БАТЭ ў звыклым выглядзе ў беларускім футболе больш не будзе?

У БАТЭ новы галоўны трэнер, і вельмі цьмяная будучыня.

Аляксандр Лісоўскі. Фота fcbate.by

Аляксандр Лісоўскі. Фота fcbate.by


Важная падзея ў жыцці самага тытулаванага футбольнага клуба краіны. У БАТЭ — новы галоўны трэнер. Ім стаў Аляксандр Лісоўскі, які да нядаўняга часу працаваў з камандай у якасці асістэнта. Ён змяніў на пасадзе Кірыла Альшэўскага, адпраўленага ў адстаўку пасля балючай паразы барысаўчан у Лізе Еўропы.
БАТЭ ў Сафіі прайграў мясцоваму ЦСКА (0:2) і заўчасна — на самым пачатку — скончыў сваю еўракубкавую кампанію. Такога з «жоўта-сінімі» не здаралася ажно сем гадоў. Наступствы ў гэтай няўдачы могуць быць вельмі драматычнымі. Вядома, што прызавыя за ўдзел ў еўракубках традыцыйна ствараюць клубу фінансавы падмурак. Па сутнасці — кормяць яго, бо багатай дзяржпатрымкі БАТЭ не атрымлівае і шчодрага спонсара-прыватніка таксама не мае. Разлік на Лігу Еўропы быў вялікі, а на выхадзе — сціплы заробак у памеры 260 тысяч еўра, чаго пры ранейшым жыцці не хапіла б і на месяц існавання.
Жыццё цяпер прыйдецца змяняць. І звальненне трэнера — мера кропкавая. Не выключана, што ў наступным годзе ў Барысаве моцна зацягнуць паясы і адмовяцца ад паслуг вопытных гульцоў з вялікімі заробкамі. Адпаведна будуць скарэктаваныя і турнірныя мэты. Самы горшы прагноз пры такім развіцці падзей — БАТЭ ў звыклым выглядзе ў беларускім футболе больш не будзе…