«У нас трэнаваліся тыя, хто пасля самба пайшлі служыць у АМАП»

Чэмпіён свету і Еўропы ў самба Сцяпан Папоў паразважаў у інтэрв'ю Свабодзе пра дзяржаву, якая множыць «ворагаў народу».

39a1a8a2_b3dc_4787_ac87_586f05a6c7a0_cx0_cy15_cw0_w1023_r1_s.png


Сцяпан Папоў — заслужаны майстар спорту, чэмпіён свету і Еўропы ў самба, інструктар нацыянальнай зборнай, сябра камісіі спартоўцаў Міжнароднай фэдэрацыі самба (FIAS). Першы самбіст у гісторыі, ушанаваны ўзнагародай Fair Play за сумленную барацьбу. У фінальным паядынку Еўрапейскіх гульняў-2015 у Баку, дзе беларус выйграў золата, літаральна вынес на плячах траўмаванага суперніка. Пасля гэтага атрымаў мянушку «высакародны».

Ён не хавае, што збольшага лаяльна ставіўся да ўладаў, як і многія калегі, лічыў сябе апалітычным. Аднак сёлетняя прэзідэнцкая кампанія з несувымерным гвалтам сілавікоў супраць мірных дэманстрантаў прымусіла заняць актыўную пазіцыю.

«Мінспорту хоча, каб усё было як у казарме»

Сцяпан Папоў падпісаўся пад адкрытым лістом амаль 600 працаўнікоў спартовай галіны з палітычнымі патрабаваннямі да ўладаў. З расцяжкай «Народ чэмпіён!» ён у першых шэрагах на нядзельных маршах. Сябра Свабоднага аб’яднання спартоўцаў, якое паўстала ў адказ на гвалт і беззаконне ў краіне.

За гэта цяпер разам з іншымі падпісантамі даводзіцца супрацьстаяць ціску з боку функцыянераў ды ідэалагічнай апрацоўцы. У гэтым звязку вядомыя спартоўцы запісалі відэазварот да кіраўніцтва галіны з патрабаваннем спыніць прэсінг і пагрозы.

— Сцяпан, шырока абмяркоўваюцца абмежавальныя навацыі Міністэрства спорту і турызму? Абвешчаная вайна ўсім, хто западозраны ў неляяльнасці да ўлады?

— Не столькі вайна, колькі страх, праява таго, што яны насамрэч баяцца пераменаў. Справа ж не ў сімвалах, а ў праўдзе і справядлівасці, якіх мы хочам дамагчыся, каб нас чулі і разумелі вышэйшыя чыны. Таму што спартовец не салдат, яму ня трэба ў адзін і той жа час быць у адным і тым жа месцы.

Кожны атлет рыхтуецца індывідуальна. Можна націснуць на лекара, настаўніка, рабочага, у якіх нармаваны графік. Нас прымушаць няма неабходнасці, кожны сам зацікаўлены падтрымліваць форму. Я з катэгорыі 30+, мне нельга перабаршчыць з нагрузкай. Таму сам адчуваю, калі прыпыніцца. Мой трэнер бачыць, які трэніровачны цыкл найбольш прымальны. А Мінспорту хоча, каб усё было як у казарме.

1e3f2daf_a296_4cd4_a1d6_6a0a3a42b8b3_w650_r0_s.jpg

«Крыўдна, што з цябе спрабуюць зрабіць ідыёта»

— Шокам сталі расказы атлетаў, як да іх без папярэджання заяўляўся намеснік міністра Міхаіл Партной і прымушаў адклікаць подпісы пад калектыўным лістом, пагражаў наступствамі. Для пацверджання сур’ёзнасці намераў нібыта браў з сабой генеральнага сакратара федэрацыі дзюдо Руслана Шарапава. Нейкі сюр з «ліхіх 1990-х».

Калі Руслан стаў галоўным трэнэрам па дзюдо, я ўжо быў у самба. Але ездзілі разам на зборы, адклалася пару карцінак. Яшчэ да сняданку ён прымушаў усіх бегаць, прычым шмат і доўга. Апраналі кімано — і наперад. Я «сава», і майму арганізму цяжка пасля такога стрэсу прыйсці ў норму. Ён вайсковец, і ў яго ўсё паводле армейскага раскладу: усталі — пабеглі. Другі момант — актыўныя гульні. У той жа футбол заўсёды збіраў моцную каманду, якая пэўна пераможа. Не бянтэжыла нават, калі ў яго 7 чалавек, а ў суперніка толькі 3.

Таму нічога дзіўнага: загадалі — ён і паехаў. Цяпер кожны хоча нешта ўрваць пад сябе. Асабіста я лічу, што знаходзіцца ў кампаніі такіх людзей — нават не пагражаць, а быць сведкам — падстава задумацца, навошта яму гэта трэба. Бо такія паводзіны ненармальныя ва ўсіх адносінах.

Хочаш пагаварыць — прызнач сустрэчу, пакліч у кабінэт, прыедзь на трэніроўку. А завальвацца ў суправаджэнні амбалаў — рэальна страшна. Ну ўявіце: на парозе з'яўляецца граміла — здаровы лысы Шарапаў, і намеснік міністра, у якога благая слава ў кантактах з людзьмі. Без намёку на дыялог, толькі маналог: чаго табе не хапае, вы ўсе праплачаныя, не хадзіце на маршы. Гэта не канструктыўныя адносіны. Псіхалагічны ціск, які ў цывілізаваным свеце немагчымы. Каб такое здарылася ў іншай краіне, паляцеў бы пазоў у суд. На жаль, не з нашым правасуддзем.

«Выцягнулі з машыны, збілі, кінулі на Акрэсціна»

— Чуў, што хтосьці са сваякоў, словамі ўсё таго ж кіраўніка МУС Караева, «трапіў пад раздачу»?

— Так, стрыечнага брата з 9 па 13 жніўня трымалі на Акрэсціна. Уся сям’я шалела, ніхто нічога не ведаў, давалі ілжывую інфармацыю. Толькі праз чатыры дні знайшоўся — гематома галавы, здзекі, прыніжэнні. Кажа, што яшчэ пашанцавала. Ну як такое магчыма? Спрабуе змагацца, бо ёсць 100-працэнтныя доказы, што знаходзіўся ў месцы, дзе ніякіх мітынгаў і блізка не было. Камеры, відэа, сведкі. Выцягнулі з машыны, збілі, загрузілі ў аўтазак. Суд тры разы пераносілі, матэрыялы «на дапрацоўку». На жаль, закон не працуе.

У маёй біяграфіі шмат было момантаў з неаб’ектыўным судзействам. Там прыціснулі, тут прыціснулі. Мог бы яшчэ раз і чэмпіянат свету выйграць, і Еўропы, але ніхто за мяне не ўпісваўся. З часам назапасілася злосць на несправядлівасць. Цяпер такая ж сітуацыя з выбарамі. Разумееш, што ў цябе скралі голас, гвалтам забралі з вуліцы, ні за што асудзілі.

— У выпадку са спартоўцамі сытуацыя наогул унікальная. За чвэрць стагоддзя хіба пару чалавек знаходзілі сілы публічна скрытыкаваць уладу — як вясляр Уладзімір Парфяновіч, шахматыст Віктар Купрэйчык. Цяпер жа колькасць незадаволеных ідзе на сотні!

— Што я і казаў: спартоўцаў цкаваць нельга. Сваёй пазіцыяй мы ў тым ліку дэманструем, што ў Міністэрстве спорту поўны бардак. Ведамства, якое пакліканае абараняць нашы інтарэсы, выстаўляе нас ворагамі. Над усім ставіцца ідэалогія, дэманстрацыя адданасці вышэйшаму кіраўніцтву. Мы выказваем грамадзянскую пазіцыю — нас прэсуюць матэрыяльна, фізічна, псіхалагічна. Бо калі прыходзяць Партной з Шарапавым — гэта прамы «наезд», што непрымальна для нармальнага грамадзтва. Шкада, што няма дыялёгу, нас проста ня хочуць пачуць. Верагодна, баяцца пытанняў, на якія ня ведаюць, што адказаць.

b77b132e_8e9c_4eb1_bcae_4919418238bf_w650_r0_s.jpg


«Сілавікам убіваюць у галовы розную дурату»

— Сцяпан, не сакрэт, што трэнэры ў боксе, адзінаборствах працуюць інструктарамі падчас падрыхтоўкі сілавікоў. Самбісты дапамагалі тым жа байцам АМАП, давер да якіх сёння практычна на нулі?

— У нас трэнаваліся людзі, якія пасля самба пайшлі служыць у АМАП. Я іх ведаў, рыхтаваўся побач. Але калі пабачыў, што яны выстаўляюць у сацсетках, проста заблакаваў іх у сябрах, нават не бачу, што дасылаюць. Адчуваецца, што людзей замбуюць. Ёсць катэгорыі насельніцтва, якія лёгка паддаюцца ідэалогіі. Так і сілавікам убіваюць у галовы розную дурату, развязваюць рукі, і яны потым твораць такія жахлівыя рэчы.

Той жа Шарапаў. Ну што яго штурхнула на такі крок? Глыбінных матываў не ведаю, але ёсць фатаздымкі, з кім прыходзіў і да каго. Ужо не скажа, што «паклёп». Ведаю, што на многіх ціснулі, толькі баяцца пра гэта гаварыць. Дзякуй Богу, ёсць фонд падтрымкі, спартоўцы адчуваюць сябе абароненымі. Бо калі прыйшлі да аднаго запалохалі, да другога — страшна застацца сам-насам з гэтым. Мы прызвычаіліся ў гэтай сістэме, што няма каму паскардзіцца. Міністэрства не дапамагае, а наадварот, прэсуе.

Крыўдна, што яны зараз прадэманстравалі: якім бы добрым спартоўцам ні быў, якіх бы вынікаў ні дасягнуў, ты нікому не патрэбны, калі пачынаеш адкрываць рот. Ну вось Мікалай Іванавіч Казека. Для мяне не толькі трэнер, які прынёс Беларусі найвышэйшыя вынікі, а і прыклад таго, як з'яднаць каманду. Калі прыходзілі іх прэсаваць, ён устаў і сказаў: я сваіх дзяцей крыўдзіць не дазволю. Таму яго так любяць. І калі ў нас увесь спорт стане такі, будуць і мэдалі, як у фрыстайле.

А як за грамадзянскую пазіцыю атрымліваеш абвінавачанні нават ад калегаў — маўляў, ганьбіш наш від, усіх падставіў, зрэжуць фінансаванне — такой дысцыпліне засталося існаваць нядоўга. Мабыць, і з прычыны слабой еднасці ў апошнія гады самба завяла. Ідэалогія мусіць быць іншая, новая, крэатыўная. Трэнеры, спартоўцы павінны супольна тварыць, а не выконваць загады, да апошняга трымаючыся за заробкі. У галіне поўны бардак, а займаюцца абы-чым. Ходзяць падазроныя элементы, пагражаюць спартоўцам, а міністэрства цкуе за стужачкі, сцяг, герб. Не ў той бок капаеце, не туды рухаецеся. Гэта не развіццё, а рэгрэс. Можа, нехта хоча жыць у краіне з «паняццямі» замест законаў, я — не. Паводле Радыё Свабода