Металісты супраць хіпі ў цэнтры Мінска: футбол!
Адно з самых папулярных прагулачных месцаў у Мінску не заўсёды выглядала так, як зараз. Магчыма, многія не ведаюць, але да 1987 года на месцы сучаснага «Вострава слёз» быў размешчаны футбольны стадыён.
Гэта не кадр з фільма, а мінскія моднікі 80-х прыйшлі гуляць у футбол на Нямігу. Беларуская «Трыбуна» знайшла цікавы факт са старонак гісторыі нашай сталіцы.
Некалі, ля самай Свіслачы, каля станцыі метро «Няміга» знаходзіўся цэлы футбольны стадыён. А яшчэ на гэтай арэне ў 1986 годзе прайшоў незвычайны матч, у якім сустрэліся сталічныя нефармалы: металісты згулялі ў футбол супраць хіпі, сцвярджае гісторык Міхаіл Валодзін.
Задума згуляць у футбол нарадзілася ў прадстаўнікоў субкультур пасля таго, як міліцыя затрымала маладых людзей каля кавярні «Пінгвін» — упадабанага месца збору.
Хіпі міліцыянеры нашэптвалі, што ратуюць іх ад металістаў, якія задумалі зладзіць «крывавую лазню». Металістам жа паведамілі, што акцыю планавалі хіпі. Пасля змясцілі групоўкі ў адну камеру. Нефармалы не сталі высвятляць адносіны на кулаках і вырашылі згуляць у футбол.
І на наступную раніцу, калі ўсіх адпусцілі па дамах, групоўкі рушылі на «Працоўныя рэзервы».
— Хіпі ішлі моўчкі, з трапяткімі па ветры валасамі, металісты ваяўніча грымелі ланцугамі, — узгадвае матч Валодзін. — Мабільных тэлефонаў у той час не было, але вестка разляцелася па горадзе маментальна. Матч пачаўся апоўдні — да гэтага часу паспелі падцягнуцца заўзятары абедзвюх каманд. Ні раней, ні потым не бачыў Мінск такога дзіўнага футбола!
Гульцы бязглузда бегалі па полі, сутыкаліся, білі міма мяча, падалі, паднімаліся, размахвалі рукамі, а то раптам спыняліся аб нечым пагаварыць. Прысадзістыя металісты былі лепш падрыхтаваны фізічна. Затое хіпі, якія выглядалі змардаванымі, пераўзыходзілі сапернікаў у інтэлекце.
Старажылы адзначаюць, што падобныя сустрэчы паміж прадстаўнікамі розных нефармальных субкультур перыядычна здараліся на розных стадыёнах Мінска, у тым ліку на «Працоўных».
Затапляць арэну пачалі ў 1987 годзе — стадыён на той час быў разабраны. Ад праспекта Пераможцаў у бок ракі выкапалі катлаван. Калі дайшлі да Свіслачы, пусцілі ваду ў яму, і рака заняла новае рэчышча. На месцы стадыёна застаўся толькі невялікі астравок з мастком. Цяпер мы клічам яго «Востраў слёз».