Італія — і ўсе-ўсе-ўсе

Футбольны чэмпіянат Еўропы цэлы месяц адцягваў нашу ўвагу ад змрочнага наваколля. У яго атрымалася: EURO віраваў эмоцыямі, фантанаваў жарсцямі, быў шчодры на яскравыя гульні і песціў сенсацыямі. Час праляцеў непрыкметна, і вось ужо каторы тыдзень старасвецкая футбольная супольнасць з асалодай робіць высновы. Зробім іх і мы, каб прыпыніць імгненне і зафіксаваць галоўнае.

reuters_1.jpg


Галоўнае ж у футболе — гэта каманды. У нашым выпадку — нацыянальныя зборныя, якія «зрабілі» нам гэты ЧЕ.
КАМАНДА-КРЭМЕНЬЗборную Італіі перад стартам лічылі фаварытам хіба што па інэрцыі. Ну, «Скуадра Адзурра» — маштаб і веліч, нельга абмінуць увагай. Аднак па гамбургскім рахунку, употай альбо адкрыта, назіральнікі-аналітыкі ды каціроўшчыкі букмекерскіх ліній ледзьве не аднагалосна ядналіся ў думцы: «макароннікі», можа, і крутыя хлопцы, але куды ім да тых жа французаў ці бельгійцаў… Няма, маўляў, у іх касмічных зорак кшталту Мбапе, Лукаку, Кантэ і Де Бройнэ. Няма нават велічынь, якія здабывалі славу італьянскага футбола раней — такіх, як Тоці, Пірла, Канавара, Буфон.\
Ну і што? — нібыта адказалі свету апенінскія гульцы. Футбол — справа калектыўная, а вялікія перамогі здабываюцца гуртам. Тым і ўзялі тытул, паказаўшы сябе менавіта гэтым — адзіным цэлым, камандай-крэмнем, калектывам аднадумцаў.
Шлях італьянцаў да золата быў вытканы прыгожымі выцінанкамі. Тры перамогі на групавым этапе: над туркамі, валійцамі і швейцарцамі. І затым плей-оф цераз галовы аўстрыйцаў, бельгійцаў, іспанцаў і — у фінале — англічан. У рэшце рэшт знайшоўся ў каманде і сапраўдны лідар — 22-гадовы брамнік Джанлуіджы Донарума. Ён пацягнуў два пенальці ў пасляматчавай серыі ў фінале і літаральна ўцягнуў Італію на верхнюю прыступку п’едэстала. За што быў справядліва прызнаны лепшым футбалістам чэмпіянату.
КАМАНДА-ПРАКЛЁНГледзячы на выступы зборнай Англіі на топ-турнірах, часам так і хочацца сказаць не зусім паліткарэктнае: не тую краіну назвалі Гандурасам. Ну, насамрэч: родапачынальнікі футбола, самы моцны і прэстыжны нацыянальны чэмпіянат, гульцоў экстра-класа можна саліць у балёнах як агуркі — так іх шмат на брытанскіх выспах. А шчасця ўсё няма і няма.
Гэтым разам яно было вельмі блізка, і англійскія фанаты ўжо летуценна сціскалі кулакі — ну вось жа вяршыня, застаўся апошні крок. Але не: дбайна адпрацаваўшы ў групавым раўндзе, справіўшыся ў гульні на вылет з украінцамі, немцамі і датчанамі, фінал Англія прайграла. І дзе — на родным лонданскім «Уэмблі», які так прагнуў доўгачаканага трафея… Не — зноў не. Зноў давядзецца пачакаць.
Чакаюць брытанцы ўжо 55 гадоў — з 1966-га, калі першы і апошні раз уздымалі кубак, перамогшы на чэмпіянаце свету. Потым — як адрэзала. Нібыта нейкі праклён стрыножыў каманду, у якой для поспеху ёсць усё. І усялякі раз ёй чагосьці не хапае.
КАМАНДА-СЕНСАЦЫЯПаўфінал, у якім зборная Даніі сустракалася з англічанамі, журналісты назвалі «Андэрсен супраць Шэкспіра». Казкі не атрымалася: жорсткі Атэла хай і з пенальці-скандалам, але прыдушыў Дэздэмону-Русалачку. Зрэшты, гэта аніяк не паўплывала на галоўнае ўражанне ад гульні датчан: яны расквецілі EURO свежымі фарбамі і сталі галоўнай сенсацыяй турніра.
А іх жа хавалі ўжо ад самага пачатку — пасля неспадзяванай паразы ад дэбютантаў-фінаў, якая азмрочылася яшчэ і стратай праз сардэчныя праблемы лідара Крысціяна Эрыксена. Здавалася, усё, гамон, няма чаго лавіць на ЧЕ гэтым абяскроўленым паўночнікам.
Толькі справа ў тым, што не адзіным Эрыксанам сёння мае моц дацкая каманда. Там вырасла цэлая генерацыя гульцоў хай-класа — яны практыкуюць у топавых клубах: «Барселоне», «Чэлсі», «Інтары», «Мілане»… Сабраўшыся разам на EURO яны стрэлілі магутным кумулятыўным эфектам. З прыгодамі выкараскаліся з групы, а потым на поўнай пары ўляцелі ў чацвёрку лепшых зборных Старога Свету. Пра гэта каманде з маленькай 6-мільённай краіны можна было толькі марыць.
КАМАНДА-КРЫШТАЛЬПерад пачаткам ЧЕ зборная Францыя зіхацела і асляпляла, як латарынгскі крышталь. Што ты: дзеючы чэмпіён свету, у складзе скрозь «топавы топ» — адна толькі атакуючая тройка Мбапе, Грызман, Бензема чаго вартая. На чале — вопытны трэнер Дзідзье Дэшам, які трымае ўсё гэтае сузор'е ў тонусе і пад кантролем.
Французаў называлі галоўнымі фаварытамі чэмпіянату і цалкам мелі на тое рацыю. Але, як часта бывае, прадказанні паляцелі ў сметніцу. Ад «трохкаляровых», згодна з класікай, кровапраліцця чакалі, а яны з'елі чыжыка. Іх столлю на еўрапейскім першынстве стала першая ж фаза плей-оф. У 1/8 фінала зорная, наўкол тытулаваная французская каманда капітулявала перад простымі хлопцамі са Швейцарыі.
Так, здарылася драма: гульня дакацілася да серыі пенальці, дзе схібіў самы дарагі футбаліст свету (160 мільёнаў еўра) Кіліян Мбапе. Але ж ці варта было даводзіць справу да пасляматчавай «латарэі» і тым больш даваць суперніку адыграцца з ліку 3:1? Вядома, не. Бо ёсць у крышталя адна ўласцівасць: блішчыць ён прыгожа, аднак і б’ецца лёгка.
КАМАНДА-КАЛОСЗборная Бельгіі — яшчэ адзін удзельнік EURO, у якога слабыя месцы перад стартам шукалі з ліхтарамі і не знаходзілі. Калі французы ўступалі ў барацьбу дзеючымі чэмпіёнамі свету, то бельгійцы распачыналі турнір у ранзе лідара сусветнага рэйтынгу. Не дапамагло: генерацыя «залатых хлопчыкаў» зноў засталася ні з чым.
Яны прайшлі крыху далей, чым «трохкаляровыя», — да чвэрцьфінала, дзе саступілі будучым чэмпіёнам італьянцам. І гэтая параза прынесла ім не проста расчараванне, а і панурую лебядзіную песню. Бо ўзроставых гульцоў у бельгійскім складзе была цэлая прорва: 11 чалавек перасягнулі мяжу ў 30 гадоў. Гэта значыць, што саспела змена пакаленняў — працэс балючы і праблемны.
Вось так яно бывае: ёсць у цябе каманда-калос, а ногі ў яе ад разу ў раз аказваюцца глінянымі. Шмат апошніх гадоў Бельгія справядліва ўспрымалася на ўзроўні лепшых зборных свету, а ў выніку так і не выйграла аніводнага трафея.
КАМАНДА-ПЧАЛАНа ЧЕ хапала зборных так званай «сярэдняй рукі», гледзячы на якіх, заўзятары атрымлівалі асалоду. Годна трымалася Чэхія, месцамі феерылі швейцарцы, прыстойна паказалі сябе аўстрыйцы, і нават дэбютанты фіны з македонцамі дзе-нідзе выклікалі сімпатыі і павагу. Аднак з гэтага шэрагу працавітых, старанных, як пчаліны рой, каманд мы ўсё ж вылучым іншую — зборную Венгрыі.
Так, яна нават не выйшла з групы, але што там была за група! З такой і не выходзяць — у такой можна толькі прыгожа «загінуць». У венграў гэты атрымалася выдатна, і яны нават да апошняга прэтэндавалі на плей-оф. На пачатку толькі пакорліва саступілі ўладальнікам еўрапейскага тытула партугальцам — 0:3. Але потым пайшлі ва-банк і папілі шмат крыві іншым грандам-фаварытам. У выніку — дзве пачэсныя нічыі. З французамі — 1:1, і з немцамі — 2:2. Прычым у абодвух выпадках мадзьяры вялі ў ліку, а немцам дазволілі адыграцца толькі на 84-й хвіліне. За тое венгерскіх гульцоў ухваляем мы — і не толькі мы. Добрых слоў на іх адрас наляцела адусюль.
КАМАНДА-ВЯЗУХАА вось зборная Украіны пакінула пасля сябе надта супярэчлівы ўспамін. З аднаго боку, гарныя хлопцы паказалі станоўчы вынік. Чвэрцьфінал — гэта васьмёрка мацнейшых каманд у Еўропе. З іншага — якасць гульні «жоўта-блакітных» выклікала шмат пытанняў.
У плей-оф украінцы патрапілі як «ліміт» — з трэцяга месца ў групе, за кошт найлепшых паказчыкаў у завочным спаборніцтве. Увогуле, на першым этапе паўднёвыя нашы суседзі змаглі адолець толькі неафітаў-македонцаў — Нідэрландам жа і Аўстрыі саступілі цалкам заканамерна. Потым, канешне, быў файны эпас у 1/8 фінала са шведамі, аднак і там па выніках 90 хвілін адбылася нічыя — з «вар’яцкім» голам Доўбіка напрыканцы авертайма. Ну а ў чвэрцьфінале каманда, за якую ў сацсетках гучна «тапіў» прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, фактычна без барацьбы, 0:4, спасавала перад англічанамі.
На выхадзе — усяго адна чыстая вікторыя, дзякуючы якой украінцы і сягнулі так далёка. У наступны раз можа пашанцаваць значна меней.
КАМАНДА-ЦЕНЬСказалі пра адных суседзяў, то трэба і пра другіх. Калі на хатнім для сябе чэмпіянаце свету-2018 зборная Расіі нечакана дайшла ажно да чвэрцьфінала, гэта займела два наступствы — імгненнае і адкладзенае. Імгненна радавалася ўся агромністая краіна, ад Калініграда да Хабараўска, і яе лёгка зразумець. Адкладзена — с цягам часу у гульцоў, і асабліва галоўнага трэнера Станіслава Чарчэсава, непамерна вырасла самаацэнка…
Гэты EURO вярнуў расіян з нябёс на зямлю. Нагадаў, што як былі яны даволі пасрэднай камандай, так і засталіся. Усё, што здолела зрабіць гэтая каманда на ЧЕ, — гэта перамога над фінамі з мінімальным лікам 1:0. На бельгійцаў (0:3) і датчан (1:4) пораху ў рускіх футбалістаў ужо не засталося.
Дзівосным шлейфам пасля няўдалага выступу за зборнай Расіі пацягнулася эпапея з адстаўкай трэнера. Чарчэсаў сыходзіць не хацеў — ківаў на дзеючы кантракт і гаварыў, што яго каманда на чэмпіянаце Еўропы паказала добрую гульню. Журналісты і заўзятары хапаліся за галовы, а працадаўца — Расійскі футбольны саюз — не ведаў, што рабіць, і толькі красамоўна пазіраў у бок Крамля. Нарэшце адтуль прыляцелі словы Уладзіміра Пуціна: маўляў, «кадравы складнік» было б добра памяняць.
Пасля гэтага — вось супадзенне — жаданне заставацца на чале зборнай у Чарчэсава адразу знікла.