Першы завочны суд пачаўся ў Беларусі. Судзяць пустую клетку. ФОТА

Следчыя завочна вінавацяць першую групу асоб у дачыненні да адміністрацыі праекта «Чорная кніга Беларусі». Першую завочную справу разглядае Мінскі гарадскі суд. Пра пачатак суда паведаміла дзяржаўнае агенцтва «БелТА».

zavoczny_sud.jpg

«У суд з'явіліся дзяржаўны абвінаваўца, а таксама абаронцы абвінавачаных. Самі фігуранты, нягледзячы на тое, што былі апавешчаны належным чынам, у суд не прыйшлі», — пішуць прапагандысты.
У першы спіс на завочны суд уваходзяць рэдактарка «экстрэмісцкага» ТГ-канала «Каратели Беларуси» і ютуб-канала «Дзікае паляванне» Яніна Сазановіч, супрацоўнік «Чорнай кнігі Беларусі» Даніла Багдановіч, стваральнік спартовага партала by.tribuna.com і медыямэнеджар Дзмітрый Навоша, а таксама Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская. Рэжым лічыць іх адміністратарамі тэлеграм-канала «Чорная кніга Беларусі».
Іх абвінавачваюць у распальваньні сацыяльнай варожасці, незаконных дзеяннях у дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных звестках.
Паводле матэрыялаў справы, яны не пазней за жнівень 2020 года «аб’ядналіся ў злачынную групу, у складзе якой стварылі і адміністравалі тэлеграм-канал «Чорная кніга Беларусі» і іншыя аналагічныя рэсурсы», збіралі і размяшчалі ў адкрытым доступе інфармацыю аб прыватным жыцці і персанальныя звесткі супрацоўнікаў унутраных спраў, пракуратуры, суддзяў, журналістаў.
Дзейнасць абвінавачаных, на думку следства, можна кваліфікаваць як падбухторванне да злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці.
Справу расследавалі ў рамках «спецыяльнай вытворчасці» — гэта «вядзенне крымінальнай справы ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь і ўхіляецца ад з'яўлення ў орган, які вядзе крымінальны працэс». Падобны загад у ліпені 2022 года падпісаў Лукашэнка. Раней у Беларусі не было такой практыкі завочных судоў.