Баскетбол: каманда, якую мы страцілі

Кожны дзень да спісу спартоўцаў, якія выказваюцца супарць таго, што адбываецца ў краіне дадаюцца новыя прозвішчы. Шмат хто са спартоўцаў удзельнічае ў акцыях пратэстаў. І кожны дзень папаўняецца спіс затрыманых спартоўцаў. Беларусь страчвае сваю спартовую будучыню?

Калі дрэвы былі вялікімі: Алена Леўчанка з сяброўкамі па зборнай святкуюць перамогу

Калі дрэвы былі вялікімі: Алена Леўчанка з сяброўкамі па зборнай святкуюць перамогу

Алена Леўчанка, зорка сусветнага жаночага баскетбола, паляцела ў Грэцыю — на планавую медыцынскую рэабілітацыю, патрэбную дзеля працягу бліскучай спартыўнай кар’еры. Абставіны, якія суправаджалі ад’езд славутай цэнтравой, на жаль, сумныя і незваротныя. З іх немінуча выцякае маркотная выснова: айчынныя заўзятары страцілі яшчэ адну каманду, якую нядаўна любілі і якой ганарыліся.

Краіна працягвае плаціць высокую цану за палітычныя падзеі, што раздзялілі найноўшую беларускую гісторыю на «да» і «пасля».

Акрэсціна і вошы

Алена хацела з’ехаць істотна раней — яшчэ 30 верасня. Купіла квіток, адправілася ў аэрапорт, развіталася з бацькамі. Аднак самалёт падняўся ў паветра без яе. Леўчанка затрымалі, фігуральна гаворачы, прама каля трапа, каб затым пасадзіць на 15 сутак на Акрэсціна.

Гэтая гісторыя вельмі вядомая і не мае патрэбы ў пераказе. Як баскетбалістка, якая гуляла ў ЗША, Расіі і Кітаі, спала без матраца на металічных прутах. Як адміністрацыя адключыла ў камеры ваду нават у прыбіральні. Як праз антысанітарыю завяліся вошы — дзівосная з’ява для Еўропы ХХІ стагоддзя і тыповая для нашага бягучага сярэднявечча. Асабліва для тых, хто не згодны з «палітыкай партыі», прагне пераменаў і змагаецца за іх мірнымі сродкамі.

Ураджэнка Гомеля, Алена з першых дзён паўстала ў авангардзе спартыўнага пратэсту. Яна ездзіла на Акрэсціна ў тыя самыя страшныя жнівеньскія дні, каб сустрэць збітых. Яна з калегамі выходзіла на нядзельныя маршы са знакамітай расцяжкай «Народ — чэмпіён». Яна давала адчайныя інтэрв’ю, у якіх не маскіравала свае думкі за асцярожнымі эўфемізмамі. Нарэшце, яна падпісала той самы вядомы адкрыты ліст, у якім беларускія спартсмены патрабавалі новых выбараў і спынення гвалту.

За ўсё гэта і стала мішэнню, аб’ектам паказальных рэпрэсій. Чаму выбралі менавіта яе — адказ вышэй. Хаця сярод аднадумцаў Алены са Свабоднага аб’яднання спартсменаў хапае і іншых годных людзей. Згаданы адкрыты ліст падпісалі ўжо больш за тысячу чалавек.

Аднак цяпер усё ў мінулым — Леўчанка на волі і больш не думае пра тое, што ў любы момант за ёй могуць прыйсці. Яна з’ехала, а мы засталіся. З гонарам за баскетбалістку-суайчынніцу — і з няёмкасцю за беларускі жаночы баскетбол, які так вяла адазваўся на бяду сваёй ці не самай знакамітай прадстаўніцы.

«Маглі б хоць патэлефанаваць»

Адазваліся простыя беларусы — і сусветныя баскетбольныя знакамітасці з розных краін. Адазваліся падпісчыкі ў сацсетках і нават адыёзны расійскі прапагандыст Уладзімір Салаўёў, які абурыўся ўмовамі ўтрымання Алены ў акрэсцінскім ЦІП. Жыхары Новай Баравой — ёсць у Мінску такі мікрараён — зладзілі адмысловы канцэрт у падтрымку Леўчанка. Бельгійская зорка Эма Місеман сказала ў інтэрв’ю: «Вестка пра арышт Алены выклікала шок ва ўсім баскетбольным свеце і не толькі». Апальныя купалаўцы гучна віталі стойкасць дзяўчыны і заўважылі, што «аднойчы яе біяграфію экранізуюць».

І толькі родны беларускі баскетбол, па вялікім рахунку, сарамліва «не заўважыў» таго, што здарылася.

Тут адразу вынесем за дужкі Беларускую федэрацыю баскетбола. Дзіўна было б чакаць падтрымкі ад арганізацыі, якая афіляваная з дзяржавай і якой кіруе першы намеснік прэзідэнцкай адміністрацыі. Тым больш БФБ і раней без сімпатый ставілася да Алены, у нейкі момант фактычна выкрасліўшы яе са свайго ростэра даверу.

Тут адразу пяройдзем да баскетбалістак нацыянальнай зборнай — каманды, якой Леўчанка ахвяравала многія гады самаадданай гульні, з якой перажыла хвіліны трыумфу і горычы і яркай часткай якой была і застаецца. На жаль, і з гэтага боку вязніца Акрэсціна так і не чакалася ўцямнай салідарнасці.

Алену падтрымалі лічаныя гульцы зборнай — былыя і цяперашнія. Не засталася ўбаку дзеючы капітан каманды Кацярына Сныціна — інакш быць не магло, бо дзяўчына таксама з ліку спарстменаў-пратэстоўцаў і падпісантаў адкрытага ліста. Не прамаўчалі Наталля Марчанка і Марына Крэс — абедзве ўжо скончылі кар’еру, але заўзятары цудоўна памятаюць іх яскравую гульню. Лайкаў і сардэчак падкінула Таццяна Троіна — з далёкага Эквадора, куды з’ехала за асабістым шчасцем пасля сыходу з пляцоўкі. І, здаецца, — усё.

«Так, вы маўчыце, я разумею вас — сям’я, крэдыты, баіцеся страціць заробак... — нявесела разважала ў інтэрв’ю «Трыбуне» маці Алены Людміла Паўлаўна. — Але, прабачце, чыста па-чалавечы маглі ж нават мне патэлефанаваць, пагаварыць. Ніхто ж за гэта лаяць не будзе».

«Ад некаторых былых калег, з якімі я адыграла столькі гадоў у нацыянальнай зборнай, таксама не паступіла слоў падтрымкі. Або падтрымкі хай не мне, а маім блізкім. Гэта адзінкавыя людзі», — распавяла youtube-каналу «Жизнь-малина» сама Алена Леўчанка. І дадала: «Такая наша рэальнасць на сённяшні дзень. Праверка на вашывасць».

Не трэба быць дыпламаваным знаўцам антрапалогіі, каб зразумець: ад гэтага часу ў вачах заўзятарскай супольнасці жаночая зборная Беларусі перастала быць светачам і аб’ектам усеагульных сімпатый. З ёй адбылося прыкладна тое ж самае, што і з хакейным «Дынама», і з нацыянальнай футбольнай зборнай. Каманды, чые гульцы пакорліва маўчаць пасярод прававога і маральнага дэфолту, больш не будуць ранейшымі.

«Буяльскія дзяўчаты»

Чым доўгія гады была для беларускіх заўзятараў жаночая баскетбольная зборная — пра тое напісана безліч журналісцкіх артыкулаў. Пра тое шмат сезонаў напралёт гудзелі інтэрнэт-форумы. Гэта быў феномен, што гарманічна ўкладваўся ў паняцце «народная каманда», якое і тлумачыць не трэба.

Іх называлі «буяльскімі дзяўчатамі» — па прозвішчы галоўнага трэнера Анатоля Буяльскага, які аднойчы знайшоў падыход да складаных жаночых душаў і натхніў іх на подзвігі. Душы, зрэшты, таксама былі як на падбор — плеяда таленавітых, амбіцыйных амазонак, гатовых парваць на паркеце любога.

Яны і рвалі, нягледзячы на касмічную канкурэнцыю. Двойчы ездзілі на Алімпіяду, чэмпіянаты Еўропы і свету былі для іх звыклым побытам. Вакол каманды лунала асаблівая аўра, якую пазней назавуць «каманднай хіміяй». Расклад тэлетрансляцый ці гульняў у мінскім Палацы спорту гледачы завучвалі на месяцы наперад — і чакалі-чакалі тых дзён, калі за «буяльскіх дзяўчат» зноў давядзецца заўзець з валідолам пад рукой.

Гэты фальклорны валідол — яшчэ адзін нязменны маркёр той харызматычнай каманды. Як і трэнерскі вокліч «банзай» у вырашальныя імгненні матча, калі баскетбалісткам прыходзіў час уключаць «максімалку» і перці на супернікаў танкам, а да перамогі — напралом.

Лепш за ўсё атрымалася ў 2007-м — на чэмпіянаце Еўропы. Там беларускі прайшліся катком па зборных Сербіі і Харватыі, не пакінулі шанцаў італьянкам і чэшкам, а ў матчы за трэцяе места перамаглі Латвію. Бронзавыя медалі — гэта быў прарыў, гледзячы за якім нашы заўзятары ад Гродна да Гомеля зрывалі галасы і паралізавалі актыўнасцю спартыўныя сайты.

Тое ж самае ледзьве не паўтарылася праз тры гады ўжо на чэмпіянаце свету. Беларуская зборная паслядоўна закашмарыла каманды Кітая, Канады, Грэцыі... Так і дагуляла да паўфінала, дзе толькі за кошт падазрона перадузятага судзейства саступіла Чэхіі. О, як крылі тых арбітраў беларусы… На сайце «Прэсбола» колькасць каментароў пад адной анлайн-трансляцыяй упершыню пераваліла за тысячу — і гэта быў красамоўны паказчык народнай эмпатыі.

У выніку дзяўчаты занялі толькі чацвёртае месца, але глыбокі след на турніры пакінулі. У чвэрцьфінале яны эфектна — 70:53 — «пляснулі» фаварытак-расіянак, і гэта стала галоўнай сенсацыяй чэмпіянату. Алена Леўчанка ў той гульні стала хэдлайнерам, набраўшы 17 ачкоў. А ўвогуле менавіта яе назвалі лепшай цэнтравой сусветнага форума.

Узгадваеш цяпер — і думаеш, што куды падзелася. Каманда крыху здала пазіцыі, але гэта якраз не здзіўляе — натуральная з’ява праз змену пакаленняў. Ненатуральна, што без падтрымкі ў цяжкую хвіліну засталася адна з творцаў тых незабыўных падзей.

Беларуская публіка зрабіла з таго правільныя высновы. І сёння ўжо няма ні аўры, ні маркёраў, а валідол хіба што п’юць бацькі Алены Леўчанка перад мурамі на Акрэсціна.

Берагі надзеі

Хтосьці скажа: і што з таго? Ну, не падбадзёрылі Леўчанка сяброўкі па зборнай — дык у іх, можа, іншае стаўленне да сітуацыі ў краіне. Яны, магчыма, і галасавалі 9 жніўня за захаванне існуючага рэжыму, супраць якога выступае знакамітая акрэсцінская арыштантка. Мець прынцыпова розныя перакананні — ці не за гэта выступае цяпер беларускі пратэст?

За гэта, канешне, хто б спрачаўся. Але наша баскетбольная гісторыя зусім не пра тое. Падмурак у яе не палітычнага кшталту — хутчэй, маральна-этычнага. І які б светапогляд ты ні меў, элементарнага спачування — як базавай каштоўнасці — гэта не адмяняе.

Крыштальны прыклад на карысць вышэй сказанага — гісторыя са свету шахмат. Пра тое, як Анатоль Карпаў наведаў Гары Каспарава ў маскоўскім СІЗА.

Здаецца, тое было ў 2007-м, а Каспараў загрымеў на Пятроўку, 38 праз удзел у «Маршы нязгодных». Ён ужо тады займаўся палітыкай і заняў прыкметнае месца ў шэрагах апазіцыянераў. Карпаў жа, як і ў савецкія часы, супраць дзяржавы не ішоў, і за сваю добранадзейнасць меў ад яе не рэгулярны пераслед і арышты, а пашану і павагу.

Яны ўвогуле глядзяць на жыццё па-рознаму — два геніяльныя шахматысты мінулага стагоддзя, два ідэйныя антыподы, за чыім шматгадовым жорсткім саперніцтвам калісьці сачыў увесь белы свет. Аднак гэта не перашкодзіла аднаму пайсці падтрымаць другога, калі той трапіў за краты.

Карпава да заклятага сябра не пусцілі, праз што ён пасля абураўся: «Проста глупства! Трэба было, наадварот, запусціць — ды яшчэ і дошку паставіць. Уяўляеце, шахматная сустрэча двух чэмпіёнаў свету ў камеры? Гэта на тэлеэкранах усяго свету паказалі б!» Каспараў учынак ацаніў. Казаў потым: «Гэта пераважвае ўсе праблемы, якія былі ў нашых адносінах на працягу 25 гадоў». І важка падкрэсліваў: «Многія людзі, якія лічыліся сябрамі, зрабілі выгляд, што нічога не заўважылі».

Два вялікія шахматныя каралі жывуць па розныя бакі барыкад. Жаночая баскетбольная зборная Беларусі як быццам плыве ў адным чоўне. Шкада толькі, што строга па плыні, уздоўж генеральнай лініі — і ўсё больш аддаляючыся ад берагоў надзеі.