — 1:2 (Жукоўскі, 74 — Шаўчэнка, 27, з пенальці, Дудар, 36 — аўтагол). ЭНЕРГЕТЫК-БДУ (Мінск) — ШАХЦЁР (Салігорск) — 1:1 (Юдчыц, 61, з пенальці — Кендыш, 6, Падстрэлаў, 32). РУХ (Брэст) — ІСЛАЧ (Мінскі раён) — 1:1 (В. Васільеў, 31 — Юсаў, 86). 26.10. МІНСК — ДЫНАМА (Брэст) — 1:2 (Лапцеў, 29 —аўтагол — Лапцеў, 6, 57). ТАРПЕДА-БЕЛАЗ (Жодзіна) — СЛУЦК — 4:1 (Габоўда, 35, 48+, Хачатуран, 41, Мікалаевіч, 78 — Сірыма, 22).

turnirnaja_tablica_27_tura.jpg

ПЕРАНЕСЕНЫЯ МАТЧЫ: 31.10. Славія — Дынама Бр., Белшына — Шахцёр. 1.11. Энергетык-БДУ — Слуцк. 28-мы ТУР. 6.11. Іслач — Мінск, Віцебск — Рух. 7.11. Смалявічы — Нёман, Слуцк — Гарадзея, Дынама Бр. — Тарпеда–БелАЗ, Шахцёр — БАТЭ. 8.11. Белшына — Энергетык–БДУ, Славія — Дынама Мн.