«НАК і міністр спорту сказалі мне не спаборнічаць…» Як спартсмен уцёк ад дыктатуры і выйграў срэбра

Дзяржава ўкладвае ў спорт вялізныя грошы, «стварае ўмовы» і патрабуе паміраць за сябе на спаборніцтвах. Але дзе тая мяжа, калі спартсмен павінен сказаць «Досыць»?

1_462.webp


Ахвяры байкота

Іранскія атлеты — у фаварытах не аднаго віда спорта. Яны не баяцца нікога. Палохае іх толькі сустрэча з ізраільцянамі — нават калі сапернік «на паперы» нашмат слабейшы.
Тлумачыцца гэта проста: ніякага бою, матча ці схваткі ў гэтым выпадку не будзе. Улады Ірана не прызнаюць Ізраіль і лічаць прамыя спаборніцтвы з імі адной з форм легітымізацыі Зямлі Абетаванай. За апошнія 20 гадоў здарылася не менш за 30 выпадкаў, калі персы здымаліся з турніраў пры варыянтах сустрэцца з ізраільцянамі. Футбол, баскетбол, барацьба, плаванне, фехтаванне, тэквандо, бадмінтон, каратэ, шахматы, снукер, тэніс (і вялікі, і настольны), валейбол (звычайны і пляжны)… Байкотнаму спісу не бачна канца.
У гэтых выпадках іранцы калі-некалі спасылаюцца на траўмы, калі-некалі — на іншыя абставіны.У 2005-м, даведаўшыся, што ў адной групе давядзецца спаборнічаць з Ізраілем, зборная Ірана адмовілася ехаць у Аргенціну на маладзёжны чэмпіянат свету па баскетболе праз «цяжкасці з атрыманнем візы».
На Алімпіядзе-2008 у Пекіне Махамад Аліразаі зняўся з кваліфікацыі ў брасе, каб пазбегнуць спаборніцтва ў адным басейне з ізраільцянінам Томам Беэры. Іранец спасылаўся на праблемы са страўнікам. Ён жа праз тры гады сказаўся «вельмі стомленым» і байкатаваў заплыў на чэмпіянаце свету ў Шанхаі. Пара пляжнікаў Сабер Хашманд і Абас Пурасгары выдумалі сабе траўму на пляжным валейболе ў Ёкагаме ў 2015-м, а каратыст Маджыд Хасанініа ў Парыжы шчыра сказаў: «Для кожнага іранскага атлета важныя яго ці яе меркаванні і падтрымка безабароннай палесцінскай нацыі».
У 2017-м на чэмпіянаце свету U23 у Быдгашчы Алірэза Карымі наўмысна прайграў, каб не трапіць на ізраільцяніна Юрыя Калашнікава. Справу падалі ў дысцыплінарны камітэт, які выпісаў іранцу дыскваліфікацыю: было даказана, што прайграў ён па інструкцыі свайго трэнера.
…Дзюдаіст Саід Малаэі рухаўся па сетцы чэмпіянату свету-2019 у Токіа ў катэгорыі да 81 кілаграмаў даволі ўпэўнена. Што зразумела: на той момант іранец быў пераможцам першынства планеты-2018, а ў 2017-м у яго быў бронзавы медаль. Але паход за яшчэ адной узнагародай раптоўна быў пастаўлены на паўзу. Перад чвэрцьфіналам Саіду загадалі: на наступны бой выходзіць не трэба. Некаторыя іранскія СМІ нават паспелі паведаміць, што Малаэі зняўся па траўме.
Расклад маляваўся празрыста: у выпадку чвэрцьфінальнай перамогі ў паўфінале Малаэі чакаў бельгіец Маціас Кас. У іншым паўфінале змагаўся ізраільцянін Сагі Мукі. Такім чынам, і ў фінале, і ў матчы за трэцяе месца патэнцыйна магла здарыцца сустрэча Мукі і Саіда.
Але іранец выйшаў на рынг. У чвэрцьфінале перамог, але потым раптам неспадзявана прайграў і Касу, і паядынак за бронзу. Ён з кожным разам выглядаў на татамі ўсё больш збянтэжана. Мала хто на трыбунах знакамітай японскай залі «Будакан» ведаў, якая драма разыгрывалася за кулісамі.

3_382.jpg


Званок з Тэгерана

У чвэрцьфінале Малаэі супрацьстаяў расіянін Хасан Халмурзаеў — алімпійскі чэмпіён-2016. За лічаныя хвіліны да пачатку барацьбы трэнеру Малаэі патэлефанаваў першы намеснік міністра спорту Ірана з простым загадам: зняцца са спаборніцтваў, каб не трапіць на ізраільцяніна. Паводле сайта Міжнароднай федэрацыі дзюдо, загад быў з пагрозамі Малаэі і яго сям'і.
Саід заплакаў і паваліўся долу. Ён проста не мог трымацца. Да менеджара спаборніцтваў Лайзы Алан падышоў трэнер з Таджыкістана Вахід Сарла і растлумачыў: Малаэі трэба ратаваць. Сярод тых, хто гэта рабіў, быў Абдуло Мурадаў, памочнік члена выканкама Жэрарда Бенонэ.
Абдуло потым расказаў: «Я правёў з ім увесь дзень. Вадзіў усюды, дапамагаў з перакладам, бачыў напалоханасць у яго вачах, калі ён думаў пра наступствы. Сітуацыя выйшла з-пад яго кантролю. Ён быў бездапаможны. Цяжка была глядзець на яго. Такія сітуацыі не павінны здарацца з атлетам».
«Я спартсмен, а не палітык. Я не хачу разбірацца ў палітыцы. Я хачу выконваць алімпійскую Хартыю. У той момант я быў разгублены і баяўся», — успамінаў потым Саід.
Перад паўфіналам трэнеру Малаэі зноўку патэлефанавалі — на гэты раз прэзідэнт НАК Ірана. Па відэасувязі Саід бачыў і чуў усё. Спартсмену паведамілі, што агенты нацыянальнай бяспекі ўжо каля дома яго бацькоў. Яны спрабавалі пераканаць бацьку Малаэі папрасіць сына не змагацца. І ў гэтым стане яму давялося спаборнічаць з бельгійцам.
«Я мог стаць чэмпіёнам свету. Трэніраваўся дзеля гэтага, столькі стараўся. Я перамог алімпійскага чэмпіёна і бронзавага медаліста. Але лёс быў мне іншы: я не змог спаборнічаць праз законы маёй краіны і таму, што я быў напалоханы наступствамі для маёй сям'і і сябе. Сёння Нацыянальны алімпійскі камітэт і міністр спорту сказалі мне не спаборнічаць, і я вымушаны быў падпарадкавацца. Я баец. Я хачу спаборнічаць увесь час. Але я жыву ў краіне, якая не дазваляе мне зрабіць гэта. У нас няма выбару, усе атлеты павінны слухаць, што ім кажуць. Тое, што я зрабіў сёння, — для майго новага жыцця», — сказаў Саід пасля ў інтэрв’ю сайту Міжнароднай федэрацыі дзюдо.
Малаэі распавёў пра сітуацыю прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі Марыусу Візэру. Ён цалкам устаў на бок спартсмена. Іранец баяўся вяртацца дадому — гэта было проста небяспечна. Прытулак барцу дала Германія. А хутка паступіла прапанова яшчэ лепш: прэзідэнт Манголіі Халтмаагійн Батугла (ён жа — прэзідэнт Федэрацыі дзюдо краіны) запрасіў спартсмена прыняць мангольскае грамадзянства. Саід пагадзіўся.

Вялікі мангол

За два гады ў якасці мангола Малаэі не толькі не знізіў вынікаў, але і змог упершыню наведаць раней забаронены для яго Ізраіль і пасябраваць з тым самым Сагі Мукі.
«Ізраільцяне былі вельмі добрымі да мяне з моманту майго прыезду. Я трэніраваўся са зборнай Ізраіля і ніколі гэтага не забуду. Дзякуй ім за ўсю добрую энергію», — сказаў Малаэі ў інтэрв’ю «The Jerusalem Post». І дадаў «todah» — «дзякуй» на іўрыце ў гутарцы з рэпарцёрам.
«Я супершчаслівы за Саіда. Ведаю, праз што ён прайшоў і як моцна ён жадаў гэтага. Ён — мой блізкі сябар, і я рады, што ён дасягнуў сваёй мары. Ён заслугоўвае гэтага. Яго шлях вельмі натхняльны!» — сказаў Мукі ў інтерв’ю «The Times Of Israel».
Мукі ўвогуле пачаў кампанію ў інтэрнэце, каб падтрымаць сябра напярэдадні вялікай разборкі з іранскім НАКам.
«Чацвер будзе лёсавызначальным днём для майго добрага сябра, дзюдаіста Саіда Малаэі з Ірана. Ён з’явіцца ў швейцарскай Лазане на працэсе супраць Іранскага алімпійскага камітэта, які патрабуе, каб ён вярнуўся ў Іран. Іранскі НАК хоча, каб Саід на Алімпіядзе выступаў пад іранскім флагам. Уся краіна супраць аднаго грамадзяніна, аднаго спартсмена. Шмат чаго было напісана пра гэтую сітуацыю, і я ганаруся тым, што мы з Саідам — блізкія сябры.
Што адназначна — гэта пакаранне смерцю на мінулым тыдні іншага ўдзельніка Алімпіяды — баксёра Навіда Афкары, які пратэставаў супраць рэжыму за правы на свабоду і роўнасць у сваёй краіне. Гэтая падзея — яснае паведамленне Саіду, што чакае яго і іншых людзей, якія выступаюць супраць улады. Заклікі лідараў іншых краін не дапамаглі Навіду. Ён мёртвы. Я пішу гэта і не магу спыніць думкі пра гэтую балючую сітуацыю, якая звязана з маім уласным жыццём.
Саід проста прасіў выйсці са мной на татамі і сумленна спаборнічаць на чэмпіянаце свету ў Токіа-2019. Рэжым дзейнічаў бязлітасна і не даў яму зрабіць гэта, як і на іншых турнірах. Саід абраў быць свабодным чалавекам, які ганарыцца сваёй культурай і краінай, але працягвае быць атлетам і дзюдаістам. Ён лічыць ліберальныя каштоўнасці святымі і падтрымлівае дух Алімпійскіх гульняў. Малюся, каб ён здзейсніў сваю мару і прыняў удзел у Алімпіядзе.
Я размаўляў з Саідам, падбадзёрваў яго. Яму цяпер вельмі цяжка. Я сказаў яму, што зраблю для яго ўсё, дзе ў свеце ён ні будзе, каб ён жыў у бяспецы і міры. Ведаю, што справядлівасць настане і мы сустрэнемся на адным дыване як роўныя. Калі ласка, давайце аб'яднаемся ўсім Ізраілем і светам за іранскіх грамадзян, якія знаходзяцца ў турме. #weareallwithsaeid — мы ўсе з Саідам! Твой Сагі Мукі», — такі ліст напісаў ён перад пасяджэннем Міжнароднага спартыўнага арбітражу.
Малаэі выйграў у іранскага НАКа і атрымаў нарэшце свабоду.

2_426.jpg


«Я ўдзячны прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі дзюдо Візэру ад усяго сэрца. Ён сказаў мне, што дапаможа паехаць на Алімпіяду і мая мара паспрачацца за званне алімпійскага чэмпіёна здзейсніцца. Сказаў, што я змагу працягнуць спаборнічаць. Мне патрэбная дапамога. Улада маёй краіны сказала, што я магу вярнуцца без праблем, але я ўсё роўна баюся. За сябе і за сваю сям’ю», — успамінае Малаэі.
У 2021-м Саід сапраўды атрымаў шанц на Алімпіядзе. І выкарыстаў яго бліскуча: у тым самым «Будакане» ён упэўнена выйшаў у фінал, дзе толькі трошкі саступіў гаспадару Таканоры Нагасе. Для Манголіі гэта найлепшы вынік у Токіа — ёсць яшчэ толькі дзве бронзы (таксама ў дзюдо).
«Гэты медаль прысвячаю таксама сваім ізраільскім сябрам і спадзяюся, што ізраільцяне шчаслівыя за мяне. Напэўна, я ўжо ніколі не вярнуся ў Іран», — прызнаецца Саід. Але цяпер ён адчувае сябе як дома адразу ў некалькіх іншых краінах.