«Лукашэнка не мой прэзідэнт». Як чатыры словы пазбавілі Вадзіма Дзевятоўскага высокай пасады ў спорце

Цяпер федэрацыяй лёгкай атлетыкі будзе кіраваць Іван Ціхан.

Іван Ціхан і Вадзім Дзевятоўскі. Фота pressball.by

Іван Ціхан і Вадзім Дзевятоўскі. Фота pressball.by

Да бягучага лета Вадзім Дзевятоўскі быў узорным функцыянерам беларускага спорту і шчырым прыхільнікам Аляксандра Лукашэнкі. Працаваў старшынёй федэрацыі лёгкай атлетыкі і імкнуўся дзейнічаць прагрэсіўна. Стварыў вакол сябе кам’юніці аднадумцаў і з лёгкасцю заводзіў міжнародныя знаёмствы. Зайдросна актыўнічаў у сацыяльных сетках, дзе амаль штодзённа посціў нешта бадзёрае, аптымістычнае і багатае на лайкі.
Не тое, каб вынікі лёгкаатлетаў пры ім рэзка пайшлі ўгару, але ж гэта і справа не хуткая. Падрастае перспектыўная моладзь, то і добра — трэба крыху пачакаць.
Галоўны спартсмен краіны ўсё разумеў і карт-бланшу маладога чыноўніка не пазбаўляў. Год таму, на чарговым алімпійскім сходзе, Лукашэнка даволі лагодна пракаментаваў няўдачу каманды на чэмпіянаце свету. «Кіраўнік федэрацыі мяне запэўніваў, што медалі будуць, — казаў. — Але ж, Вадзім, іх няма. А медалі альбо ёсць, альбо іх няма…» Гэта была крытыка, але ніяк не разнос. І сам Дзевятоўскі пасля ў каментары за гэты бацькоўскі пендзель Лукашэнку падзякаваў.
Карацей, у лёгкай атлетыцы існавала ідылія і пазіцыі яе кіраўніка выглядалі непахіснымі.
Усё змянілася 21 жніўня. Амаль праз два тыдні пасля выбараў, афіцыйныя вынікі якіх Дзевятоўскі ўхваліў. На яго старонцы ў фэйсбуку з’явіўся сенсацыйны надпіс, які выклікаў эфект узарванай бомбы. «Лукашэнка не мой прэзідэнт!» — усяго чатыры словы, што падзялілі жыццё Вадзіма Анатольевіча на «да» і «пасля».
Гэта быў шок. Параўнаць яго можна хіба што з тым, калі б нейкі паважаны біскуп каталіцкай канфесіі раптам на ўвесь свет прызнаўся, што бога насамрэч няма.
Фэйк? Старонку Дзевятоўскага ўзламалі кібер-партызаны? Ці, можа, сам Марк Цукерберг вырашыў знішчыць карь’еру выбітнага 43-гадовага лаяліста? Вядома, журналісты кінуліся верыфікаваць анамалію. Фактчэкінг быў імклівы: па тэлефоне старшыня БФЛА аператыўна, хаця і крыху нервова, спраўдзіў інфармацыю. І нават сказаў, што яго ранейшыя перакананні былі памылкай…
Як атрымалася, што ў адзін момант адданы і шчыры (ключавое слова) адэпт дзяржаўнага курса запісаўся ў «адшчапенцы», «адмарозкі» і «майданутыя» — тое сёння ёсць, бадай, самая вялікая таямніца айчыннага спорту.
Так, існуюць розныя чуткі, месцамі шакуючыя, але агучваць іх не будзем. Больш-менш вядома тое, што трансфармацыя адбылася на асабістай глебе, і гэта звязана з постаццю старэйшага брата Дзевятоўскага — Алега. Таксама спартсмена, трэнера зборнай па вадналыжнаму спорту.
Алег Дзевятоўскі, магчыма, трапіў ў непрыемную гісторыю — калі верыць інфармацыі, што ён ажно зрабіў спробу суіцыду, але быў выратаваны і змешчаны ў лякарню. Казалі, што нейкія сямейныя абставіны падарвалі здаро’е і Вадзіма — і то таксама злёг на бальнічны ложак.
Але ж слова не варабей, і такое ў нашых дэмакратыях не даруецца. Ужо тады, напрыканцы жніўня, стала ясна, што можна было пачынаць зваротны адлік знаходжанню Дзевятоўскага-малодшага на чале федэрацыі лёгкай атлетыкі.
Так у выніку і выйшла. На 24 верасня была прызначана пазачарговая (лічы — экстраная) выбарная канферэнцыя БФЛА, пра галоўны пункт павесткі якой здагадвацца было дарма. Мерапрыемства заточана на звальненне Дзевятоўскага — адразу ж зашамацела ў спартыўных кулуарах, і хутка гэта стала фактам.
На канферэнцыі Дзевятоўскі прысутнічаў. Упершыню за апошні месяц паказаўся на людзях і перад аб’ектывамі фотакораў. Меркавана, яго выхаду з лякарні і чакалі, вызначаючы дату, каб усё выглядала ціп-топ.
І Вадзім Анатольевіч не падкачаў. Выглядаў больш-менш бадзёра — як заўсёды. Пакідаючы пасаду, штурхнуў пармову — як прывык. Галоўнай прычынай сыходу нібыта назваў уласнае жаданне — і ўсе прысутныя яго правільна зразумелі. Тым больше спаслаўся на тое, аб чым і так сцішана гаманілі ў лёгкаатлетычным закуліссі — на тое, што «арганізм даў збой, і мне патрэбна аднаўленне» і што ёсць «сямейныя абставіны». З тым і сышоў — пасля шасці гадоў працы, якую вельмі любіў.
Далей беларускай легкай атлетыкай будзе кіраваць Іван Ціхан. Цікавая ракіроўка, бо новы старшыня — нібыта копія ранейшага.
Дзевятоўскі і Ціхан разам з’елі ў спорце пуд солі. Поруч спаборнічалі ў кіданні молата і дабіваліся гучных поспехаў. Поруч трэніраваліся ў складзе адной каманды. Нават у допінгавую гісторыю ўліплі разам дзясятак гадоў таму — і ўдваіх паспяхова абаранілі свае правы, выйграўшы міжнародны арбітраж у Лазане.
Лукашэнка іх і песціў абодвух аднолькава. Таму ж Ціхану перад выбарамі сказаў падчас візіту ў Гродна: «Дзякуй табе, даражэнькі, у адрозненне ад іншых ты застаўся патрыётам. Сустрэнемся — пагаворым. Дзякуй, Ваня».
Патрыёт Ваня застаецца ва ўладным мэйнстрыме. Узначалій федэрацыю, прысутнічаў на таемнай інаўгурацыі кіраўніка дзяржавы. Вось толькі са старым сябрам Вадзімам ягоныя шляхі — прынамсі наменклатурныя — дыяметральна разышліся.
Праз тыя самыя чатыры словы, якія адзін сказаў, а другі нават падумаць не змог.