
42 дзіцяці, мужнасці якіх можа пазайздросціць і дарослы, змагаліся за перамогу ў бегу, футболе, плаванні, настольным тэнісе і шахматах. Насамрэч, у гэтыя дні тых, хто прайграў, не было: кожны з іх — ужо пераможца, які даказвае, што няма нічога немагчымага і жыццё працягваецца.
Такія спаборніцтвы праходзяць у Беларусі з 2018 года, і шмат валанцёраў, якія дапамагаюць у іх арганізацыі — былыя ўдзельнікі і пераможцы ранейшых гульняў.
Удзел у спартовых паядынках з задавальненнем прымалі і бацькі: мужчыны азартна гулялі у футбол, а маці заўзята скаралі бегавую дарожку.


Пасля лячэння трэба яшчэ перыядычна наведваць паліклініку анкацэнтра, каб здаваць аналізы і праходзіць абследванні. Падчас аднаго з такіх наведванняў у фае паліклінікі быў выступ нейкіх артыстаў, мы спыніліся паглядзець. Нам вельмі спадабалася, Даша актыўна апладзіравала. Яе заўважыла адна з арганізатарак «Гульняў Пераможцаў» і прапанавала паўдзельнічаць. Мы згадзіліся, і аніразу не пашкадавалі! Гэта нас так захапіла, што вось другі год ужо ўдзельнічаем. Дарэчы, да хваробы Даша сістэмна спортам не займалася, але ж цяпер для яе спорт стаў важнейшы за вучобу. На дадзены момант яна ходзіць у басейн і займаецца конным спортам. Да мінулага года яна плаваць не ўмела, але, пабачыўшы на мінулых «Гульнях» спаборніцтвы па плаванні, вырашыла пайсці ў басейн, каб на гэтых «Гульнях» таксама прымаць удзел у плаванні! Пакуль першага месца не заняла, але ж плыла добра, і гэта таксама перамога.
Малодшая дачка, гледзячы на Дар'ю, таксама хоча ў спорт, але ёй пакуль 3 гады. Я і сам, вось, сур'ёзна планую ў басейн пачаць хадзіць, каб форму падтрымліваць. Вялікі дзякуй тым, хто арганізоўвае гэтыя спаборніцтвы, усё на найвышэйшым узроўні, і нам тут вельмі падабаецца. У Дашы з'явілася шмат новых сяброў, нават адзіны хлопчык ужо прапаноўваў ёй сустракацца пасля гульняў.