BELPOL: Максімальныя заробкі беларускіх футбалістаў, а таксама трэнераў будуць зніжаныя

Ва ўрадзе Лукашэнкі незадаволеныя вынікамі выступаў беларускіх калектываў у еўракубкавых турнірах у 2023 годзе. Даведаліся, колькі зараз змогуць зарабляць футбалісты чэмпіяната Беларусі па футболе.

Ілюстрацыйная выява. Фота: abff.by

Ілюстрацыйная выява. Фота: abff.by

Інфармацыю аб планаваных зменах «Люстэрка» атрымала ад арганізацыі былых сілавікоў Беларусі BELPOL, у распараджэнні якой знаходзіцца дакумент, які іх пацвярджае.

Згодна з дакументам, Савет міністраў рыхтуецца ўнесці змены ў сваю ж пастанову ад 16 траўня 2013 года нумар 383 "Аб рэгуляванні аплаты працы работнікаў клубаў па гульнявых відах спорту, якія атрымліваюць падтрымку".

Паводле інфармацыі BELPOL, урад плануе заўважна знізіць максімальныя заработныя платы футбалістаў, якія выступаюць за беларускія клубы і нацыянальную зборную, а таксама трэнераў і іншых супрацоўнікаў:

Спартсменаў-інструктараў (гульцы клубаў) — з 6800 да 4900 рублёў.

Спартсменаў-інструктараў нацыянальнай каманды (гульцы нацыянальнай зборнай) — з 18 000 да 15 000 рублёў.

Галоўных трэнераў — з 14 100 да 9800 рублёў.

Трэнераў (старэйшых трэнераў, адміністратараў, масажыстаў, механікаў), лекараў, аператараў відэазапісу, гульцоў-стажораў — з 5600 да 3200 рублёў.

Названыя сумы — максімальна магчымыя заробкі футбалістаў і трэнераў, гэта значыць на практыцы яны могуць зарабляць менш (на справе ў некаторых беларускіх клубах заробак гульцам і зусім могуць не плаціць месяцамі). Змяненні будуць датычыцца ўсіх працоўных кантрактаў, якія заключаюцца пасля 4 снежня 2023 года.

У арганізацыі BELPOL сцвярджаюць, што на такі крок Саўмін вырашыўся пасля няўдалага выступу беларускіх футбольных клубаў у еўракубкавых турнірах УЕФА ў сезоне 2023/24 гадоў — усяго было згуляна 18 матчаў, у якіх беларускія клубы пацярпелі 8 паразаў, атрымалі 4 перамогі, 6 разоў згулялі ўнічыю.

У сувязі з такімі несуцяшальнымі вынікамі 20 ліпеня 2023 года была створана працоўная група на чале з так званым віцэ-прэм'ерам Ігарам Петрышэнкам, якая падрыхтавала аналіз стану спраў у беларускім футболе і па яго выніках выступіла з прапановай аб зніжэнні заробкаў, але не сабе, вядома ж.