З рэчамі — на выхад. Улады выганяюць з беларускага футбола каля паўсотні спартсменаў

Новыя «чорныя спісы» ўжо разаслалі па профільных ведамствах.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Не так даўно «Тр*буна» расказвала пра абнаўленне «чорных спісаў» у беларускім спорце. Напрыканцы 2022-га іх разаслалі па спорткамітэтах выканкамаў, каб «на месцах» спынялі спробы заключэння «няправільных» кантрактаў, а так званы міністр Сяргей Кавальчук даў зразумець футбольным клубам, што з гэтага часу фігуранты спісаў павінны знікнуць з каманд.

У распараджэнні рэдакцыі выдання аказаўся дакумент, дзе канкрэтна пералічаныя прозвішчы футбалістаў, якім Мінспорту забараняе працаваць у Беларусі. Крыніцы не гарантуюць, што гэта канчатковы варыянт, аднак спіс ужо ўражвае. У яго патрапілі тыя, хто правялі дзясяткі матчаў за нацзборную, гулялі ў групавых этапах еўракубкаў, бралі разнастайныя беларускія трафеі і асабістыя ўзнагароды. Некаторыя ўжо скончылі кар'еры — але, падобна, міністэрства хоча, каб іх не бралі ў клубы нават у якасці трэнераў або адміністрацыйных работнікаў.

Хто ж у гэтым спісе?

У дакуменце, які перадалі «Тр*буне», значыцца 49 «непажаданых» прозвішчаў. Некаторыя гульцы з гэтага спіса пацвердзілі, што ўжо ведаюць, куды ўнеслі іх даныя.

43 чалавекі здымаліся ў відэа супраць гвалту. А вось сярод астатніх ёсць зусім ужо дзіўныя выпадкі — у тым ліку такі, у якім публічна гулец выступаў толькі за Лукашэнку, а ніяк не супраць.

Самы заўважны гулец у спісе — паўабаронца БАТЭ, другі ў галасаванні за найлепшых гульцоў Беларусі-2022 Станіслаў Драгун. Таксама «чорную метку» атрымалі былыя «сенатары» барысаўскага клуба — абаронца «Урала» Ягор Філіпенка і ў апошнія паўгода гулец аматарскіх каманд Ігар Стасевіч. Ён у відэа супраць гвалту не здымаўся, але непажаданым таксама стаў яшчэ ў 2020-м, а ў 2022-м у апошні момант не атрымаў прабачэння і кантракту з мiнскім «Дынама».

Затое ў пачатку гэтага года здолеў «выправіцца» ў вачах Кавальчука Аляксандр Сачыўка — пасля эпічнага роліка ў падтрымку рэжыму здолеў правесці мінулы сезон у складзе «бела-блакітных».

У акадэміі мінскага «Дынама» зараз працуе яшчэ адзін фігурант спісу Павел Рыбак, які пасля сезона-2021 у складзе БАТЭ і хвалі рэпрэсій у футболе завяршыў кар'еру. Тады ж у барысаўскім клубе развітаўся з прафесійным узроўнем Павел Няхайчык, які таксама ўключаны ў пералік Мінспорту.

Знайшлося месца ў «чорным спісе» і шэрагу дзеючых гульцоў БАТЭ: акрамя Драгуна, гэта брамнік Дзяніс Шчарбіцкі, абаронцы Максім Бардачоў і Даніла Нячаеў і паўабаронца Дзмітрый Бяссмертны, які супраць гвалту не выступаў і наогул публічна маўчаў, у 2021-м падпісаўся за рэжым, а не так даўно танчыў у кліпе з «бульбiнай ад Лукашэнкі». Іх «таварышы па няшчасці» — брамнік Ілля Бранавец са «Слуцка» і яго былы аднаклубнік, паўабаронца «Смаргоні» Ягор Сямёнаў.

У «чорным спісе» прадказальна аказаліся і напарнікі па брэсцкім «Дынама»-2021 Віталь Гайдучык і Дзмiтрый Байдук, якія больш за год таму не толькі не захацелі падпісвацца за рэжым, але і пакінулі клуб, каб не перасякацца з тымі, хто пагадзіўся.

Пад міністэрскі бан патрапілі і некалькі беларускіх гульцоў, якія выступаюць за мяжой, — ім фактычна забаранілі вяртацца ў родны чэмпіянат. У іх лік уваходзіць і былы гулец «нацыяналкі», паўабаронца «Рыгі» Юрый Кендыш. Яшчэ адзін прыклад — нападаючы Мікалай Сігневіч з грэчаскага «Апалона Смірніс». Ён не здымаўся ў агульным відэа, але выступаў супраць гвалту ў сацсетках. Забанены і Мікіта Нікалаевіч, які гуляе ў «Дугаполі» з харвацкага Д2.

Не хоча Кавальчук бачыць у Беларусі ўладальнікаў трафеяў гэтага года з Казахстана – у спіс уключаныя нападаючы «Ардабасы» Усевалад Садоўскі, які выйграў Кубак краіны, і абаронца чэмпіёнскай «Астаны» Арцём Рахманаў. А вось тое, што ў пералік патрапіў мінуласезонны капітан казахстанскага «Мактаарала» Руслан Юдзянкоў, здзівіла — бо абаронца ў 2021-м дэбютаваў за зборную Беларусі і з тых часоў выклікаецца і прыязджае ў яе ўвесь час, нягледзячы на 35-гадовы ўзрост. Але ў ЧБ «прывітаннем з 2020-га» зараз могуць забаніць і такога важнага гульца. Таксама ў спіс патрапіў аднаклубнік Юдзянкова Павел Чыкіда.

Забанены таксама брамнік Антон Чычкан, які 2022-i правёў за мяжой, але днямі расстаўся з тбіліскім «Дынама». Там жа і год як беспрацоўны Аляксандр Гутар і легенда «Тарпеда-БелАЗ» Уладзімір Бушма, з якім жодзінцы нязграбна развіталіся ў сярэдзіне гэтага года. Таксама патрапілі ў спіс шматгадовы капітан «Тарпеда-БелАЗ» паўабаронца Андрэй Хачатуран, гулец сярэдняй лініі Анатоль Макараў, брамнік Дзмiтрый Дудар. А вось чыё з'яўленне ў спісе нечаканае – дык гэта экс-урач «Тарпеда-БелАЗ» і нацыянальнай зборнай Беларусі Андрэй Ясюкевіч. Па-першае, гэта адзіны ў спісе не футбаліст, па-другое, аніякіх яго выказванняў супраць гвалту не вядома.

Рэшта «чорнага спісу» выглядае так:

Юрый Астравух («Слуцк»)

Дзмiтрый Алісейка («Астравец»)

Павел Забелін («Шахцёр»)

Раман Сцяпанаў («Шахцёр»)

Аляксандр Джыгера («Мiнск»)

Дзмітрый Бага («Гомель»)

Валерый Жукоўскі («Нёман»)

Яўген Лешка («Нёман»)

Раман Пасевіч («Нёман»)

Сяргей Курганскі («Нёман»)

Уладзіслаў Жук («Славія»)

Яўген Вялько («Слуцк»)

Дзмітрый Гомза («Белшына»)

Артур Слабашэвіч («Белшына») 

Арцём Васькоў («Арсенал» Дзяржынск) 

Юрый Казлоў («Нафтан») 

Павел Шчарбачэня («Шахцёр», Петрыкаў) 

Павел Кляньё («Макслайн») 

Ігар Бабко («Баранавічы») 

Кірыл Паўлючак («Крумкачы») 

Дзмітрый Іваноў (завяршыў кар'еру ў 2021 годзе).