Спартсменам забароняць выкарыстоўваць недзяржаўную сімволіку і абавяжуць вывучыць гімн
Беларускіх спартсменаў просяць падпісаць дадатковыя пагадненні да кантрактаў, паводле якіх яны, у прыватнасці, абавязаны на памяць ведаць гімн Беларусі, могуць выкарыстоўваць толькі дзяржаўную сімволіку і не маюць права даваць каментары СМІ і рабіць любыя публікацыі без дазволу наймальніка, піша sport.tut.by.

Фота Ірыны Арахоўскай
Чытач TUT.BY даслаў загад, падпісаны 18 верасня міністрам спорта Сяргеем Кавальчуком, які абавязвае арганізацыі дадаць гэтыя змены ў кантракты са спартоўцамі.

А сёння тэлеканал "Белсат" апублікаваў дадатковае пагадненне ў РЦАП па фрыстайле.

Дарэчы, лідары каманды па фрыстайле падпісалі ліст супраць гвалту і фальсіфікацый на выбарах. Сярод іх — лепшая спартсменка Беларусі-2019 Аляксандра Раманоўская, алімпійская чэмпіёнка Ганна Гуськова, легендарны трэнер Мікалай Казека і былы дырэктар РЦАП па фрыстайле Вадзім Крывашэеў.
Крывашэеў, дарэчы, быў звольнены з РЦАП праз дрэнную ідэалагічную працу. Падтрымаў пратэстоўцаў і двухразовы прызёр Алімпійскіх гульняў па фрыстайлу Дзмітрый Дашчынскі.
На днях Мікалая Казеку пазбавілі імянной стыпендыі і запатрабавалі вярнуць грошы амаль за год.