Наталля Петракова: жыць хочацца для Беларусі — новай, свабоднай, багатай

Яна пачала сваю легіянерскую кар’еру ўжо ў 19 гадоў, — і адразу ў топавых заходніх клубах. А ў мінулым годзе пазбавілася працы ў нацыянальнай зборнай праз сваю грамадзянскую пазіцыю. Наша суразмоўца Наталля Петракова — лепшы брамнік у гісторыі беларускага жаночага гандбола.

fota_handballfast.com.jpg


— Што змянілася ў тваім жыцці, калі Міністэрства спорту не падоўжыла з табой кантракт праз подпіс знакамітага ліста спартсменаў за сумленныя выбары і супраць гвалту?
— Ды нічога, акрамя майго ўнутранага свету і пільнай увагі з боку кіраўніцтва і калег. Апошнія ставяцца як да нейкага звера ў заапарку — яны мяне разглядаюць: «Ну як ты там, жывая?». Некаторыя могуць скінуць эсэмэску або напісаць у вайберы з нагоды якога-небудзь майго паста: «Наташка, вау, крута!» Дзяўчаты са зборнай лайкаюць.
— Гэта засмучае?
— Ды не. Мы заўсёды былі толькі калегамі, звязанымі выключна прафесійнымі адносінамі. А цяпер ужо і іх няма — пасля таго, як мяне пазбавілі пасады старшага трэнера. Засталася толькі праца метадыстам у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі. Ну і плюс узяла гадзіны як дзіцячы трэнер — выжываць жа неяк трэба.
Праўда, мне не зусім зразумела, чаму дзіцячы трэнер у Мінску мае 700 рублёў, а ў Гомелі ў такой жа спартыўнай школе 1600. І гэта не выбух на макароннай фабрыцы, па сутнасці, гэта нармальная зарплата для трэнера, які мае шмат гадзін. Мне незразумела, чаму ў нас такая.
— А гандбол цяпер дзецям увогуле патрэбны?
— Так, і гэта абсалютна дакладна. Бацькам трэба кудысьці іх аддаць, а спорт падыходзіць больш за ўсё. Павер, я ведаю дакладна, што дзеці ў школу не рвуцца. У нас у РЦАРы 608 дзяцей, і калі паставіць іх перад выбарам, куды яны хочуць больш, то трэніроўка пераможа ў адны вароты.
Самы цікавы ўзрост у гэтым плане — 13–14 гадоў. Яны хочуць гуляць, у іх ёсць парывы. Дарослыя ўжо прагнуць стабільнасці. А наогул гэта пакаленне, канечне, не падобнае да нашага.
Мне цяперашнія дзеці падабаюцца тым, што яны так хутка не перагараюць, як мы ў іх узросце. Эканомяць на эмоцыях і нешта пакідаюць у сабе. Правільна, няма чаго гарэць, каб у 18 гадоў адчуваць сябе ў спорце бабуляй.
У той жа час ёсць момант недапрацоўкі. Але, думаю, гэта віна трэнера. Яны не хочуць выцягваць з іх жаданне і парывы да перамогі. Людзі прыходзяць адбыць свой час. А што яшчэ можна рабіць за 700 рублёў?
— А калі плаціць ім 1700, імкненні намалююцца?
— Тады перад дзвярыма цэнтра ў адзін момант утворыцца чарга з выпускнікоў універсітэта фізкультуры. І ўжо ніхто не захоча адбываць час. Магчыма, і са СКА пабягуць да нас. Так, гэта гучыць банальна, але зарплата заўсёды служыла добрай матывацыяй.
— Спорт, як вядома, заўсёды быў някепскім сацыяльным ліфтам.
— Для многіх схема ўжо адпрацаваная. Школа — спартыўны клас — БДУФК, падчас якога добра было б дзесьці перакантавацца. У лепшым выпадку гэта была б лаўка запасных БНТУ, «Гомеля» ці «Бярэсця». І ўсё — жыццё склалася. Да 24 гадоў план ёсць. І, калі задумацца, гэта класная штука.
Таму што я ў свае 18 паняцця не мела, дзе апынуся заўтра. Іншая справа, што такая мернасць мала спрыяе разуменню таго, што свае шанцы ў спорце трэба выгрызаць. Беларуская ментальнасць? Не ведаю, можа быць.Я з’ехала ў Нарвегію ў 19 гадоў, мне хацелася нешта памяняць. Ці хочуць дзяўчаты цяпер што-небудзь мяняць? Пытанне… Часта пытаюся: «Чаму ніхто з нашых дзяўчат-брамнікаў не з’едзе ў той жа венгерскі чэмпіянат — вельмі добры па сваім узроўні, дзе можна павышаць прафесійны ўзровень?»
— Што ты думаеш наконт таго, што славутыя чэмпіёны ўзначалілі хіт-парад падпісантаў праўладнага ліста?
— Мяне гэта ніколькі не здзівіла. Людзі атрымліваюць пэўныя прэферэнцыі і задаволеныя тым, што ёсць. Хоць, на мой погляд, ніякія грошы не каштуюць нават аднаго збітага чалавека. Зноў жа, усе супраць гвалту, і нават тыя, хто падпісаўся пад другім лістом, думаюць на гэты конт адназначна. Вось яны цяпер сядзелі б побач з намі — той жа Барбашынскі або Рутэнка — і казалі б, маўляў, рабяты, ну зразумела, што ўсё гэта хранова; але ж і вы зразумейце, у мяне сям’я, бізнес…
— Ты цяпер заўзела за нашу мужчынскую зборную на чэмпіянаце свету?
— Больш за ўсё Шаўцова лаялі за тое, што каманда ехала ў Егіпет без выразнай мэты. Той, якой хацелі б дасягнуць. Хоць ён, хітрая ліса, заўсёды ведае, што трэба сказаць. Што-небудзь тыпу падрыхтоўкі новага пакалення — каторага там па ліку, якое павінна будзе абавязкова стрэліць. Толькі ніхто не ведае, калі гэта адбудзецца дакладна. Таму крэдыт даверу трэнеру трэба падоўжыць зноў.
Мне ж здалося, што мы прыехалі туды не на чэмпіянат свету, а на вакацыі. Падчас перапынкаў у гульнях наш галоўны трэнер асабліва і не распінаўся.
Ну што нам перашкодзіла выйграць у славенцаў? У другім тайме каманда стаяла як укапаная. Можа, тады і трэба было прывесці яе ў пачуццё эмоцыямі, даць ёй неабходны энергетычны зарад?
Параўноўваю нашу жаночую зборную з мужчынскай і разумею, што пры прыкладна аднолькавых выніках мы падвяргаліся значна больш жорсткай крытыцы.
— А калісьці вы перамагалі цяперашніх чэмпіёнак свету — галандак, прычым без асаблівага напружання. Атрымліваецца, яны зрабілі крок, а то і два наперад, а мы засталіся на месцы?
— Бяда ў тым, што ў нас няма масавага спорту, як у Даніі, Славеніі або Нарвегіі. У нас у нацыянальным дзіцячым турніры «Вавёрка» ўдзельнічаюць пяць каманд дзяўчынак, тры з якіх — з Мінска. Так, пандэмія, але пяць — гэта нікчэмна мала!
Вярніце назад масавы спорт, які быў у СССР. Мы цяпер працуем кропкава, эксклюзіўна. Убачылі здольнага хлопца — і паперлі яго гадаваць. Паклалі на яго груз абавязкаў і ўзялі слова, што ён абавязкова стане вялікім гульцом.
Калісьці толькі ў Гомельскім раёне Сельмаш у гандбол гулялі ў пяці школах. Настаўнікі фізкультуры выкладалі адразу некалькі гульнявых відаў, і дзіця яшчэ ў школе магло зразумець, дзе ў яго атрымліваецца лепш. А дакладней за ўсё, той жа настаўнік сам рэкамендаваў яго дзіцячаму трэнеру.
Сёння я пытаюся ў дачкі: «Чым вы займаецеся на фізкультуры?». Кажа: «Мы вельмі просім пагуляць у валейбол!». Вядома, бо ў залі ёсць толькі сетка — вароты адсутнічаюць. Але нават у гэтым задавальненні ім адмаўляюць, таму што дзіця можа атрымаць траўму. А каму хочацца адказваць? Давайце лепш прэс пакачаем або ў даўжыню паскачам.
Здаровы лад жыцця павінен пачынацца яшчэ з дзіцячага садка. Абавязкова мусяць быць заняткі фізкультурай, абавязкова на вуліцы. І там трэба не стаяць, уткнуўшыся ў тэлефон, а працаваць з дзецьмі. Цяпер вельмі папулярнае практыкаванне — «Дзеці, давайце паходзім!». Вельмі зручна — мінімальны траўматызм.
А потым мы глядзім на скандынаўскіх хлопчыкаў і дзяўчатак і думаем: а чаго ж гэта яны такія здаровыя і каардынаваныя? А ў іх яшчэ з садка дзеці ўжо знаёмыя з элементамі таго ж гандбола. Маленькія вароты, маленькі мяч, гульнявая атмасфера… І як вынік — масавы ахоп.
Мне, дарэчы, заўсёды было цікава развіць гэтую тэму і ў нас у краіне. Іншая справа, што раней на тое элементарна не хапала часу, а цяпер, мусіць, ён з’явіўся.
Ведаеш, калі пачалася ўся гэтая гісторыя са звальненнем са зборнай, то нават незнаёмыя людзі мне пісалі: «Наташа, вы без працы не застаняцеся». І я думаю, што яны мелі рацыю, бо не ўяўляю сябе чалавекам, які сядзіць склаўшы рукі.
Хоць не буду хаваць: часам можа нахлынуць дэпрэсія. Я ўжо гадоў дзесяць не гляджу тэлевізар, але калі адкрываеш інтэрнэт, чытаеш пра тое, што адбываецца… Думкі з’яўляюцца розныя. Самая першая і найбольш перспектыўная — з’ехаць адсюль куды далей. Туды, дзе можна жыць у нармальнай спакойнай абстаноўцы, не баючыся выходзіць на вуліцу, не баяцца за сваю дачку, бо сёння не вярнуцца дадому можа кожны.
Калі чытаеш пра тое, што ў нас рыхтуюцца канцлагеры, то рабіць наогул нічога не хочацца. І звязваць сваю будучыню з такой краінай таксама неяк не цягне. Прыходзіш на працу і выконваеш нейкія функцыі, нібы аўтамат. Робіш добра, бо я не ўмею працаваць дрэнна. Але ствараць нешта новае…
Вось гэта дылема, з якой я змагаюся, і якую, ведаю, перажываюць многія і многія мае суайчыннікі. Жыць хочацца для Беларусі — новай, свабоднай і багатай. Той, якой яна можа стаць. Але не для той, якая яна цяпер. Я сёння тут задыхаюся. Гэта шчыра.
— Падчас кар’еры ты магла застацца ў той жа Нарвегіі — краіне выдатнай з любога пункта гледжання.
— Калі я хацела вярнуцца ў гандбол пасля нараджэння дачкі, то ўжо нікому не была патрэбная. Ну а як, з маім мікраінсультам…
Цяжка сыходзіць з вялікага спорту, калі ў цябе на руках кантракт з найлепшым клубам свету — аўстрыйскім «Хіпабанкам». Калі ёсць альтэрнатыва — з’ехаць у цёплую Іспанію. Калі нескладана вярнуцца і да скандынаўскага вектару.
30 гадоў для брамніка — гэта не ўзрост. Але... З такім дыягназам мяне потым не ўзялі нават у мінскі БНТУ: «Наташка, прабач…»
Калі малады, то проста ездзіш па краінах і думаеш, дзе табе было б цікава жыць. Тая ж Нарвегія для мяне была занадта змрочная. Залішне моцны там традыцыйны ўклад жыцця. У лістападзе яны ўсёй краінай сталі на лыжы — у сакавіку з іх сышлі. Калі адпачынак у камандзе доўжыцца 20 дзён, то 12 з іх яны абавязкова павінны правесці, раніцай прабягаючы кросік, а ўвечары збіраючыся кампаніяй папіць гарбаты ці пайсці ў бар. Для нарвежак жаночая супольнасць вышэй за ўсё.
«Наташа, ну гэта ж так выдатна — умацоўваць камандны дух і ў адпачынку. Пайшлі з намі, пап’ём гарбаткі...» А мяне гэта злавала, бо па натуры я адзіночка. Адпрацавала — і мне трэба дадому. Нікога не бачыць і не чуць. А яны расстацца не могуць.
Харватыя мне падабалася. Добрая краіна, я яе разглядала для далейшага жыцця. Але ўсё ж яна занадта шумная. Затое яны яркія і эмацыйныя на гульнявой пляцоўцы — у гэтым іх велізарны плюс.
Датчане класныя, яны не падобныя да нарвегаў. У іх культ дома, і яны заўсёды настроены пазітыўна. Нельга хвалявацца, патрэбна заўсёды ўсміхацца. Калі ў цябе нешта здарылася, то зусім не абавязкова цягнуць гэта ў каманду. Навошта хваляваць сябровак, хай гэта застанецца ўнутры. На людзях ты павінна быць вясёлай і жыццярадаснай.
Яшчэ спадабалася Аўстрыя. Збіралася пагуляць у «Хіпабанку» гады тры, а потым можна было б там застацца. Але бачыш, выношваеш планы яшчэ з 13 гадоў і быццам бы ўсё робіш для гэтага… Мне сябе няма ў чым папракнуць, але жыццё ўносіць свае карэктывы. Усё ж такі вялікі спорт патрабуе ахвяр.
А цяпер кудысьці з’ехаць практычна нерэальна. У той жа Даніі аддадуць перавагу мясцоваму трэнеру.Не ведаю, можа, памяняць прафесію... Хоць розумам усведамляю, што працаваць з тымі ж маленькімі дзеткамі ў садку — гэта маё. Не чысты спорт, а фізкультура, хоць, па вялікім рахунку, нават у такім узросце бачныя задаткі дзяцей. І даць ім правільны кірунак — гэта задача, над якой хацелася б папрацаваць.
І ўсміхацца бацькам. І хваліць дзяцей, бо ў гэтым далікатным узросце яны асабліва ўспрымальныя да хвалы і падвышанай увагі да сябе.
— Працаваць па дацкай сістэме?
— Ну так. А што ў мяне ўнутры... Думаю, як і ў кожнага нармальнага беларуса. Аднак навошта нам уголас казаць пра тое, што і так кожны з нас ведае? Лепш будзем усміхацца. На злосць тым, хто хацеў бы бачыць слёзы ў нашых вачах.