Біном для Вудкрафта: ці патрапяць беларускія хакеісты на Алімпіяду?

У трох кропках планеты з 26 па 29 жніўня адбудзецца хакейная алімпійская кваліфікацыя — заключны этап адбору на бліжэйшыя зімовыя Гульні. Так, ледзьве паспелі адгрымець летнія, а наступная Алімпіяда ўжо грукаецца ў дзверы. Яна ўжо блізка — пройдзе ў лютым наступнага года ў Пекіне. Ці паедуць туды беларускія хакеісты — адна з наймацнейшых інтрыг гэтага лета.

Крэйг Вудкрафт: куды ідзем?

Крэйг Вудкрафт: куды ідзем?

Наша зборная проста зараз — сярод дванаццаці прэтэндэнтаў на тры апошнія алімпійскія ліцэнзіі. Барацьба чакаецца бязлітасная, і ад яе вынікаў залежыць многае. Калі беларускія «клюшкары» зноў прайграюць, наступствы прадказаць будзе цяжка. Прынамсі, над кіраўніцтвам хакейнай федэрацыі, а то і ўсёй спартыўнай галіны, дакладна навісне пагроза адстаўкі.
Зрэшты, згушчаць фарбы загадзя не варта. Напачатку лепш распавядзём пра тое, якім менавіта чынам беларуская хакейная каманда паспрабуе прабіцца ў сталіцу Кітая.

Тузін гатовы

У мужчынскім хакейным турніры на Гульнях удзельнічаюць звычайна дванаццаць каманд. Упершыню гэтая сістэма пачала дзейнічаць з Турына-2006, бо раней на Алімпіяды запрашаліся чатырнаццаць зборных. Адпаведна зменам у колькасці каманд быў сфармаваны і новы рэгламент шматступеньчатай кваліфікацыі на Гульні.
Шматступеньчатай — перш за ўсё для тых, хто знаходзіцца ў ніжэйшых дывізіёнах. Таму што раней шанцаў зарабіць вельмі жаданыя алімпійскія ліцэнзіі ў іх не было наогул.
Большасць алімпійскіх хакейных пуцёвак ужо размеркавана. Так, уладальнікам першай з'яўляецца — лёгка здагадацца, — краіна-гаспадыня першынства. У дадзеных абставінах — Кітай, чые хакейныя здольнасці, канешне, пакідаюць жадаць лепшага. Але ж як ёсць — так ёсць.
Наступныя восем квот адышлі наймацнейшым зборным свету. Тут вырашальным паказчыкам служыць рэйтынг Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) наогул — і вынікі апошняга чэмпіянату свету ў прыватнасці.
Такім чынам, за сваю пекінскую «плацкарту» могуць быць спакойныя каманды Канады, Расіі, Швецыі, Фінляндыі, Чэхіі, ЗША, Германіі і Швейцарыі.
Застаюцца тыя самыя тры месцы, якія пакуль вакантныя і на якія прэтэндуе тузін нацыянальных зборных, у тым ліку беларуская. Вось для іх, жадаючых ускочыць у апошні вагон, і прадугледжана фінальная кваліфікацыя.
Пералічым гэтыя дванаццаць суіскальнікаў: Славакія, Латвія, Нарвегія, Беларусь, Францыя, Данія, Аўстрыя, Італія, Паўднёвая Карэя, Польшча, Венгрыя, Славенія. Зноў жа, у адпаведнасці з сусветным рэйтынгам (ён ніжэй пазначаны ў дужках), каманды былі падзелены на чатыры групы. І ў выніку склалася наступная карціна.
Група D: Славакія (9), БЕЛАРУСЬ (14), Аўстрыя (15), Польшча (22).Група E: Латвія (10), Францыя (13), Італія (16), Венгрыя (21).Група F: Нарвегія (11), Данія (12), Паўднёвая Карэя (17), Славенія (18).
Адразу дарэчна будзе прывесці расклад матчаў у квартэце D, куды трапілі беларусы.
26.08. БЕЛАРУСЬ — Аўстрыя 15.0026.08. Славакія — Польшча 19.0027.08. Аўстрыя — Польшча 15.0027.08. Славакія — БЕЛАРУСЬ 19.0029.08. Польшча — БЕЛАРУСЬ 13.0029.08. Славакія — Аўстрыя 17.00
Расклад просты: алімпійскае шчасце дастанецца толькі пераможцам сфармаваных груп. А каб іх выявіць, каманды правядуць па тры матчы — у фармаце аднаколавага скарацечнага турніру.
І яшчэ важнае: гульні квартэту D прыме Браціслава — то-бок гаспадарыць у нашай «пульцы» будуць славакі (зноў жа, па праве больш высокага рэйтынгу), для якіх тое стане дадатковым казыром. На зімовым стадыёне імя Андрэя Няпелы, якія змяшчае да 10 тысяч гледачоў, яны пачуваюцца як дома.
Ужо толькі гэты факт недвухсэнсоўна сведчыць, што галоўным фаварытам розыгрышу зборная Беларусі не з’яўляецца. Але дэталёва пра шанцы яшчэ пагутарым. А зараз зробім крок у блізкае мінулае, каб прасачыць цікавую тэндэнцыю.

Тры плямы

Пасля прыняцця актуальнага адборачнага рэгламенту зборная Беларусі толькі аднойчы трапіла на Гульні. Здарылася гэта ў Ванкуверы-2010. І тое не праз той самы этап спаборніцтваў, пра які мы распавялі. Справа ў тым, што таму поспеху паспрыяў шэраг удалых выступаў на чэмпіянатах свету. Так, былі і такія часы.
Найгоршым месцам на працягу таго цыклу для беларускіх хакеістаў было… адзінаццатае. Цяпер пра такое «найгоршае» застаецца толькі марыць.
Што тычыцца фінальнай алімпійскай кваліфікацыі, то беларуская зборная прымала ў ёй удзел тройчы — і кожны раз заставалася сярод тых, хто прайграў. У 2005 годзе наша зборная саступіла латышам, у 2013-м — славенцам, у 2016-м — ім жа зноў. Прычым штораз сцэнар быў падобны да галівудскага.
Дасведчаны чытач мусіць памятаць, як 16 гадоў таму за пяць хвілін да канца сустрэчы беларусы перамагалі латышоў з лікам 4:2. Але літаральна за некалькі хвілін сапернік здолеў не толькі адыграцца, але і выйсці наперад — 5:4. Тую паразу тагачасны галоўны трэнер Міхаіл Захараў назваў кашмарам, абвінаваціў у ёй усіх, каго магчыма, а сам у выніку страціў пасаду.
У 2012-м сталася так, што мы больш асцерагаліся датчан, але зноў занялі другое месца ў групе — пасля нечаканага фіяска ў матчы са сціплымі славенцамі. Наіўна думалі, што ў іх на належным узроўні гуляе толькі адзін хакеіст — зорка энхаэлаўскага «Лас-Анджэлеса» Анжы Копітар… Высветлілася ж адваротнае: у маленькай краіне, дзе насельніцтва як у Мінску, а прафесійных хакеістаў менш за 40 тысяч, ёсць каманда з байцоўскімі якасцямі нашмат лепшымі, чым індывідуальнае майстэрства Калюжнага, Сцяпанава і астатніх, — 2:4. І, што адметна, з крэслам настаўніка тады развітаўся Андрэй Скабелка.
Гісторыя паўтараецца звычайна ў выглядзе фарсу. Наступную алімпійскую кваліфікацыю прымала ўжо «Мінск-Арэна» — у верасні 2016-га. Славенцы перамаглі беларусаў і на гэты раз — у булітнай серыі, дзе Копітар сваю спробу выканаў «на ўра», а Андрэй Касціцын — не. На трэці раз адразу звальняць галоўнага трэнера ў федэрацыі паасцерагліся. Канадзец Дэйв Льюіс папрацаваў яшчэ два гады. Але, як паказала жыццё, нічога станоўчага больш беларускаму хакею не прынёс.
Цікава, які лёс чакае сённяшняга коўча беларускай зборнай — іншага канадца Крэйга Вудкрафта? Асабліва калі каманда вернецца з Братыславы з адмоўным вынікам. Як ні круці, хакей у краіне — прадмет нацыянальнай ганьбы… ці нацыянальнага гонару… У залежнасці ад ліку на табло. Калі лік дрэнны, з трэнерам не цырымоняцца.
Таго ж Захарава пасля правалу на нядаўнім ЧС увогуле развянчалі ўшчэнт — нават знялі яго сімвалічны хакейны швэдар з-пад столі на «Мінск-Арэне», «Чыжоўка-Арэне» і на катку «Юнацтва» ў парку Горкага.

Дзве пасады

Джэрсі Крэйга Вудкрафта ў яго гонар пакуль нідзе ў Беларусі не вывешваюць. Затое канадскі спецыяліст зараз у нас у іншым фаворы — трэніруе не толькі зборную, але і клуб-флагман мінскае «Дынама». У спорце гэта называецца — сумяшчаць пасады, і такая практыка ў свеце ўвогуле не вітаецца.
У беларускім хакеі ў падобнага досведу супярэчлівы бэкграўнд. Ды што там — хутчэй негатыўны. Дастаткова прыгадаць, як Глен Хэнлан (таксама канадзец) пасля звальнення з адной пасады адмовіўся працаваць на другой. Ці выпадак Андрэя Сідарэнкі, які вярнуў зборную ў эліту, пасля чаго быў пазбаўлены абедзвюх прац. Паглядзім, як атрымаецца ў Вудкрафта, у яго яшчэ ўсё наперадзе.
Падрыхтоўку да адборачнага старту беларускія гульцы фактычна пачалі ў сярэдзіне ліпеня. Менавіта тады хакеісты мінскага «Дынама», якія складаюць касцяк галоўнай каманды краіны, выйшлі з адпачынку. Цікавая акалічнасць: асобна адно ад аднаго трэніруюцца прадстаўнікі «зубраў» і патэнцыйныя «зборнікі» з ліку хакеістаў іншых клубаў. Выпадак беспрэцэдэнтны, адказнасць на Вудкрафце вялікая, увагу яму патрэбна звяртаць на ўсё. Ці здолее?
Дарэчы, цікава, наколькі Крэйг цяпер звернецца да паслуг гульцоў з экстралігі? Яго папярэднік Захараў толькі і рабіў, што крытыкаваў чэмпіянат краіны і адтуль у зборную браў адзінкавых прадстаўнікоў. Канадзец, як паказвае практыка, таксама аддае перавагу КХЛ, аднак ці хопіць іх на цэлы ростар?
Добра, канешне, што дынамаўскі офіс здолеў захаваць Дзяніса Масалёва, але на працягу ліпеня-жніўня беларускія выканаўцы, мякка кажучы, не ўражваюць.
То як яно будзе ў Браціславе?