«Пыталіся, ці не ўзвод адправілі мяне браць», — чэмпіёнка Беларусі пра арышт і спартовы гонар

«Як спартоўку мяне найбольш абурала ўжыванне сілы, агрэсіі да людзей без зброі, да людзей без падрыхтоўкі. Пяць чалавек бʼюць аднаго ці страляюць у пажылых людзей. Няма ані сумлення, ані гонару», — кажа шматразовая чэмпіёнка Беларусі па тайскім боксе і К1 у інтэр'ю «Свабодзе».

Аляксандра Сітнікава

Аляксандра Сітнікава

24-гадовая Аляксандра Сітнікава — шматразовая чэмпіёнка Беларусі па тайскім боксе і К1, трохразовая бронзавая прызёрка чэмпіянатаў Еўропы і чэмпіёнка Балтыі па тайскім боксе ў 2020 годзе. Нядаўна яна выйшла з турмы пасля 10-суткавага арышту за выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі. Аляксандра расказвае пра турму, салідарнасць і спартовы гонар, не ўласцівы «людзям у чорным».

 

Пасля турмы — каронавірус і страх выходзіць на вуліцу

Цяпер я на каранціне, бо ў мяне выявілі каронавірус. Я захварэла праз два дні, як выйшла з турмы ў Жодзіне. Некаторыя людзі, якія са мной сядзелі, таксама захварэлі. Мы там усе заразіліся. Я не адчуваю сябе ў бяспецы пасля турмы. Увечары спрабую выйсці на вуліцу падыхаць свежым паветрам — і лаўлю сябе на думцы, што мне страшна выйсці на вуліцу. Можаш проста ісці ўздоўж дарогі, і цябе могуць забраць за тое, што ты «выкрыкваў лозунгі». Такіх гісторый я пачула вельмі шмат за 10 дзён зняволення. Ніколі такога не было, каб у Мінску на вуліцы ўвечары ці ў іншы час сутак ты баяўся. А цяпер насамрэч страшна. Я ніколі нікога не баялася, ані вечарам, ані ўначы, я ведала, што магу за сябе пастаяць. Ведала, што ў рукі не дамся ці прынамсі змагу ўцячы. Страшна тое, што гэта робяць людзі, за якімі ўлада і закон.

 

Як затрымлівалі чэмпіёнку

Калі мяне арыштавалі, многія пыталіся, як гэта адбывалася, напэўна, я адбівалася ці цэлы ўзвод адправілі мяне браць. Не. Мяне папрасілі культурна праехаць у РУУС. Сказалі, што маглі б забраць з працы. Каб у іх былі прычыны заламаць мне рукі і павезці, яны б так зрабілі. Я разумею, што нават цяпер, калі да мяне на вуліцы падыдуць і скажуць праехаць, я паеду, бо не хачу, каб мне дадалі супраціў пры затрыманні. Я разумею, чым мне гэта пагражае, таму не буду ўжываць сілу.

 

Пра спартовыя правілы і гонар чэмпіёнаў

Як спартоўку мяне найбольш абурала ўжыванне сілы, агрэсіі да людзей без зброі, да людзей без падрыхтоўкі. На рынгу я вельмі часта бачыла ад розных людзей з розных краінаў праявы міласэрнасці, спартовай салідарнасці, падтрымкі. Калі супернік ведае, што ён на зусім іншым узроўні, чым ягоны супернік, і так адбылося, што паводле лёсавання яны паміж сабой б'юцца, ці ён ведае, што супернік — навічок, то найчасцей (гэта і ёсць гонар чэмпіёнаў) яны даюць папрацаваць суперніку, яны не будуць выкладвацца напоўніцу, не будуць траўмаваць, будуць ставіцца з павагай, дадуць шанец праявіць сябе, адчуць сябе на рынгу з чэмпіёнам, не будуць заканчваць бой датэрмінова (хоць маюць поўнае права). А тут усё несумленна з усіх бакоў. Пяць чалавек бʼюць аднаго ці страляюць у пажылых людзей. Няма ані сумлення, ані гонару.

На шчасце, я не бачыла на свае вочы, як некалькі чалавек б’юць дубінкамі мірнага чалавека. Я не ведаю, што б са мной было, каб пабачыла, я б не змагла застацца ўбаку. Калі я бачу такое на відэа, мне фізічна дрэнна становіцца. Я не ведаю, як так можна рабіць, як можна збіваць людзей, а потым казаць, што нічога не было, тады як у кожнай сямʼі ёсць родны, знаёмы, блізкі чалавек, які быў увесь у сіняках, быў затрыманы.

 

Як пасадзілі ў клетку

Калі я трапіла на Акрэсціна, супрацоўнік міліцыі казаў перад судом, гледзячы ў вочы, што нікога не бʼюць і нікога не збівалі. Я чакала суду, і начальнік, які ведаў, што я чэмпіёнка па тайскім боксе, накрычаў на гэтага міліцыянта, чаму я проста сяджу на крэсле і што я павінна сядзець у клетцы, што мяне трэба зачыніць, бо я магу яго збіць. Міліцыянт не мог зразумець, як яму рэагаваць, бо ён ведаў, што я спартоўка, але не ведаў хто. Ён казаў, што я і падобныя мне малалеткі — дурныя, вядуцца за нашай «улюбёнай Леўчанкай», якая нагаварыла глупства, а мы вядземся і трапляем на суткі.

2e6233da_193e_4d0a_bef7_d6dca3680416_w650_r0_s.jpg

А мяне затрымалі за фотаздымак 18 жніўня, яшчэ нічога не было, ніякай Алены Леўчанкі. Я паважаю і захапляюся Аленай, тым, што яна перажыла і што робіць, але на той момант я дакладна не была пад уплывам ніякага вядомага чалавека, спартоўца. Гэта была мая асабістая пазіцыя. Я гэта зрабіла пад уплывам таго жаху, які адбываўся ў краіне тады.

 

Пра пачуццё несправядлівасці

Мне 24 гады. Усё маё жыццё прайшло пры Лукашэнку. Адчуванне, што нешта не так, было практычна ўсё маё жыццё, з падлеткавага ўзросту. Дзякуючы спорту і проста таму, што я шмат падарожнічала, кантактавала з людзьмі з іншых краінаў, бачыла, як хто і дзе жыве, і бачыла ўзровень жыцця ў Беларусі. Я праўдалюбца, я за праўду і справядлівасць. Я не магу маўчаць. І ў школе з гэтым праблемы былі, магла і пабіцца, таму што не магу маўчаць, калі несумленна. Бачыць, калі абяцаюць шмат, а не адбываецца нічога, калі заробкі мізэрныя, людзі ледзь выжываюць, а нам кажуць, што ўсё цудоўна. 26 гадоў — вельмі шмат. Адзін чалавек, адзін погляд — такога нідзе быць не павінна. Патрэбны новы, свежы погляд.

 

Пра прыгожы тайскі бокс

 

2e31d5a0_0c82_4958_83fc_0df72109a8b2_w650_r0_s.jpg

Я выбрала вельмі прыгожы від спорту. Для мяне баі, тайскі бок, бокс, кікбоксінг — гэта мастацтва, прыгажосць рухаў, майстэрства, характару. Гэта была любоў з першай трэніроўкі. Я ўсё жыццё займалася нейкім спортам, мяняла віды спорту, хутка мне надакучвала, гублялася матывацыя. На некаторы перыяд я кінула спорт. Потым вырашыла, што трэба трымаць сябе ў форме, і трапіла на трэніроўку па тайскім боксе ў 16 гадоў. І пасля першай жа трэніроўкі я зразумела, што гэта — маё. Спачатку нічога не атрымлівалася, я была самая слабая, не магла адціснуцца ад падлогі. Але я зразумела, што я хачу гэта рабіць, мне падабаецца гэты адрэналін, я хачу біцца.

 

Чым адрозніваецца жаночы тайскі бокс ад мужчынскага

Эмацыйнасцю жаночай. Цяпер узровень жаночага боксу моцна вырас. Аднолькава цікавыя і відовішчныя мужчынскія і жаночыя баі цяпер. Але дзяўчаты інакш працуюць, яны рэальна больш эмацыйныя на рынгу, часцей ідуць ва-банк. Жаночыя баі меней спансуюцца, калі мы кажам пра прафесійныя баі, таму што меней фанатаў. А ганарары залежаць ад таго, колькі людзей прыйдуць паглядзець. Гэта застаецца пераважна мужчынскім відам спорту, бо фанаты — пераважна мужчыны і хлопцы. Мала хто з людзей, хто не знаходзіцца ў гэтым спорце, усурʼёз успрымае жаночыя баі. Найчасцей яны іх не глядзяць і кажуць, што мне гэта не спадабаецца, жанчыны не ўмеюць баксаваць. Калі такіх людзей прымусяць паглядзець, напрыклад, баі Валянціны Шаўчэнкі, яны скажуць, што насамрэч гэта класна, яны ўмеюць баксаваць. Фанацкая база ў мужчын большая, адпаведна — заробкі і ганарары. Але ў мяне бывалі ганарары і большыя, чым у хлопцаў, бо ўсё залежыць і ад прамоцыі.

 

02bd81da_0274_426c_9925_34934c5cbb80_cx0_cy15_cw0_w1023_r1_s.jpg

 

Як адказвае на закід, што гэта не жаночая справа

Я адказваю, што я гэта люблю і магу рабіць тое, што хачу і люблю, і не буду азірацца на нейкія стэрэатыпы людзей пра тое, што чалавек мужчынскага і жаночага полу павінен рабіць. У мяне гэта атрымліваецца, і я хачу пражыць сваё жыццё так, як я гэтага хачу. Ад блізкіх я чую, што яны перажываюць за маё здароўе, але была б я хлопцам, яны б гэтак жа перажывалі за яго здароўе, твар, суставы, нос і гэтак далей.

 

Чаму маўчыць большасць хакеістаў

Мне не зразумелыя людзі, якія ігнаруюць тое, што адбываецца ў краіне. Няма шэрага цяпер, ёсць белае і чорнае. Я не асуджаю людзей, якія выступаюць за цяперашнюю ўладу, але я асуджаю абыякавасць да таго, што адбываецца. Хакеістам ёсць што губляць. Напэўна, ім сказалі маўчаць. Усім ёсць што губляць, усім казалі маўчаць. Калі супраць выступаюць людзі, якія ўсё жыццё рыхтаваліся да зорнага часу на Алімпіядзе ў Токіё, і яны ўсё роўна кажуць, рызыкуючы страціць, магчыма, адзіны шанец у жыцці трапіць на Алімпіяду, — гэта выклікае захапленне. А людзі, якім сказалі маўчаць, і яны маўчаць... Добра, калі яны сапраўды не згодныя з людзьмі, якія выходзяць на вуліцу, але калі вы проста баіцеся... Кожны жыве паводле сумлення. У хакеі ў іх цудоўныя заробкі, падтрымка, увесь Менск у лядовых палацах, таму ёсць прычыны маўчаць.

 

Чаго могуць пазбавіць улады

Я магу страціць месца ў камандзе. Гэта не вельмі страшна, таму што ў нас практычна ўсе спартоўцы, усе медалі трымаюцца на энтузіязме саміх спартоўцаў, на іх жаданні нешта паказаць, даказаць, на іх любові да спорту. Вельмі вялікай падтрымкі фінансавай няма тайскаму боксу і кікбоксінгу. Гэта не алімпійскі від спорту.

Я чытаю каментары, што мы жывем на стыпендыі, трэніруемся на дзяржаўныя грошы, і як пасмелі выказвацца. Мне смешна, бо па факце я не бачыла ані капейкі ад гэтага. Акрамя прафесійных баёў, на якіх я зарабляю, аднойчы мне заплацілі прэмію за месца на чэмпіянаце Еўропы. Дык я на гэта працавала шмат гадоў. Я шмат грошай патраціла на малыя чэмпіянаты, на якія ездзіла за свой кошт, каб зарабіць досвед, на якім выйграла гэты медаль. Я абсалютна нічым не абавязаная і нічога не вінная. Гэта была мая ініцыятыва і падтрымка маіх родных. І на лячэнне грошы я трачу свае, ніхто не аплачвае. У мяне дзве аперацыі на каленях, і калі я заўтра скажу, што я не выступаю, усім будзе ўсё роўна. Мой спорт скончыцца, як і пачаўся, з маёй ініцыятывы. Ніякай вялікай падтрымкі няма, ніхто мільёнаў не бачыць, ніхто не жыве за кошт дзяржавы, усе зарабляюць сваёй працай. Плюс яны аддаюць сваё здароўе. Усе спартоўцы траўмаваныя, але ў кантактных відах спорту значна больш губляюць здароўе, наўрад ці нехта гэта зможа акупіць.