Па славу ў Браціславу: што пакажуць беларускія гандбалісты на чэмпіянаце Еўропы?
Вялікі спорт канчаткова выходзіць з навагодняга анабіёзу. Першы топ-турнір у 2022-м ладзяць гандбалісты. Лепшыя зборныя Еўропы ўжо сабраліся ў Славакіі ды Венгрыі, каб цягам двух з паловай тыдняў выявіць наймацнейшага ў Старым Свеце. Ёсць там і нашы хлопцы — у Браціславе, куды беларуская каманда вылецела яшчэ ранкам у сераду.
Што наканавана беларускай камандзе на ЧЕ, у чым яе моц і асаблівасці, чаму за гэтых гульцоў варта заўзець — на гэтыя і іншыя пытанні адкажам проста зараз, за суткі да першага матча суайчыннікаў на 10-тысячнай «Слаўнафтарэне».
Што такое чэмпіянат Еўропы?
У турніры, які назаве новага чэмпіёна Еўропы, будуць удзельнічаць 24 зборныя. Метадам рэйтынгаў і жэрабя іх ужо падзялілі на шэсць квартэтаў, беларусы патрапілі ў групу «D» — разам з Германіяй, Польшчай і Аўстрыяй.
Згуляўшы адно з адным, лепшыя дзве каманды кожнай чацвёркі затым выйдуць у другі групавы раўнд — ён будзе сфармаваны з дзвюх шасцёрак. І ўжо адтуль дзве пары мацнейшых складуць пул паўфіналістаў, якія і пазмагаюцца за медалі на фінішнай прамой.
Дзеючым еўрапейскім чэмпіёнам з’яўляецца зборная Іспаніі — адзін з прызнаных монстраў сусветнага гандбола. Найлепшымі на кантыненце пірынейцы станавіліся двойчы, але гэта, вядома, не рэкорд. Чатыры разы перамогу святкавалі шведы, тройчы — французы, двойчы немцы і датчане, аднойчы — нашы суседзі расіяне. Як лёгка палічыць, нас чакае 15-ы ЧЕ — лепшага ў Еўропе гандбалісты пачалі выяўляць параўнальна нядаўна, у 1994 годзе.
Што да «нашых», то беларусы з медалямі з топ-турніраў (ЧЕ і ЧС) не вярталіся аніразу, затое ўдзельнічаюць у іх рэгулярна. Для беларускай зборнай сёлетні чэмпіянат Еўропы будзе ўжо сёмым — і гэта вельмі добры паказчык для шматпакутнага спорту Беларусі. Асабліва ў гульнявых відах.
Як перашкаджае чэмпіянату кавід?
«Амікрон» крочыць па планеце, і чалавецтва зноў курчыцца ў прадчуванні чарговай разбуральнай хвалі кавіда. Адчувае гэта на сабе і спорт. Вунь нават Кантынентальная хакейная ліга — ліга, дзе ёсць і беларускі след, — моцна чухае рэпу наконт бліжэйшай будучыні. А у мінскім «Дынама» дык наогул здарылася цэлая эпідэмія, праз што бліжэйшы практыкум (ажно тры матчы) пастаўлены на паўзу.
Гандбольнаму ж ЧЕ быць. Але быць у максімальна бяспечным фармаце — то-бок без гледачоў на трыбунах. Адпаведнае рашэнне Еўрапейскай гандбольнай федэрацыі (ЕГФ) было агучана ў панядзелак.
Беларуская зборная, між тым, асабіста панесла ўрон ад сусветнай навалачы. Перад чэмпіянатам нашы гандбалісты адправіліся было ў Венгрыю, каб згуляць там міні-турнір з гаспадарамі і камандай Бахрэйна. Гэта быў важны старт — як сказана ў класіцы, «енаральная парапіца» перад галоўным выпрабаваннем года — але і тут умяшалася «карона». Праз падазрэнне на COVID-19 у аднаго з беларускіх спартсменаў гульні ў выніку адмянілі, і паездка ў вугорскую далеч, па сутнасці, аказалася турыстычнай вандроўкай. Як гэта адаб’ецца на кандыцыях нашых хлопцаў, час пакажа.
Наколькі моцная зборная Беларусі?
У нас неблагая каманда. Нават з пункту гледжання прынцыповых заўзятараў — таму што вядомы праўладны ліст з усяго ростара падпісаў, здаецца, толькі адзін чалавек. Астатнія ад гэтай ініцыятывы адмовіліся, а некаторыя — як той жа лідар-лінейны Арцём Каралёк, — адкрыта выступалі за перамены.
Ёсць за каго зачапіцца воку і ў сэнсе гульнявога патэнцыялу. Каралёк і паўсярэдні Уладзіслаў Кулеш гуляюць у польскім «Кельцэ» — клубе адназначна элітнага міжнароднага ўзроўню. Разыгрываючы Вадзім Гайдучэнка выступае за французскі «Сэн-Рафаэль», а фактурны цэнтрбек Вячаслаў Бохан — за ўкраінскі «Матор». Некалькі чалавек гуляюць у Расіі, хтосьці — у Фінляндыі, аднак найбольшае прадстаўніцтва ў зборнай маюць вядучыя беларускія клубы. Брэсцкі «Мяшкоў» дэлегаваў на ЧЕ пяцярых гульцоў, мінскі СКА і таго болей — семярых.
Сённяшнюю зборную Беларусі можна пазначыць папулярным цэтлікам «каманда-серадняк». Да магутных грандаў нам, канешне, далёка, аднак у адзін канкрэтны гульнявы вечар хлопцы, у прынцыпе, могуць бахнуць з гарматы. На тое звычайна і робіцца разлік, бо гандбол даволі непрадказальны. Аднак не заўсёды гэты разлік спраўджваецца, і ўвогуле на міжнародным узроўні высокіх зорак з неба беларусы не хапаюць.
Якія задачы пастаўленыя і ці можна іх вырашыць?
Варта адзначыць, што гандбалісты, адрозна ад футбалістаў альбо прадстаўнікоў іншых відаў, свае магчымасці часцей за ўсё ацэньваюць адэкватна. Не абяцаюць парваць усіх і выйграць галоўны прыз, а трымаюцца больш сціплых арыенціраў. Аднак гэтым разам так званы «ўра-патрыятызм» усё ж аднойчы прарваўся на паверхню.
«Задачы канкрэтныя — стаць чэмпіёнамі Еўропы», — сказаў у лістападзе кіраўнік гандбольнай федэрацыі Уладзімір Канаплёў. І ўслед патлумачыў: «Па сусветным рэйтынгу мужчынская каманда зараз дзесьці дваццатая, а па еўрапейскім — дзясятая. Таму нам час ужо набліжацца і займаць годныя месцы. Хлопцы самі ўжо хочуць медалёў».
Хлопцы, праўда, ведаючы, хто ёсць хто ў еўрапейскім гандболе, аптымізм функцыянера асабліва не падтрымалі. Плюс-мінус агульную думку на гэты конт агучыў лідар зборнай Арцём Каралёк: «Медалі не могуць вырасці на роўным месцы. Да гэтага павінны быць нейкія перадумовы. Немагчыма заняць 17-е месца, а потым адразу скокнуць у топ-3».
Не кажа раней часу «гоп» і галоўны трэнер, алімпійскі чэмпіён-1988 Юрый Шаўцоў. Выйсці з групы — такім чынам абазначыў першапачатковы ідэал шматгадовы павадыр зборнай.
Выйсці з групы — гэта пераадолець першы групавы раўнд і патрапіць у другі. Менавіта на такой рэалістычнай стратэгіі беларусы ў выніку і спыніліся.
Задача слушная — але выканаць і яе нашым хлопцам будзе вельмі няпроста.
КАЛЯНДАР ГРУПЫ «D»
14.01. Германія — Беларусь (20.00 па беларускім часе).
16.01. Беларусь — Польшча (22.30).
18.01. Беларусь — Аўстрыя (20.30)
СКЛАД ЗБОРНАЙ БЕЛАРУСІ
Брамнікі — Вячаслаў САЛДАЦЕНКА (1994 г. н.), Іван МАЦКЕВІЧ (1991), Ілля УСІК (1998) (клуб: усе — «Мяшкоў Брэст»);
крайнія — Мікіта ВАЙЛУПАЎ (1995), Андрэй ЮРЫНОК (1996) (абодва — «Мяшкоў Брэст»), Уладзіслаў КРЫВЕНКА (1999), Яўген НІКАНОВІЧ (2000) (абодва — СКА-Мінск);
лінейныя — Арцём КАРАЛЁК (1996, «Кельцэ», Польшча), Вячаслаў БОХАН (1996, «Матор», Украіна), Юрый ЛУК’ЯНЧУК (1990, «Кокс», Фінляндыя), Віктар ЗАЙЦАЎ (1992, «Пермскія мядзведзі», Расія);
паўсярэднія — Алег АСТРАШАПКІН (1992, ЦСКА, Расія), Уладзіслаў КУЛЕШ (1996, «Кельцэ», Польшча), Матвей УДАВЕНЯ (2000), Юліян ГІРЫК (1998), Кірыл САМОЙЛА (2002), Мікалай АЛЁХІН (1998) (усе — СКА-Мінск);
разыгрываючыя — Вадзім ГАЙДУЧЭНКА (1995, «Сэн-Рафаэль», Францыя), Арцём КУЛАК (1996, «Чэхаўскія Мядзведзі», Расія), Ігар БЯЛЯЎСКІ (2002, СКА-Мінск).
Фота handball.by.