Фініш футбольнага чэмпіянату: сапраўдны пір напярэдадні імавернай чумы

Да заканчэння футбольнага чэмпіянату краіны застаецца не шмат часу, і ўжо можна дакладна сказаць: такога змрочнага, пакутлівага сезона мы яшчэ не ведалі. Яго першая палова прайшла ў абдымку з каронавірусам. Другую палову прыглушылі палітычныя падзеі ў краіне.

Радасць жодзінскіх футбалістаў пасля перамогі ў Брэсце. Фота прэс-службы ФК «Тарпеда»-БелАЗ.

Радасць жодзінскіх футбалістаў пасля перамогі ў Брэсце. Фота прэс-службы ФК «Тарпеда»-БелАЗ.

Але лёс гуляў беларусамі — на маршах, на Акрэсціна, на дваровых канцэртах і ў «стаканах» аўтазакаў. А беларусы гулялі ў футбол — і паўсюдна правальваліся, прайгравалі, і нават не знаходзілі эмпатыі з боку заўзятараў.

Што ж, такія часы на дварэ. Цёмны час перад світанкам.

Невыносная лёгкасць быцця

Зборная свой галоўны матч бяздарна зліла яшчэ ў кастрычніку, калі пакорліва саступіла ў Тбілісі грузінам у барацьбе за пуцёўку на EURO. Усё, што было да гэтага і будзе пасля, — дробязі жыцця. Нават калі каманда Міхаіла Мархеля возьме першае месца ў новай Лізе нацый, любы беларус можа ёй шчыра сказаць: учора трэба было так старацца. Не наеўся — не наліжашся.

Дый тое першае месца агорнута туманам, бо 15-га і 18-га лістапада пройдуць рашаючыя матчы (з літоўцамі і албанцамі), а шэрагі футбалістаў хістаюцца пад ціскам усё ж таго каронавіруса. Спачатку захварэў варатар Дзяніс Шчарбіцкі, і яго ізалявалі. Усё б нічога, бо адзін у полі не воін. Аднак ужо на гэтым тыдні covid-19 пайшоў у адкрытую атаку. Станоўчыя тэсты зафіксаваныя яшчэ ў траіх гульцоў — Аляксандра Гутара, Дзмітрыя Падстрэлава і Мікалая Золатава. Плюс нечым, падобным да «кароны», загадкава хварэюць Юрый Палякоў і Валерый Грамыка.

Аднак самае галоўнае з пандэміяй зусім не звязана. Ад выступу за зборную адмовіліся — і, відаць, канчаткова — тры ветэраны з ліку вялікіх аўтарытэтаў. Гэта Станіслаў Драгун, Аляксандр Мартыновіч і Павел Няхайчык. Ніхто з іх так і не патлумачыў прычыны дэмаршу, і гэта толькі ўзмацніла падазрэнні, што сярод матываў ёсць і палітычныя. Прынамсі, Няхайчык і Драгун гулялі апошнія матчы з белымі стужкамі, а апошні дык увогуле адзначыўся грамадзянскай пазіцыяй — у прыватнасці, асудзіў гвалт і падтрымаў затрыманую баскетбалістку Алену Леўчанка.

Вось так і вырулілася невыносная лёгкасць быцця. Яшчэ год таму ў нас была зборная, якая прэтэндавала на чэмпіянат Еўропы і якой заўзятары зычылі поспехаў, а цяпер каманда распаўзлася па швах, як стары кажух.

Калі надыдзе заўтра

Няма чым хваліцца беларускаму футболу і ў еўракубках. Сёлета і тут амаль татальнае спусташэнне, а месцамі і ганьба. «Шахцёр» прайграў вясковай камандзе з Малдовы, на першай жа стадыі пад адхон паляцелі БАТЭ і мінскае «Дынама». «Дынама» брэсцкае яшчэ крыху поркалася — пераадолела два раунды Лігі чэмпіёнаў, аднак пасля склала крылы і яно.

Такія паршывыя справы, і пра гэта «Новы Час» ужо згадваў. Дадаць сёння можна толькі тое, што заўтра, паводле прагнозаў, будзе толькі горш. Таму што да гульнявых праблем, меркавана, прыплюсуюцца фінансавыя.

Уласна кажучы, ужо ў гэтым годзе праз пандэмію і агульную эканамічную стагнацыю многія беларускія клубы былі вымушаны зацягнуць паясы. Цяпер жа рэцэсія ў краіне набірае моц — і аналітыкі асаблівага святла ў канцы тунеля не бачаць нават у цэйсаўскі бінокль.

А футбол жа ў нас, як стратны калгас, — трымаецца ў асноўным за кошт дзяржаўнага фінансавання. Гэты сезон на старых запасах клубы яшчэ дагуляюць, а вось наконт будучага ў кулуарах прадчуванні часцяком трагічныя. Футбольная супольнасць маральна рыхтуецца, што датацыі скароцяцца ў разы, — і, здаецца, людзі маюць рацыю. І ўжо цяпер можна ставіць трывожныя пытанні, уцямных адказаў на якія пакуль няма.

Што будзе з БАТЭ, які імкнецца зарабляць еўракубкамі? Што будзе з брэсцкім «Дынама», дзе вялікія запазычанасці назапашваюцца цягам апошніх месяцаў? Што будзе з клубамі-сераднякамі, якія сілкуюцца ад гарадскіх і абласных сродкаў? Што будзе з андэрдогамі, якія і так ледзьве зводзяць канцы з канцамі?

Пір напярэдадні чумы

У чэмпіянаце краіны тым часам застаецца згуляць усяго два туры, і балазе інтрыга ў табліцы такая, што турбавацца наконт будучыні проста няма калі. Фініш сезона мае ўсе шанцы стаць сапраўдным пірам напярэдадні імавернай чумы.

Па-ранейшаму нічога не зразумела наконт галоўнай — не эпідэмічнай кароны. Кароны чэмпіёна. На тытул пасягаюць БАТЭ і «Шахцёр», якія да таго ж сустракаліся ў суботу ў Салігорску. Гульню называлі «матчам стагоддзя» — кожнага з сапернікаў перамога выводзіла на шырокі абсяг перад рашаючым рыўком. Аднак, як бывае, сіла дзеяння зраўнялася з сілай супрацьдзеяння, і гэты закон Ньютана даў у выніку нічыю. Барысаў быў бліжэй да поспеху, бо хутка забіў і спрытна адбіваўся потым ад мітуслівых наскокаў гарнякоў. І ўсё ж тыя на гол у адказ нагулялі — хай сабе і забілі яго з даволі спрэчнага пенальці. Даравальна для Салігорска, тым больш мясцовыя заўзятары зноў парадавалі — як і раней, у нейкі момант пачалі скандаваць: «Жыве Беларусь!»

Фармальна ў залатой закрутцы фігуруюць яшчэ два клубы — «Нёман» і жодзінскае «Тарпеда». Зрэшты, ім, што сенсацыйна ўзняліся на неймаверную вышыню, за шчасце будзе і бронза — і менавіта пра трэцяе месца, можна не сумнявацца, абодва сёння і мараць.

Гродзенцы з кволымі «Смалявічамі» ў мінулым туры справіліся на адной назе, а вось Жодзіна зладзіла магутны перформанс — відовішчна і ўражліва раскроіла ў Брэсце мясцовае «Дынама». Гэта трэба было бачыць. Спачатку як гаспадары поля зраўнялі лік на 88-й хвіліне, дзякуючы, зноў жа, ліпаваму пенальці (тэма кепскага судзейства застаецца вечнай у беларускім футболе), а затым — як «Тарпеда» гераічна вырвала перамогу на пятай дададзенай хвіліне. Экшэн — па-іншаму не скажаш. Дзеючы чэмпіён здае паўнамоцтвы — цяпер гэта жалезная дадзенасць.

Застаецца дачакацца, хто гэтыя паўнамоцтвы прыме.

Чэмпіянат Беларусі

ВЫНІКІ 28-га ТУРА

6.11. ІСЛАЧ (Мінскі раён) — МІНСК — 3:4 (Камароўскі, 29, з пенальці, Рыбак, 43, Макась, 68 — Ал. Васільеў, 15, з пенальці, 71, з пенальці, Ануфрыеў, 50, Зіновіч, 92+). ВІЦЕБСК — РУХ (Брэст) — 0:0. 7.11. СМАЛЯВІЧЫ — НЁМАН (Гродна) — 1:4 (Ханкевіч, 77 — Забелін, 15, 32, Кадзімян, 38, 59). СЛУЦК — ГАРАДЗЕЯ — 0:1 (Габараеў, 42). ДЫНАМА (Брэст) — ТАРПЕДА-БЕЛАЗ — 2:3 (Лапцеў, 32, Гардзейчук, 88, з пенальці — Габоўда, 56, 73, Анцілеўскі, 95+). ШАХЦЁР (Салігорск) — БАТЭ (Барысаў) — 1:1 (Бегуноў, 81, з пенальці — Няхайчык, 25). 8.11. БЕЛШЫНА (Бабруйск) — ЭНЕРГЕТЫК-БДУ (Мінск) — 1:5 (Рэкіш, 87 — Бакіч, 18, Мусаханян, 34, 83, Юдчыц, 47, Умараў, 92+). СЛАВІЯ (Мазыр) — ДЫНАМА (Мінск) — 0:1 (Хвашчынскі, 80).

29-ты ТУР. 22.11. Смалявічы — Славія, БАТЭ — Белшына, Гарадзея — Дынама Бр., Нёман — Слуцк, Мінск — Віцебск, Рух — Шахцёр, Энергетык-БДУ — Дынама Мн., Тарпеда-БелАЗ — Іслач.

futbol_tablica.jpg