Якія з беларускіх клубаў могуць зазнаць заняпад і нават знікнуць?

Мінскія «Тарпеда», «Атака-Аўра», «Партызан» і «Дынама-93», магілёўскія «Савіт» і «Тарпеда-Кадзіна», «Дарыда» з Мінскага раёна і «Смалявічы», бабруйскі «Фандок», мікашэвіцкі «Граніт», «Гарадзея»… 

7257fxfbsme.jpg


 Не, гэта не ўдзельнікі чэмпіянату ў нейкай прэстыжнай беларускай лізе. Гэта нешта накшталт выспы загінуўшых караблёў — спіс футбольных клубаў, якія некалі выступалі на элітным узроўні, перамагалі, збіралі поўныя стадыёны… А потым сышлі ў нябыт: у лепшым выпадку — у мінорныя дывізіёны, дзе бессэнсоўна і памалу корпаюцца, у горшым — увогуле сканалі, пакінуўшы пасля сябе толькі сумную старонку ў «Вікіпедыі».
Сёння мы не будзем узгадваць тых, пра каго альбо добра, альбо нічога. Мы зробім тонкі намёк на тоўстыя абставіны — і акрэслім каманды вышэйшай лігі, у якіх няма ўпэўненасці ў заўтрашнім дні і якія аднойчы могуць працягнуць спіс эпітафій шматпакутнага беларускага футбола.
«СПАДАРОЖНІК» (Рэчыца)
Уласна кажучы, рэчыцкі клуб ужо не падае аніякіх прыкмет жыцця, пра што ў прэсе багата напісана. Сённяшняе існаванне «Спадарожніка» — усяго толькі радок у турнірнай табліцы, дзе каманда застанецца да самага фінішу. Такія правілы. Гэта як глыбокая кома, калі пацыент у вегетатыўным стане, не мае нават матэматычных шанцаў, але адключаць яго ад прыбораў штучнага падтрымання нельга: рэгламент.
Каматоз у «Спадарожніка» такі, што ад клуба не засталося нават абалонкі. Даўно няма гульцоў, трэнераў, персанала, функцыянераў — няма нічога і нікога. Рэчычане «гуляюць» у вышэйшай ліге чыста сімвалічна: у кожным туры атрымліваюць тэхнічныя паразы 0:3 — нібы за няяўку на гульню.
З футболам у Рэчыцы даўно бяда. Але быў жа ў 90-х клуб «Ведрыч» — і нават даходзіў да фінала Кубка краіны. Аднак… Безграшоўе — спрадвечны дрын беларускай футбольнай эканомікі — напаткала каманду яшчэ недзе на стыку стагоддзяў, і з той пары там аніякага развіцця. Толькі бляклы сфагнум, скрозь які зрэдку прарастае нешта выпадкова сімпатычнае — і адразу знікае пад ціскам неспрыяльных кліматычных абставін.
Напэўна, футбольная Рэчыца і гэтым разам рэінкарнуе недзе ў другой лізе — адпаведны досвед мае. Але гэта будзе ўжо зусім іншая гісторыя — пра што заўгодна, але не пра прафесійны спорт.
«СЛУЦК»
Яшчэ зусім нядаўна ў вышэйшай лізе была адметная разынка — так званае «цукровае дэрбі». З аднаго боку «Гарадзея», з другога — «Слуцк». І там, і там галоўны спонсар — цукровы камбінат. І там, і там — амбіцыйныя кіраўнікі з тэмпераментам шчырых футбольных заўзятараў. У «Гарадзеі» за галоўнага быў Міхаіл Крыштаповіч, у «Слуцку» — Мікалай Пруднік. Заклятыя сябры не шкадавалі грошай на свае каманды і супернічалі зацята — на іх матчы любілі прыязджаць нават сталічныя журналісты.
Аднак у студзені мінулага года ў краіне грымнула рэзанансная карупцыйная гісторыя. І сталася так, што замест «цукровага дэрбі» ў медыя запанавала «цукровая справа». Пачалася яна дэтэктыўна: каб затрымаць дырэктараў, па загадзе Аляксандра Лукашэнкі давялося вяртаць на беларускую зямлю самалёт «Белавія», які ўжо ўзяў курс з Мінска ў Мюнхен. Вярнулі, Крыштаповіча і Прудніка змясцілі пад варту… І так супала, што літаральна пару тыдняў таму над імі — а таксама над кіраўнікамі Жабінкаўскага і Скідзельскага цукровых заводаў — пачаўся судовы працэс.
Зразумела, што футбол ад такіх калізій пацярпеў моцна. «Гарадзея» памучылася сезон без цукру — на хлебе і солі — дый прыпыніла існаванне. Новае кіраўніцтва камбіната не праявіла імпэту да лёсу футбольнага дзецішча ды запусціла механізм эўтаназіі.
«Слуцк» пакуль трывае. Хаця ў мінулым годзе даваў сігналы SOS: маўляў, грошай крытычна бракуе, няма чым плаціць гульцам за іх цяжкую працу. Падцягнуўшы слуцкія свае паясы, да канца сезона хлопцы дацягнулі. Цягнуць неяк і сёлета, аднак колькі тое будзе працягвацца — над гэтым пытаннем у раённым цэнтры стараюцца не задумвацца. Жывуць сённяшнім днём — і правільна робяць. Але ж рэчаіснасць такая, што калі «Слуцк» паўторыць шлях «Гарадзеі», то наўрад ці гэта стане сенсацыяй.
«ЭНЕРГЕТЫК-БДУ» (Мінск)
Увогуле ні адзін з беларускіх футбольных клубаў цяпер не можа жыць-гуляць спакойна, не турбуючыся за бясхмарнае неба над галавой. Растрэсці можа нават «Шахцёр» — вунь Літва праз мігранцкі крызіс на мяжы пагражае перакрыць экспартныя плыні «Беларуськалія» цераз порт у Клайпедзе. Што ўжо казаць пра ўсялякія «Мінскі» ды «Іслачы», якіх ашчадна падсілкоўваюць бюджэтныя крыніцы.
Але калі называць, у працяг нашага сюжэту, кагосьці больш відавочнага, то чаго б аднойчы бабулі з касой не прыйсці па «студэнтаў-энергетыкаў»? Даўно вядома, што яны перабіваюцца з хлеба на ваду — заробкі ў клубе ці не самые малыя ў вышэйшай лізе. Нібыта ім падкідвае грошай ВА «Белэнерга», аднак гэтай гуманітарнай дапамогі хапае, толькі каб зводзіць канцы з канцамі. А супрацоўніцтва «Энергетыка» з Рэспубліканскім цэнтрам алімпійскай падрыхтоўкі дае камандзе толькі трэніровачную інфраструктуру на мінскай вуліцы Сямашкі.
То-бок за жыццё гэты суб’ект нашай футбольнай гаспадаркі трымаецца не надта моцна. І што важна — сваю галоўную стратэгію, падобна, таксама вычарпаў. У «Энергетыку» хацелі зарабляць па-еўрапейску — за кошт трансфернай дзейнасці. Іншымі словамі, планавалі гадаваць і прадаваць больш заможным клубам маладых гульцоў. Выглядае, што як-кольвек азалаціцца тамтэйшыя стратэгі не здолелі. Бо нават на сваёй самай яркай зорцы — нападаючым Іллі Шкурыну — сарваць вялікі куш не ўдалося. Што казаць пра больш дробную рыбу…Таму канстатуем пэўны экзістэнцыяльны тупік гэтага сталічнага праекта. І нагадваем, што «Энергетык»-БДУ, па сутнасці, узрос на спадчыне іншага мінскага клуба — «Зоркі»-БДУ. Якая ў свой час гарэла-гарэла, а потым ціха згасла.
«РУХ» (Брэст)
Вы здзівіліся? Ёсць ад чаго: зараз «Рух» — адзін з самых заможных і стабільных клубаў краіны. Яго залатая жыла — шчодрасць праўладнага бізнесмена Аляксандра Зайцава. Так, таго самага — кіраўніка «Sohra Group», аднаго з кіраўнікоў «Брэміна груп» і яшчэ шэрагу ліквідных актываў. Здавалася б, з такім дабрадзеем можно гуляць і ісці ў атаку з песняй. Уласна, «Рух» тое і робіць, аднак спакою за яго будучыню няма.
Зайцаў ніколі не хаваў, што проста закопваць валюту ў футбол — гэта не яго шлях. Ён марыць аб тым, каб футбольны кірунак прыносіў не толькі маральнае задавальненне, але і нейкую фінансавую аддачу. А вось з аддачай пакуль што бяда — і прасвету не бачна.
«Рух» — другі праект прадпрымальніка ў беларускім футболе. Першым было брэсцкае «Дынама», і з ім пан-гаспадар скарыў усе нацыянальныя вяршыні. Чаго каштуе толькі чэмпіёнства ў 2019-м. Зрэшты, літаральна чаго каштуе, якраз вядома. Недзе каля 10 мільёнаў долараў у год — менавіта столькі складаў гадавы бюджэт клуба. А калі дадаць, што да залатых медалёў брэстчане ішлі некалькі гадоў, што па дарозе раскідваліся сродкамі — і нават аднойчы выпісалі на свой хатні матч самога Дзіега Марадону ў якасці ганаровага госця…
Словам, у тлустую капейчыну ўляцелі Зайцаву яго спартыўныя амбіцыі, а на выхадзе — хуткі мінулагодні вылет з Лігі чэмпіёнаў, працверажэнне, самотны падлік страт. І — рашэнне прыглушыць гук.
Зайцаў вырашыў пакінуць «Дынама» і ўзяць пад апеку «Рух» — клуб, фактычна створаны ім з нуля. Што з нуля, тое добра, але ж самаакупнасцю не пахне і тут. З «Рухам» не заробіш нават на продажы квіткоў, бо брэсцкі заўзятар новую каманду не прыняў і на яе матчы амаль не ходзіць. То куды тады вядзе гэты фарватар? Усё туды ж — праз марнаванне грошай да расчаравання і апатыі.
А тут яшчэ і эканамічныя санкцыі на Зайцава абрынуліся. Хочаш не хочаш, а задумаешся: ды на халеру мне той футбол…
БАТЭ (Барысаў)
А вось адносна БАТЭ апакаліптычныя прагнозы здзіўляць не павінны. Даўно было вядома: пакуль Барысаў перамагае, у яго ўсё добра, а перастане перамагаць — пачнуцца незваротныя працэсы. Ну, вось яны і пайшлі — сёння, учора ці крыху раней, калі заўчасна памёр заставальнік клуба Анатоль Капскі.
Пагоршыліся вынікі, прыпыніліся выплаты па лініі УЕФА, а буйнога спонсара за 25 гадоў «жоўта-сіні» клуб сабе так і не прыдбаў. Цяпер неяк перабіваецца на дзяржпадтрымцы, але якая там гэтая падтрымка… Фармальна БАТЭ — каманда са сціплага раённага цэнтра, дзе аніводнага прадпрыемства-донара не знойдзеш. Таму ўжо сыходзяць гульцы, мяняюцца трэнеры, драбнеюць легіянеры. І чым далей, тым горш перспектывы ў колішняга гегемона, чыя эпоха, здавалася, ніколі не скончыцца.