Я з глабальнай вёскі. Як выглядаў ЧС-2022 знутры

У нейкім сэнсе Чэмпіянат свету па футболе ў Катары стаў першай спробай сапраўды глабальнага турніра будучыні. Такога, дзе нацыянальнасць вызначаецца не колерам скуры ці пашпарту, а хіба што колерамі каманды, за якую заўзееш.

img_7246_logo.jpeg

Самавызначэнне да аддзялення

Катарскі праект быў незвычайным з першага дня і ўвесь час працягваў мяняцца ў бок незвычайнасці. Спачатку — абяцанні пабудаваць стадыёны з кандыцыянерамі (што і было зроблена), потым — неабходнасць пераносіць матчы з летніх +50 у лістападныя +30. Спачатку — нібыта поўнае разуменне неабходнасці піва на стадыёнах, потым — раптоўная антыалкагольная кампанія, з-за якой на арэнах за некалькі дзён да старта вымушаны былі экстрэна перабудоўваць ужо гатовыя павільёны Budweiser пад «нулёвачку».
Спачатку — абяцанні першага ў гісторыі СO2-нейтральнага першынства і поўнай экалагічнасці (камандам і заўзятарам не прыйдзецца далёка ездзіць, усё ў радыусе 80 кіламетраў), потым — па 60 самалётаў у суткі толькі ў Дубай (а былі яшчэ некалькі дзясяткаў у Маскат, Кувейт, Эр-Рыяд, Джыду, Манаму), бо заўзятарам няпроста недзе знайсці больш-менш адэкватнае жыллё.

img_5176_logo.jpeg


Іншыя краіны на перыяд топ-турніраў адмяняюць візы, каб павялічыць колькасць турыстаў (напрыклад, беларусам у «мірны» час уезд на 30 дзён у Катар вольны). Тут — наадварот, візу ўвялі. У яе якасці працавала так званая «хайя-кард». Без яе на самалёты да Дохі ўвогуле не саджалі. А атрымаць яе можна было толькі пасля набыцця, па-першае, квітка на матч, па-другое — жытла хаця б на пару начэй. Можна і без жылля — але тады прыляцець і ўляцець трэба было на адным з «дубайскіх» шатлаў… А пацвярджалі «хайю» катарцы не без прыгод — бывалі выпадкі, калі абілечаныя і забяспечаныя жыллём заўзятары амаль месяц пляваліся на вечны статус «pending» у мабільнай прыладзе.
І гэта, і дарагавізна квіткоў і ложкамесцаў, і кепскі імідж хранічных парушальнікаў правоў чалавека, і блізкасць Калядаў, канешне, адбіліся на колькасці наведвальнікаў. Reuters паведаміў, што за першыя два тыдні ў Катар прыбылі 765 000 турыстаў. Чакалі 1,2 млн.
Дзеля справядлівасці трэба ўдакладніць: знайсці ложак у спецыяльнай рэзервацыі для заўзятараў «Барва Барахат Аль-Джануб» можна было прыкладна за 80 долараў ЗША ў суткі. Праўда, як жартавалі ў тамтэйшым Кластэры «Q», адтуль да Дохі і да мяжы з Саудаўскай Аравіяй прыкладна аднолькава. Але ж гэта быў неблагі варыянт, і менавіта там месцілася значная частка шалёнай аргенцінскай інчады, якая дзеля гэтага залезла ў крэдыты, прадала машыны і кватэры. У «Караван-Сіці» — гіганцкай трэйлернай вёсцы ўжо ў Досе — цэны пачыналіся ад 112 долараў, і знайсці там нешта было магчыма амаль усю дарогу. Так, нятанна, але адтуль можна за 10 хвілін пешшу дайсці да метро.
«Сапраўдныя» фанаты — раскоша, якую мелі далёка не лідары ў табліцы ВУП на душу насельніцтва. Аргенцінцы, прадстаўнікі краіны перманентных інфляцыйных шокаў, на фінале былі прадстаўлены 50 тысячамі, эканамічны рухавік Еўрасаюзу Францыя — толькі шасцю. Шмат прыехала мексіканцаў. Нечакана моцна накаціў Эквадор. Зразумела, хапала тунісцаў, саудаўцаў, мараканцаў і іранцаў.

img_5094_logo.jpeg


Самая смешная праблема з сапортам узнікла ў гаспадароў. Насельніцтва Катара — амаль 3 мільёны. Аднак амаль 90 адсоткаў з іх — экспаты з Індыі, Пакістана, Бангладэш, Шры-Ланкі, Непала. Саміх катарцаў недзе 300 з невялікім тысяч. Гэта менш, чым месцаў на васьмі арэнах ЧС. І гэта, вядома, з жанчынамі, немаўляткамі і старымі. Ядзерная аўдыторыя футбола — значна менш. Да таго ж без асаблівай культуры заўзення.
Шэйхі, зразумела, уключылі фірмовы крэатыў: з экспатаў з традыцыйных футбольных краінаў (Егіпта, Сірыі, Ірака, Алжыра, Палесціны) быў сабраны прыкладна двухтысячны сектар, які па-арабску падтрымліваў бардовых усе тры недарэчныя гульні. Часовыя «ўльтрас» перад турнірам некалькі разоў збіраліся ў зале гульнявых відаў Лусэйла і рэпетыравалі — як кажуць, за квіткі на іншыя гульні трэба было прыйсці толькі тры разы.
Падстава? Насамрэч і так, і не. Так — таму што кантынгент там быў зусім не катарскі па пашпарту. Не — таму што значная частка з іх жыве ў Катары больш, чым на радзіме. Больш за тое: некаторыя ў Катары і нарадзіліся. Тыповая гісторыя для Персідскага (ці, як у Катары ў піку Ірану кажуць, Арабскага) заліва: ты можаш нарадзіцца ў краіне, усё жыццё тут пражыць, не ведаць ніякага іншага жыцця, памерці — і так і не стаць фармальна «сапраўдным» катарцам. І шэйху многія з іх шчыра ўдзячныя — як ні любі родны Чэнаі ці Даку, а рыба шукае, дзе глыбей.

Сцягі брыгад

img_5132_2_logo.jpeg


Перад кожным матчам на стадыёнах бясплатна раздавалі сцягі каманд-удзельніц. Каму — вялікія, метр на паўтары. Каму — паменш, на пластмасавай палцы. Натуральна раздача была амаль афіцыйным рэйтынгам заўзятараў: чые сцягі скончваліся хутчэй, тая каманда і самая папулярная.
Але каманда — набор з 26 футбалістаў у заяўцы, ці краіна, якую яны прадстаўляюць? І ў якой ступені адно пераходзіць на іншае? Тое, што, напрыклад, на гульні 1/8 фінала на «Халіфе» амерыканскія сцягі скончыліся нашмат раней, чым галандскія — гэта сведчанне магутнай падтрымкі Крысціяна Пулішыча ці папулярнасці ЗША як сусветнай дзяржавы?
Прычым «галасаванне» праходзіла пры мінімальнай колькасці «тытульных» удзельнікаў. Вырашалі ў асноўным індзійцы, філіпінцы, егіпцяне. Вось так па-простаму выбіралі сцяг, якім будуць размахваць на стадыёне, а потым ехаць у метро, а потым вывесяць у сваім акенцы.
Мы прызвычаіліся, што зборныя ўслед за клубамі сталі неверагоднымі «трасянкамі» рас, рэлігій і нават моў (швейцарцы і бельгійцы ў распранальні размаўлялі па-англійску). Але найбольшым міксам у Катары сталі заўзятары. Мы так дакладна і не даведаемся, колькі людзей падтрымлівала Месі на гэтым гістарычным для яго турніры. Бо колькасць людзей у бела-блакітных майках з пентаграматонам «Messi» ў Досе нашмат перабольшвала колькасць «пашпартных» аргенцінцаў. Яшчэ горш сітуацыя з бразільцамі і Нэймарам. Зараз ужо і не верыцца, але квіткі на «селесаа» былі нават больш дэфіцытныя, чым на «альбіселесту».
Германія, якая з большага засталася без «асноўнага» сапорту па палітыка-эканамічных прычынах, атрымала «запасны» — з мясцовых. І гэта былі не «праплачаныя», а сапраўдныя заўзятары, што называецца, «з дзяцінства». Хіба не самым неверагодным, але ў той жа час самым зразумелым супрацьстаяннем на трыбунах Катара стала сустрэча Германіі і Коста-Рыкі. І той неверагодны момант, калі лацінаамерыканцы забілі другі, і табло паказала анлайн-табліцу групы з немцамі і іспанцамі на апошніх радках. Стадыён «Аль-Бэйт» узарваўся — гэта «нейтралы» пачалі смяяцца і паказваць пальцамі на «глораў» «бундэсманшафт».
З большага, чэмпіянат свету выканаў задэклараваную ролю — гэта было свята. Не толькі свята футбола, але і свята жыцця для катарскіх экспатаў. «Тых, якія не памерлі на будоўлі», — дададуць праваабаронцы і будуць мець рацыю. Але «выжыўшыя» атрымалі сапраўдную асалоду. Доха, Аль-Раян, Аль-Вакра, Аль-Хор, дзе не так часта вечарам ёсць гукі мацнейшыя за голас муэдзіна, самотныя ў звычайным жыцці, пераўтварыліся ў нешта куды больш гучнае.

img_6443_1_logo.jpeg


Попыт на свята з боку мясцовых быў настолькі вялікім, што ў першы ж дзень прыйшлося яшчэ да стартавага свістка закрываць фан-зону: колькасць народу ў ёй перавысіла ўсе прагнозы. І спецыяльная паліцыя турніру вымушана была ўстаць у счэпку, каб блакаваць патэнцыйны штурм.
Сілавікоў катарцы, дарэчы, таксама вымушаны былі завезці з-за мяжы — сваіх радыкальна не хапіла. Конная паліцыя цокала з турэцкімі шэўронамі на форме. Як і частка «амапу». Самае ўмільнае: яны нават запрашалі з сабой фатаграфавацца — нешта іншапланетнае па цяперашнім беларускім жыцці.
Сапраўдныя спробы прарываў безбілетнікаў на стадыёны здарыліся толькі пару разоў. Зразумела, рэпутацыю сапраўдных ультрас падтрымалі мараканцы. Паўфінал на «Аль-Бэйце» супраць французаў стаў самым выбуховым у плане бяспекі. Паліцыя паставіла больш кардонаў, але для тых, хто наведваў у Касабланцы гульні «Раджы» і «Відада», канешне, гэта проста семкі. А вось «грамадзянскім» заўзятарам прыйшлося кепска: цісканіна непасрэдна ля шатлаў з метро, нязграбныя спробы паліцыі праверыць наяўнасць квіткоў, равучы натоўп, перакуленыя бар'еры…
У тэорыі падтрымаць іх маглі б наведвальнікі іншага афрыканскага мегадэрбі — «Эсперанс» — «Стад Афрыкен». Але тунісцы сваіх заўзятараў расчаравалі. «Ультрас» «Арлоў Карфагена» ў рэшце рэшт разбурылі толькі два турнікеты на «Аль-Джанубеч» перад гульнёй з Аўстраліяй. А пасля паразы — чыста сімвалічна зламалі адно крэсла.

Я/мы Месі

img_7245_1_logo.jpeg


Бадай, акрамя фан-зоны ў першы дзень, арганізатары не справіліся з натоўпам яшчэ толькі раз — перад фіналам. Гадзіны за чатыры да матча перасталі пускаць у метро — там проста не было ніякага месца. «Поўны правал», — скардзілася англійская прэса. «Прыкладна як кожны матч на «Олд Трафард», — пісалі ў самым папулярным каментары.
Фінал, бадай, стаў квінтэсэнцыяй глабальнай вёскі, у якой усе мы прапісаны. Гэты матч быў асаблівы не толькі для аргенцінцаў — для ўсяго свету, які апошнія 18 год захапляўся, сачыў, трызніў Месі. 89-тысячны «Лусэйл» — арэна, на якой як нідзе адчуваеш прэс чаканняў, з якім выходзіць на кожны матч, на кожную размінку Ліанэль.
І ён не падвёў, прадэманстраваўшы сваю веліч на фоне Мбапэ. І шэйхі, як дзеці, пастроіліся для сэлфі з ім, i яго партнёры па камандзе былі хіба не больш рады за яго, чым за сябе, і да кожнага футбольнага сэрца на планеце дацягнуўся прамень з сонца мая на агульным для ўсіх аргенцінскім сцягу, і не было ў той вечар штучных заўзятараў нідзе ў свеце.

img_6386_1_logo.jpeg


Зразумела і дзіўна было глядзець на гэтую неверагодны, дыснеіфікаваны хэпі-энд. І немагчыма было не радавацца за Месі, і сумаваць за Мбапэ. І толькі калі на Ліанэля накінулі шэйхскі халат, далі кубак, дапамаглі не заблытацца на складаным подыуме, падумаць, што недзе сумёты, і стрэлы, і прылёты, і няма электрычнасці, каб за гэтым цудам назіраць.
Агульнасусветнае свята, на жаль, скончылася. Глабальны фан-віладж раз'ехаўся. Мы ўспамінаем пра колер пашпарта, які толькі што нічога не значыў, але цяпер зноў вызначае лёс.
Мы здымаем майку Месі, і кожны апранае нешта сваё.