«Сілавікам трэба апраўдаць сябе»: для чаго ў Беларусі прымаюць новыя законы

Як у 2022 годзе ў Беларусі пагаршалася сітуацыя з правам і навошта ўлады працягваюць ствараць ілюзію законнасці. 

Будынак Вярхоўнага суда. Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Будынак Вярхоўнага суда. Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Забарона на выезд па рашэнні КДБ, завочныя суды, пазбаўленне грамадзянства і расстрэл за здраду дзяржаве — гэта толькі некалькі «заканадаўчых навінак», якія беларускія ўлады прапанавалі ўвесці ў 2022 годзе.За гэты год у Беларусі змянілі найбольш важныя прававыя дакументы — ад Канстытуцыі да Крымінальнага кодэкса. Часта папраўкі прымалі ў паскораным рэжыме: ад публікацыі законапраекта да ўступлення закона ў сілу праходзіла ўсяго некалькі месяцаў ці нават тыдняў. Як з дапамогай перапісаных законаў улады працягваюць ціснуць на грамадства, да чаго гэта вядзе і на што арыентавацца — у матэрыяле DW.

Новая Канстытуцыя: ніякага нават фармальнага нейтралітэту

Пачынаючы з сакавіка 2022 года, Беларусь жыве па новай Канстытуцыі. Законапраект са зменамі апублікавалі ў канцы снежня 2021 года. Паводле новай рэдакцыі, Беларусь перастае быць нейтральнай дзяржавай, а таксама адмаўляецца ад бяз'ядзернага статусу. Акрамя гэтага, у краіне з'яўляецца яшчэ адзін орган улады — Прэзідыум Усебеларускага народнага сходу.

Змены закранулі і Выбарчы кодэкс. Паводле новай рэдакцыі, якая ўхваленая парламентам у першым чытанні, беларусы, якія жывуць за мяжой, фармальна пазбаўляюцца права голасу. Беларускія ўлады вырашылі адмовіцца ад арганізацыі участкаў для галасавання за мяжой і замацаваць гэтае рашэнне законам.

Новы выбарчы кодэкс будзе сінхранізаваны з Канстытуцыяй: цяпер выстаўляць сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта змогуць толькі грамадзяне краіны ад 40 гадоў, якія апошнія 20 гадоў жылі ў Беларусі, пры гэтым не мелі ВНЖ або грамадзянства іншай дзяржавы.

Страціць грамадзянства за «экстрэмізм»

Пад канец года дэпутаты ўхвалілі папраўкі ў закон «Аб грамадзянстве». Што яны мяняюць?

У прыватнасці, беларусаў, якія жывуць за мяжой, могуць пазбавіць грамадзянства — за тое, што яны ўдзельнічалі ў «экстрэмісцкай дзейнасці» або «прычынілі цяжкую шкоду інтарэсам Беларусі». Для гэтага неабходны прысуд суда па адным з 55 артыкулаў КК, сярод якіх — «заклікі да санкцый», «стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні», «распальванне варожасці», «найміцтва» і многае іншае.

Каб рэалізаваць гэтую ініцыятыву і судзіць грамадзян Беларусі, якія з'ехалі за мяжу, у 2022-м змянілі Крымінальна-працэсуальны кодэкс. У яго ўвялі паняцце «спецыяльная вытворчасць». Фармальна яно дае беларускім сілавікам магчымасць расследаваць справы супраць грамадзян Беларусі, якіх няма ў краіне, і праводзіць судовы працэс без іх прысутнасці і ўдзелу.

Першыя «завочныя» суды не прымусілі сябе чакаць. Ужо ідуць працэсы супраць рэдактараў тэлеграм-канала «Чорная кніга Беларусі» і супраць стваральнікаў «Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці»Аляксандры Герасіменя і Аляксандра Апейкіна. Неўзабаве будуць судзіць завочна лідараў дэмакратычных сіл Святлану Ціханоўскую, Паўла Латушку, Валерыя Цапкалу і іншых, блогераў Сцяпана Пуцілу і Яна Рудзіка.

Расстрэл за здраду дзяржаве або за «замах на тэракт»

Крымінальны кодэкс у 2022 годзе мянялі двойчы. У першы раз — у траўні, калі дэпутаты прапанавалі ўвесці смяротнае пакаранне за «замах на тэракт». У снежні ў парламенце вырашылі, што Крымінальны кодэкс зноў трэба «ўдасканаліць» — і ўхвалілі магчымасць прымяняць расстрэл у якасці пакарання для тых вайскоўцаў і службовых асоб, якіх беларускі суд прызнае вінаватымі ў здрадзе дзяржаве.

Таксама будзе ўведзеная адказнасць за «распаўсюд заведама ілжывых звестак, якія дыскрэдытуюць Узброеныя сілы», за што будзе пагражаць да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Дэпутаты ўхвалілі гэтыя папраўкі ў першым чытанні.

КДБ атрымлівае права забараняць выезд з краіны

У 2022-м улады РБ вырашылі ўскладніць беларусам выезд за мяжу.

Паводле паправак у закон, КДБ атрымае права на паўгода забараняць беларусам пакідаць краіну, калі гэта «супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі». Адміністрацыйная справа, якая вядзецца супраць грамадзяніна РБ, таксама стане падставай часова абмежаваць для яго выезд.

Заканадаўцы не забыліся і на прызыўнікоў. Яны прапануюць адмяніць адтэрміноўку ад прызыву для студэнтаў, якія плануюць ці ўжо навучаюцца за мяжой. Змены могуць закрануць і мужчын да 27 гадоў, якія ў войску не служылі і знаходзяцца ў запасе па стане здароўя. З ініцыятывы дэпутатаў парламента, пры выездзе з Беларусі на ПМЖ у іншую краіну яны павінны атрымаць на гэта згоду ваеннага камісарыята.

Права выкарыстоўваецца як інструмент утрымання ўлады

Да чаго вядзе тэндэнцыя на ўзмацненне жорсткасці законаў? Юрыст, саветнік па прававых пытаннях Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк нагадвае, што прававы дэфолт наступіў у Беларусі больш за два гады таму. У 2020 годзе спецдакладчык АБСЕ пазначыў, што ў краіне не працуе rule of law — толькі rule by law. «Гэта значыць працуе не прынцып вяршэнства права, а прынцып, калі права выкарыстоўваецца як інструмент утрымання незаконна захопленай улады», — тлумачыць юрыст.

З тых часоў сітуацыя пагоршылася. Кірылюк лічыць, што гэта пацвярджаюць міжнародныя рэйтынгі. Да прыкладу, у рэйтынгу World Justice Project па крытэры «абмежаванне паўнамоцтваў урада» Беларусь знаходзіцца на 137-м месцы. Горш сітуацыя толькі ў Егіпце, Нікарагуа і Венесуэле.

«Справа не толькі ў заканадаўчых актах, але і ў правапрымяняльнай практыцы, — кажа юрыст. — У нас, напрыклад, ёсць даволі неблагія законы, але ж яны не выконваюцца. Напрыклад, у Канстытуцыі прапісана, што ў дачыненні да грамадзян забаронены пераслед па палітычных матывах. Пры гэтым велізарная колькасць судовых працэсаў у Беларусі, якія праходзяць цяпер, — гэта якраз такі пераслед».

Існуючая ў Беларусі правапрымяняльная практыка дазваляе сілавікам многае. Для чаго надаваць гэтай практыцы форму законнасці? Кірылюк мяркуе: гэта неабходна, каб апраўдаць сябе. «Ніхто не хоча выглядаць злачынцам. Імітацыя законнасці патрэбная, каб прыхільнікі Лукашэнкі маглі пераконваць адно аднаго, саміх сябе, сваіх апанентаў, што ёсць закон — і не трэба яго парушаць».

На думку юрыста, узмацненне жорсткасці законаў неабходна ўладам РБ таксама для запалохвання людзей — «каб яны змірыліся з сітуацыяй і перасталі імкнуцца да свабоды».

«У рэпрэсіі залучаецца літаральна кожны»

Юрысты сэрвісу «Legal Hub» адзначаюць, што ў краінах, дзе сістэма правасуддзя цалкам падпарадкаваная дзяржаве, з часам адбываецца «бюракратызацыя рэпрэсій»: прымаюцца новыя законы і падзаконныя акты, якія рэгламентуюць, хто і за што ажыццяўляе тую ці іншую форму пераследу.

«Такая мадэль азначае быццам бы выбудаваную сістэму выразных забарон і мер, якая кажа, што можна, а што нельга, стварае ілюзію прадказальнасці. Але праблема ў тым, што забароны маюць тэндэнцыю пашырацца. Тое, што яшчэ нядаўна магло быць дазволена, ужо заўтра становіцца страшным злачынствам. Пры такой мадэлі ўцягнутай у рэпрэсіўны механізм аказваецца ўся сістэма правасуддзя: літаральна кожны суддзя, пракурор, міліцыянт».

На думку юрыстаў, праз гэта сістэма губляе магчымасць самастойна спыніць рэпрэсіі.

 У «Legal Hub» рэкамендуюць арыентавацца на правы чалавека, якія замацаваны ў сістэме міжнародных актаў: Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавек і іншых.

«Ва ўсіх гэтых дакументах напісана, што з пункту гледжання міжнароднага права законна, а што — не. З іх можна даведацца, напрыклад, што падыход да свабоды мірных сходаў, свабоды асацыяцый і свабоды выказвання меркавання, які існуе ў Беларусі, парушае правы чалавека, і на гэта ніяк не ўплывае імплементацыя гэтага падыходу ў нацыянальныя законы», — тлумачаць эксперты.